БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лiнгвiстыцы. Рэдактары А. К. КIКЛЕВIЧ, У. Б. ЖУРАВЕЛЬ. Мiнск, 1997. 127.

У 1976 г. "Веснiк БДУ" неяк быў апублiкаваў у адным са сваiх нумароў падборку кароткiх артыкулаў пад рубрыкай "Матэрыялы для бiблiяграфiчнага даведнiка пра беларускiх мовазнаўцаў". У 70-ыя гады ў Савецкiм Саюзе яшчэ не былi папулярныя кнiгi тыпу "Who is who", i анансаваны часопiсам даведнiк пазней так i не выйшаў. Праўда, у 1985 годзе ў Мiнску была надрукавана кнiга I. Германовiча "Беларускiя мовазнаўцы", у якую ўвайшлi нарысы пра 17 беларускiх лiнгвiстаў ХIХ i ХХ ст. У кнiзе I. Германовiча быў праведзены пэўны адбор: iмёны некаторых лiнгвiстаў, пра якiх аўтару даводзiлася пiсаць раней, у зборнiк не трапiлi. Напрыклад, у кнiзе не аказалася артыкулаў пра С. Некрашэвiча, I. Зянько, Г. Шкляра, В. Шэлега, Ц. Ломцева, П. Юргелевiча. Прычына адсутнасцi ў зборнiку персаналii С. Некрашэвiча была чыста цэнзурная: ужо падрыхтаваная да друку публiкацыя была забаронена "кампетэнтнымi органамi". I. Зянько, Г. Шкляр, В. Шэлег не ўвайшлi ў кнiгу, магчыма, з прычыны сцiпласцi iхняга навуковага даробку. (Зрэшты, у зборнiку знайшлося месца для асвят-лення дзейнасцi А. Гурло, В. Самцэвiча, Ю. Шакаля, К. Шапялевiча, чыю навуковую спадчыну багатай таксама не назавеш.) Але чаму ў кнiгу не былi ўключаны персаналii Ц. Ломцева i П. Юргелевiча, без якiх цяжка ўявiць гiсторыю беларускага мовазнаўства 30 - 50-ых г.?

Сёння можна прапаноўваць розныя здагадкi наконт таго, чаму iмя лiнгвiста А. аказалася ўведзеным у кнiгу "Беларускiя мовазнаўцы", а iмя навукоўца Б. апынулася за яе межамi. Бу-дзем, аднак, памятаць, што ў сiтуацыi сярэдзiны 80-ых далёка не ўсё залежала ад аўтара кнiгi, I. Германовiча. Разам з тым трэба прызнаць, што менавiта ў працах гэтага даследчыка ў сваю пару была закладзена традыцыя аднолькава ўважлiвых адносiнаў як да эпахальных падзей у гiсторыi беларускага мовазнаўства, так i да фактаў звычайных, пазначаных пячаткай руцiннасцi.

Прынцып "у нас усе роўныя" ў нейкiм сэнсе ўласцiвы i выдадзенаму пад грыфам Беларускага дзяржаўнага ўнiверсiтэта даведнiку "Хто ёсць хто ў сучаснай беларускай лiнгвiстыцы". У iм пад адной вокладкай чытач знойдзе звесткi не толькi пра дактароў навук, членаў-карэспандэнтаў, аўтараў некалькiх кнiг i соцень артыкулаў, але i iнфармацыю пра навуковую моладзь, пра лiнгвiстаў, якiя абаранiлi кандыдацкiя дысертацыi нядаўна (а часам зусiм яшчэ не абароненых) i чый навуковы багаж пакуль што акрэслiваецца сцiплай формулай "каля 10 публiкацый".

