БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

Гiсторык i яго факты*

Эдвард Гэлет Кар

Што такое гiсторыя? Якiм бы бессэнсоўным i непатрэбным не здавалася такое пытанне, працытую два ўрыўкi, датычныя адпаведна першага i другога выданняў Cambridge Modern History („Кембрыджскай новай гiсторыi"). Эктан у сваiм дакладзе аб працы, выкананай над гэтым выданнем, у кастрычнiку 1896 г. перад сiндыкамi Cambridge University Press гаварыў:

Iснуе ўнiкальная магчымасць усю сукупнасць ведаў, якiя ХIХ ст. рыхтуецца перадаць нашчадкам, запiсаць самым прымальным для найбольшай колькасцi людзей спосабам... Нам трэба зрабiць гэта шляхам рацыянальнага падзелу працы, i прынесцi ў кожны дом канчатковы дакумент i самыя плённыя вынiкi мiжнародных даследаванняў.

Мы не можам атрымаць канчатковую гiсторыю ў гэтым пакаленнi, але можам выкарыстаць традыцыйную гiсторыю i паказаць, чаго мы дасягнулi на шляху ад аднаго да другога цяпер, паказаць, што ўся iнфармацыя дасягальная i кожная праблема вырашальная1.

I амаль дакладна праз шэсцьдзесят гадоў у агульных уводзiнах да другой Cambridge Modern History праф. Джордж Кларк сказаў адносна гэтай веры Эктана i ягоных прыхiльнiкаў, што можа i настане калi дзень стварэння „канчатковай гiсторыi", i прадоўжыў:
Гiсторыкi пазнейшай генерацыi не спадзяюцца нiякай падобнай перспектывы. Яны чакаюць, што iх праца будзе зноў i зноў адмаўляцца. Яны лiчаць, што веды пра мiнулае, прапушчаныя праз адзiн цi больш розумаў, „апрацоўваюцца" iмi i таму не могуць складацца з элементарных i безасабовых атамаў, якiя нiчога не мяняюць. ... Даследаванне ўяўляецца бясконцым, i некаторыя нецярплiвыя вучоныя знаходзяць аддушыну ў скептыцызме цi, прынамсi, у iдэi, што, калi ўжо ўсе гiстарычныя меркаваннi залежаць ад асобаў i пунктаў погляду, i ўсе яны аднолькава добрыя, то „аб'ектыўнай" гiстарычнай праўды не iснуе2.
Там, дзе вучоныя мужы так рэзка пярэчаць адзiн аднаму, адкрываецца поле для даследаванняў. Спадзяюся, што я дастаткова сучасны, калi прызнаю, што ўсё, напiсанае ў 1890-х г., пэўна стала нонсэнсам. Але я яшчэ не настолькi стары, каб лiчыць, што ўсё, напiсанае ў 1950-х г., абавязкова мае сэнс. Сапраўды, вам адразу можа прыйсцi думка, што гэтая праца, верагодна, пяройдзе ў нешта нават шырэйшае за разгляд прыроды гiсторыi. Разыходжанне Эктана i сэра Джорджа Кларка адлюстроўвае змены ў нашым агульным поглядзе на грамадства за часы памiж iх выказваннямi. Эктан агучвае пазiтыўную веру, самаўпэўненасць з шырока расплюшчанымi вачыма, характэрную для позняй вiктарыянскай эпохi. Сэр Джордж Кларк увасабляе рэха разгубленасцi i шалёнага скептыцызму бiтнiкаў. Калi мы спрабуем адказаць на пытанне „Што такое гiсторыя?", наш адказ, свядома цi несвядома, адлюстроўвае нашу ўласную пазiцыю ў часе i ўтварае частку нашага адказу на шырэйшае пытанне - як мы глядзiм на грамадства, у якiм жывём. Я не баюся, што пры блiжэйшым разглядзе мой прадмет можа здацца трывiяльным. Баюся, што будзе выглядаць дзёрзкасцю сама пастаноўка такога велiзарнага i настолькi надзённага пытання.

Дзевятнаццатае стагоддзе было вялiкiм стагоддзем фактаў. „Чаго я хачу, дык гэта Фактаў, - казаў мiстэр Грэдрайнд у Hard Times („Цяжкiя часы")... У жыццi патрабуюцца толькi Факты." Гiсторыкi ХIХ ст. увогуле пагаджалiся з iм. Калi Ранке ў 1830-х г., слушна пратэстуючы супраць маралiзавання ў гiсторыi, адзначыў, што задача гiсторыка „проста паказаць, як яно было на самай справе (wie es eigentlich gewesen)", гэты не зусiм удалы афарызм чакала надзiва вялiкая папулярнасць. Тры пакаленнi нямецкiх, брытанскiх i нават французскiх гiсторыкаў iшлi ў бойку, распяваючы магiчныя словы „Wie es eigentlich gewesen", як заклiнанне, прызначанае, падобна большасцi заклiнанняў, для вызвалення ад нуднага абавязку думаць самастойна. Пазiтывiсты, заклапочаныя iх правам патрабавання гiсторыi як навукi, вагой свайго ўплыву ўмацавалi гэты культ фактаў. Спачатку знайдзi факты, кажуць пазiтывiсты, потым зрабi з iх свае высновы. У Вялiкабрытанii гэты погляд на гiсторыю выдатна супаў з традыцыяй эмпiрызму - вядучай плынi брытанскай фiласофii ад Лока да Бэртрана Расэла. Эмпiрычная тэорыя пазнання прадугледжвае поўнае аддзяленне суб'екта ад аб'екта. Факты, падобна пачуццёвым уражанням, успрымаюцца назiральнiкам звонку i не залежаць ад ягонай свядомасцi. Працэс успрымання пасiўны: успрыняўшы дадзеныя, назiральнiк потым працуе над iмi. Кароткi оксфардскi ангельскi слоўнiк (The Oxford Shorter English Dictionary), карысная, але тэндэнцыйная праца эмпiрычнай школы, выразна адасабляе два працэсы, вызначаючы факт як „дадзеныя вопыту, адрозныя ад высноваў". Гэта тое, што можна назваць агульнапрынятым поглядам на гiсторыю. Гiсторыя складаецца з корпусу ўстаноўленых фактаў. Факты ўвасабляюцца для гiсторыка ў дакументах, надпiсах i г.д., - як рыба на прылаўку ў краме. Гiсторык збiрае iх, прыносiць дадому, гатуе i падае ў якiм хоча выглядзе. Эктан, чые кулiнарныя густы адрознiвалiся аскетызмам, хацеў, каб iх падавалi проста. У звароце да ахвяравальнiкаў першай Cambridge Modern History ён заявiў: „Нашае Вотэрлу павiнна аднолькава задавальняць французаў i ангельцаў, немцаў i галяндцаў, каб нiхто не мог сказаць, не зазiрнуўшы ў спiс аўтараў, дзе паклаў пяро бiскуп Оксфардскi, дзе яго ўзяў Фэабэарн цi Гаскет, Лiбэрман цi Гэрысан"3. Нават сэр Джордж Кларк, якiм ужо крытычным было яго стаўленне да Эктана, сам супрацьпастаўляў „цвёрдае ядро фактаў" у гiсторыi „акаляючай мякацi спрэчнай iнтэрпрэтацыi"4, пэўна, забыўшыся на тое, што мяккая частка садавiны больш вартая, чым цвёрдае ядро. Спачатку ўпарадкуй свае факты, потым на сваю рызыку апусцi iх у сыпучы пясок iнтэрпрэтацыi - вось найвышэйшая мудрасць эмпiрызму, гiстарычнай школы здаровага сэнсу. Яна нагадвае ўлюбёны афарызм вядомага лiберальнага журналiста К.П.Скота: „Факты святыя, думка вольная".

