БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

LATYSZONEK, OLEG. Bialoruskie formacje wojskowe 1917-1924. Bialystok, 1995. 273.

Сярод праблемаў, да сённяшняга дня зусiм слаба распрацаваных у беларускай гiстарыяграфii, - удзел беларусаў у барацьбе за свабоду i незалежнасць свайго краю пасля абвяшчэння незалежнай беларускай дзяржавы, Беларускай Народнай Рэспублiкi. Прычынаў тут некалькi. Галоўная - штучнае замоўчванне савецкай гiстарыяграфiяй iснавання такога руху наогул, а там, дзе цалкам змаўчаць было немагчыма, яго паказвалi слабым, кволым, не маючым анiякай падтрымкi ў масах, iснуючым толькi дзякуючы падтрымцы "замежных iмперыялiстаў", немцаў, палякаў, Антанты i г.д. Мэтай такога падыходу было прымусовае навязванне iлжывага мiфу пра тое, што толькi дзякуючы бальшавiкам беларусы ўпершыню ў гiсторыi атрымалi незалежнасць. Зразумела, пры такiм падыходзе не магло быць i мовы пра нейкае аб'ектыўнае асвятленне працэсаў, ахапiўшых Беларусь у тыя часы. Трэба адзначыць, што ў змяншэннi значэння беларускага нацыянальнага руху тады былi зацiкаўлены не толькi бальшавiкi, але i кiраўнiцтва Польшчы, а таксама Лiтвы i Латвii, якiя не супраць былi адхапiць кавалак тэрыторыi Беларусi, што i рабiлi, заключаючы мiрныя дагаворы з Савецкай Расiяй. Не дзiўна, што праз усё гэта засталося зусiм мала звестак аб збройнай барацьбе беларусаў за сваю незалежнасць, аб тых беларускiх вайсковых фармаваннях, якiя iснавалi не толькi на тэрыторыi Беларусi, але i на тэрыторыi Польшчы, Украiны, Лiтвы, Латвii, Эстонii i Малдавii.

Абвяшчэнне Рэспублiкi Беларусь, стварэнне ўласнага беларускага войска -Узброенных Сiлаў Беларусi, далейшы працэс дэмакратызацыi нашага грамадства выклiкаў цiкавасць шырокай грамадскасцi да малавядомых старонак нашай гiсторыi увогуле, i ваеннай у прыватнасцi. У друку ўжо з'яўлялiся артыкулы пра стварэнне i дзейнасць беларускiх вайсковых фармаванняў пасля лютаўскай рэвалюцыi 1917 г. I вось самай значнай працай на гэтую тэму стала манаграфiя польскага да-следчыка беларускага паходжання Алега Латышонка "Biauoruskie formacje wojskowe 1917-1923", выдадзеная "Беларускiм гiстарычным таварыствам" у Беластоку у 1995 г. Манаграфiя складаецца з 10 раздзелаў, якiя дзеляцца на асобныя параграфы. Для чытача, думаю, будзе цiкава даведацца пра ўвесь змест кнiгi. Ва ўступе, як i належыць, аўтар сцiсла аглядае лiтаратуру па праблеме, знаемiць з асноўнымi крынiцамi. Адзначым, што А.Латышонак выкарыстаў шэраг крынiцаў, якiя захоўваюцца у Цэнтральным Вайсковым Архiве ў Рэмбертове (CAW - Centralne Archiwum Wojskowe), матэрыялы Iнстытута Юзафа Пiлсудскага ў Нью-Ёрку, Нацыянальнага архiву Рэспублiкi Беларусь i iнш. У першым раздзеле "Ruch bialoruski od poczatku XX w. do rewolucji lutowej 1917 r. W Rosji" у двух параграфах разглядаецца развiццё беларускага нацыянальнага руху ад пачатку ХХ ст. да I сусветнай вайны, працэсы, што адбывалiся ў Беларусi ў 1914-17 г. Аўтар падыходзiць да высновы, што, хоць паняццi "Беларусь", "беларусы" маюць даўнюю гiстарычную традыцыю, сучасны беларускi нацыянальны рух пачаў кшталтавацца толькi на пачатку ХХ ст. Праў-да, нягледзячы на хуткi рост, да I сусветнай вайны ён не змог стаць значнай палiтычнай сiлай. Беларускiя нацыянальныя дзеячы выступалi толькi за культурна-нацыянальную аўтаномiю. Незалежная Беларусь не iснавала нават на ўзроўнi праектаў.