Iнфармацыя для зборнiка збiралася шляхам анкетавання. Праз сваiх агентаў у розных навуковых цэнтрах Беларусi (усе яны пералiчаны ў прадмове да кнiгi) укладальнiкi распаўсюдзiлi анкету, у якой прапанавалi ўдзельнiкам апытання зафiксаваць дату i месца свайго нараджэння, галiну (галiны) мовазнаўства, у якой (якiх) яны працуюць i могуць выступаць у якасцi экспертаў, назву дысертацыi, год яе абароны, колькасць навуковых публiкацый i iх кароткi пералiк, месца працы, адрас для карэспандэнцыi i iнш. Усяго ў даведнiку змешчана iнфармацыя пра 293 мовазнаўцаў (у прадмове памылкова пада-дзена лiчба 286).

Сам факт публiкацыi такой кнiгi можа ацэньвацца толькi станоўча. Ужо некалькi дзесяцiгоддзяў беларуская лiнгвiстыка развiваецца без узрушэнняў, за гэты час значна павялiчылася колькасць мовазнаўцаў, пашырылiся абсягi навуковых даследаванняў - i сёння цiкава прасачыць тэндэнцыi развiцця сучаснай беларускай лiнгвiстыкi, выяўленыя праз навуковыя бiяграфii непасрэдных удзельнiкаў навуковага працэсу. Несумненна, выданне дадзенага зборнiка мае i чыста практычнае значэнне: яно будзе спрыяць актывiзацыi кантактаў памiж навукоўцамi, а ў вынiку (на гэта справядлiва звяртаецца ўвага ў прадмове да кнiгi) - павышэнню культуры навуковай камунiкацыi ў Беларусi. Мiж тым, як першая спроба падрыхтоўкi падобнага даведнiка выданне зборнiка "Хто ёсць хто..." патрабуе асэнсавання.

Найбольш пытанняў выклiкае, бадай, адбор персаналiй. З аднаго боку, у кнiзе дапраўды знайшлося месца лiнгвiстам з рознай навуковай квалiфiкацыяй. Зрэшты, не толькi лiнгвiстам. Напрыклад, у даведнiк уключана персаналiя К. Iванава, аўтара дысертацыi пра арганiзатарскую функцыю друку. Ёсць Дз. Казiкiс, аўтар дысертацыi пра эмiграцыю насельнiцтва Iрландскай рэспублiкi i яе сацыяльна-дэмаграфiчныя наступствы. Ёсць Л. Максiмук, аўтарка працы пра развiццё школы i педагагiчнай думкi ў краiнах Лацiнскай Амерыкi са старажытных часоў да ХVIII стагоддзя. Затое няма кандыдата фiлалагiчных навук, аўтара манаграфii "Мiкратапанiмiчныя назвы" Я. Адамовiча. Не ўключана персаналiя кандыдата навук, суаўтаркi дзвюх кнiг па беларускай дыялекталогii Э. Блiнавай. Адсутнiчае аўтар некалькiх кнiг, кандыдат фiлалагiчных навук А. Каўрус. Не асаблiва старанная праверка сярод беларусiстаў паказвае, што ў даведнiку бракуе кандыдатаў навук I. Акулава, Т. Бандарэнкi, В. Бекiша, С. Берднiка, I. Булдыка, В. Бурлыкi, I. Гапоненкi, Н. Гардзей, Н. Гiлевiч, Л. Грыгор'евай, М. Гулiцкага, В. Зяньковiч, I. Казейкi, В. Карчагiнай, Л. Кацапава, М. Круталевiча, Т. Кузьмянковай, I. Лучыца-Федарца, В. Ляпёшкiна, Т. Мальцавай, Н. Нямковiч, Л. Рабаданавай, В. Русак, У. Свяжынскага, Н. Старасценкi, В. Старычонка, Т. Трыпуцiнай, I. Шчарбаковай, А. Яскевiч i iнш. У кнiзе не адзначаны дактары навук А. Манаенкава i М. Яўневiч. Часам пропускi ў даведнiку набываюць кур'ёзны характар. Так, у прадмове да кнiгi выказана падзяка аднаму з арганiзатараў анкетавання, кандыдату фiлалагiчных навук П. Мiхайлаву. Але хто такi гэты П. Мiхайлаў, дзе працуе i чым займаецца, чытач не даведаецца: такога прозвiшча ў слоўнiкавай частцы даведнiка няма.

