БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

ПИСАРЕНКО, ЮРIЙ Г. Велес-Волос в язичницькому свiтоглядi давньоi Русi. Киiв, 1997. 238.

Бiблiятэка даследаванняў па ўсходнеславянскай мiфалогii летась папоўнiлася манаграфiяй кiеўскага навукоўца Юрыя Пiсарэнкi, прысвечанай вызначэнню месца Вялеса-Воласа ў светапоглядзе славянаў. Паколькi Вялес быў надзвычай шматфункцыянальным богам, аўтар кнiгi засяродзiў асноўную ўвагу на некалькiх найважнейшых аспектах: адлюстраванне ўяўленняў пра гэты мiфалагiчны персанаж у такiх крынiцах, як "Сказанне пра смерць князя Алега", былiна "Волх Усяславiч", сюжэты пра фальклорных волатаў, семантыка выяваў на знакамiтым Збруцкiм стодзе. Разглядаюцца таксама дамовы кiеўскiх князёў Х ст. з Вiзантыяй i iншыя звесткi, што характарызуюць iдэю "дагавору" як адну з асноўных у функцыях Вялеса.

Як i ў большасцi сур'ёзных навуковых прац, спачатку разглядаюцца крынiцазнаўчая база даследаванняў i гiстарыяграфiя тэмы. Апроч пiсьмовых крынiцаў (летапiсаў, жыцiй, апакрыфiчных сказанняў i г.д.) звернута ўвага на фальклорна-этнаграфiчныя дадзеныя i матэрыяльныя рэшткi: выявы ў летапiсах, творы манументальнага мастацтва, некаторыя археалагiчныя знаходкi i культавыя камянi. У гiстарыяграфiчным нарысе досыць падрабязна характарызуюцца высновы папярэднiкаў па вывучэнню дахрысцiянскага пантэону ўсходнiх славянаў, а таксама напрацоўкi сучасных даследчыкаў, у тым лiку такiх вядомых, як Раман Якабсон, Валянцiн Iваноў i Ула-дзiмiр Тапароў, Барыс Рыбакоў. На жаль, па-за ўвагай засталася абагульняючая манаграфiя пра хтанiчныя божышчы лiтоў-скага даследчыка Норбертаса Велюса1, якая, дарэчы, мае досыць вялiкае расiйскамоўнае рэзюмэ. Шмат цiкавага для сябе матэрыялу Ю.Пiсарэнка мог бы знайсцi ў беларускiх паданнях i легендах2.

У раздзеле "Сказанне пра смерць князя Алега" падрабязна аналiзуецца вядомы сюжэт аб прадказанай валхвамi смерцi князя Алега ад уласнага каня (дакладней, ад змяi, што выпаў-зла з конскага чэрапа). Абвяргаецца папулярная раней палiтызаваная версiя пра антываражскую скiраванасць "Сказання". Нават калi дапусцiць, што прычынай гiбелi Алега была нейкая палiтычная змова, то ўсё роўна апраўдаць яго пагiбель у вачах народа можна было, выкарыстоўваючы традыцыйны мiфалагiчны матыў рытуальнага забойства правiцеля, здзейсненага дзеля дабрабыту ўсiх. Такая смерць "архаiчнага цара" ў розных народаў на пэўнай стадыi развiцця разглядалася як фактар, што спрыяў урадлiвасцi. Князя цi цара па дасягненнi пэўнага ўзросту рытуальна забiвалi, бо яго старэнне ўспрымалася пагрозай для нармальнага працякання прыродных з'яваў. Такое абрадавае забойства састарэлага сакральнага валадара або старых людзей было функцыяй валхвоў як служыцеляў Вялеса, што сумяшчаў функцыi бога смерцi i бога ўрадлiвасцi.

Зыходзячы з таго, што назвы "Вялес-Волас" i "волат" маюць агульную этымалогiю, робiцца спроба звязаць фальклорных волатаў з богам Вялесам. Як гэты бог, так i волаты мелi сувязь з замагiльным светам. З iншага боку, iх яднала таксама функцыя забеспячэння ўрадлiвасцi. У прыватнасцi, як лiчыць даследчык, сувязь ураджайных тэрмiнаў кораня "волат" з Вялесам засведчыў земляробскi абрад пакiдаць "Валотку на бародку", г.зн. пакiдаць некалькi каласкоў ("волацяў") на полi нязжатымi. Гэтыя каласы лiчылiся "Воласавай барадой". Напрошваецца аналогiя, што агульнае паходжанне ў такiм разе павiнен мець i звычай беларускай шкоданоснай магii рабiць "залом" на нiве цi на лузе.