Другi раздзел "Bialoruski ruch wojskowy w latach 1917-1918" складаюць 6 параграфаў, у якiх разглядаецца грамадска-палiтычная сiтуацыя на Беларусi пасля лютаўскай рэвалюцыi, беларускi вайсковы рух памiж дзвюма рэвалюцыямi, утварэнне Цэнтральнай Беларускай Вайсковай Рады (ЦБВР), беларуска-бальшавiцкi канфлiкт напрыканцы 1917 - пачатку 1918 г., вызваленне Менску беларускiмi i польскiмi аддзеламi 19-20 лютага 1918 г., беларускi рух пад час нямецкай акупацыi i падзелу краiны на Беларусь Цэнтральную i Усходнюю у 1918 г. Трэба адзначыць, што аўтару ўдалося, абапiраючыся на ўжо апублiкаваныя звесткi, у сцiслай, канспектыўнай форме раскрыць асноўныя моманты абраных праблемаў i сфармуляваць адпаведныя высновы (С.81-84).

Трэцi раздзел "Jednostki bialoruskie w armii litewskiej" складаецца з чатырох параграфаў, у якiх разглядаюцца беларуска-лiтоўскiя дачыненнi ў 1915-18 г., дейнасць беларускiх вайсковых адзiнак у Гораднi (снежань 1918 - чэрвень 1919), стварэнне i дзейнасць беларускiх вайсковых фармаванняў у складзе лiтоўскай армii, аналiзуецца iх нацыянальны i веравызнаўчы склад, а ў пятым прапануюцца кароткiя абагульненнi i высновы. У чацвёртым раздзеле "Polityka Rosji Sowieckiej wobec Bialorusi w latach 1918-1920 ze szczegolnym uwzglednieniem kwestii militarnych" грунтоўна разглядаецца палiтыка бальшавiцкiх уладаў у дачыненнi да Беларусi i беларускага войска у 1918-20 г. Аўтар сцвярджае, што кiраўнiцтва Савецкай Расii, бальшавiкi Заходняга фронту, большасць якiх не з'яўлялася беларусамi, разглядала беларускi нацыянальны рух выключна як варожы справе рэвалюцыi i таму вяла з iм барацьбу. З гэтай нагоды яны былi супраць стварэння беларускага нацыянальнага войска. Алег Латышонак звяртае ўвагу на той факт, што створаны ў канцы 1918 г. у Петраградзе аддзел беларускiх камунiстаў у складзе 200 чалавек расфармаваны ў Менску - ён так i не браў удзелу ў баявых дзеяннях, што сведчыла як пра слабасць беларускiх "нацыянал-камунiстаў", так i пра стаўленне да iх бальшавiцкай улады (С.118-119). Аўтар выказвае думку, што калi б улады Савецкай Расii ў свой час дазволiлi стварыць беларускiя фармаваннi ў складзе Чырвонай Армii, то гэтыя аддзелы былi б на першым плане барацьбы з немцамi. У 1918-19 г. бальшавiкi мабiлiзавалi ў Беларусi каля 300 000 чалавек з лiку ваеннаабавязаных i добраахвотнiкаў, але толькi пятая частка з iх трапiла на Заходнi фронт. У лiпенi 1920 г. тэрыторыя Беларусi была вызвалена ад палякаў. Авантурыстычная палiтыка экспарту рэвалюцыi прывяла да катастрофы Чырвонай Армii пад Варшавай i чарговай акупацыi значнай часткi Беларусi палякамi. Савецкая Расiя, пiша аўтар, не абаранiла Беларусь, а толькi выкарыстала яе людскiя рэсурсы для абароны сваiх уласных iнтарэсаў. Больш за