БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

SIKORSKA-KULESZA, IOLANTA. Deklasacja drobnej szlachty na Litwie i Bialorusi w XIX w. Warszawa, 1995. 114.

Гэта першае ў гiстарыяграфii даследаванне, цалкам пры-свечанае т.з. "разбору", або працэсу выключэння дробнай шляхты з пануючага стану. Сярод беларускiх гiсторыкаў праблему дэкласацыi закраналi Мiкалай Улашчык i Сусана Самбук.

Праца польскай даследчыцы заснавана пераважна на матэрыялах заканадаўства i афiцыйнай статыстыкi. Архiўныя матэрыялы амаль не выкарыстоўвалiся. I.Сiкорска-Кулеша ахарактарызавала сваю працу як нарыс дэкласацыi дробнай шляхты, якi патрабуе верыфiкацii i дапрацоўкi на падставе архiўных даследаванняў (с.102).

Прычыны афiцыйнага курсу "разбору" шляхты аўтар звязаў выключна з палiтычнай пазiцыяй апошняй. Гiсторык адзначыла, што пасля паўстання 1830-31 г. расiйскiя ўлады бычылi ў дробнай шляхце "небяспечнага ворага Расii, асяродак бясконцага бунту, войска, гатовае пайсцi ў бой на першы заклiк землеўладальнiкаў. Выключэнне яе са шляхецкага са-слоўя, растварэнне ў масе плябейскага i няпольскага насельнiцтва павiнна было ўсмiрыць "бунт" i аслабiць польскiя ўплывы на крэсах" (С.5) Гэта справядлiвая заўвага, але шкада, што аўтар праiгнараваў эканамiчныя аспекты палiтыкi дэкласацыi.

Вылучыўшы асобна чыноўнiкаў, памешчыкаў i ўладальнiкаў фальваркаў, польская даследчыца аднесла да дробнай шляхты ўсiх застаўшыхся прадстаўнiкоў саслоўя. Атрымалася, што ў канцы ХVIII ст. на беларуска-лiтоўскiх землях пражывала 115 640 шляхцiчаў (без улiку сем'яў) (С.10).

Аўтар адназначна лiчыць дробную шляхту "польскай". Нават прызнанне мясцовага паходжання часткi дробнай шляхты не прымусiла польскую даследчыцу быць больш асцярожнай пры выкарыстаннi тэрмiна, якi характарызуе этнiчную свядомасць гэтай сацыяльнай групы. Для аўтара таксама характэрна ўжыванне ў дачыненнi да беларуска-лiтоўскiх зямель такой тэрмiналогii, як "усходнiя крэсы", "польская правiнцыя" i "польскiя губернi". Пасля знаёмства з паняцiйным апаратам манаграфii прысутнасць тэрмiнаў "Лiтва" i "Беларусь" у назве здзiўляе. Праўда, тэрмiн "Лiтва" сустракаецца i ў тэксце, але ён успрымаецца як назва аднаго з рэгiёнаў Польшчы. Да-следчыца быццам адраджае не лепшыя традыцыi польскай гiстарыяграфii ХIХ i першай трэцi ХХ ст.

Пачатак дэкласацыi дробнай шляхты I.Сiкорска-Кулеша адносiць да 1816 г. У гэтым годзе Сенат адхiлiў 33 958 прашэнняў аб пацвярджэннi шляхоцтва. Усяго было пададзена 95 011 прашэнняў (С.17) Падставай для адхiлення была адсутнасць усiх неабходных дакументаў. У 20-я г. справа праверкi дакументаў, якiя пацвярджалi шляхоцтва, апынулася ў руках мясцовага шляхоцкага самакiравання, што фактычна прыпынiла "разбор". На думку польскай даследчыцы, становiшча дробнай шляхты ў першай трэцi ХIХ ст. прынцыпова не змянiлася: "Свабода ад падушнага падатку i абавязковай ваеннай службы па-ранейшаму заставалася прывiлеем усёй шляхты, незалежна ад стану маёмасцi i дакументаў, якiя пацвярджалi шляхоцтва" (С.25)

Рашучы паварот да палiтыкi дэкласацыi адбыўся толькi ў час паўстання 1830-31г. Па падлiках I.Сiкорскай-Кулешы, у паўстаннi ўдзельнiчала да паловы дробнай шляхты беларуска-лiтоўскiх зямель. 19 кастрычнiка 1831 г. з'явiўся указ Мiкалая I, якi вызначаў тэмпы i сродкi "разбору" дробнай шляхты.

Польская даследчыца падрабязна ахарактарызавала прававое становiшча ўсiх катэгорый аднадворцаў i грамадзян ("граждан"). Яна i тут здолела знайсцi статыстычныя звесткi. Праўда, у дачыненнi да грамадзян яны носяць фрагментарны характaр. У 1869 г. грамадзяне складалi 3,4% насельнiцтва г.Вiльнi, а ганаровых грамадзян на ўсю Вiленскую губерню налiчвалася толькi 76 чалавек, а на Гродзенскую - 42 (С.47) Статыстыка па аднадворцах больш поўная. У 1842 г. у шасцi беларуска-лiтоўскiх губернях пражывала 32 785 аднадворцаў (без улiку сямей). З iх 20 869 арэндавалi дзяржаўныя або прыватныя землi (былыя "чыншавiкi") (С.59) У 1857 г. аднадворцы складалi 5,1% ад усiх сялян Менскай губ. (С.46)