У працэсе фармавання рэестра кнiгi рэдактары, па ўсiм вiдаць, абмежавалiся атрыманымi анкетамi i не звяралi свой спiс нi з якiмi iншымi, у тым лiку i лёгкадаступнымi, крынiцамi (напрыклад, з iмяннымi паказальнiкамi, змешчанымi ў бiблiяграфiчных даведнiках "Беларускае мовазнаўства" i ў кнiзе "Гiсторыя беларускага мовазнаўства" Л. Шакуна). Праз гэта А. Кiклевiч i У. Журавель паставiлi сябе ў поўную залежнасць ад непасрэдных арганiзатараў анкетавання. Калi апытанне праводзiлася старанна, то паўната iнфармацыi забяспечвалася. Калi ж iнфармацыя збiралася неахайна - то "сляды" гэтай неакуратнасцi трапiлi i ў рэцэнзаваную кнiгу. Так, напрыклад, у даведнiку не ўлiчаны нiводзiн супрацоўнiк кафедры беларускай мовы Акадэмii навук, на якой сярод iншых працуюць такiя знаныя лексiколагi i лексiкографы, як доктар навук А. Баханькоў i кандыдат навук Г. Вештарт. Але ж без iх лiнгвiстычны "народ" Беларусi яўна няпоўны!

Укладальнiкаў кнiгi можна ў нейкiм сэнсе зразумець, калi яны не ўключылi ў даведнiк iмёны добра iм вядомых кандыдатаў фiлалагiчных навук М. Антропава i Я. Трамбавольскага: абодва гэтыя навукоўцы пакiнулi мовазнаўчыя заняткi i ўжо некалькi гадоў займаюцца бiзнесам. Пэўны час не займаюцца навукай таксама П. Садоўскi i Т. Салавянчык. Даўно ўжо аддае сябе фiласофскiм штудыям аўтар даследавання пра расiйскi лексiчны ўплыў на сучасную беларускую мову М. Крукоў-скi. Думаецца, аднак, што ўсе гэтыя iмёны тым не менш варта было адлюстраваць у даведнiку. Па-першае, некаторыя з названых лiнгвiстаў былi ўдзельнiкамi навуковага працэсу яшчэ зусiм нядаўна. Па-другое, прысутнасць некаторых з iх у сучаснай навуцы адчуваецца i сёння: або на iх часта спасылаюцца (П. Садоўскi), або яны нейкiм чынам удзельнiчаюць у падрыхтоўцы навуковай змены (М. Антропаў). Па-трэцяе, некаторыя з названых лiнгвiстаў апошнiм часам так цi iнакш публiчна выказваюцца на мовазнаўчыя тэмы (М. Крукоўскi, Т. Салавянчык), ад чаго, зрэшты, не застрахаваны i астатнiя. Здаецца, фармальны крытэр у дадзеным выпадку не павiнен мець абсалютнай сiлы.

Думаецца, што фармальны крытэр не павiнен быў бы дзейнiчаць, калi гаворка iдзе пра такiх асоб, як В. Вячорка (аўтар некалькiх артыкулаў, у тым лiку i ў "Беларускай лiнгвiстыцы", iнiцыятар руху за адраджэнне "тарашкевiцы" i яе кадыфiкатар), С. Дубавец (iнiцыятар руху за адраджэнне "тарашкевiцы", аўтар "Матэрыялаў да трасянка-беларускага слоўнiка", згадваецца ў энцыклапедыi "Беларуская мова" i ў "Гiсторыi беларускага мовазнаўства" Л. Шакуна), А. Клышка (аўтар славутага артыкула "Пра лямантуючых i "лемантуючых"...", самавучка беларускай мовы i беларуска-польскага размоўнiка), В. Лабко (сааўтар "Этымалагiчнага слоўнiка беларускай мовы"), Л. Лыч (гiсторык, публiцыст, аўтар кнiгi "Беларуская нацыя i мова"), В. Рагойша (аўтар кнiгi "Проблемы перевода с близкородственных языков"), З. Санько (аўтар "Малога руска-беларускага слоўнiка прыказак, прымавак i фразем"), У. Содаль (аўтар цыкла артыкулаў, прысвечаных пытанням культуры мовы) i iнш.

