БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

Памяць раённага маштабу

Гэтая кнiга* - чарговы, здаецца, ужо больш чым дваццаты том хронiкi "Памяць" - не можа быць ардынарнай, адной з многiх падобных, хаця i рыхтавалася ў рамках добра вядомай серыi. Па-першае, не ў крыўду iншым гарадам i раёнам, Наваградак ёсць справа асаблiвая. Лёс даўняй сталiцы Вялiкага Княства Лiтоўскага (ВКЛ), роля Наваградчыны ў гiсторыi i, у прыватнасцi, этнiчнай гiсторыi Беларусi настолькi ж значныя i выразныя, наколькi i цьмяныя, загадкавыя, ахутаныя густой смугой легенд, апокрыфаў цi простага маўчання крынiц. З другога боку, сама "Памяць" на працягу дванаццацi год свайго iснавання не заставалася нязменнай. Раслi патрабаваннi да серыi, пашыралiся яе задачы, набываўся вопыт. Досыць параў-наць, напр., адзiн з першых выпускаў - пра Шумiлiнскi раён - шэрую (у любым сэнсе) кнiжыцу, скрозь прысвечаную поспехам у камунiстычным будаўнiцтве, з iлюстрацыйным матэрыялам, што больш нагадваў стэнд нагляднай агiтацыi на плошчы якога-небудзь раённага гарадка (таго ж Шумiлiна), а ўся дакастрычнiцкая гiсторыя змясцiлася на дзевяцi (мы не жартуем) старонках, з цяперашнiм, важкiм наваградскiм томам, да работы над каторым прыцягвалiся буйнейшыя спецыялiсты (iмёны Л. Побаля, В. Чамярыцкага, М. Ермаловiча самi за сябе гавораць), са значным даведачным i картаграфiчным апаратам, нават бiблiяграфiяй, - каб бачна ўразумець пройдзены "Памяццю" шлях i яе дасягненнi.

Змест кнiгi вельмi разнастайны не толькi тэматычна, але i, так сказаць, у жанравым аспекце. Ёсць раздзелы, па сутнасцi арыгiнальныя даследаваннi пра асобныя перыяды гiсторыi гораду i краю, ёсць дробныя нарысы па адносна частковых пытаннях (напр., бiяграфiчныя), спiсы ахвяр фашысцкага i бальшавiцкага тэрору, слоўнiк населеных пунктаў Наваградчыны, публiкацыi дакументаў i шмат iншага, каштоўнага i часта унiкальнага. Аднак сама гэтая разнастайнасць - пры, шчыра кажучы, пэўных недахопах рэдактарскай працы - вядзе калi-нiкалi да нейкай якаснай пярэстасцi, няўзгодненасцi асобных частак тэксту, некаторых змястоўных лакун.

Том пачынаецца, пасля блоку каляровых фотаздымкаў i кароткай храналогii, са слова "Да чытача" галоўнага рэдактара М. Касцюка. Напiсана яно ў крыху лiрычным стылi i настроi - таму прабачым аўтару i "векавыя дубровы" (гэта аб некалькiх выпадкова ацалелых дасёння вакол горада дубах), i спасылкi на Яву з Суматрай i "шматлiкiя сузор'i Галактыкi", нават сур'ёзны пераказ старой школьнай байкi пра падземную раку памiж Свiцяззю i морам. Горай, калi М. Касцюк кранае рэчы больш канкрэтныя. Адкуль ён, напр., узяў, што са Свiцязi не выцякае "нi адна рачулка" (с. 18), i куды тады дзець Сваротву, якую, дарэчы, ясна вiдаць на карце раёна ледзь не на суседняй старонцы (с. 22)1? Дзе тыя археолагi, што, паводле нашага аўтара, адносяць "з'яўленне першых пасяленцаў на месцы цяперашняга Наваградка... да 2-3 тысячагоддзяў да нашай эры" (с. 19)? Знаходкi крамянёвых прыладаў 3-2 тысячагоддзяў (менавiта ў такiм парадку, мяркуем, варта весцi адлiк да нашай эры) ля Белiцы, Чарэшлi, Свiцязi дачынення да гораду XI ст., зразумела, не маюць, а датаваць Наваградак больш раннiм часам няма нiякiх падстаў.

