БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

ZAMOJSKI, ADAM. Ostatni krol Polski. Warszawa, 1994. 548.

Першым разам гэтая выдатна аздобленая праца Адама Замойскага з'явiлася ў Вялiкабрытанii - краiне ўстойлiвых лiберальных свабодаў i манархii. Можа таму, што там гэтыя, здавалася б непрымiрымыя прынцыпы не выдаюцца за нацыянальны сорам. Магчыма i таму, што там даўно цiкавяцца лiдэрамi, у бiяграфiях якiх злiты i велiч, i роспач нацыi.

Адам Замойскi не браўся пiсаць самастойнага доследу пра жыццё апошняга караля Рэчы Паспалiтай Станiслава Аўгуста Панятоўскага. Кнiга ўяўляе з сябе сумленную кампiляцыю з даволi багатай лiтаратуры, так што аўтару заставалася толькi трапна афарбоўваць храналагiчную канву вытрымкамi з уласных архiўных росшукаў. Яму бракавала хiба толькi архiваў Масквы i Пецярбурга, з якiмi "Цёлка" (так велiчалi караля сучаснiкi) быў звязаны васальнымi путамi. Мiж тым, Замойскi не ганьбуе марыянетачную ролю караля, а лiчыць яго "узорам манарха" (С.472), адукаванага, iнтэлiгентнага, якi трагiзму па-дзей процiстаяў сваёй фiласофiяй шчырага пакутнiка i самаахвярнiка.

Практычна ўся кнiга - гэта панегiрык каралю Станiславу Панятоўскаму, узведзенаму на трон расiйскiмi штыкамi, якi i пры ўладзе трымаўся дзякуючы пецярбургскай пратэкцыi. Аўтар абяляе караля за ўсе падзелы Рэчы Паспалiтай, пiша пра вiну народа (С.469), няздольнага на энергiчныя i валявыя дзеяннi. У гэтым Замойскi не адыходзiць ад старадаўняй гiстарыяграфii i ўсяго таго, што М.Кастамараў калiсцi назваў маральнай разбэшчанасцю пануючых станаў дзяржавы. Аўтар часта прыводзiць словы Панятоўскага, якi свае хiстаннi i кожную нерашучасць апраўдваў пагрозамi грамадзянскай вайны. Усё яго караляванне Замойскi лiчыць фатальным i магчымым толькi пры пастаяннай лаяльнасцi да Расii, абапiраючыся на якую i можна было праводзiць пэўныя рэформы. Аднак у кнiзе кранута шмат падзей, якiя сведчаць: памяркоўны лiбералiзм у напрамку да лагоднай рэвалюцыi, да эвалюцыi ангельскага тыпу, да прадухiлення французскiх жахаў - гэта палохала пецярбургскiх апекуноў, схiляла iх да супольнай з суседзямi агрэсii. Трагiкамiчную дылему панавання Панятоўскага станавiла ягонае станoвiшча сумленнага каханка Кацярыны II, да якой ён на ўсё жыццё захаваў светлыя пачуццi, якiмi i стараўся баранiць краiну ад няшчасцяў лёсу.

Сярод закулiснай актыўнасцi караля i яго двара выразна праступае не згубная самаўпэўненасць, а вобраз "добрага" i даверлiвага чалавека, якi праз асабовыя якасцi зрабiўся палонным зусiм не кахання, а вялiкадзяржаўнай палiтыкi, марыянеткай прагнучых улады колаў, якiя да ўсяго не саромелiся гандляваць каронай пры жыццi свайго велiкадушнага венцаносца. Замойскаму ўдаўся вобраз менавiта такога мяккасардэчнага чалавека, якi ў лепшым выпадку быў здатны на ролю бацькi асветнай сям'i, але зусiм не нацыi. Варта дадаць, што аўтар не стаў вязнем апалогii мiралюбнага манарха, якi пры кожным нечаканым выпадку схiляў галаву перад гiльятынай часу. З гэтага пункту гледжання кнiга напiсана ў даволi аб'ектыўнай манеры, дзе горыч за беззаганнасць каралеўскiх учынкаў спалучана з папрокамi i абвiнавачваннямi ў адрас ягонага атачэння. Менш за ўсё тут можна шукаць псiхалагiчнага партрэту на так званым фоне абставiн, хоць герой Замойскага дзейнiчае акурат у межах сваiх прэрагатываў. Кароль у кнiзе атрымаўся не жывым пакутнiкам, а рабом статычнага бегу падзей. Трэба адважыцца прызнаць, што трымаўся ён на троне не дзякуючы ўласным дабрадзействам, а таму, што патрабаваўся менавiта такi манарх.

Праца Адама Замойскага, напiсаная ў папулiзатарскiх мэтах, будзе лёгка давацца кожнаму, хто хоча засвоiць гiсторыю скону Рэчы Паспалiтай разам з яе апошнiм каралём.

Менск

Яўген Анiшчанка


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by