Цяпер гэта не можа задаволiць. Не буду заглыбляцца ў фiласофскую дыскусiю аб прыродзе нашых ведаў пра мiнулае. Дапусцiм на момант, быццам тое, што Цэзар перайшоў Рубiкон, i тое, што пасярод пакоя стаiць стол, ёсць фактамi аднаго цi падобнага парадку, што абодва яны даюцца нашай свядомасцi аднолькавым цi падобным спосабам, i што абодва маюць аднолькава аб'ектыўны характар у дачыненнi да асобы, якая iх ведае. Але нават пры гэтым смелым i не зусiм праўдападобным дапушчэннi нашая аргументацыя адразу сутыкаецца з цяжкасцямi, бо не ўсе факты пра мiнулае - факты гiстарычныя, або ўважаныя такiмi гiсторыкам. Якi ж крытэрый адрознення фактаў гiстарычных ад iншых фактаў мiнулага?

Што такое гiстарычны факт? Гэта вызначальнае пытанне, якое мы павiнны разгледзець крыху падрабязней. Калi сыходзiць са здаровага сэнсу, то iснуюць пэўныя галоўныя факты, аднолькавыя для ўсiх гiсторыкаў i ўтвараючыя, так бы мовiць, хрыбет гiсторыi - напрыклад факт, што бiтва пры Гастынгсе адбылася ў 1066 г. Але такая пазiцыя вымагае дзвюх заўвагаў. Па-першае, гiсторык займаецца пераважна не такiмi фактамi. Несумненна, трэба ведаць, што вялiкая бiтва адбылася ў 1066 г., а не ў 1065 цi 1067 г., i што яна была пры Гастынгсе, а не пры iстбёрне цi Брайтане. Гiсторыку нельга блытацца ў такiх рэчах. Але калi ўздымаюцца пытаннi такога кшталту, мне згадваюцца словы Наўзмэна, што „дакладнасць - гэта абавязак, а не дабрачыннасць"5. Хвалiць гiсторыка за дакладнасць - тое ж, што хвалiць архiтэктара за выкарыстанне ў будоўлi добра вымешанага цэменту. Гэта неабходная ўмова ягонай працы, а не яго сутнасная функцыя. Менавiта дзеля гэтага гiсторык мае права абапiрацца на так званыя дапаможныя гiстарычныя навукi - археалогiю, эпiграфiку, нумiзматыку, храналогiю i г.д. Ад гiсторыка не патрабуюцца спецыяльныя навыкi, неабходныя для вызначэння паходжання i датавання фрагмента керамiкi цi мармура, расшыфроўкi незразумелага надпiсу або складаных астранамiчных разлiкаў з мэтай вызначэння дакладнай даты. Гэтыя так званыя падставовыя факты, аднолькавыя для ўсiх гiсторыкаў, на практыцы належаць да катэгорыi сыравiны гiсторыка, а не да самой гiсторыi. Другая заўвага ў тым, што патрэба ўстанавiць гэтыя падставовыя факты грунтуецца не на якой-небудзь уласцiвасцi самiх фактаў, а на апрыёрным рашэннi гiсторыка. Апрача дэвiзу Скота кожны журналiст сёння ведае, што самы эфектыўны шлях уздзеяння на меркаваннi пралягае праз адбор i расстаноўку адпаведнай фактуры. Часта можна пачуць, што факты гавораць самi за сябе. Гэта, канешне, не так. Факты гавораць толькi тады, калi iх выклiкае гiсторык: менавiта ён вырашае, якiм фактам даць слова, у якiм парадку i кантэксце. Здаецца, адзiн з герояў Пiрандэла сказаў, што факты падобныя на мех - не будзе стаяць, пакуль не напоўнiш. Адзiная прычына нашай цiкавасцi да таго, што бiтва пры Ганстынгсе адбылася ў 1066 г., у тым, што гiсторыкi лiчаць яе вялiкай гiстарычнай падзеяй. Менавiта гiсторык адпаведна сваiм матывам вызначыў, што пераход Цэзара праз нязначны ручай Рубiкон - гэта факт гiсторыi, тады як пераход Рубiкона мiльёнамi людзей да i пасля таго не цiкавiць нiкога. Тое, што вы дабралiся да гэтага дому паўгадзiны таму пехам або на ровары цi машыне - такi ж самы факт мiнулага, як i пераход Цэзара праз Рубiкон. Але яго пэўна ж праiгнаруюць гiсторыкi. Прафесар Талькат Парсанз аднойчы назваў навуку „сiстэмай адбора кагнiтыўных арыентацый на рэальнасць"6. Магчыма, сказана занадта проста. Але i гэта, мiж iншага, ёсць гiсторыяй. Гiсторык - той, хто абавязкова адбiрае. Вера ў цвёрдае ядро гiстарычных фактаў, якiя iснуюць аб'ектыўна i незалежна ад iнтэрпрэтацыi гiсторыка, гэта абсурдны сафiзм, але яна з тых вер, якiя цяжка выкараняюцца.

Давайце паглядзiм на працэс трансфармацыi простага факту мiнулага ў факт гiстарычны. У 1850 г. у Стэйлiбрыдж Ўэйкс у вынiку нейкай нязначнай сваркi раззлаваны натоўп забiў нагамi да смерцi прадаўца iмбiрных пернiкаў. Цi з'яўляецца гэты факт гiстарычным? Год таму я б не вагаючыся сказаў „не". Гэты выпадак быў запiсаны вiдавочцам у нейкiх малавядомых мемуарах7. Я нiколi не лiчыў яго вартым увагi гiсторыка. У мiнулым годзе доктар Кiтсан Кларк згадаў яго ў сваiх лекцыях у Оксфардзе8. Цi ператварае гэта тое здарэнне ў гiстарычны факт? Думаю, што не. Мяркую, яго цяперашнi статус такi: ён рэкамендаваны сябрам у элiтны клуб гiстарычных фактаў. Цяпер ён чакае апекуна i фундатараў. Магчыма, праз колькi гадоў мы ўбачым, што гэты факт увойдзе спачатку ў спасылкi, потым у тэкст артыкулаў i кнiг пра Ангельшчыну ХIХ ст., i што ў дваццацi-трыццацi гадовы тэрмiн ён можа стаць стабiльным гiстарычным фактам. А можа наадварот, нiхто не падхопiць яго, тады ён зноў вернецца ў кладоўку негiстарычных фактаў мiнулага, адкуль доктар Кiтсан Кларк галантна спрабаваў яго выбавiць. Што вырашыць, якая з гэтых дзвюх магчымасцяў рэалiзуецца? Усё будзе залежаць, думаю, ад таго, цi тэза або iнтэрпрэтацыя, ў падтрымку якой доктар Кiтсан Кларк цытаваў гэты iнцыдэнт, прымецца iншымi гiсторыкамi як важкая i значная. Статус яго як гiстарычнага факта ператвараецца ў пытанне iнтэрпрэтацыi. Такi элемент iнтэрпрэтацыi ўваходзiць у кожны гiстарычны факт.