тое, Савецкая Расiя анексавала значную частку яе тэрыторый, якiя раней сама прызнавала беларускiмi. З гэтай высновай цяжка не пагадзiцца. Але цяжка прыняць тое, як ён на старонцы 117, спасылаючыся на працу I.Iгнаценкi, апавядае пра новае абвяшчэнне Беларускай Савецкай рэспублiкi 31 лiпеня 1920 г. Аўтар пiша, што 30 лiпеня 1920 г. у Менску адбылося пасяджэнне партыйнаарганiзацыйнай тройкi Менскай губернi, на якiм быў утвораны Часовы Ваенна-рэвалюцыйны камiтэт у складзе Аляксандра Чарвякова (старшыня), Вiльгельма Кнорына (намеснiк старшынi) i Iосiфа Адамовiча (адказны за вайсковыя справы). Прызначаная ЦК КП(б) Лiтвы i Беларусi камiсiя падрыхтавала тэзы для абвяшчэння рэспублiкi. Аднак гэта не зусiм так. Па-першае, ва ўтвораны Ваенна-рэвалюцыйны камiтэт Беларускай рэспублiкi акрамя ўжо названых увайшлi таксама А.Вайнштэйн (ад Бунда), У.Iгнатоускi (ад Беларускай Камунiстычнай арганiзацыi - БКА) i I.Клiшэўскi (сакратар ВРК БР). Стварэнню гэтага органа папярэднiчалi важныя падзеi i барацьба беларускiх камунiстаў за аднаўленне Савецкай улады ды за самавызначэнне Беларусi, якая вялася на працягу траўня-лiпеня 1920 г. 23 траўня 1920 г. на адной з нарад у Смаленску А.Чарвякоў паведамiў, што ў сувязi з хуткiм вызваленнем Беларусi ЦК КП(б) Лiтвы i Беларусi прызначыў яго на пасаду члена Менскага губрэўкома, якi планавалася стварыць. Палiчыўшы такi акт палiтычна шкодным, Чарвякоў заявiў у ЦК ЛiтБела аб сваёй нязгодзе i сказаў, што неабходна ствараць не Менскi, а Беларускi рэўком. На аснове ягонага дакладу ўдзельнiкi нарады прынялi рэзалюцыю "Аб самавызначэннi Беларусi", у якой гаварылася: "Улiчваючы этнаграфiчныя, культурныя, палiтычныя, моўныя i iншыя бытавыя асаблiвасцi Беларусi, а таксама значэнне беларускага пытання ў мiжнародных адносiнах, прызнаць неабходным, у сувязi з неяснай пазiцыяй па гэтым пытаннi ЦК Лiтбела, напiсаць дакладную запiску ў ЦК РКП(б) з выкладаннем асобнага погляду беларусаў-камунiстаў...". I ўсе ж 7 лiпеня быў створаны Менскi губрэўком на чале з Чарвяковым. Ды нават супраць такой, урэзанай дзяржаўнасцi iснавала "апазiцыя". На другi дзень пасля вызвалення Менску ад палякаў Р.Рэйнгольд i I.Пiкель прадставiлi у ЦК КП(б) ЛiтБела тэзы "Да пытання аб стварэннi Беларускай Савецкай рэспублiкi", якiя i мае на ўвазе А.Латышонак. Аднак тэзы не былi прыняты ЦК РКП(б) . 16 лiпеня пленум ЦК па iнiцыятыве У.Ленiна прыняў рашэнне "Аказаць беларускаму народу садзейнiчанне ў стварэннi Беларускага рэўкома, падпарадкаваўшы на блiжэйшы перыяд часу пытанне арганiзацыi ўрадавай улады ў межах Беларусi ваенным патрабаванням фронту". 31 лiпеня 1920 г. на ўрачыстым сходзе ў Менску была абнародавана "Дэкларацыя аб абвяшчэннi незалежнасцi Савецкай сацыялiстычнай рэспублiкi Беларусi"1.

