БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

БУХОВЕЦ, ОЛЕГ Г. Социальные конфликты и крестьянская ментальность в Российской империи начала ХХ века. Новые материалы, методы, результаты. Москва: Мосгорархив. 1996. 400.

Спрэчкi аб тым, як трэба пiсаць гiсторыю, цягнуцца не першае дзесяцiгоддзе. У апошнi час яны набылi такую вастрыню, што паўстае пытанне пра "крызiс гiстарычнага пазнання". Менавiта з гэтай тэмы пачынае сваю кнiгу супрацоўнiк Iнстытута гiсторыi Нацыянальнай Акадэмii навук Беларусi Алег Бухавец, хоць у асноўным яго праца прысвечана канкрэтнаму i параўнальна лакальнаму пытанню: даследаванню сялянскiх выступленняў у асобных рэгiёнах Расii з 1905 па 1914 г. i тых калектыўных уяўленняў, што стаялi за iмi. Пачынаючы першую з трох частак сваёй працы аналiзам сучасных тэорый, падыходаў i метадаў гiстарычнага даследавання ў кантэксце пераадолення крызiсу, аўтар тым самым бярэ на сябе абавязак у дзвюх астатнiх частках даць канкрэтны прыклад найбольш адпаведнага, з яго пункту гледжання, падыходу. Гэта, безумоў-на, выводзiць значэнне кнiгi далёка за рамкi тэмы, вынесенай у яе загаловак, i заслугоўвае ўвагi ўсiх, каго цiкавяць агульныя праблемы гiстарычнай навукi.

Цiкaвасць да гэтай працы тым больш павышаецца, што яна прайшла вельмi сур'ёзную апрабацыю: за яе ў лiстападзе 1997 г. рада па абароне дысертацый Маскоўскага дзяржаўнага унiверсiтэта прысудзiла аўтару навуковую ступень доктара гiстарычных навук, з чым мы яго, карыстаючыся выпадкам, шчыра вiншуем. Такiм чынам, прапанаваныя А.Бухаўцом iдэi i падыходы ўжо атрымалi прызнанне з боку яго калег.

Адразу трэба адзначыць, што Алег Бухавец належыць да кагорты прыхiльнiкаў колькасных (квантытатыўных) вымярэнняў гiстарычных працэсаў - тых, каго часам напаўжартам называюць "квантыфiкатарамi" або "клiаметрыстамi". Больш за тое, сярод беларускiх гiсторыкаў ён з'яўляецца пiянерам такога падыходу, а яго навуковым кiраўнiком доўгi час быў акадэмiк I.Дз.Кавальчанка - адзiн з тых першых савецкiх гiсторыкаў, хто пачынаў распрацоўваць колькасныя метады i выкарыстоўваць кампутар у гiстарычных даследаваннях. Менавiта яго памяцi прысвяцiў сваю кнiгу А.Бухавец.

У чым жа бачыць аўтар сiмптомы крызiсу гiстарычнага даследавання? На яго думку, гэты крызiс для заходнiх i по-ст-савецкiх гiсторыкаў мае розны характар. На Захадзе ён праяў-ляецца ў з'яўленнi вялiкай колькасцi новых падыходаў i накiрункаў, кожны з якiх прэтэндуе на стварэнне "сапраўднай" гiсторыi i вельмi ваяўнiча ставiцца да традыцыйных школаў i iх здабыткаў. Бухавец вызначае, у прыватнасцi, фемiнiсцкi падыход, якi мае на мэце разбурэнне традыцыйных канцэпцый, створаных з пазiцый "мужчынскага шавiнiзму", i замены iх новымi, у якiх "справядлiвае" (а на справе - выключнае) месца павiнна заняць роля жанчын як сапраўдных стваральнiц гiсторыi. Другiм небяспечным накiрункам ён лiчыць мiкрагiсторыю, якая звяртае ўвагу на адзiнкавыя, выключныя факты, адмаўляючы вартасць шырокiх абагульненняў i пошукаў гiстарычных заканамернасцяў. Увогуле ж для накiрункаў "новай хвалi", якiя А.Бухавец называе "маргiналiсцкiмi плынямi" i "паранавукамi", характэрны, на яго думку, адвольны суб'ектывiзм ды iнуiтывiзм, прынцыповае адмаўленне ад строга рацыянальнай, статыстычна абгрунтаванай аргументацыi.

