БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

ПЛАТОНАЎ, РАСЦIСЛАЎ П. Палiтыкi. Iдэi. Лёсы. Мiнск, 1996. 382. МIХНЮК, УЛАДЗIМIР М. Арыштаваць у высылцы. Мiнск, 1996. 149. МИХНЮК, ВЛАДИМИР Н. Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР. Минск, 1997. 203: дадат.

Адным з найважнейшых здабыткаў беларускiх гiсторыкаў у апошнiя гады стала публiкацыя дакументальных матэрыялаў, якiя пралiваюць святло на ролю iнтэлiгенцыi не толькi ў стварэннi iнтэлектуальнага фонду нацыi, але i ў гiстарычным працэсе, у барацьбе за дзяржаўнасць, сацыяльную i палiтычную свабоду народа.

Кнiга Р.Платонава "Палiтыкi. Iдэi. Лёсы" уключае васемнаццаць сюжэтаў. Частка з iх прысвечана палiтыцы КП(б)Б у дачыненнi да iнтэлiгенцыi, iдэалагiчным акцыям партыi, яе метадам i рэальным рычагам (у асноўным органам АДПУ) уздзеяння на пазiцыi iнтэлiгенцыi, а ў канчатковым вынiку - на яе лёс. Асноўная ж маса сюжэтаў кнiгi Платонава - аналiтычны аповед пра трагiчны лёс палiтычнай элiты Савецкай Беларусi.

Аналiз выступаў на бюро ЦК, пленумах, з'ездах Кампартыi Беларусi, так званых чыстак, дакладных, аналiтычных запiсак АДПУ-НКУС (усе гэтыя матэрыялы шырока выкарыстаны, прадстаўлены на старонках кнiгi гiсторыка) красамоўна сведчыць аб прывiднасцi суверэнiтэту рэспублiкi. Усiмi iдэйна-прававымi, сацыяльна-палiтычнымi працэсамi ў Беларусi кiравалi з Масквы персанальна генсек i яго найблiжэйшае атачэнне.

Праз спецыяльна падабраных людзей, прысланых пераважна з цэнтра, ажыццяўляўся кантроль над усiм i ўся, здзяйснялiся такiя падступныя акцыi, як знiшчэнне нацыянальных партыйных i ваенных кадраў, татальная загуба творчай iнтэлiгенцыi. Паводле сцэнараў i загадаў з Масквы iшоў сiстэматычны тэрор, якi к канцу 30-х г. набыў акрэсленыя рысы генацыду, этнацыду ва ўмовах нярускiх зямель iмперыi.

Зародак таталiтарных метадаў улады ў Беларусi Р.Платонаў адносiць да сярэдзiны 20-х г., "калi, паводле слоў гiсторыка, пачалося зрошчванне органаў дзяржаўнай бяспекi з вышэйшымi партыйнымi структурамi" (С. 64). Ёсць падставы генезiс таталiтарызму ў Беларусi аднесцi да крыху ранейшага часу, прынамсi да пачатку 20-х. Ужо ў 1921 г., выконваючы ленiнскую ўстаноўку на поўную нейтралiзацыю iншых палiтычных партый, надзвычайная камiсiя (ЧК) аршытавала 860 членаў Беларускай партыi сацыялiстаў-рэвалюцыянераў. Старшыня ЧК А.Ротэнбэрг прасiў у Цэнтральнага бюро КП(б)Б прабачэння за затрымку з правядзеннем акцыi i выказваў надзею на ўхваленне сваiх дзеянняў (С. 55).

Несудовая ж расправа з iнтэлiгенцыяй па сфабрыкаваных сцэнарах "Саюз вызвалення Беларусi", "Беларускi нацыянальны цэнтр" i iншых генетычна ўзыходзiць да так званай справы прафесара Таганцава, арганiзаванай АДПУ ў 1921 г. у Петраградзе. Аўтарам сцэнара "Справа праф. Таганцава" быў асабiсты сакратар старшынi Савета народных камiсараў Якаў Самуiлавiч Агранаў, якога Iльiч, згодна са сваёй любiмай прымаўкай "хороший коммунист - хороший чекист", паслаў у Надзвычайную камiсiю з наказам "прижать и припугнуть интеллигенцию". Цяжка сказаць, хто быў хросным бацькам праекта Якава Агранава, заклiканага "прыцiснуць i напалохаць iнтэлiгенцыю": аўтар яго яшчэ даволi працяглы час сумяшчаў работу ў сакратарыяце СНК з членствам у калегii АДПУ. Агранаў зрабiў блiскучую кар'еру - з сярэдзiны 30-х г. стаў намеснiкам наркома ўнутраных спраў Г.Ягоды. А ў 1921 г. у Петраградзе з яго санкцыi было арыштавана 800 рускiх iнтэлектуалаў, аб'яднаных ДПУ ў групу прафесара Таганцава. Яны абвiнавачвалiся ў нелаяльных адносiнах да дыктатуры пралетарыяту. Рэчавых доказаў контррэвалюцыйнай дзейнасцi арыштаваных iнтэлiгентаў не было, але мабiлiзаваныя на скорую руку ахоўнiкi "рэвалюцыйнай законнасцi" мусiлi даказаць вiну невiнаватых на падставе ўказанняў чэкiсцкага начальства. Пэўна ж, у вучоных мелiся свае погляды, у тым лiку i на дыктатуру пралетарыяту i мажлiвасць ёю ашчаслiвiць Расiю, свет. Але ж погляды без дзеянняў - яшчэ не крымiнал нават у часы рэвалюцый.