Дазвольце асабiсты ўспамiн. Калi я вывучаў старажытную гiсторыю ў гэтым унiверсiтэце шмат гадоў таму, у мяне быў спецыяльны прадмет „Грэцыя ў перыяд Персiдскiх войнаў". Я сабраў пятнаццаць цi дваццаць тамоў на кнiжнай палiцы i напiсанае ў тых тамах лiчыў даўно даведзеным, я меў усе факты, што датычылi майго прадмету. Удакладнiм, у тых тамах утрымлiвалiся ўсе факты аб прадмеце, якiя былi цi маглi быць вядомыя. Мне нiколi не прыходзiла ў галаву пацiкавiцца, у вынiку якога выпадку цi працэсу зношвання нязначная колькасць гэтых адабраных з усiх мiрыяд калi-небудзь вядомых фактаў захавалася, каб стаць фактамi гiсторыi. Падазраю, што нават сёння старажытная i сярэднявечная гiсторыя зачароўвае нас у тым лiку i тым, што стварае iлюзiю наяўнасцi ўсiх фактаў у дыяпазоне даследавання: прыдзiрлiвы падзел на факты гiстарычныя i iншыя факты мiнулага знiкае, таму што некалькi вядомых фактаў i ёсць усёй гiстарычнай фактурай. Як казаў Б'юры, якi займаўся абодвума згаданымi перыядамi, „аналы старажытнай i сярэднявечнай гiсторыi поўныя лакунаў"9. Гiсторыю называлi велiзарнай ажурнай пiлой з мноствам страчаных фрагментаў. Але асноўная праблема не ў запаўненнi лакунаў. Наша карцiна Грэцыi V ст. да н.э. неадэкватная не столькi таму, што выпадкова страчана мноства фрагментаў, колькi таму, што яна наогул прадстаўляе малюнак, створаны маленькай групай людзей ў горадзе Афiны. Мы ведаем шмат пра тое, як выглядала Грэцыя V ст. да н.э. у вачах грамадзян Афiнаў, i фактычна нiчога не ведаем пра тое, як яе бачылi жыхары Спарты, Карынфу, Фiваў - не кажучы ўжо пра персаў, рабоў цi прадстаўнiкоў не-грамадзян Афiнаў. Мы маем справу з карцiнай папярэдне адфiльтраванай i абмежаванай не столькi выпадкам, колькi людзьмi, свядома цi несвядома фарбаваўшымi сваiм асабiстым поглядам i думкаю факты, якiя падцвярджалi, што гэты погляд варты захавання. Тое самае, калi я чытаю ў сучаснай гiсторыi Сярэднiх вякоў, што людзi ў Сярэднявеччы былi глыбока рэлiгiйныя, у мяне паўстае пытанне, адкуль мы ведаем гэта, i цi гэта праўда. Што мы ведаем, калi факты сярэднявечнай гiсторыi амаль усе падабраныя для нас пакаленнямi хранiстаў, якiя прафесiйна займалiся тэорыяй i практыкай рэлiгii, а значыць лiчылi яе найважнейшай i запiсвалi ўсё, што тычылася яе - i не больш. Уяўленне пра рэлiгiйную адданасць расiйскага селянiна было разбуранае рэвалюцыяй 1917 г. Вобраз сярэднявечнага чалавека як глыбока рэлiгiйнага, так гэта цi не, непарушны, бо амаль усе вядомыя факты пра яго папярэдне выбраныя для нас людзьмi, якiя верылi ў гэта i хацелi, каб у гэта паверылi i iншыя, а маса iншых фактаў, у якiх мы б мелi магчымасць знайсцi сведчанне адваротнага, згублены незваротна. Мёртвая рука сышоўшых са сцэны гiсторыкаў, пiсараў i хранiстаў вызначае малюнак мiнулага, не пакiдаючы магчымасцi апеляцыi. „Гiсторыя, якую мы чытаем, - пiша медыявiст прафесар Бараклаў, - хоць яна i грунтуецца на фактах, з'яўляецца, строга кажучы, заснаванай зусiм не на фактах, а на шэрагу прынятых меркаванняў"10.

Але звернемся да iншага, не менш важнага абавязку гiсторыка. Даследчык старажытнасцi або медыявiст можа быць удзячны велiзарнаму працэсу адсейвання, праз гады даўшага яму ў рукi прыдатны корпус гiстарычных фактаў. Як казаў у сваёй гарэзлiвай манеры Лiта Стрэчы, „няведанне -першы рэквiзiт гiсторыка, няведанне, якое спрашчае i высвятляе, якое адбiрае i апускае"11. Калi мною авалодвае - што бывае -зайздрасць да неверагоднай кампетэнтнасцi калегаў, што пiшуць старажытную цi сярэднявечную гiсторыю, я суцяшаюся ў роздуме: яны настолькi кампетэнтныя пераважна таму, што такiя невукi ва ўласным прадмеце. Гiсторык сучаснасцi не атрымлiвае нiякай асалоды ад перавагаў гэтага зададзенага невуцтва. Але ён мусiць культываваць у сабе гэтую неабходную якасць - i тым больш, чым блiжэй падыходзiць да свайго часу. У яго падвойная задача адкрыцця нямногiх значных фактаў, ператварэння iх у факты гiстарычныя i адмаўлення ад мноства нязначных фактаў як негiстарычных. Менавiта ў гэтым контраверсiйнасць ерасi ХIХ ст.: гiсторыя складаецца з кампiляцыi максiмальнай колькасцi неабвержных i аб'ектыўных фактаў. Хто ж паддасца на гэтую ерась, будзе вымушаны або адмовiцца ад гiсторыi як кепскай працы i заняцца калекцыянаваннем марак цi якога iншага антыкварыяту, або скончыць свае днi ў вар'ятнi. Менавiта гэтая ерась цягам апошнiх ста гадоў мела разбуральны эфект на сучаснага гiсторыка, стварыўшы ў Нямеччыне, Вялiкабрытанii i Злучаных Штатах велiзарную i нарастаўшую масу сухiх, як прах, фактаграфiчных даследаванняў, спецыяльных манаграфiй-аднадзёнак, нiбыта гiсторыкаў, ведаўшых усё больш i больш пра менш i менш i патануўшых бясследна ў акiяне фактаў. Менавiта гэтая ерась, падазраю, а не канфлiкт памiж лiберальнай i каталiцкай прыхiльнасцямi, як кажуць, пахаваў Эктана як гiсторыка. У раннiм эсэ пра свайго настаўнiка Дзёлiнгера Эктан адзначаў: „Ён нiколi не пiсаў, маючы няпоўныя матэрыялы, а для яго матэрыялы заўсёды былi няпоўныя"12. Несумненна Эктан тут абвяшчае апераджальны вердыкт сабе: такi дзiўны феномен гiсторыка, якога многiя лiчаць самым выдатным з усiх уладальнiкаў Каралеўскай катэдры Новай гiсторыi ў гэтым унiверсiтэце, якi не стварыў гiсторыi. Той самы Эктан напiсаў сабе эпiтафiю ва ўступнай нататцы да першага тома Cambridge Modern History, выдадзенай акурат пасля яго смерцi. Там ён скардзiўся, што патрабаваннi, якiя цiснуць на гiсторыка, „пагражаюць ператварыць яго з аўтара ў складальнiка энцыклапедыi"13. Тут нешта разладзiлася. I тое, што разладзiлася - вера ў гэтае нястомнае i бясконцае збiранне цвёрдых фактаў як падмурка гiсторыi, вера, што факты гавораць самыя за сябе, i што не можа быць занадта шмат фактаў, вера, у той час настолькi безапеляцыйная, што зусiм нямногiя гiсторыкi лычылi неабходным - а некаторыя i сёння лiчаць гэта непатрэбным - задаць сабе пытанне „Што такое гiсторыя?"

