Жыццё i дзейнасць М.В.Доўнара-Запольскага
Мiжнародная навуковая канферэнцыя пад такой назвай адбылася 1-2 лiпеня 1997 г. у Рэчыцы, на радзiме выдатнага беларускага вучонага Мiтрафана Вiктаравiча Доўнара-Запольскага. Прысвячалася яна 130-й гадавiне з дня нараджэння гiсторыка. Арганiзатарамi канферэнцыi выступiлi Гомельскi дзяржаўны ўнiверсiтэт iмя Францiшка Скарыны, Рэчыцкi гарадскi выканаўчы камiтэт, лiтаратурна-гiстарычны i грамадска-культурны часопiс "Палессе", а дабрадзеямi - вытворчае аб'яднанне "Беларуснафта" i прадпрыемства па транспартаванню наф-ты "Дружба".
Былi заслуханы i абмеркаваны даклады i паведамленнi сталiчных навукоўцаў М.Бiча, А.Лiса, З.Яцкевiча, З.Шыбекi, А.Вялiкага, Р.Платонава, Г.Штыхава, А.Гануша, Я.Янушкевiча, П.Кручка, У.Конана, В.Скалабана, А.Кiштымава, М.Шумейкi, гомельскiх З.Паўлаўца i I.Нямкевiча, Дз.Карава з Гораднi i А.Каўкi з Масквы, расiйскiх гiсторыкаў С.Мiхальчанкi i А.Дуброўскага з Бранска, а таксама I.Вербы з Украiны (Кiеў). З вялiкай цiкавасцю быў прагледжаны дакументальны фiльм пра М.В.Доўнара-Запольскага, створаны рэжысёрам Ю.Лысятавым па сцэнары А.Лiса. На канферэнцыi яскрава выявiлася шматграннасць асобы М.В.Доўнара-Запольскага, беларускага гiсторыка, аднаго з заснавальнiкаў нацыянальнай гiстарыяграфiчнай канцэпцыi, этнографа, лiтаратуразнаўцы, якi ўнёс свой уклад i ў украiнскую ды расiйскую навуку. Творчая спадчына слыннага навукоўцы павiнна быць уключана ў кантэкст сучаснага духоўнага жыцця Беларусi, Расii i Украiны.
Удзельнiкi канферэнцыi выступiлi з прапановамi рэгулярна - раз у 2 гады - праводзiць у Рэчыцы прысвечаныя спадчыне гiсторыка i краязнаўству ўсходнепалескага рэгiёна Доў-нараўскiя чытаннi, надаць iмя М.В.Доўнара-Запольскага Рэчыцкаму гуманiтарнаму лiцэю, вулiцам у Рэчыцы i Мiнску, уста-навiць мемарыяльныя дошкi на дамах у Мiнску, Кiеве, дзе жыў вучоны, заснаваць стыпендыю iмя М.В. Доўнара-Запольскага для студэнтаў гуманiтарнага профiлю, вызначылi_ iнiцыя-тыўную групу па стварэннi Мiжнароднага фонду падтрымкi гiстарычных даследаванняў iмя М.В.Доўнара-Запольскага. Частка матэрыялаў канферэнцыi (даклады А.Лiса, З.Яцкевiча, Р.Платонава, Г.Штыхава, А.Каўкi, С.Мiхальчанкi, П.Кручка, I.Вербы, У.Конана) ужо надрукавана ў часопiсе "Палессе", 1997/3.
Да канферэнцыi было прымеркавана адкрыццё ў Рэчыцы помнiка М.В.Доўнару-Запольскаму - першага на Беларусi помнiка гiсторыку. На цырымонii адкрыцця выступiлi яго аўтары мастак Э.Агуновiч i скульптар В.Янушкевiч, а таксама старшыня Дзяржаўнага камiтэта па архiвах i справаводству Рэспублiкi Беларусь А.Мiхальчанка, старшыня гарадскога выканаўчага камiтэта М.Заразака, удзельнiкi канферэнцыi.
Вiталь Скалабан
Partners:
Face.by