Што тычыцца "постсавецкай версii крызiсу", то яна характарызуецца не столькi адмовай ад назапашанага багажу эмпiрычных фактаў i зробленых на iх падставе рацыянальных абагульненняў, колькi адсутнасцю самога гэтага багажу. За выняткам асобных накiрункаў (да якiх аўтар адносiць гiстарычную iнфарматыку, аграрную i эканамiчную гiсторыю), савецкiя гiсторыкi ў свой час так i не ўспрынялi заходнiя крытэрыi навуковай доказнасцi i абгрунтаванасцi высноў. Для iх была характэрна iлюстрацыйнасць, пры якой улiчвалася не ўся сукупнасць фактаў, а толькi тыя з iх, якiя найлепш адпавядалi аўтарскай думцы або пануючай iдэалагiчнай догме. Пасля знiкнення таталiтарнага iдэйнага дыктату многiя гiсторыкi, на думку А.Бухаўца, проста замянiлi старыя марксiсцкiя догмы новымi, падмацоўваючы iх iншымi, гэтак жа адвольна выхапленымi з агульнай сукупнасцi фактамi.

Шляхi пераадолення крызiсу, такiм чынам, на Захадзе i ў нас мусяць быць розныя. У першым выпадку аўтар бачыць iх у рашучым супрацiўленнi наступу "паранавук", захаваннi чысцiнi рацыянальнага, матэматычна доказнага падыходу, у другiм - у як мага хутчэйшым распаўсюджваннi азначанага падыходу на постсавецкай навуковай прасторы. А паколькi на Захадзе для той гiстарычнай плынi, якую Бухавец лiчыць най-больш перспектыўнай, характэрна паглыбленае вывучэнне сацыяльнай i эканамiчнай гiсторыi (на с. 35 ён iлюструе гэта адпаведнай дыяграмай), то i ў нас, атрымлiваецца, дасягненне сусветнага ўзроўню мусiць iсцi праз грунтоўную распрацоўку аналагiчнай тэматыкi.

Асноўная частка кнiгi, заснаваная менавiта на такiм падыходзе, набывае ў такiм кантэксце характар узору, на прыкладзе якога дэманструюцца яго магчымасцi i ўзровень высноў, да якiх можна прыйсцi. Планка, як бачым, узнята вельмi высока. Гэта адразу выклiкае два пытаннi. Па-першае, цi сапраўды падыход, выкарыстаны аўтарам кнiгi, адпавядае мiжнародным крытэрыям строгага, матэматычна доказнага аналiзу гiстарычных працэсаў? А калi гэта так, то цi дазваляюць высновы, дасягнутыя з дапамогай такога аналiзу, аддаваць яму абсалютную перавагу ў параўнаннi з iншымi падыходамi?

На першае пытанне можна смела даць станоўчы адказ. У цэлым кнiга, якую мы разглядаем, з'яўляецца прыкладам дакладнага выкарыстання статыстычных метадаў у гiсторыi. Больш за тое, гэта зроблена ў даследаваннi такога складанага аб'екта, як калектыўная свядомасць, i - небеспаспяхова.

У другой частцы кнiгi аўтар спрабуе высветлiць калектыў-ныя ўяўленнi, якiя панавалi ў свядомасцi расiйскага сялянства пад час рэвалюцыi 1905-07 г. Крынiцамi для аналiзу абраны прыгаворы i наказы, якiя прымалi на сходах сяляне Варонежскай i Самарскай губерняў. Вывучэнне прыгаворнага руху i тых патрабаванняў, якiя былi сфармуляваны яго ўдзельнiкамi, пачалося яшчэ ў 1906 г. i мае, такiм чынам, шматгадовую традыцыю. Выбар дзвюх азначаных губерняў абумоўлены тым, што iх асноўная сукупнасць крынiцаў у свой час была сiстэматызавана i апублiкавана, прычым гэтыя публiкацыi з'яўляюцца, на думку аўтара, "найбольш фундаментальнымi i поўнымi ў дачыненнi да Еўрапейскай Расii" (С.54).