Фетышызм фактаў ХIХ ст. завяршаўся i апраўдваўся фетышызмам дакументаў, цi помнiкаў. Дакументы былi каўчэгам запавету ў храме фактаў. Поўны глыбокай пашаны гiсторык наблiжаўся да iх са схiленай галавой i размаўляў пра iх шэптам. Калi вы знойдзеце гэта ў дакументах, значыць гэта так. Але што гэтыя дакументы - дэкрэты, дамовы, спiсы земляў i даходаў ад iх арэнды, сiнiя кнiгi, афiцыйная карэспандэнцыя, прыватныя лiсты i дзённiкi - скажуць нам, калi мы iх праглынем? Нiводзiн дакумент не можа сказаць нам больш за тое, што думаў яго аўтар: што ён думаў пра тое, што адбылося; што ён думаў пра тое, што павiнна адбыцца i адбудзецца; а можа толькi тое, што ён хацеў, каб iншыя думалi, што ён думае; цi нават толькi тое, што ён сам думаў, што думае. Усё гэта не значыць нiчога, пакуль гiсторык не папрацуе над iм i не расшыфруе яго. Перш, чым хоць неяк карыстацца фактамi - цi тыя выяўлены ў помнiках, цi не, гiсторык мусiць яшчэ апрацаваць iх: выкарыстанне iх ёсць, калi можна так сказаць, працэсам апрацоўкi.

Дазвольце добра вядомым прыкладам праiлюстраваць тое, што я спрабую выкласцi. Калi Гуcтаў Штрэзэман, мiнiстр замежных справаў Веймарскай рэспублiкi, памёр у 1929 г., ён пакiнуў пасля сябе велiзарную колькасць - 300 поўных скрыняў - папераў, афiцыйных, паўафiцыйных ды прыватных, i амаль усе мелi дачыненне да ягонай шасцiгадовай дзейнасцi на мiнiстэрскай пасадзе. Сябры i блiзкiя, натуральна, палiчылi, што гэтаму вялiкаму чалавеку трэба ўзвесцi помнiк. Адданы сакратар Бэрнгард узяўся за працу, i праз тры гады з тых трох сотняў скрыняў з'явiлiся тры важкiх тамы - прыкладна па 600 старонак кожны - выбраных дакументаў пад уражвальнай назвай: Stresemanns Vermachtnis. Звычайным чынам самы па сабе дакументы марнелi б у якiм-небудзь сутарэннi цi на гарышчы i знiклi б назаўсёды, цi можа праз якiх сто гадоў нейкi цiкаўны вучоны натрапiў бы на iх i вырашыў бы параўнаць з тэкстамi Бэрнгарда. Але тое, што адбылося, аказалася яшчэ больш драматычным. У 1945 г. дакументы трапiлi ў рукi брытанскага i амерыканскага ўрадаў, якiя сфатаграфавалi шмат з iх i аддалi негатывы ў карыстанне даследчыкам у Public Record Office у Лондане i ў Нацыянальны архiў у Вашынгтоне: так што, калi хапае цярпення i цiкаўнасцi, можна дакладна высветлiць, што зрабiў Бэрнгард. А тое, што ён зрабiў, не было нi вельмi арыгiнальным, нi надта шакуючым. Калi Штрэзэман памёр, здавалася, што ягоная заходняя палiтыка ўвянчалася шэрагам блiскучых поспехаў - Лакарна, прыняцце Нямеччыны ў Лiгу нацый, план Даўэса, план Янга, амерыканскiя пазыкi, вывад саюзных акупацыйных войскаў з Рэйнскай зямлi. Гэта ўяўлялася значнай i вартай часткай знешняй палiтыкi Штрэзэмана i, натуральна, мусiла быць прадстаўлена i ў зборнiку дакументаў Бэрнгарда. Усходняя палiтыка Штрэзэмана, з iншага боку, яго дачыненнi з Савецкiм Саюзам, здавалася, не прывялi нi да чога асаблiвага, i паколькi масы дакументаў пра перамовы, якiя далi толькi нязначныя вынiкi, не былi цiкавыя i нiчога не дадавалi да аўтарытэту Штрэзэмана, працэс адбору мог быць больш строгiм. А на самой справе дачыненням з Савецкiм Саюзам Штрэзэман прысвяцiў нашмат больш настойлiвай i зацiкаўленай увагi, i яны адыгрывалi значна большую ролю ў ягонай знешняй палiтыцы ў цэлым, чым гэта вынiкае са зборнiка Бэрнгарда. Я думаю, што тамы Бэрнгарда не з'яўляюцца выключэннем сярод шматлiкiх выдадзеных зборнiкаў дакументаў, на якiя без ваганняў спасылаецца звычайны гiсторык.

Гэта не канец маёй гiсторыi. Хутка пасля публiкацыi тамоў Бэрнгарда да ўлады прыйшоў Гiтлер. Iмя Штрэзэмана было забытае ў Нямеччыне, а тамы знiклi са звароту: большая частка, верагодна, была знiшчаная. Сёння Stresemanns Vermachtnis - даволi рэдкая кнiга. Але на Захадзе аўтарытэт Штрэзэмана заставаўся высокi. У 1935 г. ангельскi выдавец надрукаваў скарочаны пераклад працы Бэрнгарда - выбранае з выбранага. Не ўвайшла магчыма трэць арыгiнала. Сатан, добра вядомы перакладчык з нямецкай, зрабiў сваю працу кампетэнтна i добра. Ангельская версiя, тлумачыў ён у прадмове, „крыху скарочаная, але толькi за кошт пропуску пэўнай колькасцi таго, што здавалася больш выпадковым ... i ўяўляла меншую цiкавасць для ангельскiх чытачоў i даследчыкаў"14. I гэта таксама натуральна. Але ў вынiку ўсходняя палiтыка Штрэзэмана, ужо недапрадстаўленая ў Бэрнгарда, аддаляецца яшчэ больш, i Савецкi Саюз выступае ў выданнi Сатана ў якасцi амаль выпадковага i няпрошанага госця пераважна заходняй знешняй палiтыкi Штрэзэмана. З пэўнасцю можна казаць, што для ўсiх за невялiкiм выняткам спецыялiстаў голас Штрэзэмана рэпрэзентуе Сатан, а не Бэрнгард - i яшчэ менш самыя дакументы. Калi б нават апошнiя загiнулi пад бомбамi ў 1945 г., цi знiклi б ацалелыя тамы Бэрнгарда, аўтэнтычнасць i аўтарытэт Сатана нiколi не выклiкалi б сумненняў. Многiя надрукаваныя зборнiкi дакументаў, з удзячнасцю прынятыя гiсторыкамi з прычыны адсутнасцi арыгiналаў, грунтуюцца не на больш надзейным падмурку, чым гэты.

