БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

BEAVOIUS, D. WALKA O ZIEMIE. Szlachta polska na Ukrainie prawobrzeznej pomiedzy caratem a ludem ukrainskim. 1863-1914. Sejny, 1996. 290.

"Walka o ziemie" - трэцяя кнiга загадчыка кафедры гiсторыi славян Парыжскага унiверсiтэту, якая датычыць гiсторыi палякаў на землях былога Вялiкага Княства Лiтоўскага ў ХIХ - пачатку ХХ ст. Дзве першыя - "Szkolnictwo polskie na ziemiach litewsko-ruskich. 1830-1832." T.1-2 (Rzym-Lublin); "Polacy na Ukrainie.1831-1863" (Paryz), якiя ў польскiм перакла-дзе выйшлi адпаведна ў 1991 i 1986 г. - выклiкалi вялiкую зацiкаўленасць асаблiва сярод польскiх гiсторыкаў. Новая праца стала прадметам вострых дыскусiй i яшчэ раз пацвердзiла высокi навуковы ўзровень даследаванняў Данiэля Бавуа. Вядомы польскi гiсторык Стэфан Кеневiч ахарактарызаваў яе як навуковую сенсацыю.

Спробу зразумець гiстарычную ролю польскай грамадскасцi правабярэжнай Украiны (Кiеўская, Валынская i Падольская губ.) французскi даследчык звязаў з аналiзам "аграрнага пытання". Ён упэўнены, што ўсе эканамiчныя, грамадскiя i этнiчныя праблемы гiсторыi Украiны ХIХ - пачатку ХХ ст. былi звязаны якраз з гэтым пытаннем. Больш таго, французскi навуковец лiчыць, што аграрная праблема знаходзiцца ў цэнтры асэнсавання гiстарычнага лёсу ўсёй Усходняй Еўропы (с.74).

Даследаванне Бавуа заснавана на грунтоўнай базе крынiц. Гэта дакументы расiйскiх дзяржаўных устаноў з архiваў Пецярбурга, Масквы, Кiева i Варшавы, матэрыялы архiваў i бiблiятэк Кракава, Вроцлава i Парыжа. Многiя з iх упершыню ўводзяцца ў навуковы зварот. Французскi гiсторык выкарыстаў матэрыялы расiйскага i польскага перыядычнага друку, успамiны, частка якiх не друкавалася. Спалучэнне такiх розных крынiц, памножанае на даследчыцкi талент i ўменне ясна выказваць свае думкi, дало выдатны вынiк.

Гiсторык ахарактарызаваў i ўласную iдэалагiчную пазiцыю. Не прэтэндуючы на аб'ектыўнасць, Д.Бавуа заявiў, што даваў ацэнку гiстарычных падзей з пункту погляду правоў чалавека (С.128). Не кожны даследчык можа прыняць падобную заяву свайго калегi. _ справа нават не ў свядомай адмове ад прэтэнзiй на аб'ектыўнасць. Сёння ўсё больш гiсторыкаў разумеюць, што прэтэнзiя на аб'ектыўнасць - гэта свядомы цi несвядомы падман чытачоў i самога сябе. Кожная гiсторыя - ёсць гiсторыя, напiсаная з пэўных пазiцый. Навуковасць заключаецца не толькi ў жорсткiм выкананнi патрабаванняў метадалогii гiсторыi, але i ў тым, каб растлумачыць чытачу (i самому сабе) сутнасць аўтарскай пазiцыi. У заяве Бавуа выклiкае сумненне iншае. Пазiцыя аўтара непазбежна прымушае яго браць на сябе функцыi суддзi. Навуковец i сапраўды выносiць свой прысуд, але цi не з'яўляецца ён самым слабым месцам працы?

