БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 3 Сшытак 2 (Снежань 1996)

Куль-Сяльверстава, Святлана Я., Беларуская палеаграфiя, Гродна 1996. 104.

Гэтую кнiжку С.Я.Куль-Сяльверставай, выдадзеную ў Гарадзенскiм унiверсiтэце, можна было б i не рэцэнзаваць. Бо выданнi такога тыпу звычайна не нясуць у сабе свежых навуковых iдэй. Як вучэбныя дапаможнiкi, яны ўяўляюць сабой даступны для студэнта сiстэмны выклад матэрыялу па пэўнай дысцыплiне, узятага з iншых публiкацыяў. Нашую ўвагу гэтае выданне прыцягнула таму, што яно, як пiша аўтар ва ўступе, з'яўляецца "першай спробай стварэння навучальнай кнiгi па палеаграфii, напiсанай па-беларуску i для беларускай вышэйшай школы".

Першай кнiгай па беларускай палеаграфii, хоць i напiсанай за межамi Беларусi i на рускай мове, была праца вядомага беларусазнаўцы, акадэмiка Яўхiма Карскага "Славянская кiрылаўская палеаграфiя". Упершыню яна ўбачыла свет у 1928 г. у Ленiнградзе1, а ў 1979 г. была перавыдадзена ў Маскве, аднак не перастала быць рарытэтам, бо выйшла такiм малым накладам, што з беларускiх вучоных яе змаглi набыць толькi адзiнкi. Яшчэ раней, у 1926 г. у Коўне ўбачыла свет "Гiсторыя беларускай (крыўскай) кнiгi" Вацлава Ластоўскага2, у якой змешчана шмат здымкаў старабеларускiх рукапiсаў, дзякуючы чаму яна можа служыць цудоўным дапаможнiкам па беларускай палеаграфii. Кнiга чакае свайго перавыдання ўжо 70 гадоў. Так што ў гэтым сэнсе Куль-Сяльверстава не першая.

Яўхiм Карскi, перш чым прыступiць да стварэння сваёй "Славянскай кiрылаўскай палеаграфii", працуючы над унiкальнай шматтомнай працай "Беларусы", перагарнуў сотнi тысяч старонак старажытных славянскiх рукапiсаў. У вынiку яго праца па палеаграфii не мае сабе роўных. Як падмурак для айчыннай палеаграфiчнай навукi, яна нiколi не страцiць свайго значэння.

Аўтар новага дапаможнiка ў тэарэтычнай яго частцы дастаткова поўна i ўсебакова выкладае звесткi пра палеаграфiю як спецыяльную гiстарычную дысцыплiну, узнiкненне i развiццё пiсьменнасцi ўсходнiх славян наогул i беларусаў у прыватнасцi ад старажытных часоў да XVIII-XIX ст. Разглядаецца эвалюцыя як самога пiсьма (почырку) ва ўсiх яго разнавiднасцях, так i матэрыялаў, прыладаў, знешняга афармлення рукапiсаў. Гiсторыя развiцця пiсьма на Беларусi падзяляецца на два перыяды: XIV-XV i XVI-XVII ст. Аўтар аргументуе гэта тым, што пашырэнне iдэй Рэнесансу i Рэфармацыi на ВКЛ прывяло да значных зменаў у матэрыяльнай i духоўнай культуры грамадства, у тым лiку ў кнiжнай справе. Куль-Сяльверстава пашырае звыклыя рамкi дысцыплiны, зрабiўшы аб'ектам яе разгляду, акрамя кiрылiчных, таксама лацiнскiя i нават арабскiя тэксты на беларускай мове. Можна было б адзначыць некаторую непрапарцыянальнасць асобных раздзелаў тэарэтычнай часткi. Першыя напiсаны неяк побегам, у вынiку чаго абмiнуты некаторыя iстотныя рэчы.

Так, вядома, што аб'ектам даследавання ў палеаграфii з'яўляецца азбука, у нашым выпадку найперш славянская. I калi асноўныя звесткi пра паходжанне i развiццё кiрылiцы аўтар падае дастаткова поўна, дык гаворачы пра глаголiцу, яе аўтарства, функцыянаванне i гiстарычны лёс, яна прапускае бадай асноўнае - паходжанне глаголiцы (ад грэцкага мiнускула). Гэта можна было б не заўважаць у папулярнай кнiжачцы, але не ў унiверсiтэцкiм падручнiку. Бо што тады павiнны ведаць студэнты-гiсторыкi, сустрэча якiх пры адпаведнай спецыялiзацыi з глагалiчнымi тэкстамi ў прынцыпе не выключана.

Параграфы, прысвечаныя гiсторыi развiцця пiсьменнасцi ў Беларусi, месцамi дэкларатыўныя, iх тэарэтычныя палажэннi не заўсёды падмацоўваюцца ў дастатковай меры прыкладамi. Так, у пералiку эпiграфiчных помнiкаў Беларусi ранняй пары сярод iншых не згадваюцца надпiсы на так званых Барысавых камянях, не паказаны значэнне i функцыянальная роля надпiсаў такога зместу, пашыраных у свой час на тэрыторыi Беларусi.