Але я б хацеў крыху прадоўжыць. Давайце забудземся на Бэрнгарда i Сатана i, дзякуючы таму, што можам выбраць, звернемся да аўтэнтычных папераў лiдара якiх-небудзь значных падзей нядаўняй еўрапейскай гiсторыi. Што скажуць нам гэтыя паперы? Сярод iншага яны ўтрымлiваюць запiсы не адной сотнi перамоваў Штрэзэмана з савецкiм паслом у Бэрлiне i прыкладна такой жа колькасцi з Чычэрыным. Гэтыя запiсы маюць адну агульную рысу. Яны паказваюць, што менавiта Штрэзэман правёў iльвiную долю перамоваў i ягоныя аргументы былi нязменна добра сфармуляванымi i пераканаўчымi, а аргументы партнёра ў большасцi выпадкаў мiзэрнымi, блытанымi i непераканаўчымi. Гэта характэрная рыса ўсiх запiсаў дыпламатычных перамоваў. Дакументы гавораць нам не тое, што адбылося, але толькi тое, што Штрэзэман думаў, што адбылося, або ён хацеў, каб iншыя думалi, цi можа тое, што ён сам хацеў думаць, што адбылося. Не Сатан i Бэрнгард, а сам Штрэзэман пачаў працэс адбору. I калi б мы мелi запiсы Чычэрына гэтых самых перамоваў, мы б даведалiся з iх толькi пра тое, што думаў Чычэрын, а тое, што рэальна адбылося, розум гiсторыка яшчэ мусiў бы рэканструяваць. Канешне, факты i дакументы важныя для гiсторыка. Але не рабiце з iх фетыша. Яны не прадстаўляюць гiсторыю самыя па сабе. Самыя па сабе яны не даюць нiякага гатовага адказу на гэтае надакучлiвае пытанне „Што такое гiсторыя?".

Тут я б хацеў сказаць некалькi словаў пра тое, чаму гiсторыкi ХIХ ст. былi ўвогуле iндыферэнтныя да фiласофii гiсторыi. Тэрмiн быў вынайдзены Вальтэрам, i з таго часу выкарыстоўваеца ў розных значэннях, але я, калi ўвогуле буду iм карыстацца, буду мець на ўвазе наш адказ на пытанне „Што такое гiсторыя?". ХIХ стагоддзе было для заходнееўрапейскiх вучоных перыядам, спрыяльным для росту веры i аптымiзму. Факты задавальнялi ўсiх, а схiльнасць задаваць i адказваць на непрыемныя пытаннi наконт iх была адносна слабая. Ранке верыў, што боская воля паклапоцiцца пра значэнне гiсторыi, калi ён паклапоцiцца пра факты, а Буркгардт па-сучаснаму, з большым цынiзмам заўважыў: „Няма чаго капацца ў прызначэннях вечнай мудрасцi". Прафесар Батэрфiлд толькi ў 1931 г. адзначыў з адпаведным задавальненнем, што „гiсторыкi мала сумнявалiся ў прыродзе рэчаў i нават прыродзе свайго прадмета"15. Але мой папярэднiк па гэтых лекцыях, доктар Э.Л.Роўз, больш справядлiва крытычны, пiсаў пра кнiгу сэра Ўiнстана Чэрчыля World Crisis („Сусветны крызiс") пра першую сусветную вайну, што яна роўная History of the Russian Revolution („Гiсторыi расiйскай рэвалюцыi") па асобе, яркасцi i выразнасцi, i саступае толькi ў адным: яна „не мае за сабой фiласофii гiсторыi"16. Брытанскiя гiсторыкi адмовiлiся выказацца не таму, што не прызнавалi за гiсторыяй нiякага значэння, а таму, што ўважалi, быццам яе значэнне не выклiкае сумненняў i само сабой зразумелае. Лiберальны погляд на гiсторыю ў ХIХ ст. вельмi блiзкi эканамiчнай дактрыне неўмяшальнiцтва - таксама прадукт спакойнага i самаўпэўненага погляду на свет. Няхай кожны займаецца сваёй справай, а нябачная рука парупiцца пра ўнiверсальную гармонiю. Самыя па сабе факты былi дэманстрацыяй найвышэйшага факту дабратворнага i вiдавочна бясконцага прагрэсавання да рэчаў вышэйшага парадку. Гэта быў узрост нявiннасцi, i гiсторыкi блукалi па райскiм садзе, не маючы на сабе нi шматка фiласофii, аголеныя, не ведаючы сораму перад Богам гiсторыi. З таго часу яны зведалi Грэх i перажылi Падзенне, i тыя гiсторыкi, якiя сёння хочуць абыходзiцца без фiласофii гiсторыi, нiбы сябры калонii нудыстаў, проста дарэмна спрабуюць аднавiць райскi сад на гарадской ускраiне. Цяпер нельга ўнiкнуць гэтага нязручнага пытання.

За апошнiя пяцьдзесят гадоў па пытанню „Што такое гiсторыя?" выканана добрая частка сур'ёзнай працы. Менавiта з Нямеччыны, краiны, якой было наканавана зрабiць так шмат для разбурэння зручнага панавання лiбералiзму ў ХIХ ст., у 1880-х i 1890-х г. пачуўся першы выклiк дактрыне прымата i аўтаномii фактаў у гiсторыi. Фiлосафы, ад якiх сыходзiў гэты выклiк, цяпер не больш, чым iмёны: Дылтэй - адзiны з iх, хто нядаўна атрымаў крыху запозненае прызнанне ў Вялiкабрытанii. Перад пачаткам нашага стагоддзя росквiт i аптымiзм у гэтай краiне былi яшчэ затрывалыя, каб хоць якая ўвага надавалася ерэтыкам, атакаваўшым культ фактаў. Але ў пачатку новага стагоддзя паходня перайшла да Iталii, дзе Крочэ пачаў прапаноўваць для абмеркавання фiласофiю гiсторыi, якая вiдавочна многiм была абавязаная нямецкiм настаўнiкам. Уся гiсторыя - „сучасная гiсторыя", абвясцiў Крочэ17, маючы на ўвазе, што асноўная сутнасць гiсторыi ў бачаннi мiнулага вачыма сучаснага i ў святле яго праблемаў, i што галоўная праца гiсторыка не ў запiсваннi, але ў ацэнцы, бо, калi не ацэньваць, дык адкуль можна ведаць, што вартае запiсу? У 1910 г. амерыканскi гiсторык Карл Бэкер сцвярджаў у стрымана правакацыйнай манеры, што „гiстарычныя факты не iснуюць для гiсторыка, пакуль ён не створыць iх"18. На гэтыя выклiкi тады мала звярталi ўвагi. Толькi пасля 1920 г. Крочэ набыў значную папулярнасць у Францыi i Вялiкабрытанii. Гэта здарылася, пэўна, не таму, што ён быў тонкiм мысляром або стылiстам, лепшым за сваiх нямецкiх папярэднiкаў, а таму, што пасля I сусветнай вайны факты, здавалася, не так насмiхаюцца з нас, як да 1914 г., i мы былi больш адкрытыя фiласофii, схiльнай змяншаць iх прэстыж. Крочэ меў значны ўплыў на оксфардскага фiлосафа i гiсторыка Колiнгвуда, адзiнага брытанскага iнтэлектуала цяперашняга стагоддзя, якi ўнёс сур'ёзны даробак у фiласофiю гiсторыi. Яму не хапiла часу напiсаць планаваную сiстэматызаваную працу, але надрукаваныя i ненадрукаваныя артыкулы Колiнгвуда па дадзенай праблеме былi сабраныя ў пасмяротным томе пад назвай The Idea of History („Iдэя гiсторыi"), якi выйшаў у 1945 г.