Напачатку першага раздзела ("Расiйска-польскi зямельны антаганiзм"), прысвечанага спробам расiйскай адмiнiстрацыi зменшыць памеры польскага землеўладання, аўтар вызначыў колькасць польскiх памешчыкаў. У 1863 г. колькасць польскiх землеўладальнiкаў, якiя мелi 100 прыгонных i болей, вагалася памiж 5,0 - 5,5 тыс. чалавек.* Сярэднi памер iх маёнткаў складаў 895,6 дз. (С.20). Апроч iх у трох украiнскiх губернях на пачатку 60-х г. пражывала каля 70 тыс. шляхцiчаў. З iх 9/10 не мелi нi зямлi, нi прыгонных. У адрозненне ад сваiх ранейшых прац1 Д.Бавуа аднёс дробную шляхту, у т.л. i здэкласаваную (г.з. пазбаўленую шляхецкага статусу) да польскай грамадскасцi. Праблему агульнай колькасцi палякаў на правабярэжнай Украiне ў канцы ХIХ - пачатку ХХ ст. французскi гiсторык не разглядаў. Характарызуючы сiтуацыю, якая склалася ў польскай i ўкраiнскай гiстарыяграфii па гэтым пытанн_, ён адзначыў: "Толькi ў вынiку экстрапаляцыi, характэрнай для ментальнасцi эндэкаў,** можна было залiчыць 667 581 католiка да палякаў, быццам украiнцы-католiкi проста не iснавалi. Лiнгвiстычны крытэрый таксама выклiкае сумненнi. Безумоўна, на Украiне было больш палякаў, чым тыя 322 954 асобы, якiя прызналi сваёй роднай мовай польскую. Аднак з сацыялагiчнага пункту погляду сапраўдная колькасць палякаў на Украiне здаецца блiжэй да апошняй велiчын_" (с.247).

Антыпольская палiтыка расiйскай адмiнiстрацыi разглядаецца на некалькiх узроўнях. У кнiзе прааналiзаваны заканадаўчыя акты вярхоўнай улады (нават праекты актаў!), раскрыта дзейнасць Заходняга камiтэту, ахарактарызаваны мерапрыемствы кiеўскага генерал-губернатара i зроблена спроба паказаць, як мясцовая адмiнiстрацыя выконвала распара-джэннi вышэйшых уладаў. Атрымалася глабальная карцiна змагання расiйскай адмiнiстрацыi i польскiх землеўладальнiкаў за зямлю.

Даследчык звярнуў увагу на тое, што нават iмператар-скiя указы, у т.л. указ ад 10 снежня 1865 г., якi забараняў палякам i католiкам дзевяцi заходнiх губерняў (тэрыторыя Беларусi, Лiтвы i Украiны) набываць зямлю, не далi чакаемага вынiку. Сярод шматлiкiх спосабаў невыканання расiйскiх законаў французскi гiсторык адзначыў i такую, як хабар. Афiцыйныя дакументы амаль не адлюстроўваюць ступень карупцыi сярод расiйскага чыноўнiцтва. Высновы аўтара заснаваны пераважна на ўспамiнах. З гэтай групай крынiц звязана характэрная рыса даследавання.

Французская гiстарыяграфiя здаўна адрознiваецца падкрэсленай увагай да чалавека. Можна нагадаць вядомае выказванне Марка Блока: "Гiсторык нагадвае казачнага людажэрцу. Дзе пахне чалавекам, там, ён ведае, яго чакае здабыча". У "пошуках чалавека" ўспамiны аказваюцца звышкаштоўнай крынiцай. Яны даюць магчымасць зразумець светапо-гляд асобных людзей, а праз яго ўжо весцi гаворку пра менталiтэт цэлых грамадскiх груп.

Данiэль Бавуа з дапамогай успамiнаў максiмальна ўзмацнiў "чалавечую прысутнасць" у сваiм даследаваннi. Якiя б праблемы не закранаў аўтар (ад палiтыкi расiйскай адмiнiстрацыi да вытворчасцi цукру i памераў бураковых плантацый), гаворка заўсёды iдзе пра чалавека. Французскi даследчык здолеў злавiць няўлоўнае, адчуць i перадаць пульсуючае жыццё той Украiны, якая даўно знiкла. Трэба адзначыць i адчувальную прысутнасць у тэксце самога аўтара. Д.Бавуа дзелiцца ўласнымi сумненнямi, распавядае пра памылкi, пра крытычныя заўвагi да ягоных прац з боку калег, карацей кажучы, раскрывае эвалюцыю ўласных поглядаў. "Прысутнасць чалавека" ўзба-гачае даследаванне i робiць вельмi цiкавым аўтарскi тэкст.