Нарыс А. Мядзведзева "З глыбiнi тысячагоддзяў" прасочвае гiсторыю краю ад мусцьерскай эпохi, але пачынае не з Наваградчыны - на той час па клiматычных прычынах чалавеку немагчыма было тут жыць ("на жаль", як прастадушна заўважае аўтар), - а з Паўднёвай Беларусi. Далей успамiнаюцца стаянкi каменнага веку ў Чарэшлi, Белiцы, Васiлевiчах, Панямонi, пры апiсаннi якiх, на нашу думку, перабольшана (як для навукова-папулярнага выдання) спецыяльных тэрмiнаў i катэгорыяў: пералiчваюцца, без асаблiвых растлумачэнняў, культуры Лiнгбi i арэнсбургская, помнiкi тыпу Дубiчай або Лысай Гары, дабраборскi этап нёманскай неалiтычнай культуры, мясцовы мезалiтычны субстрат... У археолага за кожным з названых слоў стаiць багаты гiсторыка-культурны змест, а для шырокага чытача яны мала што значаць. Недзе ў сярэдзiне тэксту аказалася паведамленне пра культуру штрыхаванай керамiкi, носьбiтаў якой "звязваюць са старажытнымi ўсходнiмi балтамi" (с. 26). Падкрэслiм, што гэтыя словы - адзiная ва ўсiм тоўстым томе згадка пра балцкае насельнiцтва Нава-градчыны, найбольш важную i складаную праблему даўняй гiсторыi Беларусi. Што праблема ляжыць на паверхнi, сведчыць сама этымалогiя назваў навакольных вёсак: Суляцiчы (лiтоўскае sula 'сок з дрэва'), Пукачы (pukas 'пух'), Галынь (galas, galune 'канец, край'), Мотча (mocia 'мацi, хавальнiца роду'), Рэцемля (reitimas 'скрутак тканiны, сувой') i г. д.

Раздзел "Скарбы Наваградчыны" (аўтар Л. Побаль) уяўляе спробу каталога знойдзеных на Наваградчыне рымскiх манет. Каталог вельмi цiкавы, але было б значна лепш, калi б ён пазбавiўся шматлiкiх памылак друку (i не толькi друку) пры перадачы i перакладзе лацiнскiх i грэчаскiх тэкстаў. Возь-мем, напр., першае з апiсанняў - дынарый Траяна з Вераскава, згодна з аўтарам, 112-117 г. (с. 27-28). Прывядзем надпiс з падзелам на словы: "IMP. CAES. NER. TRAIANO OPTIMO AUG. GER. DAC. P. M. TR. P. SPQR". Тэкст, як бачым, абсалютна ясны: "Iмператару Цэзару Нерве Траяну Найлепшаму Аўгусту Германскаму Дакiйскаму, вялiкаму пантыфiку з трыбунскай уладай, рымскi сенат i народ". У перакладзе ж усе ўскосныя склоны (датыў i аблатыў) замененыя на назоўны, а агульнавядомы тытул Траяна "Optimus" ("Найлепшы") перададзены зусiм абсурдна, як "арыстакрат", i г. д. Не спыняемся на рознага гатунку арфаграфiчных ляпсусах; зазначым, урэшце, што i датаванне манеты можна iстотна ўдакладнiць. Паколькi Траян тытул Найлепшага атрымаў у 114 г., а ў 116 г. да яго прыбавiўся "Парфянскi", якi ў надпiсе адсутнiчае, то, вiдавочна, вераскаўская манета адчаканеная якраз у гэты прамежак часу.