Змястоўным атрымаўся раздзел пяты "Dzialalnoua Bialoruskiej Komisji Wojskowej w latach 1919-1921". Пытанне стварэння i дзейнасцi Беларускай Вайсковай Камiсii (БВК), спробы фармавання Беларускага войска пад апекай Польшчы - усё гэта амаль не краналася сучаснай беларускай гiстарыя-графiяй. I не выпадкова. Нi польская, нi тым больш савецкая гiстарыяграфiя не былi зацiкаўленыя ў аб'ектыўным асвятленнi беларускага пытання, гiсторыi беларускiх вайсковых фармаванняў. Грунтуючыся на навуковых распрацоўках апошнiх гадоў, новых архiўных матэрыялах, аўтар дэталёва асвятляе працэс стварэння БВК, распачатага пасля рашэннем Беларускага з'езду Вiленшчыны i Гарадзеншчыны 7-8 чэрвеня 1919 г. Ня-гледзячы на незразумелае стаўленне ўраду Ю.Пiлсудскага да Беларусi i расфармаванне беларускага Гарадзенскага палка, выбраная на з'ездзе Беларуская Цэнтральная Рада Вiленшчыны i Гарадзеншчыны (БЦРВiГ) пад кiраўнiцтвам К.Душ-Душэўскага пры-знала, што Войска Польскае вызваляе ад бальшавiкоў, i пастанавiла звярнуцца да Ю.Пiлсудскага з просьбай дапамагчы ў стварэннi Беларускага войска. 20 чэрвеня 1920 г. дэлегацыю БЦРВiГ у складзе I. Луцкевiча, К.Душ-Душэўскага i П.Алексюка прыняў Ю.Пiлсудскi. Размова вялася пра iнтэгральнае захаванне беларускiх земляў у сувязi з Польшай. Прыкладна тады ж адбывалiся перамовы А.Луцкевiча з прэм'ерам I.Падэрэўскiм у Парыжы. Ужо быў падрыхтаваны праект утварэння незалежнай Беларускай дзяржавы ў саюзе з Польшчай. Планавалася, што будзе агульная знешняя палiтыка i сумеснае кiраўнiцтва вайсковымi справамi. Паводле праекту, палякi мусiлi дапамагчы вызвалiць Беларусь ад бальшавiкоў, а таксама стварыць Беларускае войска пад польскiм кiраўнiцтвам (Арт.121-122). Аднак такi праект не падтрымала нi польскае, нi французскае кiраўнiцтва. 12 лiпеня Беларуская вайсковая арганiзацыя (БВА) звярнулася да БЦРВiГ з дэкларацыяй у справе Беларускага войска. Мiж тым, унутры БЦРВiГ абвастрылася барацьба памiж прыхiльнiкамi прапольскай i пралiтоўскай арыентацыi, у вынiку якой замест К.Душ-Душэўскага кiраўнiком Рады стаў Б.Тарашкевiч - прыхiльнiк саюзу з больш моцным суседам. 28 лiпеня Ю.Пiлсудскi прыняў дэлегацыю на чале з Б.Тарашкевiчам, якая ўнесла прапановы аб стварэннi Беларускага войска, фармаванне якога мусiла пачаць БВК. Абавязкам камiсii мела стаць "нацыянальнае ўзгадаванне вой-ска", устанаўленне вайсковай формы i распрацоўка статутаў. Беларускае войска магло ваяваць у складзе польскай армii толькi на беларускiм фронце i не магло выводзiцца па-за тэрыторыю Беларусi. Як сведчаць газеты, Ю.Пiлсудскi станоўча ўспрыняў беларускiя прапановы, заверыў, што будзе цвёрда трымацца праграмы, выкладзенай у адозве да народаў былога Вялiкага Княства Лiтоўскага, i паабяцаў неадкладна загадаць вайсковым уладам распачаць супольна з БЦРВiГ арганiзацыю Беларускай збройнай сiлы. Аднак чаканы загад з'явiўся толькi праз тры месяцы, 22 кастрычнiка 1919 г. Iм прадугледжвалася пачаць фармаванне на добраахвотнай аснове беларускiх аддзелаў (спачатку двух батальёнаў пяхоты), а таксама зацвярджалася БВК i прапанаваны камiсiяй камандуючы Беларускiм войскам, якi ўваходзiў у склад камiссii, але падпарадкоўваўся непасрэдна польскiм ваенным уладам. А.Латышонак падрабязна распавядае пра змены ў складзе камiсii, пра яе дзейнасць, аналiзуе прычыны яе нiзкай эфектыўнасцi i, па сутнасцi, правалу iдэi стварэння Беларускага войска з дапамогай Польшчы.

У шостым раздзеле "Oddzialy generala Stanisuawa Bulak-Bala-chowicza", разглядаецца яго вяртанне з Эстонii ў Беларусь, удзел у польска-савецкай вайне 1920 г., аналiзуюцца палiтычныя прычыны выступлення Булак-Балаховiча ўвосень 1920 г., фармаванне i склад армii легендарнага генерала, яго баявыя дзеяннi на Палессi, а таксама прычыны iнтэрнавання аддзелаў С.Булак-Балаховiча ў Польшчы.