Характарызуючы ментальнасць польскiх землеўладальнiкаў, гiсторык адзначыў, што "ў палякаў сфармавалася пачуццё абаронцаў з усiх бакоў абложанай крэпасцi. Сярод тых, хто захаваў маёнткi, права валодання зямлёй ператварылася ў своеасаблiвую рэлiгiю". (С.41). Аналагiчнае пачуццё мелi i польскiя землеўладальнiкi Беларусi i Лiтвы, на што звярнуў увагу яшчэ Аляксандр Цвiкевiч.

Французскi даследчык паказаў крах расiйскiх намаганняў па змяншэнню польскiх ўплываў на правабярэжнай Украiне. Скарачэнне польскай зямельнай маёмасцi (на 30%) адбылося на фоне крызiсу памешчыцкага землеўладання ва ўсёй iмперыi. Па падлiках аўтара, яно скарацiлася з 87,2 млн.дз. у 1862 г. да 41,1 млн. у 1914 г., г.з. на 47% (С.71). Д.Бавуа паказаў, што на пачатку ХХ ст., нягледзячы на маёмасныя страты, назiралася нават умацаванне гаспадарчых пазiцый польскiх землеўладальнiкаў: "Гаспадарчая моц тых "апошнiх магiканаў" нiколi яшчэ не была такой значнай" (С.66). Галоўным аргументам у пацвярджэнне гэтага тэзiсу стаў рост кошту зямлi: у 1858 г. адна дзесяцiна каштавала 13 руб., а ў 1914 г. -163 руб. (с.66). Гэты рост аўтар звязаў з дэмаграфiчным выбухам сярод сялянства, якi распачаўся пасля адмены прыгоннага ладу. З 1860 да 1897 г. прырост сялянскага саслоўя склаў 58% (С.151). Аднак з тэксту незразумела, цi ўлiчыў французскi гiсторык iнфляцыйныя працэсы. Перыяд памiж 1858 i 1914 г. увабраў у сябе вайну памiж Расiяй i Турцыяй (1876-1877), голад 1891 г., расiйска-японскую вайну (1904-1905), рэвалюцыю 1905-1907 г. i шмат iншых падзей, якiя спрыялi росту iнфляцыi.

Заключная аўтарская выснова першага раздзела - "Рускiя i польскiя землеўладальнiкi змагалiся памiж сабой сярод акеану чалавечай галечы" (С.72) - выцякае не столькi з логiкi тэксту, колькi з пазiцыi аўтара. Сваё абгрунтаванне яна атрымала значна пазней.

Наступны раздзел ("Польска-украiнскi зямельны антаганiзм") Данiэль Бавуа пачаў з аналiзу таго, як расiйская адмiнiстрацыя i польскiя землеўладальнiкi спрабавалi разыграць "украiнскую карту". Мэтай было выкарыстанне ўкраiнцаў на сваiм баку ў польска-расiйскiм канфлiкце. Адмiнiстрацыя рабiла стаўку на сацыяльна-эканамiчны аспект. Так, ужо iнвентары 1847 г. абмежавалi ўладу землеўладальнiкаў над украiнскiм сялянствам. Але найбольш актыўна "ўкраiнская карта" разыгрывалася ў час паўстання 1863 г. Чыноўнiкi i праваслаўнае духавенства распаўсюджвалi сярод сялян улёткi, якiя абяцалi зямельны надзел за кожнага схопленнага паўстанца. 30 лiпеня 1863 г. на Украiне было лiквiдавана часоваабавязанае становiшча, i сяляне пачалi атрымлiваць зямлю. Гэта дало свае вынiкi. Украiнскiя сяляне нярэдка больш жорстка, чым карныя войскi, распраўлялiся з паўстанцамi. Улёткi трактавалiся як дазвол на забойства (С.76).