Археалогiя i гiсторыя X-XIII ст., якiм прысвечаны тры наступныя раздзелы, - хiба не найлепш распрацаваная дзялянка наваградскай гiстарычнай мiнуўшчыны. Дзякуючы 25-гадовым раскопкам Ф. Гурэвiч мы добра ведаем матэрыяльную культуру гораду дамангольскага часу, iншыя археолагi шмат даследавалi архiтэктуру (П. Рапапорт, А. Каргер, М. Малеўская-Малевiч, М. Ткачоў) i пахаваннi ў вакольных курганах (К. Паўлава). Вынiкi гэтай работы досыць прафесiйна рэзюмавалi Я. Звяруга i Т. Бубенька. Пры гэтым адчуваецца аддаленасць аўтараў археалагiчнай часткi ад уласна наваградскай праблематыкi i адсутнасць у iх замiлавання да гiстарычнага краязнаў-ства: ёсць апiсанне абраду пахавання, але не выкарыстана цiкавая i важная работа - рэканструкцыя аблiчча гараджанiна XII ст. па чэрапе, што знойдзены пры раскопках Малога замку2 ; пералiк рэчаў, якiмi карысталiся наваградцы, замяняе рэканструкцыю iх побыту i г. д. Бясспрэчна, паўнату гiстарычнай карцiны дадаюць нарысы М. Ермаловiча, В. Насевiча i В. Чаропкi з палiтычнай гiсторыi XIII ст. Але iх аўтарам ужо не да мясцовага побыту - тут крыжуюцца розныя погляды на паў-станне ВКЛ. Можа праз гэта не прагучала нi ў археалагiчным (Я. Звяруга), нi ў прысвечаным Войшалку (В. Чаропка) кавалках тэксту слушнае, на наш погляд, меркаванне Ф. Гурэвiч, што знойдзены пры раскопках Замка абразок-лiцiк звязаны з паломнiцтвам Войшалка на святую гару Афон3. На жаль, няма i рэпрадукцыi гэтай каштоўнай рэлiквii.

Эпоха ВКЛ (раздзелы "Перыяд станаўлення. XIII-XV стст." i "Наваградчына ў XVI-XVIII стст.") - час росквiту Наваградка. Будуецца Замак, узносяцца цэрквы i касцёлы, фармуюцца вулiцы, квiтнеюць рамёствы i гандаль. Потым, пад час войнаў або эпiдэмiй, усё гiне, iдзе з полымем, занепадае. Потым iзноў жыццё адраджаецца - на месцы драўляных храмаў ставяцца мураваныя, людзi ўпрыгожваюць свае святынi. Вярхоўны суд дзяржавы (Трыбунал) рэгулярна збiраецца ў Наваградку, прыцягваючы сотнi людзей з усяе краiны i гэтым даючы гараджанам не толькi заработак i апошнiя навiны, але i магчымасць непасрэдна ўдзельнiчаць (часцей, канечне, як маўклiвыя сведкi) у найважнейшых падзеях. Шляхта павету час ад часу з'яжджаецца на павятовыя сеймiкi i на судовыя "рочкi", каб рассудзiцца памiж сабой i з магнатамi, сфармуляваць свае патрабаваннi паслам на агульнадзяржаўны сейм, абраць сабе суддзю, падсудка i пiсара, пагаварыць, хто будзе на наступныя гады харужым, а значыць у выпадку паспалiтага рушэння павядзе (пад "пелiстым з Пагоняй" сцягам) у бой наваградскую шляхту.

Пра многае з гэтага ў кнiзе напiсана. Кожны з аўтараў у межах сваёй тэмы паведамляе факты. Аднак цэльны малюнак гiстарычнага працэсу атрымлiваецца з цяжкасцю.

Раздзел "Ад сталiцы княства да цэнтра ваяводства" пачынаецца вельмi высокамоўнай фразай пра "самаадданую працу беларускага i лiтоўскага народаў, гераiзм iх мужных вояў i актыўную дзейнасць лiтоўска-беларускiх князёў..." (с. 68). Нiжэй аўтар (В. Чамярыцкi) ужо пiша пра беларускую народ-насць XIV-XV ст. Што такое ёсць гэтая народнасць, якiмi прыкметамi яна вызначаецца, якiя яе тэрытарыяльныя межы, не сказана. i не дзiўна. Добры знаўца царкоўнаславянскай i старабеларускай мовы i тэкстаў крынiц, В. Чамярыцкi выдатна ведае, што, напр., тыя цi iншыя моўныя асаблiвасцi, нават най-мацнейшыя, могуць служыць адзнакай этнiчнага адасаблення, толькi калi ўсведамляюцца ў гэтай апошняй якасцi носьбiтамi мовы. (Таму вельмi наiўнымi выглядаюць вучоныя, якiя ў пацвярджэнне iснавання беларускага этнасу ў XII-XIII ст. лiчаць мову полацкiх грамат - мiжволi адчуваеш: такi аўтар у глыбiнi душы хавае дзiцячую ўпэўненасць, што былi часы без анiякiх моўных асаблiвасцяў.) Застаецца па-старому спаслацца на "пануючае становiшча ў Вялiкiм Княстве Лiтоўскiм беларускай мовы" ды яшчэ ганарыцца тым, што "утварэнне Лiтоўска-Беларускай дзяржавы... на цэлае стагоддзе апярэдзiла аналагiчны працэс у Маскоўскай Русi" (с. 68). Тым часам аўтар так i не паказаў, калi i як было створана Наваградскае ваяводства, у чым яго спецыфiка ў параўнаннi з iншымi, як змянялiся яго гранiцы. У спiсе лiтаратуры (с. 92-93) не ўспамянута спецыяльная манаграфiя Г. Лаўмяньскага4 .