У параўнаннi са сваiмi шматлiкiмi папярэднiкамi, А.Бухавец правёў сапраўды ўсебаковую статыстычную апрацоўку сялянскiх прыгавораў. Увогуле iм выкарыстаны 200 дакументаў. У iх на падставе кантэнт-аналiзу вызначаны 177 вiдаў патрабаванняў i пажаданняў, прычым кожнае з iх паўтаралася ў розных петыцыях ад 1 да 105 разоў. Аўтар рознымi спосабамi спрабуе прасачыць частату, з якой яны сустракаюцца ў розных рэгiёнах абедзвюх губерняў, i высветлiць залежнасць ад эканамiчнай структуры сялянскiх гаспадарак гэтых рэгiёнаў, а таксама карэляцыю з частатой iншых вiдаў сялянскiх выступленняў.

Да значэння тых высноваў, да якiх прывялi гэтыя спробы статыстычна-параўнальнага аналiзу, мы вернемся крыху пазней, а пакуль што разгледзiм iншыя, больш вытанчаныя падыходы, выкарыстаныя ў кнiзе. Каб уявiць сабе агульную структуру сялянскай свядомасцi, аўтар згрупаваў азначаныя 177 прыкметаў у 79 больш абагульненых катэгорый, а затым вылiчыў каэфiцыенты ўзаемнага спалучэння памiж 60 больш-менш часта спатыканымi. Такая методыка дазволiла выявiць шэраг групаў, унутры якiх асобныя патрабаваннi былi даволi шчыльна звязаны памiж сабой (часам даволi нечаканым чынам). Усе гэтыя групы утварылi дзве падсiстэмы, узаемасувязь памiж якiмi амаль адсутнiчала. Першая падсiстэма характарызавалася традыцыйнымi, кансерватыўнымi ўяўленнямi, другая - пераважна новымi, палiтычнымi па сваiм характары.

Але самымi цiкавымi з'яўляюцца тыя старонкi (219-224), дзе аўтар раскласiфiкаваў 177 прызнакаў у залежнасцi ад аб'ектыўнай накiраванасцi (частка патрабаванняў насiла праграмна-рэвалюцыйны характар, iншыя адлюстроўвалi думскiя, манархiчныя або рэфармiсцкiя сiмпатыi сялян) i прасачыў, наколькi часта разнатыпныя памкненнi суiснавалi ў адных i тых жа петыцыях. Высветлiлася, што з 89 дакументаў, якiя змяшчалi найбольш радыкальныя патрабаваннi аграрнага i палiтычнага характару, 23 (адна чвэрць!) утрымлiвалi адначасова рэфармiсцкiя або манархiчныя фармулёўкi. Увогуле ж "чыста" рэвалюцыйных, "чыста" думскiх цi "чыста" манархiчных петыцый аўтар налiчыў 54, або 27 % ад агульных 200. Астатнiя насiлi змешаны характар. Гэтыя падлiкi дазволiлi аўтару сцвярджаць, што традыцыяналiсцкая i рэвалюцыйная накiраванасць суiснавалi ў свядомасцi адных i тых жа сялян.

Трэцюю частку кнiгi А.Бухавец прысвяцiў аналiзу дынамiкi сялянскiх выступленняў пад час "мiрнага" перыяду з 1907 па 1914 г. На гэты раз матэрыялам для даследавання сталi звест-кi аб выступленнях у беларускiх губернях, выяўленыя ў асноў-ным самым аўтарам у вынiку карпатлiвых архiўных пошукаў, а асноўнымi метадычнымi прыёмамi - аналiз храналагiчных радоў i параўнальны аналiз па рэгiёнах. Выступленнi раскласiфiкаваны па вiдах (разгромы маёнткаў, захопы зямлi, патравы i iнш.), па накiраванасцi (антыдзяржаўныя, антыпамешчыцкiя, антыкулацкiя), па ступенi жорсткасцi (колькасць пацярпелых з абодвух бакоў).