Польскi розыгрыш "украiнскай карты" адбываўся пераважна ў культурнай галiне. У час паўстання польскiя дзеячы выказвалiся ў падтрымку развiцця ўкраiнскай культуры, распаўсюджвалi на ўкраiнскай мове творы пра барацьбу казакоў з "маскалямi". А некаторыя з iх (Т.Рыльскi, У.Антановiч) сталi дзеячамi ўкраiнскага руху. Аднак аўтар лiчыць, што адносiны большасцi польскай грамадскасцi да ўкраiнскай культуры нiчым не рознiлiся ад адносiн расiйскай адмiнiстрацыi. _ першыя, i другiя не прызнавалi самабытнасцi ўкраiнскай мовы i культуры. Адныя лiчылi ўкраiнцаў сапсаванымi рускiмi, а другiя - сапсаванымi палякамi (С.77).

Ураўняўшы расiйскую адмiнiстрацыю i польскую грамадскасць у адносiнах да ўкраiнскага сялянства, французскi да-следчык не заўважыў, што ў свядомасцi многiх мясцовых палякаў пачуццё прыналежнасцi да польскай культуры спалучалася з усведамленнем свайго ўкраiнскага паходжання. Яны не разыгрывалi "украiнскую карту", а сапраўды цiкавiлiся фальклорам i мовай украiнцаў. Сярод расiйскiх чыноўнiкаў такiх дзеячаў не было i не магло быць, бо ўсе яны прадстаўлялi каланiяльную адмiнiстрацыю, i гэта вызначала iх менталiтэт.

Розыгрыш "украiнскай карты" пацярпеў канчатковы крах на пачатку ХХ ст. Рэвалюцыю 1905 г. на Украiне гiсторык назваў "генеральнай рэпетыцыяй канца свету" (С.118). Да-следчык адзначыў, што ў вёсцы нянавiсць да землеўладальнiкаў выразна дамiнавала над этнiчнымi сiмпатыямi або антыпатыямi. У гэтай сiтуацыi польскiя землеўладальнiкi пачалi звяртацца да ўладаў з просьбай аб прысылцы войскаў. Цiкава, што зусiм па-iншаму паводзiлi сябе польскiя землеўладальнiкi Беларусi i Лiтвы. Большасць з iх нават у крытычных сiтуацыях iмкнулася пазбегнуць паслуг расiйскага войска. Сярод польскай грамадскасцi беларуска-лiтоўскага краю ў 1905-1907 г. пашырылася т.з. "краёвая iдэя". Сацыяльным i этнiчным па-трабаванням супрацьстаяла iдэя палiтычнай нацыi як супольнасцi ўсiх карэнных жыхароў краю. Краёўцы iмкнулiся аб'яднаць грамадства Беларусi i Лiтвы, выстаўляючы на пярэднi план агульнакраёвыя патрабаваннi. У сувязi з гэтым варта адзначыць, што, па меншай меры, ў Беларусi i Лiтве аграрная праблема не вызначала пазiцый усiх колаў грамадства. На Украiне краёвая iдэя не магла распаўсюдзiцца, бо гэтая зямля ўжо зведала ў пэўным сэнсе "польска-украiнскую вайну" часоў гетмана Багдана Хмяльнiцкага i караля Яна Казiмiра. Але асобныя праявы краёвасцi назiралiся i тут. Пра гэта сведчыць прыведзены аўтарам фрагмент успамiнаў С.Стэмпоўскага, якi да 1914 г. лiчыў, што нiхто не можа пазбавiць яго адчування свайго ўкраiнскага грамадзянства i зямлi, на якой жылi, працавалi i памiралi ягоныя продкi (С.120). Д.Бавуа мог бы ўзмацнiць гэты сюжэт, калi б звярнуўся да дзейнасцi польскiх дэпутатаў ад правабярэжнай Украiны ў I i II Дзяржаўных думах. Яны далучылiся да краёўцаў з Беларусi i Лiтвы i ўтварылi адзiную парламенцкую фракцыю. Праўда, разбежнасцi памiж дэпутатамi былi досыць моцныя. Адзiн з "беларускiх" краёўцаў-дэмакратаў Аляксандр Ляднiцкi характарызаваў прадстаўнiкоў правабярэжнай Украiны як сапраўдных феадалаў i абсалютна апалiтычных людзей (Lednicki W. Pamietniki. T.2. Londyn, 1967. S.570).