Раздзел "Наваградчына ў XVI-XVIII ст." наогул асаблiвы. Досыць буйны (с. 93-163), напоўнены багатым i разнастайным матэрыялам, ён не ўяўляе цэласнага гiстарычнага выкладу, а распадаецца на шэраг асобных артыкулаў, якiя адзiн з адным па сутнасцi не звязаны - сярод iх "Паны i прыгонныя" М. Спiрыдонава, "Герб места Наваградка" А. Цiтова, "Пачатковая гiсторыя унiяцтва i Наваградак" С. Палуцкай, "Архiтэктурныя помнiкi Наваградчыны" Т. Габрусь (гэты апошнi, нам здаецца, ёсць адзным з найлепшых ва ўсёй кнiзе - яго сцiсласць, iнфармацыйнасць, умелае выкладанне пры, само сабой зразумела, грунтоўнай эрудыцыi аўтара вартыя высокай ацэнкi). Такая раздробленасць вядзе да вельмi дзiўных вынiкаў - у "гiсторыка-дакументальнай хронiцы" цалкам адсутнiчае гiсторыя другой паловы XVII i ўсяго (!) XVIII ст. Цяжка паверыць, але факт: ад друкара Мiхала Слёзкi да Iаахiма Храптовiча пераход самы непасрэдны i нязмушаны. (Ёсць, праўда, яшчэ невялiкi нарыс аб вальным сойме 1773 г., аднак ён чамусьцi знаходзiцца ў самай сярэдзiне наступнага раздзелу "Наваградчына ў складзе Расiйскай iмперыi" - мяркуйце самi пра логiку i зручнасць такога размяшчэння.)

Гiпотэза А. Цiтова пра сувязь "Чорнага Анёла" на гербе Наваградка з найменнем "Чорная Русь", як i выснова пра выключнасць такога гербу (с. 136), не выдаецца вельмi даказальнай. Выява Мiхаiла Архангела з вагамi i мячом стала моднай для геральдыкi ВКЛ канца XVI i пачатку XVII ст. Перш (у 1593 г.) такi герб атрымаў маленькi гандлёвы гарадок недалёка Вiльнi Новая Воля. Адрозненне ад наваградскага гербу - ў колерах адзежы архангела i ў тым, што на гербе Новай Волi той трымае меч лязом долу. Потым герб з гэтым самым сюжэтам атрымалi Наваградак (1595 г.) i Ёнiшкi (1616 г.)5. Застаецца, аднак, загадкай, чаму менавiта гэтыя гарады злучылiся падобнымi памiж сабой гербамi.

Несумненна важнай акалiчнасцю ў жыццi Наваградка было размяшчэнне ў iм рэзiдэнцыi заходнерускiх (кiеўскiх) мiтрапалiтаў. Мiтраполiя мела ў горадзе некалькi пляцоў, падаткi з якiх iшлi ў даход мiтрапалiту. Побач жылi месцiчы магдэбургскага падпарадкавання, якiя плацiлi падаткi дзяржаве, i жыдоўская абшчына, што плацiла свае падаткi асобным ад горада рахункам. Наяўнасць у параўнальна невялiкiм населеным пункце некалькiх самастойных юрысдык была, на нашу думку, адной з важных прычынаў эканамiчнай слабасцi горада. Зрэшты, аўтары абышлi сваёй увагай гэтае пытанне. Больш за тое, звестка аб тым, што ў Наваградку была рэзiдэнцыя мiтрапалiта, паўтараецца не менш чым у пяцi месцах Хронiкi (с. 69, 80, 101, 142-143, 152), а вось што пры гэтай рэзiдэнцыi быў сабраны i доўгi час знаходзiўся мiтрапалiчы архiў, якi захаваўся да нашых дзён, i ў iм мноства дакументаў, непасрэдна датычных мiтрапалiчых маёмасцяў у Наваградку i ваколiцах, i што да Кастрычнiцкай рэвалюцыi ў Пецярбургу выдадзены двухтамовы вопiс гэтага архiву6 (трэцi том не выдадзены, але iснуе ў рукапiсе) - пра гэта нiхто з паважаных аўтараў не паведамiў. I гэтых дакументаў не выкарыстаў.