Не ўсе ўдзельнiкi анкетавання акуратна адказалi на ўсе пастаўленыя пытаннi. У вынiку не заўсёды вядома, якую спецыяльнасць набыў той або iншы лiнгвiст пасля заканчэння ВНУ, у якiм годзе i пад чыiм кiраўнiцтвам абаранiў дысертацыю, у якiх галiнах спецыялiзуецца i г. д. Бадай, прыкладанне рэдактарскiх намаганняў патрабавалася таксама i пры публiкацыi спiсаў асноўных друкаваных прац. У некаторых маладых лiнгвiстаў, напрыклад, у лiк такiх прац трапiлi часам нiчым не прыкметныя тэзiсы дакладаў.

Спецыяльнай увагi патрабавала б i адлюстраванне ў кнiзе навуковых субдысцыплiн, у якiх працуе той або iншы мовазнавец. Несумненна, кожны лiнгвiст мае права самастойна вызначаць навуковыя сферы, у якiх ён спецыялiзуецца. Аднак у шэрагу выпадкаў можна канстатаваць, што пададзеная ў даведнiку спецыялiзацыя не пацвярджаецца прыведзеным спiсам публiкацый. Падобная неадпаведнасць мае вынiкам тое, што складзены на аснове сведчанняў самiх лiнгвiстаў i ўключаны ў даведнiк прадметна-тэматычны паказальнiк часам няпоўна або недакладна адлюстроўвае рэальную сiтуацыю. Прынамсi, нечакана бачыць пры тэме "бiлiнгвiзм" спасылку адзiна на М. Карповiч (у дадзеным выпадку ў галаву прыходзяць зусiм iншыя прозвiшчы), пры рубрыцы "этымалогiя" - указанне толькi на працы Р. Казловай, пры тэме "беларуская лексiкаграфiя" - толькi прозвiшча М. Крыўко. Немагчыма не здзiвiцца, не знайшоўшы ў рубрыцы "гiсторыя беларускага мовазнаўства" I. Германовiча. Занадта стракатым здаецца падбор iмёнаў пры тэме "моўныя кантакты" (А. Булыка, В. Вярэнiч, П. Сцяцко) i г. д.

Пры ўсiх шматлiкiх недахопах кнiга "Хто ёсць хто..." - здзейснены ўчынак яе ўкладальнiкаў. i як такая яна дазваляе працаваць на разробленай А. Кiклевiчам i У. Жураўлём пляцоў-цы i iншым навукоўцам. З даведнiка вынiкае, што палова ўсiх беларускiх мовазнаўцаў сканцэнтравана ў Беларускiм дзяржаў-ным унiверсiтэце i Мiнскiм дзяржаўным лiнгвiстычным унiверсiтэце; увогуле, у Мiнску знаходзяцца дзве трацiны ўсiх мовазнаўчых кадраў Беларусi. Аднак толькi адзiн з чатырнаццацi лiнгвiстаў працуе ў Iнстытуце мовазнаўства Акадэмii навук. Толькi кожны восьмы лiнгвiст скончыў ВНУ па спецыяльнасцi "беларуская мова", а вось дыпламаваных русiстаў сярод моваведаў - у два разы больш. (Кожны дзесяты мовазнавец атрымаў у часе навучання ў ВНУ двайную, беларуска-рускую спецыялiзацыю.) Апошнiя лiчбы, верагодна, азначаюць, што ў Беларусi ў параўнаннi з беларусiстамi русiсты мелi лепшыя ўмовы для рэалiзацыi сваiх прафесiйных iмкненняў i з прычыны iх фiзiчнай большасцi на "iдэалагiчным" полi беларускай лiнгвiстыкi русiстычная ментальнасць мае пераважаць над беларусiстычнай, што, бадай, i назiраецца ў рэальнасцi.