Кнiга Расцiслава Платонава, нягледзячы на няпросты, спецыфiчны, каб не сказаць трагiчны, змест, чытаецца адным духам. Вучоны пераканаўчы ў сваiм аналiзе i вывадах. Раздзелы i падразделы матэрыялу ў яго кнiзе носяць, як правiла, трапныя, вобразныя загалоўкi. Ёсць толькi адзiн-адзiны недахоп: кнiга выдадзена ў колькасцi 150 экзэмпляраў. Шкада: такiя выданнi садзейнiчаюць разбурэнню таталiтарнай свядомасцi, на жаль, яшчэ такой жывучай у нас.

Лёсы прадстаўнiкоў iнтэлiгенцыi, дзеячаў беларускага адраджэнскага руху сталi аб'ектам даследчыцкай увагi прафесара Уладзiмiра Мiхнюка. Асаблiвую навуковую i грамадскую цiкавасць выклiкаюць выдадзеныя за мiнулыя два гады кнiгi: гiстарычна-дакументальны нарыс пра Алеся Дудара "Арыштаваць у высылцы" i зборнiк "Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР".

Трэба сказаць, што кнiга пра таленавiтага паэта, напiсаная па-майстэрску i сцiпла названая нарысам, - цэлае адкрыццё. Сваiмi публiкацыямi, што часта стаяць на мяжы ўласна гiстарычнага даследавання i лiтаратуразнаўства, Уладзiмiр Мiхнюк iстотна карэгуе наша ўяўленне аб розных працэсах у грамадстве i лiтаратуры 20-30-х г.

Пра асобныя iдэйныя "памылкi", заганы ў творчасцi Янкi Купалы, Якуба Коласа, Змiтрака Бядулi канца 10-х - пачатку 20-х г. наша лiтаратуразнаўства часам глуха гаварыла. Праўда, пры гэтым тыя "няправiльныя" творы не цытавалiся, а часам i не называлiся. Тым часам афарыстычнае азначэнне адносiн да ўлады дыктатуры пралетарыяту "кавалi другiя, а ланцугi ўсё тыя", якое знайшло выраз у творчасцi Я.Коласа, было характэрна i для паэзii некаторых маладых прадстаўнiкоў беларускай лiтаратуры. Толькi пра адкрыта апазiцыйныя матывы да новай улады з боку пiсьменнiкаў маладога пакалення ў курсах па гiсторыi лiтаратуры ўжо вальнейшага часу 60-80-х г. не гаварылася нi слова. Тут савецкае лiтаратуразнаўства трымалася тэзiсу пра безагаворачнае успрыманне беларускiмi пiсьменнiкамi ўсяго, што прынесла з сабой новая ўлада, пра адзiнагалосны хваласпеў iх у гонар Кастрычнiка i яго правадыроў.

Уладзiмiр Мiхнюк апублiкаваў адшуканыя iм у архiвах ахоўнага ведамства тры вершы Алеся Дудара, у тым лiку верш "Пасеклi наш край папалам", за якi паэт быў першы раз арыштаваны i высланы з Беларусi. У вершах Дудара, якiя ў 20-я г. не маглi трапiць на старонкi друку i кружылi ў вузкiм коле знаёмых, знайшло выказ вострае непрыняцце беларускiм паэтам двулiкай нацыянальнай палiтыкi бальшавiкоў. Акрамя таго, у iх з моцнай выяўленчай сiлай перададзена тая атмасфера "сыску", татальнага нагляду за чалавекам, якая панавала ў краiне, была адной з характэрных, тыпалагiчных рысаў паноўнага рэжыму.

Аналагiчныя "крамольныя" перажываннi-думкi, толькi мо' з шырэйшым мастацкiм абагульненнем, былi выказаны ў ананiмна надрукаваным у заходнебеларускiм часопiсе вершы Уладзiмiра Дубоўкi, аўтарства якога, дзякуючы архiўным знаходкам, было ўстаноўлена прафесарам Мiхнюком.

Надзвычай каштоўным дакументам у плане разумення духоўнага жыцця Савецкай Беларусi 20-х г. з'яўляюцца апублiкаваныя ў кнiзе "Арыштаваць у высылцы" паказаннi Алеся Дудара, калi арыштаваны другi раз паддопытны паэт рабiў рэвiзiю сваiх iдэалагiчных поглядаў i творчасцi.