Гiсторыя XIX i пачатку XX ст. ставiць новыя праблемы. Калi для больш аддаленых часоў колькасць захаваных крынiц досыць абмежаваная i кожная з iх "на вагу золата", то тут галоўная цяжкасць у iншым - з многiх крынiц выбраць найбольш важныя, сцiсла i збалансавана падаць вялiзны матэрыял. Аўтары гэтага раздзелу ўпэўнена спраўляюцца са шматлiкiмi складанасцямi. Знiкае фрагментарнасць, апавяданне зноў набывае паўнату i сiстэматычны характар. Вельмi нядрэнна, без звычайных агульных фразаў, выкладзены падзеi 1812 г. Аднак не варта пры гэтым трацiць увагу i да гiстарычнага фону мясцовых здарэнняў - тады б не трапiлi ў тэкст прыкрыя недахопы, як машынальны, верагодна, паўтор даўняга навуковага непаразумення адносна пераправы Напалеона цераз Нёман нiбы без абвяшчэння вайны (с. 168)7 або сцвярджэнне, што губернi пад час напалеонаўскай акупацыi "пераўтваралiся ў правiнцыi" (с. 169), калi ўжо побач бачым правiльную назву "дэпартамент"(с. 171).

У раздзеле пра Наваградчыну эпохi капiталiзму асаблiва адчуваецца прыхiльнасць аўтара (У. Фiлякова) да сацыяльнай i эканамiчнай гiсторыi - стану гаспадаркi, удзелу выхадцаў з Наваградчыны ў рэвалюцыйных падзеях у расiйскiх i ўкраiнскiх гарадах. Больш агульна ахарактарызаваныя побыт i культура. Пры апiсаннi асветы i санiтарнага стану аўтар не назваў нiводнага настаўнiка цi доктара, а гэта ж была мясцовая iнтэлiгенцыя - людзi, якiя працавалi доўгiя гады i якiх ведала ўсё наваколле. У якiм цяжкiм становiшчы аказалася, напр., Любча, калi з яе ў 1914 г. адначасова прызвалi на вайну доктара Х. Скалабана i фельчара М. Снiтко! Варта было б таксама ўспомнiць ветэрынарную службу, якая мела непараўнальна (з сённяшнiм) большае значэнне i большы ахоп работы; у 1895-1914 г. яе ўзначальваў павятовы ветэрынарны ўрач Уладзiмiр Фролавiч Пракаповiч. Пры яго непасрэдным удзеле ў горадзе ў 1907 г. была адчынена ветэрынарная лячэбнiца. Шкада, што не паведамлена пра iснаванне (з 1911 г.) Наваградскага земства - яно шмат зрабiла працы па добраўпарадкаванню дарог, паляпшэнню арганiзацыi пошты, займалася агранамiяй, школамi, аптэкамi, бiблiятэкамi i г. д. З 1913 г. земства рабiла захады па арганiзацыi ў павеце тэлефоннай сувязi. Таксама па-за межамi кнiгi застаўся такi актуальны на пачатку XX ст. для гарадскiх уладаў Наваградка клопат, як канкурэнцыя з Баранавiчамi. Мiзэрнае мястэчка дзякуючы чыгуначнай станцыi хутка перарасло павятовы горад i па колькасцi жыхароў, i па абаротах гандлю, ды й мела сваiмi жыхарамi багатых i адукаваных чыноўнiкаў - прынамсi са складу раскватараванага ў Баранавiчах штабу вайсковай чыгуначнай брыгады i двух чыгуначных батальёнаў. У студзенi 1911 г. было нават паднята пытанне аб змене гранiц Наваградскага павету i аб пераносе павятовага цэнтру з Наваградка ў Баранавiчы. Гэтая "гiстарычная спрэчка" перакрочыла ў наступны перыяд i тлумачыць з'яўленне ў свой час Баранавiцкай вобласцi.

