РАГУЛЯ БАРЫС. Беларускае студэнцтва на чужыне. Лёндан, 1996. 205
У 1994 г. у выдавецтве Беларускага Iнстытуту навукi i мастацтва (БIНIМ//Нью Ёрк) выйшла цiкавая i каштоўная манаграфiя Яна Максiмюка "Беларуская гiмназiя iмя Янкi Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1945-1950 г.)". Гэта была першая i пакуль што адзiная кнiга, прысвечаная беларускай школе, што iснавала па-за межамi Бацькаўшчыны. Пасля знаёмства з гэтай грунтоўнай працай я мог толькi з сумам канстатаваць, што, на жаль, больш даведацца пра асветную дзейнасць нашых землякоў, якiя апынулiся на эмiграцыi i пра iх далейшы лёс -няма адкуль. I вось мне ў рукi трапiлi добра iлюстраваныя мемуары вядомага беларускага грамадскага, вайсковага i навуковага дзеяча эмiграцыi Барыса Рагулi - былога студэнта Марбург-скага i Лювенскага ўнiверсiтэтаў "Беларускае студэнцтва на чужыне", выдадзеная стараннямi Лявона Юрэвiча. Кнiга, якая напiсана незалежна ад доследаў Я.Максiмюка, з'явiлася як бы яе лагiчным працягам - гiсторыяй беларускага студэнцтва ў канцы 40-х - пачатку 50-х г. Гэта фактычна першыя i на да-дзены момант адзiныя мемуары ў свеце, прысвечаныя беларускай вышэйшай адукацыi. Адразу трэба адзначыць, што, нягледзячы на мемуарны характар працы, г.зн. успамiны аднаго чалавека, шырокае выкарыстанне ў ёй успамiнаў большасцi колiшнiх студэнтаў гэтых iнстытуцыяў (21 асобы) на-дало кнiзе полiмемуарны характар, нават нейкае адценне навуковасцi, што безумоўна павялiчыла яе каштоўнасць i дазволiла значна зменшыць непазбежны ў падобных творах суб'ектывiзм. Калi паспрабаваць акрэслiць асноўныя тэмы, якiя асвятляюць мемуары, то прыйдзеш да высновы, наколькi яны разнастайныя. Тут i апiсанне матэрыяльных умоў паваеннага жыцця беларускай эмiграцыi, дзейнасцi беларускiх палiтычных груповак, палiтыкi алiянтаў да рэпатрыяцыi ў СССР, рэлiгiйнага жыцця эмiгрантаў, у прыватнасцi стан Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Аднак, натуральна, большая частка кнiгi прысвечана студэнцкаму жыццю беларусаў на чужыне i апавядае аб розных баках дзейнасцi беларускiх студэнцкiх арганiзацыяў, прасочваецца лёс асобных студэнтаў ва ўнiверсiтэтах Марбургу (Нямеччына) i Лювэна (Бельгiя), а прыведзеныя ўспамiны iншых былых студэнтаў дазваляюць азнаёмiцца i з жыццём беларускiх студэнтаў у Парыжскiм i Мадрыдскiм унiверсiтэтах.
Актыўная грамадская дзейнасць маладога Барыса Рагулi (у 1945 г. яму было толькi 25 гадоў) спрыяла таму, што ён быў у курсе ўсiх дзеянняў беларускай эмiграцыi, а ягоная ўласная iнiцыятыўнасць дазволiла пазнаёмiцца са шматлiкiмi вядомымi ды i проста шчырымi людзьмi ў Еўропе. Таму чытач кнiгi даведаецца, у прыватнасцi, аб прычынах расколаў сярод тагачасных беларускiх эмiгранцкiх палiтыкаў, адну з якiх аўтар адзначыў гэтак: "А у нас было так: мяне не выбралi старшынёй - я выходжу з арганiзацыi i засноўваю новую партыю..." (47); пра сустрэчы Б.Рагулi з Папам Пiям XII, пад час размовы з якiм ён дамовiўся пра выдзяленне беларускiм студэнтам, у большасцi праваслаўным, адмысловае стыпендыi ад Ватыкану (як ахвярам камунiзму) за кошт падаткаў, якiя плацiла Беларусь у XVII-XVIII ст., ды iншых, раней невядомых старонках з гiсторыi беларускай эмiграцыi. Чытаючы гэтую кнiгу, знаёмячыся з навучальнай i шырокай культурна-асветнiцкай дзейнасцю беларускiх студэнтаў, сапраўды пагодзiшся са словамi аўтара: "мы хочам падрыхтаваць будучыню нашае Бацькаўшчыны i прыняць актыўны ўдзел у яе нацыянальным, сацыяльным ды рэлiгiйным адраджэннi" (126).
