БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

ШАБЛЮК, ВАЛЕРЫ У. Сельскiя паселiшчы Верхняга Панямоння: XIV-XVIII ст. Мiнск: Беларуская навука, 1996. 119.

Кнiга В.Шаблюка стала значнай падзеяй мiнулага года. Не адзiн год карпатлiвай працы ўкладзены ў манаграфiю. Шматлiкiя археалагiчныя раскопкi, росшукi ў беларускiх i замежных архiвах прынеслi добры плён.

Кнiга звяртае ўвагу ўжо сваёй тэмай - гэта адзiная манаграфiя, прысвечаная беларускай вёсцы перыяду Сярэднявечча. Мiж iншага, як слушна заўважае аўтар, галоўнай формай феадальнай эканомiкi была сельская гаспадарка, а самым шматлiкiм класам грамадства - сяляне.

Даследаванне ахоплiвае амаль усе сферы тагачаснага сельскага жыцця. Даўшы кароткую характарыстыку геаграфiчных умоваў, этнiчнага складу насельнiцтва, аўтар перахо-дзiць да выкладання асноўнага матэрыялу: тыпы, памеры i планiроўка сельскiх паселiшчаў XIV-XVIII ст., жылыя i гаспадарчыя пабудовы, рэчы хатняга ўжытку, касцюм, гаспадарчая дзейнасць. Насельнiцтва сярэднявечнай вёскi не было аднародным, што выдатна паказана ў манаграфii. Аўтар асобна аналiзуе матэрыяльную культуру феадальнай сядзiбы i сялянскага двара, з аднолькавай увагай ставiцца да вывучэння i невялiкiх гаспадарчых, i значных культавых пабудоў.

Вялiкай вартасцю працы з'яўляецца шырокая крынiца-знаўчая база. Сам археолаг, аўтар шырока карыстаецца пiсьмовымi крынiцамi даследаванага перыяду, як надрукаванымi, так i здабытымi iм самым у архiвах Беларусi, Лiтвы, Расii. Корпус апрацаванага матэрыялу сапраўды ўражвае, асаблiва калi чытаеш першы раздзел. Нароўнi з тэкставымi не меншае значэнне маюць археалагiчныя крынiцы. Часам яны канкрэтызуюць, удакладняюць, iлюструюць архiўныя звесткi, часам выходзяць на першае месца. Увагi заслугоўвае тое, што характарызуючы сельскую матэрыяльную культуру, В.Шаблюк разам з археалагiчнымi знаходкамi смела карыстаецца iнфармацыяй з пiсьмовых дакументаў. Гэта дае магчымасць ажывiць рэчы, змяшчае iх у новы, больш поўны, кантэкст. Дапаможнае значэнне маюць этнаграфiчныя i iканаграфiчныя крынiцы. Што да апошнiх, то унiкальнай, на мой погляд, з'яўляецца знаходка выявы сядзiбнага дома першай чвэрцi XVIII ст., але пабудаванага яшчэ ў XVII ст.

У такой маштабнай працы аўтару, на жаль, не ўдалося пазбегнуць i недахопаў. На нязначных памылках i недакладнасцях не будзем спыняцца, каб за дрэвамi не згубiць лесу. Але ёсць некалькi прынцыповых момантаў, на якiя нельга не звярнуць увагi.

На с.10 слабую насычанасць слою знаходкамi XIV-XV ст. у параўнаннi з папярэднiм i наступным перыядамi аўтар спрабуе звязаць з Вялiкай чумой, якая ахапiла Еўропу ў другой палове XIV - першай палове XV ст., у вынiку якой "у большасцi еўрапейскiх краiн назiраўся глыбокi дэмаграфiчны крызiс". Дапушчэнне вельмi ўжо спрэчнае. Па-першае, дэмаграфiчны крызiс XIV-XV ст. у Еўропе выклiканы не толькi адной чумой. Ды i адбываўся ён на фоне скарачэння пасяўных плошчаў, рэдкага для тых земляў голаду, крывавых, а часам i працяглых, войнаў. Па-другое, у Заходняй Еўропе справа далёка не абмяжоўвалася рэзкiм скарачэннем насельнiцтва. Крызiс насiў сiстэмны характар i закрануў практычна ўсе сферы жыцця грамадства: сельскую гаспадарку, вытворчаць, фiнансы, iдэалогiю, культуру. У нетрах гэтага крызiсу нараджалiся элементы новага ладу, якi атрымаў сваё поўнае развiццё ў наступную гiстарычную эпоху. Праўда, пра ўсё гэта не сказана ў "Истории крестьянства", на якую чамусьцi зроблена спасылка. Больш таго, у пачатку таго ж самага абзацу на с.9 аўтар нам паведамляе, што ў XIV-XV ст. у Панямоннi "павялiчваюцца плошчы ворыўнай зямлi", "адбываецца паступовае асваенне i засяленне новых тэрыторый", у плане знешнепалiтычных абставiнаў наступае "перыяд стабiлiзацыi, што садзейнiчала больш хуткаму асваенню тэрыторыi". Дык, у такiм разе, расло насельнiцтва ў XIV-XV ст. цi змяншалася? Беднасць археалагiчных слаёў XIV-XV ст. звязана са змяншэннем насельнiцтва цi з чым-небудзь iншым? Адказаў на гэтыя пытаннi няма. Цалкам магчыма, што крызiсныя з'явы, якiя мелi месца ў Еўропе XIV-XV ст., закранулi i беларускiя землi, але дапушчэннi такога кшталту павiнны быць падмацаваныя адпаведнымi аргументамi. Неабгрунтаванага, механiчнага пераносу нейкай з'явы на iншую глебу варта пазбягаць. Такая ўвага да адзiнага абзацу цэлай кнiгi невыпадковая. Па-мойму, сiмптомы гэтай "хваробы" сталi даволi часта выяўляцца ў нашай гiстарыяграфii апошнiх гадоў.