I сёння па розных прычынах цяжка пiсаць пра падзеi другой сусветнай вайны. Жывыя яшчэ сучаснiкi, жывая памяць пра страты. Нялёгкую задачу спынiць варожасць у сваiх душах вырашаюць многiя ўдзельнiкi вайны. Так, польскi i нямецкi народы, сабраўшы прадстаўнiкоў сваiх урадаў i духавенства, зрабiлi замiрэнне, абапiраючыся на формулу "Przebaczamy i prosimy o przebaczenie". Нельга сказаць, што Хронiка не спрабуе ажыццявiць пэўныя крокi ў гэтым кiрунку - узяць хоць бы сур'ёзныя заўвагi аб падставах пераходу "некаторых грамадзян Наваградчыны" на службу да гiтлераўцаў (с. 289). Але вось iншы прыклад. Расказваецца пра змаганне чырвоных партызан з атрадам Барыса Рагулi. У фарбах апiсана жудаснае забойства ля в. Ваўковiчы партызана Юрчыка, "труп якога два зiмнiя тыднi вiсеў каля дарогi Наваградак - Карэлiчы для запалохвання насельнiцтва" (с. 298). А потым каротка i холадна пра разбiтых рагулёўцаў: "На полi бою засталося 18 варожых трупаў..." (с. 299). Хай палiтычныя погляды, а то i проста нешчаслiвы лёс развялi людзей на розныя бакi барыкадаў. Але ж тыя, хто ваяваў у Рагулi, таксама тутэйшыя лю-дзi. Значыць, пасля таго бою ў 18 навакольных вясковых хатах стаяла труна i была смерць. Цi не час i нам сказаць: "Прабачаймо, i прабачце нас"...8

I другi бок той самай праблемы. Для гiсторыка гэтай вайны часам цяжка пераадолець уплыў лiтаратурнай (iдэалагiчнай па паходжаннi) традыцыi, косных, хаця звычных i зручных поглядаў, ацэнак, шаблонаў. "Напярэдаднi нашэсця, - пiша У. Несцярэнка, - вораг пераўзыходзiў нашы сiлы ў заходнiх пагранiчных акругах па колькасцi войск у 1,8, па сярэднiх i цяжкiх танках - у 1,5 раза, па баявых самалётах новых тыпаў - у 3,2 раза" (с. 285). Не будзем нават дашуквацца да крынiцы гэтых лiчбаў - яны, безумоўна, не адпавядаюць рэчаiснасцi. Да 22 чэрвеня 1941 г. суадносiны сiл i сродкаў Заходняга фронту i войск групы армiй "Цэнтр" у яго паласе, як цвёрда ўстаноўлена, былi прыкладна роўныя, за выключэннем танкаў, па якiх савецкi бок пераўзыходзiў працiўнiка ў 2,7 раза9. Такiм чынам, справа не ў колькаснай перавазе, а ў тым, што, як рэзюмуе сучасны даследчык, "группировка войск в ЗапОВО больше подходила для наступления, чем для обороны"10. Нам могуць запярэчыць, што ўсё гэта вышэйшыя стратэгiчныя разважаннi, якiя маюць няшмат дачынення да ўласна Наваградчыны. Не пагодзiмся. Напр., якраз у раён Наваградка яшчэ 20 чэрвеня 1941 г. пачалося высоўванне (з-пад Магiлёва) 13-й армii11 , аб чым Хронiка ўвогуле не ўспамiнае. Тым часам, фiгуры замоўчвання iншы раз проста скажаюць стан рэчаў. Вось iдзе гаворка пра абарону Беластоцкага выступу: "На 10-ую армiю... наступалi чатыры армейскiя карпусы працiўнiка - 7-ы, 9-ы, 13-ы i 42-i" (с. 286). Гэта робiць уражанне. Пакуль не прыгадаеш, што сама савецкая 10-я армiя налiчвала пяць карпусоў, да таго ж пры 1315 танках - у паўтары разы больш, чым ва ўсёй групе "Цэнтр" супраць Заходняга фронту!