На мой погляд, найбольш хвалюючым, кульмiнацыйным месцам у мемуарах, з'яўляецца апiсанне 34-х угодкаў БНР i адкрыцця Беларускага Студэнцкага Дому Лювэнскага каталiцкага ўнiверсiтэту (25 сакавiка 1952 г.). Гэтыя ўрачыстасцi сталi як бы падсумаваннем тых вынiкаў i таго плёну, што набылi беларускiя студэнты ў сваёй папярэдняй навучальнай i культурнiцкай дзейнасцi i паказалi iхны высокi аўтарытэт, безумоўна дзякуючы якому на святкаваннi прыйшло ля 100 гасцей, сярод якiх кардынал Тыссэрант, рэктар унiверсiтэту, прафесары, бiскупы, дырэктары ўстаноў, мiнiстры, шматлiкiя рэпарцёры, якiя пасля падзеi яшчэ 2 днi пiсалi пра яе (125).
Чытаючы аб цяжкай, але вольнай i плённай дзейнасцi нешматлiкай беларускай моладзi ў справе падтрымкi i развiцця беларускага нацыянальнага духу на чужыне ў першыя паваенныя гады, што безумоўна было працягам пражскiх традыцыяў 20-х г., мiжволi згадваеш сiтуацыю на самой Беларусi таго часу, дзе, наадварот, згортвалася вывучэнне нават марксiсц-кай беларускай гiсторыi, iшло паўсюднае вынiшчэнне беларускай мовы, асаблiва ў ВНУ. Усё гэта ведалi i нашыя эмiгранты, але спадзявалiся, што Беларусь усё ж у хуткiм часе атрымае незалежнасць i будуць патрэбныя iхныя рукi i веды. Аднак, як адзначыў Рагуля, падзеi на Карэйскiм паўвостраве пачатку 50-х г. "пераканалi нас, што... трэба настройвацца на даўжэйшы перыяд эмiграцыi... быць гатовымi да доўгага выгнання... да доўгага змагання" (138).
Значную частку мемуараў займаюць каштоўныя для нас "старонкi жыцця", або жыццяпiсы 28-мi былых беларускiх студэнтаў на чужыне, створаныя паводле архiўных матэрыялаў i лiстоў. Прынамсi, за час iснавання Беларускага Студэнцкага згуртавання ў Лювэне (1945-1963 г.) унiверсiтэт скончылi 34 беларусы (140).
На маю думку, "Беларускае студэнцтва на чужыне", ня-гледзячы на пэўныя недахопы, уласцiвыя мемуарам i прычыненыя малалiкасцю патрэбных архiваў, некаторую схематычнасць, можа прэтэндаваць на тое, каб стаць тэарэтычнаю асно-ваю для экспазiцыi па гiсторыi беларускай вышэйшай асветы па-за межамi Беларусi ў XX ст. ў будучым Музеi Беларускай Адукацыi.
Такiм чынам, мемуары Барыса Рагулi дазваляюць на прыкладзе лёсу аднаго чалавека, як у люстры, убачыць агульны лёс актыўнай, нацыянальна свядомай паваеннай беларускай моладзi, якая апынулася па-за межамi Беларусi. Таму гэтую кнiгу хацелася б рэкамендаваць, у першую чаргу, сучасным беларускiм школьнiкам i студэнтам, ды нагадаць словы аўтара: "... мы не маем права забыцца, што нашая Бацькаў-шчына яшчэ далёка ня тая, пра якую мы марылi, i яна патрабуе нашай духовай, культурнай ды матарыяльнай дапамогi". (143).
Менск
Вiктар Астрога
Partners:
Face.by