Погляды Колiнгвуда можна падсумаваць наступным чынам. Фiласофiя гiсторыi не тычыцца нi „мiнулага самога па сабе", нi „меркавання гiсторыка пра яго самога па сабе", але „гэтых абодвух рэчаў у iх узаемадзеяннi". (Гэтае выказванне адлюстроўвае дадзеныя два значэннi слова „гiсторыя" - даследаванне, якое ажыццяўляе гiсторык, i шэраг падзей мiнулага, якiя ён аналiзуе.) „Мiнулае, даследаванае гiсторыкам, гэта не памерлае мiнулае, а такое, што ў пэўным сэнсе жыве яшчэ i цяпер". Але былое дзеянне мёртвае, г.зн. не мае сэнсу для гiсторыка, пакуль ён не зможа зразумець думку, што стаяла за iм. Такiм чынам, „уся гiсторыя ёсць гiсторыяй думкi", i „гiсторыя - узнаўленне ў свядомасцi гiсторыка думкi, гiсторыю якой ён вывучае". Рэканструкцыя мiнулага ў свядомасцi гiсторыка залежыць ад эмпiрычнага сведчання. Але яна сама не ёсць працэсам эмпiрычным, i не можа складацца проста з дэталёвага пералiку фактаў. Наадварот, працэс узнаўлення кiруе адборам i iнтэрпрэтацыяй фактаў: гэта, фактычна, i робiць iх гiстарычнымi фактамi. „Гiсторыя, - кажа прафесар Оўкшат, якi ў гэтым пытаннi стаiць блiзка да Колiнгвуда, - вопыт гiсторыка. Яна „робiцца" не кiм iншым, а толькi гiсторыкам: напiсаць гiсторыю - адзiная магчымасць стварыць яе."19

Гэтая грунтоўная крытыка, хоць яна можа выклiкаць некаторыя сур'ёзныя агаворкi, высвятляе пэўныя iсцiны, якiмi грэбавалi раней.

Па-першае, гiстарычныя факты нiколi не даходзяць да нас „чыстымi", паколькi не iснуюць i не могуць iснаваць у чыстай форме: яны заўсёды прасейваюцца праз свядомасць таго, хто запiсвае. Адсюль вынiкае, што калi мы выбралi працу гiсторыка, наш першы клопат мусiць тычыцца не фактаў, а гiсторыка, якi апiсаў iх. Дазвольце прывесцi ў прыклад вялiкага гiсторыка, гонару i асобе якога i прысвячаюцца гэтыя лекцыi. Дж.М.Трэвэльян, як ён кажа ў сваёй аўтабiяграфii, „выхоўваўся дома на ў чымсцi гiпертрафаванай традыцыi вiгаў"20, i ён, спадзяюся, не запярэчыў бы, калi б я назваў яго апошнiм па часе, але не па значнасцi сярод вялiкiх ангельскiх лiберальных гiсторыкаў традыцыi вiгаў. Што з таго, што ён сваiм паходжаннем праз вялiкага гiсторыка-вiга Джорджа Ота Трэвэльяна звязаны з Маколеям, несумненна найвялiкшым з гiсторыкаў-вiгаў. У такiм кантэксце i была напiсана самая лепшая i спелая праца Трэвэльяна England under Queen Anne („Ангельшчына пры каралеве Ганне"), i яна набывае свой поўны сэнс i значнасць для чытача толькi тады, калi чытаецца на тым жа фоне. Аўтар не нясе нiякай адказнасцi, калi чытач не здолее зрабiць гэтага. Бо калi вы, пераймаючы тэхнiку аматараў дэтэктыва, чытаеце спачатку канец, то на апошнIх некалькiх старонках трэцяга тома вы знойдзеце найлепшае з вядомых мне рэзюмэ таго, што сёння называецца вiгаўскай iнтэрпрэтацыяй гiсторыi, i ўбачыце: Трэвэльян спрабуе даследаваць паходжанне i развiццё традыцыi вiгаў i ўкаранiць яе проста ў часы пасля смерцi яе заснавальнiка Ўiльяма III. Хоць гэта, магчыма, не адзiная памылковая iнтэрпрэтацыя падзей перыяду панавання каралевы Ганны, яна з'яўляецца важкай i карыснай для Трэвэльяна iнтэрпрэтацыяй. Але, каб ацанiць усю яе каштоўнасць, вы мусiце разумець, што робiць гiсторык. Бо калi, як кажа Колiнгвуд, гiсторык павiнны ўзнавiць у думках тое, што адбывалася ў свядомасцi персанажаў ягонай драмы, дык i чытач, у сваю чаргу, мусiць узнавiць, што адбываецца ў свядомасцi гiсторыка. Вывучы гiсторыка да таго, як пачаць даследаваць факты. Гэта, урэшце, не так цяжка зразумець. Гэта тое, што ўжо зрабiў старанны студэнт, якi, пасля таго, як яму рэкамендавалi прачытаць працу вялiкага вучонага Джоўнза з Сэнт Джудз, едзе да сябра ў Сэнт Джудз, каб спытаць яго, што за дзядзька гэты Джоўнз i на чым ён памяшаны. Калi вы чытаеце працу па гiсторыi, заўсёды прыслухоўвайцеся да чуткаў. Калi ж вы не можаце iх знайсцi, то або вы глухаватыя, або ваш гiсторык шэры. У сапраўднасцi факты зусiм не падобныя да рыбы на прылаўку рыбнай крамы. Яны падобныя да рыбы, што плавае ў велiзарным i часам недасягальным акiяне. Што зловiць гiсторык, будзе залежаць часткова ад выпадку, але галоўным чынам ад таго, якую частку акiяна ён выбiрае для лоўлi i якi бярэ рыштунак, - гэтыя два фактары, канешне, залежаць ад вiду рыбы, якую ён хоча злавiць. Увогуле, гiсторык здабудзе такiя факты, якiя хоча. Гiсторыя азначае iнтэрпрэтацыю. Сапраўды, калi б, пераварочваючы сэра Джорджа Кларка, я назваў гiсторыю „цвёрдым ядром iнтэпрэтацыi ў сярод мякацi спрэчных фактаў", маё сцверджанне, несумненна, было б аднабокiм i памылковым, але, адважуся думаць, не больш чым арыгiнальнае выказванне.