Мы, вядома, не маем тут магчымасцi закрануць, нават бегла, кожны раздзел, нарыс, артыкул кнiгi. На заканчэнне скажам пра картаграфiчны апарат выдання. Ён не малы, асаблiва ў параўнаннi з нядаўнiм часам, калi поўная савецкая сакрэтнасць усяго тапаграфiчнага матэрыялу ператварала края-знаўства ў навуку тэарэтычную да схаластыкi. У кнiзе змешчаны 36 карт i планаў - уступная, так сказаць, агульнадаведачная карта раёну, 10 гiстарычных карт i планаў гораду, 6 планаў дробных аб'ектаў (археалагiчныя помнiкi, сядзiба, парк) i 19 картаграфiчных рэпрадукцый, г. зн. публiкацый фрагментаў геаграфiчных карт ад С. Мюнстэра (1540 г.) да сучасных тапакарт, дзе паказана Наваградчына або яе асобныя мясцовасцi (з якiх, зрэшты, пашанцавала толькi Нягневiчам i Шчорсам). Гэтая апошняя, iлюстрацыйная частка бадай што лепшая, найбольш цiкавая з усёй картаграфii наваградскай Хронiкi. Вельмi павучальна i карысна прасачыць адлюстраванне Нава-градчыны ў старадрукаваных атласах, на генеральных картах XVIII-XIX ст., на вайсковых расiйскiх, нямецкiх, польскiх картах першай паловы ХХ ст. Уласна гiстарычныя карты, зробленыя ў абсалютнай большасцi выдатным знаўцам у гэтай галiне М. Спiрыдонавым, падобнага ўражання, на жаль, не ствараюць. Наогул няма карт, якiя б паказвалi асноўную, калi можна так сказаць, геаграфiчную тканiну гiсторыi кожнага краю -яго ўнутранае адмiнiстрацыйнае дзяленне i яго месца ў палiтыка-адмiнiстрацыйным дзяленнi дзяржавы, у асаблiвасцi тых шматлiкiх дзяржаў, праз якiя прайшоў наваградскi лёс. Не вельмi ўдалыя i проста малазмястоўныя планы гораду (з 1797 да 1995 г.), што падрыхтаваныя таксама М. Спiрыдонавым у не зусiм зразумелым жанры "схема плана" (с. 531, 532, 536, 538). У шэрагу выпадкаў не названы маштаб, у т. л. на агульнай карце раёна. Пры картах-рэпрадукцыях ён, праўда, паказаны заў-сёды, але колькi разоў памылкова: на с. 543 i 544 надрукавана 1:1 000 000 замест 1:100 000, а на с. 122 (здымак з атласу 1772 г.) маштаб арыгiналу, магчыма, дадзены слушна (1:692 000), аднак пры друку зменшаны прыкладна да 1:1 100 000.

У пачатку нашых нататак мы ўжо адзначалi пэўныя хiбы рэдактарскай працы над Хронiкай. Верагодна, найбольш яскрава яны выяўляюцца ў тым граматычным разнабоi, каб не сказаць хаосе, што пануе ў напiсаннi iмёнаў. Мы добра разумеем усю складанасць праблемы, ведаем, наколькi грэшныя ў гэтых адносiнах многiя даведачныя выданнi, але тое, што бачым на старонках наваградскай "Памяцi", перавышае ўсякую iмавернасць. "Рыгор" Цамблак (с. 80) ператвараецца ў "Грыгора" (с. 81-83), патрыярх Яўхiм (с. 81) у Яўфiмiя (с. 83). Бацька Адама Храптовiча пiшацца то Iаахiмам (c. 148-150, 227), то проста Iахiмам (c. 171, 206), вядомы паўстанец 1831 г. Кашыц завецца калi Юзафам (c. 171, 173), калi Iосiфам (c. 206), а само гэтае iмя знаходзiцца яшчэ i ў форме "Ёсiф" (c. 105). Ды што там "Ёсiфы" - сама назва "Наваградак" ужываецца ў кнiзе ў чатырох (!) арфаграфiчных варыянтах без якiх-небудзь тлумачэнняў. Зрэшты, гэта тычыцца не толькi iмёнаў уласных: мы сустракаем "банiфратраў" (c. 147) i "бонiфратараў" (c. 165), "Троiцкую царкву" (c. 143), але "Траецкае брацтва" (c. 144), i г. д.

Больш-менш падрыхтаваны чытач ужо не вельмi пры-дзiрлiва, амаль што машынальна, адзначае сабе розныя супярэчнасцi ў розных частках кнiгi - пра першае ўпамiнанне пра горад у крынiцах (c. 35 i 85), пра колькасць касцёлаў у Наваградку (c. 146 i 165) i да т. п. Чытач прызвычайваецца да ўсяго - нават да Адама Мiцкевiча як "носьбiта беларускай нацыянальнай iдэi" (c. 164), хаця часам i цяжка верыць, што "tygodnik" гэта "штогоднiк" (c. 183) або што чорны хлеб пякуць з iржы (с. 192), а не з жыта.