Выклiкае нязгоду атаясамлiванне фальклорных волатаў i асiлкаў. Уважлiвае параўнанне беларускiх легендаў дазваляе прасачыць рознiцу памiж гэтымi дзвюма разнавiднасцямi мiфалагiчных персанажаў.

У легендзе пра паходжанне д'ябла i балотаў будучы д'ябал прадстае ў выглядзе волата, якi з'яўляецца з вады, "паварочваецца, але не можа ўстаць" у вадзяным "стаўбе"3. Волаты былi iстотамi такога росту, што цяперашнiя людзi "нават iм да кален не дасталi б", галовы ў iх былi вялiзныя. У легендзе "Вужава карона" волат у лесе заступае дарогу герою i, вырваўшы вялiзнае дрэва, страшыць, гучна стукаючы iм4. Варта звярнуць увагу, што ў згаданай легендзе пра паходжанне д'ябла волат з'яўляецца з вады (Вялес таксама звязаны з вадой, балотам, нiзiнай) i становiцца антаганiстам Бога (нярэдка пазнейшага абазначэння Перуна).

Асiлкi, згодна з легендамi, падобныя да волатаў сваiм ростам - "былi такiя велiзарныя, бы дуб". Асiлкi не займалiся яшчэ земляробствам, а лавiлi па лясах звяроў i ў вадзе рыбу, адзенне рабiлi са звярыных шкур. У адрозненне ад волатаў, з якiмi звязваюць узнiкненне курганоў-валатовак, легенды згадваюць асiлкаў як жыхароў гарадзiшчаў. Нярэдка фiгуруе такая дэталь - асiлкi, якiя жылi на розных гарадзiшчах або на розных берагах ракi, "маглi перакiдваць адзiн да другога стопудовыя камянi i схоплiваць iх на ляту, як мяч". У некаторых выпадках замест камянёў называюцца сякеры або млынавыя жорны. "Ад сваёй вялiкай сiлы асiлкi давай барукацца, давай рызыкаваць ды зразiцца на самога Бога. От за тое Бог i адняў ад iх глузд, так што яны пачалi iлбамi разбiваць каменныя горы". Са Случчыны вядомая казка пра тое, як асiлак разбiвае булавой каменную сцяну, за якой пакутавалi выкрадзеныя цмокам людзi5. У iншых казках цар Гром, як i асiлкi, разбiвае камянi i дрэвы.

Зброяй Перуна лiчылiся камянi, а каменныя сякеры ў народзе называюць перуновымi стрэламi. Па павер'ях, Пярун трымае ў руках вельмi вялiкiя жорны, трэ iмi i ўдарае адзiн аб другi, ад чаго ўзнiкаюць гром i маланкi6. У адной з легендаў магутны асiлак разбiў вялiкiм молатам вялiзны камень, а ў казках кiнутая ўверх булава асiлка "гудзе ў небе, бы гром грымiць". Такiм чынам, асiлкi ў фальклоры асацыююцца з каменем, каменнымi жорнамi, сякерамi, громам, г.зн. з атрыбутамi бога навальнiцы. Ад назвы каменнай прылады, якой у старажытнасцi выкрасалi агонь, паходзiць слова асялок - "тачыльны камень", а таксама стараславянскае "осла" i падобныя да iх назвы каменя ў iншых iндаеўрапейскiх мовах. Са словамi осла, аселак мовазнаўцы звязваюць этымалогiю слова асiлак7. Назва ж волатаў паходзiць ад кораня vel-, звязанага з абазначэннем замагiльнага свету або ўлады.

Велiканы фiгуруюць i ў мiфалогiях iншых народаў (напрыклад, ётуны ў германцаў). У старажытнагрэцкай мiфалогii алiмпiйскiм багам папярэднiчалi гiганты i тытаны, з якiмi ў пэўнай ступенi можна параўнаць волатаў i асiлкаў.