Асобнай увагi патрабуе iлюстрацыйны матэрыял кнiгi пра А.Дудара - турэмныя фотаздымкi вучоных i пiсьменнiкаў, арыштаваных па сфабрыкаванай АДПУ справе так званага СВБ, а таксама грунтоўныя каментары. Большасць апошнiх заканчваецца фразай "Расстраляны тады i тады, у Мiнску". Iнфармацыяй "Расстраляны 29 кастрычнiка 1937 г." завяршаюцца каментары пра Мiхася Чарота, Платона Галавача, Мiхася Зарэцкага, Анатоля Вольнага, Васiля Каваля, Васiля Сташэў-скага, Валера Маракова, - восем паэтаў i празаiкаў за адзiн толькi дзень. Дзе, калi, у якой яшчэ краiне такое было, магло адбыцца?

Як i кнiга пра Алеся Дудара, зборнiк "Антон Луцкевич. Материалы следственного дела НКВД БССР" выйшаў пад грыфам Беларускага навукова-даследчага iнстытута дакумента-знаўства i архiўнай справы, структуры новай i, трэба думаць, перспектыўнай. Аўтарства прадмовы да зборнiка матэрыялаў пра А.Луцкевiча належыць У.Мiхнюку. Сама кнiжка падрыхтавана iм у суаўтарстве з архiвiстамi М.Клiмковiчам i А.Гесь. Навукова-пазнавальная каштоўнасць выдання заключаецца найперш у паказаннях А.Луцкевiча, арыштаванага органамi НКУС у 1939 г. у Вiльнi разам з iншымi беларускiмi iнтэлiгентамi.

Нам ужо вядомы з iншых публiкацый паказаннi, дадзеныя ў савецкiх турмах С.Ракам-Мiхайлоўскiм, I.Дварчанiнам, Яз.Гаўрылiкам i многiмi iншымi прадстаўнiкамi беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Яны ўражваюць фантасмагорыяй. Пад уздзеяннем катаванняў, езуiцкiх прыёмаў следства паддопытныя iшлi часам на дзiкi самаабгавор: толькi б скончылiся фiзiчныя i маральныя пакуты. Верыць такiм, з дазволу сказаць, паказанням - гэта значыць перанесцiся думкай у ней-кi перавернуты свет, дзе знiкае чалавечая асоба, а месца лю-дзей займаюць ценi прывiдаў, дантава пекла.

Паказаннi Антона Луцкевiча, нягледзячы на нейкiя нюансы ў семантыцы асобных словаў (напрыклад, "нацыянальны" ў матэрыялах заменены на "нацыяналiстычны") носяць нармальны характар. Гэта фактычна падрабязны выклад гiсторыi беларускага руху, расказаны чаловай асобай яго. Сведчаннi Луцкевiча тым больш цiкавыя, што ўключаюць нямала фактаў з гiсторыi адраджэнскага руху, якiя па розных прычынах не былi або проста не маглi быць зафiксаваны дакументальна. Дасведчаны палiтык, тэарэтык i практык Адраджэння, Антон Луцкевiч i ў экстрэмальных умовах патрапiў пакiнуць iдэйную спадчыну, перадаць грамадска-палiтычны досвед беларускага вызваленчага руху першых дзесяцiгоддзяў ХХ ст.

Змешчаныя ў зборнiку матэрыялы допытаў А.Луцкевiча ў Менскай турме ў канцы 1939 - пачатку 1940 г., успамiны сучаснiкаў пра яго даюць рэальны вобраз буйнога палiтычна-грамадскага дзеяча, пiсьменнiка, публiцыста - вобраз, якi доў-гi час свядома скажаўся ў савецкiм друку.

На заканчэнне нельга не назваць, пасутнасцi, сенсацыйнага выдання, што пабачыла свет на зыходзе 1997 г. Прынамсi, яно за апошнiя 80 гадоў у Беларусi не мае аналагаў. Кажу пра зборнiк "Знешняя палiтыка Беларусi", т. I, падрыхтаваны навуковым калектывам у складзе У.М.Мiхнюка, У.К.Ракашэвiча, Я.С.Фалея, А.В.Шарапы i С.А.Шупы.

235 дакументаў i матэрыялаў зборнiка даюць аб'ектыўную карцiну барацьбы за дзяржаўную незалежнасць Беларусi, цяжкага станаўлення дзяржаўнага быту нашай краiны. Выданне вельмi актуальнае. Трэба думаць, што размова пра яго на старонках друку, аналiз спецыялiстамi права, дзяржаўнага будаўнiцтва, гiсторыi мiжнародных адносiнаў не прымусяць сябе доўга чакаць.

Менск

Алесь Слабодскi


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by