Другая праблема больш знаёмая - гэта патрэба вобразнага разумення свядомасцi людзей, якiмi гiсторык займаецца, думкаў, што стаяць за iх дзеяннямi: я кажу „вобразнае разуменне", не „сiмпатызаванне", бо трэба мець на ўвазе не сiмпатыю, а ўзгадненне. ХIХ стагоддзе было слабым у сярэднявечнай гiсторыi, таму што рэлiгiйныя прымхi Сярэднявечча i выклiканае iмi варварства былi яму зачужыя, каб з'явiлася хоць якое вобразнае разуменне людзей Сярэднявечча. Вазьмiце жорсткую заўвагу Буркхардта наконт Трыццацiгадовай вайны: „Ганебна для веравызнання, без рознiцы каталiцкага цi пратэстанцкага, ставiць свой паратунак вышэй яднання нацыi"21. Лiберальнаму гiсторыку ХIХ ст., выхаванаму на перакананнi, што правамерна i ўхвальна забiваць дзеля абароны краiны, але кепска i неразумна забiваць у абарону рэлiгii, было неверагодна цяжка прыняць светагляд удзельнiкаў Трыццацiгадовай вайны. Гэтая праблема асаблiва актуальная у сферы, у якой цяпер працую я. Шмат таго, што напiсана ў ангельскамоўных краiнах за апошнiя дзесяць гадоў пра Савецкi Саюз, i ў Савецкiм Саюзе пра ангельскамоўныя краiны, сапсаванае гэтай няздольнасцю дасягнуць хаця б элементарнага вобразнага разумення таго, што адбываецца ў свядомасцi процiлеглага боку, так што словы i дзеяннi iншых падаюцца злымi, бессэнсоўнымi цi няшчырымi. Гiсторыя не можа быць напiсаная без дасягнення гiсторыкам своеасаблiвага кантакту са свядомасцю тых, пра каго ён пiша.

Па-трэцяе, мы можам бачыць мiнулае i дасягнуць яго разумення толькi вачыма цяперашняга. Гiсторык належыць да свайго часу i прывязаны да яго ўмовамi чалавечага iснавання. Самыя словы, якiмi ён карыстаецца - накшталт словаў дэмакратыя, iмперыя, вайна, рэвалюцыя - маюць сучасныя канатацыi, ад якiх ён не можа аддзялiць самi словы. Гiсторыкi старажытнасцi прынялi да карыстання словы накшталт „полiс" i „плебс" у арыгiнальным значэннi, якраз каб паказаць, што яны не трапiлi ў гэтую пастку. Гэта не ратуе iх. Яны таксама жывуць цяпер i не могуць падмануць сябе i апынуцца ў мiнулым пры дапамозе незнаёмых цi састарэлых словаў, як i не сталi б яны лепшымi знаўцамi гiсторыi Грэцыi i Рыму, калi б чыталi свае лекцыi ў хламiдах ды тогах. Словы, якiмi пазнейшыя французскiя гiсторыкi называлi парыжскi натоўп, што граў такую значную ролю ў Французскай рэвалюцыi - les sans-culottes, le peuple, la canaille, les bras-nus - усе яны для ведаючых правiлы гульнi з'яўляюцца манiфестамi палiтычнай прыналежнасцi i дэталёвай iнтэрпрэтацыi. Усё ж гiсторык абавязаны выбiраць: выкарыстанне мовы не дазваляе яму заставацца нейтральным. I справа не толькi ў словах. На працягу апошнiх ста гадоў зменены баланс сiлаў у Еўропе прывёў да поўнага перагляду стаўлення брытанскiх гiсторыкаў да Фрыдрыха Вялiкага. Перайначаны баланс улады ў хрысцiянскай царкве памiж каталiцтвам i пратэстанцтвам абсалютна змянiў iх стаўленне да такiх фiгураў, як Лаёла, Лютар i Кромвэль. Дастаткова павярхоўна ведаць працы французскiх гiсторыкаў апошнiх сарака гадоў па французскай рэвалюцыi, каб убачыць, наколькi глыбока на iх паўплывала расейская рэвалюцыя 1917 г. Гiсторык належыць не мiнуламу, а сучаснасцi. Прафесар Трэвар-Роўпэр кажа, што гiсторык „павiнны любiць мiнулае"22. Гэты сумнiўны загад лёгка можа быць выяўленнем настальгiчнага рамантызму старых людзей i старых грамадстваў, сiмптомам страты веры i цiкавасцi да сучаснасцi i будучага23. Клiшэ дзеля клiшэ, я б аддаў перавагу таму, хто вызваляецца ад „мёртвай рукi мiнулага". Функцыяй гiсторыка ёсць не любiць мiнулае, не вызваляцца ад мiнулага, але разумець яго i валодаць iм як ключом разумення сучаснасцi.

Гэтыя заўвагi можна назваць поглядам Колiнгвуда на гiсторыю. Час звярнуць увагу на некаторыя небяспечныя моманты. Акцэнтаванне ролi гiсторыка ў стварэннi гiсторыi мае тэндэнцыю, калi давесцi да лагiчнага канца, выключаць усялякую аб'ектыўную гiсторыю: гiсторыя ёсць тым, што стварае гiсторык. Колiнгвуд, здаецца, сапраўды ў нейкi момант у ненадрукаванай нататцы, цытаванай ягоным рэдактарам, прыйшоў да такой высновы:

Св. Аўгусцiн глядзеў на гiсторыю з пункту гледжання ранняга хрысцiянiна; Тылямон - з пункту гледжання француза XVII ст.; Гiбон - з пункту гледжання ангельца XVIII ст.; Момзэн - з пункту гледжання немца XIX ст. Не мае сэнсу пытанне, якi з пунктаў гледжання слушны. Кожны быў адзiна магчымы для прыняўшага яго24.
Так даходзiць да татальнага скептыцызму, такога, як заўвага Фроўда, што гiсторыя - „дзiцячая скрынка з лiтарамi, з якiх можна скласцi якое заўгодна слова"25. Колiнгвуд у сваёй рэакцыi супраць „кампiлятыўнай гiсторыi", супраць погляду на гiсторыю як на простую кампiляцыю фактаў, падыходзiць небяспечна блiзка да вызначэння гiсторыi як нечага выцягнутага з чалавечага розуму i вяртае да высновы, на якую спасылаўся сэр Джордж Кларк у цытаваным вышэй фрагменце: „"аб'ектыўнай" гiстарычнай праўды не iснуе". Замест тэорыi, што гiсторыя не мае значэння, нам прапануюць тут тэорыю неакрэсленасцi значэнняў. Кожная з iх не больш слушная за iншую - абедзьве вядуць да вельмi падобнага. Другая тэорыя несумненна настолькi ж непрыдатная, як i першая. Калi гара набывае розныя формы з розных кропак гледжання, гэта не сведчыць нi пра адсутнасць формы ўвогуле, нi пра няпэўнасць форм. Тое, што iнтэрпрэтацыя грае неабходную ролю ва ўстанаўленнi гiстарычных фактаў i што нiводная з iснуючых iнтэрпрэтацый не з'яўляецца абсалютна аб'ектыўнай, не азначае, быццам адна iнтэпрэтацыя гэткая ж добрая, як i другая, i гiстарычныя факты ў прынцыпе не паддаюцца iнтэрпрэтацыi аб'ектыўнай. Далей мне давядзецца паразважаць, што менавiта разумеецца пад аб'ектыўнасцю гiсторыi.