У прыватнасцi, аўтар высветлiў, што са 133 сутыкненняў з уладамi 25 былi накiраваны супраць сельскай адмiнiстрацыi, у той час як у 17 выпадках сельскiя службовыя асобы самi ўзна-чальвалi такiя выступленнi (С.301-302). Гэта сведчыць, што адрыў сельскай элiты ад асноўнай масы сялянства быў далёка не такi значны, як уяўлялася некаторым даследчыкам.

Iншым цiкавым момантам з'яўляецца параўнанне колькасцi выступленняў з колькасцю зафiксаваных выпадкаў рэвалюцыйнай агiтацыi з боку палiтычных партый. Высветлiлася, што з 940 паселiшчаў, у якiх адбылiся выступленнi, толькi ў 14 мела месца папярэдняя агiтацыя, у той час як у 117 выпадках такая агiтацыя не прывяла да выступленняў (С.315). На падставе гэтага А.Бухавец робiць выснову, што ступень эфектыўнасцi агiтацыi ў папярэдняй гiстарыяграфii была значна перабольшана. Аднак тут мы маем адзiн з нешматлiкiх выпадкаў, калi выкарыстаная аўтарам методыка выклiкае пэўныя пярэчаннi. Справа ў тым, што такiя параўнаннi характарызуюць толькi масштаб агiтацыi (якi ў гады рэакцыi сапраўды быў зусiм нязначны), але нiяк не яе эфектыўнасць. Калi ж улiчыць, што 940 ахопленых выступленнямi паселiшчаў утвараюць крыху больш за 2% ад прыблiзна 40 тысяч iснаваўшых на той час у Беларусi, а 14 "распрапагандаваных" - звыш 10% ад тых 131, у якiх праводзiлася прапаганда, выснова можа быць зусiм процiлеглай.

Але наспеў час звярнуцца да другога пытання: цi даказаў аўтар сваёй працай, што колькасны падыход - самая моцная зброя ў арсенале гiстарычнай навукi? Тут адказ далёка не вiдавочны. У кнiзе зроблены шэраг арыгiнальных, па-сапраўднаму каштоўных высноў, якiя разбураюць старыя стэрэатыпы i ўзбагачаюць нашы веды. Аднак якраз найбольш цiкавыя высновы атрыманы зусiм не на падставе складаных статыстычных методык. I наадварот, вынiкi выкарыстання такiх методык найбольш безабаронныя перад сакраментальным пытаннем: Ну i што?

Сапраўды, аўтар высветлiў, напрыклад, што ў Варонежскай губернi вёскi з сярэдняй велiчынёй надзелу да 15 дзесяцiн на двор бралi ўдзел у прыгаворным руху амаль прапарцыянальна iх колькасцi, а доля вёсак з сярэднiмi надзеламi больш за 15 дзесяцiн значна панiжалася (С.379). Факт, канешне, цiкавы, але цi ён вельмi ўзбагачае нашы ўяўленнi пра мiнулае? (Дарэчы, не выключана, што лiчбы былi б крыху iншымi, калi б улiчвалася колькасць зямлi не на двор, а на душу насельнiцтва, чаго аўтар чамусцi не зрабiў.) У iншым месцы А.Бухавец, як ужо адзначалася, праз каэфiцыенты спалучэння даказаў наяўнасць традыцыйнай i рэвалюцыйнай падсiстэм у калектыўнай свядомасцi. Аднак i гэтую выснову наўрад цi можна лiчыць нечаканай. Для доказу ж таго сапраўды наватарскага тэзiсу, што гэтыя падсiстэмы суiснавалi ў свядомасцi адных i тых жа лю-дзей, хапiла падлiкаў на ўзроўнi школьнай арыфметыкi.

Карацей кажучы, вартасць высноў залежыць не столькi ад выкарыстаных методык, колькi ад здольнасцi даследчыка ўбачыць, iнтуiтыўна выхапiць з мора фактаў цiкавую заканамернасць, iстотную сувязь. Гэтым вызначаецца, якое пытанне потым будзе зададзена крынiцам, бо ў пытаннi, як вядома, ужо знаходзiцца палова адказу. i тут варта вярнуцца да тых ацэнак, якiя шаноўны А.Бухавец раздае "маргiналiсцкiм паранавукам" i iх ролi ў крызiсе гiстарычнага пазнання. Яго шчыра здзiўляе, што сур'ёзныя гiсторыкi цярпiма сустракаюць нетрадыцыйныя накiрункi i не адмаўляюць у iх нейкае рацыянальнае зерне. Пры поўнай згодзе з яго характарыстыкай "постсавецкай версii крызiсу", даводзiцца прызнаць, што характар "заходняй версii" Бухавец вызначае занадта спрошчана.