Як прызнае большасць даследчыкаў, выявы Вялеса ёсць у нiжнiм ярусе на трох гранях Збруцкага стода. Божышча стаiць на каленях i падтрымлiвае галавой ды рукамi плоскую зямлю з людзьмi на ёй. Аднолькавыя выявы прысутнiчаюць на трох гранях таму, што з Вялесам асацыявалiся няцотныя лiчбы, асаблiва "3". Гэты паказ Вялеса з зямлёй на галаве шмат у чым нагадвае вядомы па сярэднявечных дакументах i этнаграфiчных апiсаннях звычай клятвы з дзёрнам на галаве. Тым самым селянiн, якi прыносiў клятву, прыпадабняўся хтанiчнаму божышчу. Паколькi ў клятве згадвалася Мацi-сырая зямля, то аўтар робiць выснову, што ў паганскай мiфалогii яна магла лiчыцца "мацi" не толькi селянiна, але i самога Вялеса. Абрад гэтай клятвы зберагаў трываласць абшчыны, а значыць Вялес лiчыўся абаронцам абшчыннага ладу. Сляды мiфа пра Вялеса i Зямлю Ю.Пiсарэнка адшуквае ў былiнах пра Святагора. Правобразам Святагора, на думку вучонага, быў Вялес.

У сучасных даследчыкаў мiфалогii няма адзiнства поглядаў наконт бога Рода i яго функцыяў. Думкi вагаюцца ад прызнання гэтага персанажу самым галоўным богам славянаў i амаль да поўнага яго iгнаравання. Ю.Пiсарэнка таксама спрабуе вырашыць гэтае пытанне, але на занадта абмежаваным матэрыяле. Паводле яго высновы, у мiфах Род лiчыўся бацькам Вялеса, i абое яны ўшаноўвалiся як продкi людзей, але продкi розных узроўняў. Усё ж больш узважанай, пэўна, была пазiцыя Б.Успенскага, якi схiльны атаясамлiваць Рода з Вялесам.

У кiеўска-вiзантыйскiх дамовах Х ст. Вялес згадваецца звычайна разам з Перуном. Як мяркуе аўтар кнiгi, у дадзеным выпадку Вялес выступаў як бог мiру ў яго трох галоўных праявах: "мiрнае жыццё", "космас", "абшчына". Гэты бог быў звязаны з абшчынна-родавай арганiзацыяй i часткова яе персанiфiкаваў.

Асаблiвую цiкавасць для беларускiх чытачоў павiнны ўяўляць раздзел "Адлюстраванне мiфа пра Воласа ў былiне "Волх Усяслававiч"", таму што ў апошнiм прасочваюцца некаторыя рысы князя Усяслава Полацкага. Як вядома, гiстарычнаму Усяславу Чарадзею сучаснiкi прыпiсвалi некаторыя рысы, агульныя з Вялесам: звышнатуральнае нараджэнне, ваў-калацтва, улада над прыродай. Вядома, згаданыя аспекты не з'яўляюцца вычарпальнымi для ўсеахопнай характарыстыкi вобразу Вялеса. Але ў адной манаграфii, пабудаванай на аснове кандыдацкай дысертацыi, ахапiць усе "вялесазнаўчыя" пытаннi было i немагчыма. На дадзеным жа этапе кнiга Ю.Пiсарэнкi з'яўляецца значным даробкам у вывучэнне ўсходнеславянскай мiфалогii i дахрысцiянскага светапогляду.

Менск

Эдвард Зайкоўскi

1 Velius N. Chtoniskasis lietuviu mitologijos pasaulis. Folklorinio velnio analise. Vilnius, 1987.
2 Легенды i паданнi / Беларуская народная творчасць. Мiнск, 1983.
3 Тамсама.С.9.
4 Тамсама.С.230.
5 Сержпутоўскi А. Казкi i апавяданнi беларусаў з Слуцкага павета. Мiнск, 1926. №23.
6 Богданович А.Е. Пережитки древнего мировоззрения у белорусов. Гродна, 1895. С.76.
7 Иванов В.В., Топоров В.Н. Исследования в области славянских древностей. Москва. 1974. С.95.


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by