У сёмым раздзеле "Utworzenie i dzialalnosc bojowa 1 Sluzkiej Brygady Stzelcow. Listopad-grudzien1920 r." у двух параграфах разглядаецца беларускi нацыянальны i вайсковы рух на Случчыне у 1917-20 г. У восьмым - дзесятым раздзелах аўтар знаёмiць чытачоў з працэсам расфармавання беларускiх вайсковых сiлаў у Польшчы ў 1921 г., дзейнасцю беларускiх вайскоўцаў на польскай тэрыторыi да заключэння Рыжскага мiру, спробамi стварэння (з дапамогай польскiх уладаў) беларускiх партызанскiх аддзелаў, паказвае, чаму былi расфармаваны беларускiя вайсковыя аддзелы пасля сакавiка 1921 г., а таксама падае кароткую iнфармацыю пра фармаваннi, якiя дзейнiчалi па-за межамi Беларусi. Напрыканцы прыводзяцца звесткi аб мундзiрах i вайсковых адзнаках беларускiх фармаванняў.

У заканчэнне, робячы высновы, А.Латышонак зазначае, што за незалежнасць Беларусi са зброяй у руках змагалася блiзу 11 000 жаўнераў i афiцэраў, i многа партызан, дакладную колькасць якiх цяжка вызначыць. Аўтар слушна пiша, чаму беларускiя вайскоўцы не змаглi здабыць незалежнасцi для Беларусi. Прычынаў тут шмат: перш за ўсё эканамiчнае становiшча Беларусi пад час I сусветнай вайны; лiнiя фронту, па абодва бакi якой знаходзiлiся iншаземныя войскi, якiх было больш, чым усiх мясцовых жыхароў, здольных насiць зброю; надзвычай разбуральна на беларускi нацыянальны рух уздзейнiчалi бальшавiцкая i эсэраўская прапаганда, практыка савецкай улады; месца Беларусi ў геапалiтычных планах Нямеччыны i Антанты, Польшчы i Савецкай Расii ды г.д. Можна доўга разважаць пра тое, што было б, калi б падзеi пайшлi па-iншаму. У дадзеным выпадку А.Латышонак паглядзеў на iх так, як яны адбывалiся на самай справе. Мне асабiста iмпануе ацэнка, якую дае аўтар дзейнасцi Паўла Алексюка, Беларускага палiтычнага камiтэта i так званага Мазырскага ўраду БНР В.Адамовiча. А.Латышонак пiша, што апошнi па сутнасцi "з'яўляўся адзiным беларускiм урадам, вартым такой назвы", што "балахоўшчына" была "беларускай версiяй пiлсудчыны", што "Слуцкi збройны чын быў вянцом беларускага незалежнiцкага руху, як адзiнае самастойнае выступленне беларусаў у абарону незалежнасцi свайго краю".

Кнiга добра аформлена. У дадатку змешчаны 38 фота-здымкаў, сярод якiх ёсць зусiм малавядомыя. У тым лiку фотаздымкi А.Змагара, Ю.Балаховiча, Х.Канапацкага, М.Дзямiдава, А.Ружанцова, К.Кандратовiча, здымкi Гарадзенскай камендатуры з выявамi Пагонi i бел-чырвона-белага сцяга. Хацеў бы падзякаваць аўтару за такую працу, за тое, што па драбнiчках сабраў раскiданыя па розных архiвах i выданнях звесткi, сiстэматызаваў i абагульнiў iх, рэканструяваўшы цэлы забыты пласт нашай беларускай гiсторыi, гiсторыi, так невыгоднай як Маскве, так i Варшаве. Зразумела, у кнiзе ёсць i недахопы, што зусiм натуральна, калi ўлiчыць брак гiстарычных звестак па гэтай тэме. Многiя падзеi аўтар быў вымушаны асвятляць сцiсла, проста эскiзна. Але такiя хiбы можна паправiць у будучынi. А будучыня ў гэтай тэмы ёсць.

Кнiгу А.Латышонка трэба выдаць па-беларуску ў Беларусi, каб не толькi вузкiя даследчыкi-спецыялiсты, але i шырокi чытач ведаў, што беларускае войска мае даўнюю i багатую гiсторыю.

Менск

Аляксей Лiцвiн

1 Сташкевич Н. На грани возможного // Неман, 1989, № 10. С.145


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by