Заходнiя гiсторыкi кiнулiся ў новыя накiрункi невыпадкова. Даказаўшы з дапамогай лiчбаў i графiкаў значную долю таго, што i можна было з iх дапамогай давесцi (нам да гэтага сапраўды яшчэ далёка), яны сталi адчуваць, што для прарыву на новы ўзровень разумення гэтага недастаткова. Яна ўбачылi, што самыя iстотныя рэчы часам не тое што лiчбамi вымераць, але нават i словамi выказаць немагчыма. Iдзе актыўны пошук новых сродкаў выяўлення, новай мовы i новых пытанняў, якiя можна гэтай мовай задаць крынiцам. Канешне, некаторыя словы новай мовы "няўцямна мовячых гуру" (паводле прыведзенага аўтарам на с.19 выказвання Л.Стоўна) гучаць пакуль што дзiўна, а тэрмiны накшталт фемiнiсцкай "фалакратыi" i ўвогуле рэжуць вуха, але ж хiба не стаiць за тым самым "мужчынскiм шавiнiзмам" рэальная аднабаковасць традыцыйнай гiсторыi, якую фемiнiсткi дапамаглi ўбачыць тым, хто жадае бачыць?

А.Бухавец крытыкуе мiкрагiстарычны падыход за iмкненне раздрабнiць гiстарычны працэс на мноства iндывiдуальных гiсторый, з якiх "прынцыпова немагчыма скласцi цалкам "калектыўную" гiсторыю" (С.48). Уяўленне пра тое, што ў кроплi расы адлюстроўваецца сусвет, яму яўна незразумелае. Але справа нават не ў гэтым. Памiж сукупнасцю мiкрагiсторый i агульнай гiсторыяй рознiца такая ж, як памiж сукупнасцю цаглiн i храмам, пабудаваным з iх. Адных цаглiн сапраўды мала, трэба iх яшчэ пэўным чынам скласцi ў адпаведнасцi з агульнай iдэяй. Аднак каб мець храм, а не пячору, трэба для пачатку нарабiць тых самых цаглiн. Каб стварыць сапраўдную гiсторыю чалавецтва, трэба разумець не толькi сярэднестатыстычныя заканамернасцi (хаця i iх трэба разумець), але i ўсе iндывiдуальныя выключэннi, з якiх, па сутнасцi, i складаецца гiстарычны працэс.

Пры такiм разуменнi крызiсу глухая абарона зарэкамендаваўшых сябе ў мiнулым "класiчных" падыходаў азначае застой i, ў канечным выпадку, смерць гiстарычнай навукi. Але А.Бухавец безумоўна мае рацыю ў тым, што постсавецкай навуцы да "заходняй версii" крызiсу трэба яшчэ дарасцi. Шлях да гэтага ляжыць праз усведамленне неабходнасцi разглядаць у кожным выпадку не iлюстрацыйную выбарку, а ўсю сукупнасць фактаў, якая мае дачыненне да тэмы даследавання. Статыстычная апрацоўка пры гэтым - не панацэя i не самамэта, а жорсткая неабходнасць, бо яна дае адзiную магчымасць адпавядаць такому патрабаванню. Дарэчы, i ўсе каштоўныя высновы, якiх дасягнуў А.Бухавец на фоне сваiх папярэднiкаў, тлумачацца не столькi эфектыўнасцю выкарыстаных iм метадаў матэматычнай статыстыкi, колькi яго рашучым iмкненнем разглядаць усю сукупнасць фактаў i ўсю сiстэму iх характарыстык. У гэтым сэнсе разгляданая кнiга сапраўды можа служыць узорам, вартым пераймання.

Менск

Вячаслаў Насевiч


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by