Распаўсюджванню краёвай iдэi на Украiне перашкаджала i вастрыня сацыяльна-эканамiчных праблем. Тут моцна адчуваўся "зямельны голад". У 1897 г. у трох губернях пражывала 9 560 тыс. чалавек, з якiх сяляне складалi 90%. 6 млн. чалавек былi нашчадкамi прыгонных сялян. Яны мелi 4 010 тыс. дз. зямлi. А 7 тыс. буйных* польскiх i рускiх землеўладальнiкаў валодалi амаль 6 500 тыс. дз. (с.281).

На фоне гэтых разлiкаў аўтар вельмi крытычна ацанiў праекты аграрнай рэформы, якiя прапанавалi польскiя землеўладальнiкi. Гэта адносiцца i да праекту Леона Лiпкоўскага (1904), якi ўтрымлiваў асноўныя палажэннi будучай, т.з. "сталыпiнскай" аграрнай рэформы. Крытычнае стаўленне даследчыка да рэалiзацыi "хутарской iдэi" звязана з працэсам разарэння бяднейшага сялянства. Але цi магчыма правядзенне сацыяльна-эканамiчных рэформаў, якiя б спалучалi сацыяльную справядлiвасць i эканамiчную эфектыўнасць? А вось з ацэнкай менталiтэту землеўладальнiкаў можна пагадзiцца. Д.Бавуа адзначыў, што ў прапанаваных праектах рэформаў адлюстравалася неразуменне сацыяльнай псiхалогii сялян i знявага да мясцовых традыцый. Большасць землеўладальнiкаў была пераканана, што дадатковы зямельны надзел сялянам не патрэбны, што галеча з'яўляецца вынiкам нiзкага культурнага ўзроўню, выкарыстання архаiчных метадаў апрацоўкi зямлi i г.д. Дарэчы, аналагiчна ацэньвалi прычыны аграрнага крызiсу землеўладальнiкi Беларусi i Лiтвы. Яны не разумелi, што iх разважаннi (у пэўнай ступенi справядлiвыя) нiколi не будуць прыняты сялянствам, якое моцна адчувала недахоп зямлi i амаль усе надзеi звязвала з атрыманнем дадатковага надзелу.

Асаблiвую цiкавасць выклiкае трэцi раздзел працы - "Змаганне памiж землеўладальнiкамi i здэкласаванай шляхтай". Д.Бавуа ўпершыню ў гiстарыяграфii паспрабаваў апiсаць лёс дробнай шляхты на Украiне ў другой палове ХIХ - пачатку ХХ ст. Па ягоных разлiках, на пачатку 60-х г. яна налiчвала (разам з сем'ямi) каля 300 тыс. чалавек (С.281).

Гiсторыкi не звярталi асаблiвай увагi на дробную шляхту, зыходзячы з тэзiсу, што ў вынiку палiтыкi дэкласацыi яна растварылася ў масе ўкраiнскага (або беларускага i лiтоўскага) сялянства.*