Сцвярджаючы, што першыя спробы палеаграфiчнага аналiзу крынiц у Беларусi зафiксаваны ў гiстарычных дакументах першай паловы XVIII ст., аўтар памыляецца амаль на паўтара стагоддзя. Вядома, што ў Маскоўскай дзяржаве першыя спробы палеаграфiчнага аналiзу праводзiлiся ў XVI-XVII ст., прычым там, як i на Захадзе, гэта рабiлася ў чыста практычных мэтах, - галоўным чынам для экспертызы дакументаў3. Гэтаксама было i ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм. Захавалася экспертыза сапраўднасцi дакумента, якая датуецца пачаткам XVI ст. Азнаёмiўшыся з iм, эксперты запiсалi: "Мы вбачили на томъ листе, што жъ тотъ листъ не естъ правый отца нашого, не подлугъ бегу канъцлярейского писанъ и не гораздо печатанъ (замацаваны пячаткай - У.С.)"4. Да канца XVI ст. адносiцца настаўленне пiсцу аб тым, як належыць пiсаць скорапiсным пiсьмом, што з'яўляецца фактычна палеаграфiчным апiсаннем апошняга: "две строки на другой стороне, вынеслейшие надъ другие, ино дей письмо руское съ титлами се пишеть"5.

Пералiчваючы беларускiх вучоных, якiя займалiся палеаграфiяй, Куль-Сяльверстава не згадвае iмёны тых, хто працягвае палеаграфiччныя даследаваннi i цяпер. Напрыклад, У.Анiчэнкi, якi ўпершыню найбольш поўна паказаў палеаграфiчныя адрозненнi беларускiх рукапiсаў ад украiнскiх, А.Булыкi, якому належаць публiкацыi па гiсторыi i арфаграфii беларускага пiсьма, Н.Вайтовiч, якая зрабiла выдатнае палеаграфiчнае апiсанне Баркулабаўскага летапiсу, А.Жураўскага, якi, разглядаючы пытаннi гiсторыi беларускай лiтаратурнай мовы, прыводзiць палеаграфiчныя асаблiвасцi асобных помнiкаў, М.Паўленкi, стварыўшага капiтальную "Гiсторыю пiсьма", дзе асобна разглядаецца эвалюцыя пiсьма беларускага, а таксама Л.Шакуна, якi, распрацоўваючы гiсторыю беларускай лiтаратурнай мовы, не мог абмiнуць i пытаннi гiсторыi пiсьма. Тое, што для беларускай палеаграфii зрабiў лiтоўскi беларусазнавец А.Антановiч, якому належыць апiсанне палеаграфii не толькi беларускiх тэкстаў, пiсаных арабскiм пiсьмом, але i кiрылiчнай Судовай (актавай) кнiгi Ковенскага земскага суда6, таксама не знайшло адпаведнага адлюстравання ў дапаможнiку.

Асноўны недахоп падручнiка ў няўдалай структуры. Гэта несуразмернасць тэарэтычнай i практычнай частак. Асноўны аб'ём кнiжкi займае першая, i ў гэтым можа не было б нiчога заганнага, калi б i для другой часткi адводзiлася дастатковае месца. Аднак там характарыстыка пiсьма беларускiх рукапiсаў, напрыклад, зведзена да некалькiх таблiцаў, у якiх без дапамогi квалiфiкаванага выкладчыка студэнт можа i не разабрацца, бо яны не маюць патрэбных апiсанняў. Шмат пытанняў выклiкае таблiца "Варыянты лiтар у беларускiм скорапiсе XVI-XVII ст." Незразумела, чаму толькi ў скорапiсе, у кампетэнцыю палеаграфii ўваходзяць яшчэ ж устаў, паўустаў, вязь, тайнапiс, i чаму толькi XVI-XVII ст., калi скорапiс з'явiўся ў XV ст. Варыянты лiтар прыведзены ў таблiцы без падзелу на стагоддзi, што не дазваляе карыстацца дапаможнiкам пры датаваннi рукапiсаў. Не пададзены ўзоры iлюмiнацыi рукапiсаў, хаця б з Радзiвiлаўскага летапiсу. Не падаецца таблiца арабскага алфавiту, хоць здымак тэксту, напiсанага iм, змешчаны.

Уражанне ад увогуле патрэбнага i своечасовага выдання, якiм з'яўляецца "Беларуская палеаграфiя", значна пагаршае яго мова. Цяжка сабе ўявiць, каб з такiмi памылкамi пiсалi, напрыклад, расiйскiя вучоныя. Нават Мiкалай Улашчык, жывучы i працуючы ў Расii, пiсаў i гаварыў па-беларуску бездакорна. Што да якасцi выдання, дык яно мае выразныя прыкметы правiнцыялiзму. Гэта вiдавочны рэгрэс нават у параўнаннi з першым выданнем кнiгi Я.Карскага. Уваскрошаны з нябыту машынапiсны ратапрынт, нiзкая для выданняў такой тэматыкi якасць паперы, не лепшыя iлюстрацыi.

Нягледзячы на вiдавочныя недахопы, дапаможнiк з'яўляецца несумненна важнай пазiцыяй сярод навiнак гiстарычнай лiтаратуры. У перавыданнi аўтар, спадзяемся, пастараецца ўлiчыць выказаныя заўвагi, i дапаможнiк будзе ў большай меры адпавядаць неабходным патрабаванням. Падрыхтоўка новых кадраў палеографаў у краiне даўно стрымлiвалася адсутнасцю неабходнай вучэбнай лiтаратуры. Да выдання новай, створанай на вычарпальным матэрыяле беларускай палеаграфii, кнiга С.Я.Куль-Сяльверставай зможа ў нейкай ступенi задавальняць гэтыя патрэбы.

Уладзiмiр Свяжынскi


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by