З пункту гледжання несамастойнасцi развiцця беларускага мовазнаўства варта мець на ўвазе, што на працягу 30-80-ых гадоў тэматыка выконваных у Беларусi навуковых даследаванняў абавязкова зацвярджалася ў Маскве. Увогуле, у гэты час лiчылася, што "русский язык... естественно является эталоном изучения других языков и вместе с тем своеобразной научно-исследовательской базой, которая обогащает технику и методологию всестороннего познания других литературных языков" (меркаванне акадэмiка В. Вiнаградава, апублiкаванае ў зборнiку "Строительство коммунизма и общественные науки", Масква, 1962). "Глухiм" перыядам у гiсторыi беларускага мовазнаўства былi 30-я гады, на працягу якiх было знiшчана ўсё, што можна было знiшчыць, i пасля вайны беларуская лiнгвiстыка фактычна адбудоўвалася нанова. Першую доктарскую дысертацыю ў беларускiм мовазнаўстве паслякастрычнiцкага часу абаранiў не мясцовы даследчык, а выхаванец Варонежскага ўнiверсiтэта Ц. Ломцеў, i першыя кандыдацкiя дысертацыi 50-х г. (М. Булахава, А. Жураўскага, А. Груцы, Г. Арашонкавай, А. Крывiцкага) былi выкананы пад кiраўнiцтвам расiйскiх навукоўцаў. Здаецца, пры асэнсаваннi шляхоў развiцця лiнгвiстычнай беларусiстыкi падобныя з'явы варта браць пад увагу.

З iншых акалiчнасцяў кiдаецца ў вочы моцная фемiнiзацыя лiнгвiстычнай навукi, якая адбываецца ў апошнiя гады. Калi сярод абароненых у 60-ыя гады кандыдатаў навук колькасць мужчын i жанчын была аднолькавай, то ў 90-ыя колькасць мужчын аказалася ў чатыры (sic!) разы меншай. Магчыма, да падобнага феномена спрычынiлася жаночая эмансiпацыя, але, бадай, галоўную ролю тут адыграла агульнае падзенне прэстыжу навукi ў беларускiм грамадстве, якое назiраецца апошнiм часам. Трывожным сiмптомам варта лiчыць i тое, што ў 90-ыя г. ўдзельная вага навукоўцаў, якiя абаранiлi кандыдацкiя дысертацыi ва ўзросце да 30-цi гадоў, у адносiнах да агульнай колькасцi абароненых у гэты перыяд стала складаць толькi дзве трэцi ад адпаведнага паказчыка 80-ых г. Можна меркаваць, што памяншэнне ў апошнiя гады ўдзельнай вагi таленавiтай моладзi абумоўлена ў тым лiку знiжэннем патрабавальнасцi з боку спецыялiзаваных радаў па абароне, што адкрыла доступ у навуку "запозненым" немаладым навукоўцам, якiя ў iншай сiтуацыi, магчыма, не змаглi б задаволiць квалiфiкацыйныя патрабаваннi да дысертацый.

Падрыхтаваны без бачнага старання, даведнiк "Хто ёсць хто..." тым не менш дае падставы для разнастайных роздумаў. Было б вельмi карысна, каб у блiзкiм часе ён быў перавыда-дзены ў дапрацаваным выглядзе.

Менск

Сяргей Запрудскi


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by