Даследаванне французскага гiсторыка паказала, што аднадворцы (такi статус атрымала ў вынiку дэкласацыi большасць дробнай шляхты) засталiся чыншавiкамi. А гэта спрыяла захаванню пачуцця шляхецкасцi. Д.Бавуа даказаў, што чыншавiкi былi найбольш пераследванай групай сярод насельнiцтва Украiны. Яны апынулiся памiж "двух агнёў". З аднаго боку - палiтыка дэкласацыi, з другога - iмкненне буйных землеўладальнiкаў да перагляду арэндных дагавораў дзеля павялiчэння арэнднай платы i скарачэння тэрмiну арэнды. Прычынай апошняга быў рост кошту зямлi. Значная частка дробнай шляхты карысталася зямлёй буйных землеўладальнiкаў здаўна i за невялiкi чынш. Яны прызвычаiлiся глядзець на гэтую зямлю як на сваю ўласнасць, тым больш, што на ёй жылi iх продкi. Намеры землеўладальнiкаў яны ўспрынялi як парушэнне гiстарычных традыцый i ўласных правоў i аказалi супрацiў. "Старэйшыя браты" па стану звярнулiся да ўладаў. Пачалося прымусовае высяленне чыншавiкоў. Пры гэтым выкарыстоўвалася палiцыя, казакi i... украiнскiя сяляне. На пачатку ХХ ст. дробную шляхту i землеўладальнiкаў ужо падзяляла бездань. Не дзiўна, што ўсе спробы Партыi нацыянальных дэмакратаў у 1905-1907 г. прапагандаваць iдэю польскай шляхецкай салiдарнасцi на Украiне пацярпелi крах.

Характырызуючы лёс украiнскай шляхты, Д.Бавуа досыць часта звяртаецца да становiшча дробнай шляхты на Беларусi i Лiтве. Ён iмкнецца паказаць заканамернасцi i своеасаблiвасцi яе гiстарычнага лёсу.

У апошнiм раздзеле ("Палякi i сацыяльна-эканамiчныя перамены") прааналiзаваны тыя сродкi, пры дапамозе якiх польскiя землеўладальнiкi ўмацавалi сваё гаспадарчае становiшча. Аўтар паказаў асноўныя накiрункi таго эканамiчнага бума, якi перажывала правабярэжная Украiна ў другой палове ХIХ ст. На ягоную думку, "развiццё польскай гаспадаркi можна зразумець толькi ў святле вялiкiх эканамiчных перамен". Д.Бавуа звярнуў увагу на з'яўленне новых вiдаў транспарту i сувязi, значны рост экспарту збожжа i лесу, рост вытворчасцi водкi i,асаблiва, цукру. У канцы ХIХ ст. 69% цукру ўсёй iмперыi паходзiла з правабярэжнай Украiны(С.229). Да-следчык даказаў, што "ва ўсiх галiнах прамысловасцi правабярэжнай Украiны палякi адыгрывалi галоўную або вельмi важную ролю. Эксплуатацыя вялiкiх зямельных маёнткаў была цесна звязана з прамысловасцю, што стварала ўмовы для па-стаяннага росту сельскагаспадарчай вытворчасцi"(С.234). На фоне пэўнага заняпаду расiйскага дваранства, якое не магло прыстасавацца да новых (пасля 1861 г.) сацыяльна-эканамiчных умоў, польскiя землеўладальнiкi на Украiне перажывалi нябачны раней росквiт.

Ва ўмовах эканамiчнага росту маёнткi патрабавалi значнай колькасцi рабочых рук i здольных арганiзатараў i кiраўнiкоў вытворчасцi. Мiж тым, барацьба землеўладальнiкаў з дробнай шляхтай, варожасць украiнскага сялянства ў значнай меры iзалявала iх ад мясцовага грамадства. У гэтых умовах сацыяльнай апорай буйнога землеўладання сталi "тэхнiкi i кiраўнiкi вытворчасцi, што паходзiлi з беднай шляхты, якая адстаяла сваю шляхецкасць i дзякуючы ведам i прафесiйным навыкам займала досыць высокую сацыяльную пазiцыю", "гарадская iнтэлiгенцыя шляхецкага паходжання, сельскагаспадарчыя рабочыя (часта завербаваныя ў цэнтральнай Расii - А.С.), якiя працавалi на цукроўнях i ў iншых галiнах вытворчасцi, замежныя каланiсты (чэхi i немцы - А.С.), што служылi ў польскiх маёнтках, група яўрэяў, неабходных пры вялiкай колькасцi гандлёвых аперацый" (С.235).