Нягледзячы на "разбор" у 50-ыя г. ХIХ ст., беларуска-лiтоўскiя губ. па колькасцi шляхты выразна дамiнавалi сярод iншых расiйскiх губерняў. Першае месца займала Ковенская губ. (9,16 - на 100 жыхароў), потым iшлi Вiленская (6,04) i Менская (6,03), пятае месца займала Гродзенская губ. (4,65), сёмае i восьмае - Магiлёўская (4,19) i Вiцебская (3,80). (с.84)

Значнае месца I.Сiкорска-Кулеша адвяла крытыцы тэзiса французскага гiсторыка Данiэля Бавуа, якi ў кнiзе "Walka o ziemie" досыць аргументавана паказаў, што польскiя земле-ўладальнiкi на Украiне фактычна падтрымалi ўрадавую палiтыку дэкласацыi. Яны iмкнулiся павялiчыць уласныя прыбыткi за кошт зруйнавання гаспадарак чыншавiкоў. Д.Бавуа лiчыць, што ў ХIХ ст. i на Украiне, i на Беларусi i Лiтве ўжо не iснавала нiякай саслоўнай салiдарнасцi памiж дробнай i заможнай шляхтай. Польская даследчыца не пагаджаецца з гэтым тэзiсам. На яе думку, памiж дробнай шляхтай i буйнымi землеўладальнiкамi ўсё ж iснавалi моцныя саслоўныя сувязi: "Адныя з iх насiлi iндывiдуальны характар, iншыя былi звязаны з прысутнасцю дробнай шляхты ў мясцовай адмiнiстрацыi i органах самакiравання i нават з пачуццём прыналежнасцi да адной нацыi i адной традыцыi" (С.89). Аднак гэтая заява не выглядае аргументаванай. Польская даследчыца яўна перабольшвае ролю саслоўных i тым больш этнiчных сувязяў памiж дробнай шляхтай i землеўладальнiкамi. Яна зусiм не ўлiчвае той дух прадпрымальнiцтва, якi захапiў польскiх землеўладальнiкаў Украiны (а таксама Беларусi i Лiтвы) з канца 60-х - па 90-ыя г. Дабрачыннасць землеўладальнiкаў на карысць польскамоўнай дробнай шляхты была з'явай вельмi рэдкай. Вядома, што пад час выбараў у II Дзяржаўную думу прадстаўнiкi дробнай шляхты Беларусi i Лiтвы даволi часта папракалi землеўладальнiкаў у сацыяльным эгаiзме.

Апошнi этап дэкласацыi дробнай шляхты распачаўся пасля разгрому паўстання 1863 г. У гэты час барацьба супраць польскасцi набыла форму татальнай русiфiкацыi. У 1864 г. выйшаў iмператарскi указ, у адпаведнасцi з якiм усе шляхцiчы, якiя не здолелi даказаць сваю прыналежнасць да прывiлеяванага саслоўя, з 1 студзеня 1865 г. станавiлiся сялянамi. Аднак пэўныя магчымасцi даказаць сваю шляхецкасць захавалiся.

Якiмi ж былi вынiкi палiтыкi дэкласацыi? I.Сiкорска-Кулеша прасачыла дынамiку змяненняў колькасцi дробнай шляхты: 1857 - 145 972 шляхцiча, 1863 - 163 875, 1867 - 90 447, 1870 - 89 024, 1897 - 145 547 (С.99). Рост колькасцi дробнай шляхты ў канцы ХIХ ст. даследчыца тлумачыць пераважна ўдакладненнем рэестравых спiсаў i прыростам насельнiцтва. На жаль, лiчбы не адлюстроўваюць змяненняў працентнай вагi шляхты сярод усяго насельнiцтва Беларусi i Лiтвы. Па падлiках I.Сiкорскай-Кулешы, за ўсё ХIХ ст. было пазбаўлена шляхецтва да 200 тыс. чалавек. Аднак, робiць выснову аўтар, расiйскiя ўлады не дасягнулi поўнага поспеху. На пачатку ХIХ ст. яны былi вымушаны выкарыстоўваць дробную шляхту ў сiстэме мясцовага кiравання, а ў другой палове стагоддзя сказалася няздольнасць расiйскай бюракратычнай машыны i карупцыя сярод чыноўнiкаў. Але галоўнай прычынай "перамогi Давiда над Галiафам" аўтар лiчыць польскi патрыятызм дробнай шляхты: "Варты асобнага даследавання феномен захавання дробнай шляхтай, нягледзячы на ўсе трагiчныя падзеi, нацыянальнай свядомасцi, вернасцi польскай традыцыi, мове i культуры" (С.104).

Кнiга I.Сiкорскай-Кулешы кладзе пачатак спецыяльным даследаванням, прысвечаным дробнай шляхце Беларусi i Лiтвы часоў расiйскага панавання. Асаблiвую цiкавасць выклiкаюць статыстычныя звесткi, аналiз расiйскага заканадаўства i характарыстыка прававога становiшча аднадворцаў, грама-дзян i iнш. Добры навуковы ўзровень даследавання не сапсавала нават пэўная iдэалагiчная абмежаванасць аўтара. Гэтая абмежаванасць адлюстравалася ў неразуменнi ўсёй складанасцi вызначэння этнiчнай свядомасцi дробнай шляхты Беларусi i Лiтвы, а таксама ў аўтарскiм перакананнi, што беларуска-лiтоўскiя землi - гэта "польская правiнцыя".

Праца польскай даследчыцы запрашае да дыскусii беларускiх i лiтоўскiх гiсторыкаў.

Горадня

Алесь Смалянчук


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by