Але што рабiць чытачу - не гiсторыку, не рэцэнзенту, а проста ахвотнiку атрымаць досвед у наваградскай гiсторыi? Напэўна, толькi вучыцца асаблiва ўважлiвым i строга крытычным адносiнам да тэксту кожнай, нават самай аўтарытэтнай кнiгi. Ды яшчэ спадзявацца, што спецыялiсты, якiя згуртавалiся ў рэдакцыйную калегiю, стварылi арганiзацыйна-метадычны цэнтр i раённую камiсiю, вылучылi шасцёх навуковых рэдактараў на чале з галоўным i чатырох проста рэдактараў на чале з вядучым (гл. адварот тытульнага аркуша), здолеюць улiчыць уласны багаты, хай часам горкi, вопыт, перадаць яго сваiм калегам i прадаўжальнiкам i што наступныя тамы беларускай "Памяцi" перасягнуць нават гэтую важную, цiкавую, выдатную кнiгу.

Санкт-Пецярбург

Валеры Антонаў,
Мiкола Нiкалаеў

* Памяць. Наваградскi раён. Мiнск: Беларусь, 1996.
Далей спасылкi на старонкi кнiгi дадзены непасрэдна ў тэксце.

1 Калi зайшла гаворка пра гiдраграфiю, адзначым: анiводны з аўтараў кнiгi не заўважыў (ужо не скажам - пракаментаваў) той факт, што значны горад, неўзабаве сталiца, узнiк у падкрэсленай адлегласцi ад водных шляхоў зносiн - выпадак, здаецца, у Еўропе цi не адзiнкавы.
2 Цягака Л.I., Чаквiн I.У. Што паказвае рэканструкцыя аблiчча продкаў // ПГКБ. 1983. № 2.
3 Гуревич Ф.Д . Новые данные о стеклянных иконках-литиках на территории СССР // ВВ. 1982. Т. 43.
4 Lowmianski H. Rys historyczny wojewodztwa nowogrudzkiego w jego dzisiejszych granicach, do r. 1795. Wilno, 1935.
5 Rimda E. Lietuvos miestr XV-XVIII a. heraldikos daltiniai Lenkijos archyvuose // KBar. 1988. № 4. L. 66-68. Варта заўважыць, што прывiлей на герб Новай Волi напiсаны старабеларускай мовай.
6 Описание документов архива западнорусских униатских митрополитов. Т. 1-2. СПб., 1897-1907.
7 Цiкава было б прасачыць узнiкненне гэтага мiфа, але, натуральна, тут мы не маем такой магчымасцi. Адашлём толькi чытача да спецыяльнай працы: Троицкий Н.А. К истории нашествия Наполеона на Россию. (Объявление войны) // ННИ. 1990. № 3.
8 Дарэчы, Кнiга памяцi ахвяр палiтычных рэпрэсiй "Ленинградский мартиролог 1937-1938" (Т. 2. СПб., 1996. С. 412) паведамляе, што ў 1937 г. у Ленiнградзе быў расстраляны Канстанцiн Пятровiч Юрчык, беларус, беспартыйны, нараджэнец в. Ваўковiчы Наваградскага павета. Цi не сваяк?
9 Семидетко В.А. Истоки поражения в Белоруссии (Западный особый военный округ к 22 июня 1941 г.) // ВИЖ. 1989. № 4. С. 30. У цэлым пра колькасныя суадносiны Чырвонай Армii i Вермахта напярэдаднi вайны, у т. л. на Беларусi, гл. таксама: Шлыков В. И танки наши быстры // МЖ. 1988. № 9; Мариничев В. На небе не найдешь следа//-Не-ва. 1989. № 6; Мельтюхов М.И. Споры вокруг 1941 года: опыт критического осмысления одной дискуссии // ОИ. 1994. № 3; i iнш.
10 Семидетко В.А. Указ. соч. С. 30.
11 Секирин М.К., Белкин И.М., Дорошенко В.М. Через всю войну: Очерк о воинах 13-й армии. М., 1991. С. 8.


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by