Падача археалагiчнага матэрыялу - другое, на чым хацелася б спынiцца. Аўтар паспрабаваў зрабiць гэта нетрадыцыйна, але яму тое не вельмi ўдалося. Атрымалася, што шмат месца займае шырокавядомая iнфармацыя агульнага плану i вельмi мала ўвагi аддадзена аналiзу канкрэтнага матэрыялу, якi паходзiць з даследаванага рэгiёну. I не скажаш, што ён не прысутнiчае, але паказаны неяк бессiстэмна, у выглядзе адасобленых апiсанняў. Возьмем, напрыклад, кафлю. Нам паведамляеца пра тое, калi з'яўляецца кафля на Беларусi, як iшла эвалюцыя кафлi ў XIV-XVI cт., як яе выраблялi, знаходзiм падрабязную iнфармацыю пра сценныя, кутнiя, гзымсавыя i iнш. кафлi ўвогуле. У той жа час, няма адказу на пытаннi, калi на сельскiх паселiшчах Панямоння з'яўляюцца кафляныя печы? З якога i да якога часу ўжывалiся гаршковыя кафлi? Як мяняў-ся тут выгляд кафляў (ды i печаў) на працягу разгляданага перыяду? Iнакш кажучы, мясцовы матэрыял не прадстаўлены паслядоўна ў яго храналагiчным i тыпалагiчным развiццi. Най-лепш атрымалася частка, прысвечаная ганчарнаму посуду, але i тут не ўсё гладка. Ратуюць iлюстрацыi, балазе iх дастаткова. Але ж тыпалагiчна i храналагiчна матэрыял патрабуе больш глыбокай апрацоўкi, i для гэтага ўжо створаныя магчымасцi: за апошнiя гады па археалогii XIV-XV ст. выйшлi дзесяткi публiкацый. Аднак, зазiрнуўшы ў спiс выкарыстанай лiтаратуры, бачым, што самая "новая" пазiцыя датуецца 1989 годам, за выключэннем адзiнай публiкацыi самога аўтара за 1993 г. Такiм чынам, па-за ўвагай даследчыка застаўся багаты навуковы набытак апошнiх пяцi гадоў. Скарыстаўшы ж зробленае iншымi археолагамi, можна было б пазбегнуць шмат якiх недакладнасцяў i памылак, зрабiць карцiну сельскай матэрыяльнай культуры больш рэльефнай, параўнаць яе з матэрыяльнай культурай гарадоў i замкаў.

I ўсё ж, нягледзячы на выказаныя заўвагi, кнiга В.Шаблюка зойме пачэснае месца ў нашай археалагiчнай i гiстарычнай навуцы. Яна дэманструе сучасны падыход да вырашэння праблемаў гiсторыi Сярэднявечча на аснове комплекснага аналiзу шырокага кола разнастайных крынiц. Са старонак мана-графii паўстае шырокая панарама сельскага жыцця беларускага Панямоння XIV-XV ст.

На вялiкi жаль, цяпер няма каму пашыраць i паглыбляць такую важную для беларускай гiсторыi тэму. 2 траўня 1997 г. трагiчна абарвалася жыццё археолага, руплiвага даследчыка нашай мiнуўшчыны, шчырага патрыёта Валерыя Шаблюка. I гэтая кнiга - найлепшы помнiк вучонаму.

Менск

Iрэна Ганецкая


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by