У аўтарскай характарыстыцы жыцця польскiх землеўладальнiкаў на Украiне раз-пораз з'яўляюцца аналогii памiж маёнткамi Патоцкiх, Любамiрскiх, Чацвертынскiх i iншых i ся-дзiбамi плантатараў Вiргiнii i Марцiнiкi. Тут зноў адчуваецца аўтарская пазiцыя, заснаваная на лiберальна-дэмакратычнай iдэалогii сучаснай Еўропы. Калi справа даходзiць да высноў, гэтая пазiцыя пачынае дамiнаваць над тэкстам. Выснова Д.Бавуа пра каланiяльны характар польскага землеўладання на Украiне не з'яўляецца бясспрэчнай. Яна не выцякае з логiкi тэксту. Размова хутчэй можа iсцi пра асаблiвасцi сiстэмы эксплуатацыi на правабярэжнай Украiне. Магчыма, толькi больш высокая ступень сацыяльнага i этнiчнага эгаiзму адрознiвае Украiну ад iншых рэгiёнаў той прасторы, якая ляжала на ўсход ад Эльбы.

Аналiз месца розных сацыяльных i этнiчных груп украiнскага грамадства аўтар заканчвае высновай, якая служыць падставай для разумення будучых крывавых падзей украiнскай гiсторыi 1917-1920 г.: "Усе групы насельнiцтва глядзелi адна на адну "ваўкамi" i трактавалi iншых як ворагаў. _заляцыя аказалася досыць шчыльнай, цiск узрастаў. Гэты свет павiнен быў узарвацца" (С.274). Стэфан Кеневiч галоўнай заслугай Данiэля Бавуа лiчыў тое, што французскi гiсторык канчаткова развянчаў мiф аб цiхай райскай Украiне.

Кнiга прафесара Сарбоны пра палякаў на Украiне значна паглыбiла разуменне гiсторыi нашага паўднёвага суседа. Гэта можа быць прыдатным i для даследаванняў беларускай гiсторыi, бо становiшча Украiны ХIХ - пачатку ХХ ст. нагадвала становiшча Беларусi.

Даследаванне Д.Бавуа ўказала на магчымасць пашырэння дыяпазона беларускай гiстарыяграфii. Гэта датычыць, у прыватнасцi, праблемы дэкласаванай дробнай шляхты. Французскi гiсторык даказаў, што яе нельга атаясамлiваць нi з сялянствам, нi з буйным дваранствам. Гэта была асобная сацыяльная група з характэрнай толькi для яе ментальнасцю. Яна заслугоўвае большай увагi беларускiх гiсторыкаў.

Зварот да свядомасцi розных сацыяльных i этнiчных груп, аналiз iх ментальнасцi надаў новае гучанне нават такой даўно аблюбаванай беларускiмi гiсторыкамi тэме, як аграрнае пытанне. Кнiга Д.Бавуа яшчэ раз звярнула ўвагу на значэнне гэтай праблемы для разумення гiстарычнага лёсу народаў Усходняй Еўропы.

"Walka o ziemie" - кнiга, якая паказала, што нават спецыяльнае гiстарычнае даследаванне можа быць напiсана цiкава i чытацца з захапленнем.

Горадня

Алесь Смалянчук

* без улiку сем'яў. Гэта датычыць i колькасцi дробнай шляхты.
** маюцца на ўвазе сябры Партыi нацыянальных дэмакратаў Р.Дмоўскага.
* маюцца на ўвазе тыя, хто меў больш за 100 дз. зямлi.

1 Гл.: Бовуа Д. Пoлiтичне вiдродження полякiв на правобережнiй Українi в 1905-1907 р.// Польско-україньскi студiї. 1. Київ, 1993
* У беларускай гiстарыяграфii пэўную ўвагу на дробную шляхту звярталi Мiкалай Улашчык i Сусана Самбук.


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by