У гiпотэзе Колiнгвуда ўтойваецца яшчэ большая небяспека. Калi гiсторык абавязкова глядзiць на свой перыяд гiсторыi вачыма свайго часу i вывучае праблемы мiнулага як ключ да праблемаў сучаснасцi, цi не скоцiцца ён да чыста прагматычнага погляду на факты i сцверджання, што крытэрый слушнасцi iнтэрпрэтацыi - гэта яго адпаведнасць якой-небудзь сённяшняй мэце? Паводле гэтай гiпотэзы, гiстарычныя факты - нiшто, iнтэпрэтацыя - усё. Нiцшэ ўжо сфармуляваў гэты прынцып: „Фальшывасць меркавання не ёсць для нас якiм-небудзь пярэчаннем яму. ... Пытанне ў тым, наколькi яно жыццядайнае, жыццеахоўнае, вiдазахавальнае, можа вiдастваральнае"26. Амерыканскiя прагматысты iшлi, не так вiдавочна i не так самааддана, тым самым шляхам. Веды ёсць ведамi для нейкай мэты. Важкасць ведаў залежыць ад важкасцi мэты. Але нават там, дзе такая тэорыя не вызнавалалася, практыка часта была не менш трывожнай. У галiне майго даследавання я бачыў занадта шмат прыкладаў экстравагантнай iнтэрпрэтацыi, якая груба абыходзiлася з фактамi, каб рэальнасць гэтай небяспекi не ўразiла. Не дзiўна, што ўважлiвае прачытанне некаторых найбольш скрайнiх прадуктаў савецкай i антысавецкай школаў гiстарыяграфii часам спараджае пэўную настальгiю па тых iлюзорных нябёсах чыста фактаграфiчнай гiстарыяграфii ХIХ ст.

Тады як нам у сярэдзiне ХХ ст. вызначыць, што гiсторыку рабiць з яго фактамi? Здаецца, у апошнiя гады я дастаткова часу страцiў на пошукi i ўважлiвае чытаннi дакументаў, напаўняючы свой гiстарычны наратыў дакладнымi спасылкамi на факты, каб пазбегнуць абвiнавачання ў занадта вольным абыходжаннi з фактамi i дакументамi. Абавязак гiсторыка паважаць свае факты не вычэрпваецца абавязкам бачыць, што ягоныя факты дакладныя. Ён мусiць дамагацца ўключэння ў карцiну ўсiх вядомых i тых, пра якiя яшчэ можна даведацца фактаў, у тым цi iншым сэнсе датычных тэмы даследавання i прапанаванай iнтэрпрэтацыi. Калi ён iмкнецца паказаць вiктарыянскага ангельца маральнай i рацыянальнай iстотай, ён не можа забывацца на тое, што адбылося ў Стэйлiбрыдж Ўэйкс у 1850 г. Гэта ж, у сваю чаргу, не азначае, што ён можа iгнараваць iнтэрпрэтацыю - кроў гiсторыi. Неспецыялiсты - так бы мовiць, неакадэмiчныя прыяцелi або прадстаўнiкi iншых акадэмiчных дысцыплiн - часам пытаюцца ў мяне, як гiсторык працуе, калi пiша гiсторыю. Самае распаўсюджанае меркаванне, што гiсторык падзяляе сваю працу на дзве цалкам адрозныя фазы. Першую займае доўгi падрыхтоўчы перыяд: чытанне крынiцаў i напаўненне сшыткаў фактамi. Потым, калi гэта зроблена, ён выкладвае ўсе свае крынiцы, дастае сшыткi i пiша кнiгу ад пачатку да канца. Карцiна ў такiм выглядзе для мяне непераканаўчая i непраўдападобная. Што да мяне, дык калi толькi натрапiў на некалькi асноўных крынiц, пачынаецца такi моцны сверб, што я сядаю пiсаць - неабавязкова з пачатку, але з якога-небудзь месца, з любога месца. Далей чытанне i пiсанне iдуць адначасова. Да напiсанага нешта дадаецца, нешта выкiдаецца, перафармулёўваецца, здымаецца, па меры таго, як я працягваю чытаць. Пiсанне шлiфуе, накiроўвае, робiць плённым чытанне: чым болей я пiшу, тым болей я ведаю, чаго шукаю, лепш разумею значэнне i дарэчнасць знойдзенага. Магчыма, некаторыя гiсторыкi выконваюць усё гэтае папярэдняе пiсанне ў галаве, не карыстаючыся ручкай, паперай цi друкавальнай машынкай, як некаторыя гуляюць у шахматы ў думках, без дошкi i партнёра: гэта талент, якому я зайздрошчу, але сам iм не валодаю. Ва ўсялякiм разе, я перакананы, што ў кожнага, хто варты называцца гiсторыкам, гэтыя два працэсы, названыя эканамiстамi „загрузкай" i „выхадам", адбываюцца адначасова i на практыцы з'яўляюцца часткамi адзiнага працэсу. Калi паспрабуеш iх раздзялiць, або паставiць адзiн над другiм, кiдаешся ў адну з ерасяў. Або пiшаш кампiлятыўную гiсторыю без сэнсу i значэння, або пiшаш прапаганду цi гiстарычную белетрыстыку, пры гэтым проста карыстаешся фактамi мiнулага, каб аздобiць напiсанае, якое не мае нiякага дачынення да гiсторыi.

У вынiку нашага разбору стаўлення гiсторыка да фактаў гiсторыi мы апынаемся ў вiдавочна небяспечным становiшчы памiж Сцылай непрыдатнай тэорыi гiсторыi як аб'ектыўнай кампiляцыi фактаў, безумоўнай перавагi факта перад iнтэрпрэтацыяй, i Харыбдай роўна непрыдатнай тэорыi гiсторыi як суб'ектыўнага прадукта разумовай дзейнасцi гiсторыка, якi вызначае факты гiсторыi i апрацоўвае iх у працэсе iнтэрпрэтацыi; памiж поглядам на гiсторыю з цэнтрам цяжару ў мiнулым i поглядам на гiсторыю з цэнтрам цяжару ў сучаснасцi. Але нашае становiшча не такое безнадзейнае, як здаецца. Мы сутыкнемся з гэтай самай дыхатамiяй факта i iнтэрпрэтацыi зноў у гэтых лекцыях пад iншымi маскамi - асобнае i агульнае, эмпiрычнае i тэарэтычнае, аб'ектыўнае i суб'ектыўнае. Праблема гiсторыка - рэфлексiя над прыродай чалавека. Чалавек, за выняткам можа ранняга дзяцiнства i глыбокай старасцi, зусiм не цалкам захоплены асяроддзем i безумоўна яму падпарадкаваны. З iншага боку, ён нiколi не бывае безумоўным валадаром асяроддзя або абсалютна незалежным ад яго. Узаемадачыненнi чалавека з асяроддзем - гэта i ёсць адносiны гiсторыка да яго тэмы. Гiсторык не з'яўляецца нi пакорлiвым рабом, нi гаспадаром-тыранам у дачыненнi да сваiх фактаў. Дачыненнi памiж гiсторыкам i яго фактамi - дачыненнi роўнасцi, дай-i-вазьмi. Кожны практыкуючы гiсторык ведае, калi ён перастае задумвацца над тым, што робiць, калi гiсторык думае i пiша, то ён заняты працяглым працэсам ператварэння сваiх фактаў у сваю iнтэрпрэтацыю i сваёй iнтэрпрэтацыi ў свае факты. Паставiць адно над другiм немагчыма.

Гiсторык пачынае з папярэдняга адбору фактаў i папярэдняй iнтэрпрэтацыi, у святле якой рабiўся iх адбор - як iншымi, так i iм самiм. У працэсе працы i iнтэрпрэтацыя, i адбор, i ўпарадкаванне фактаў зведваюць адмысловыя i магчыма часткова несвядомыя змены дзякуючы ўзаемадзеянню, якое ўлучае таксама i ўзаемадзеянне сучаснага з мiнулым, бо гiсторык - частка сучаснага, а факты належаць да мiнулага. Гiсторык i факты гiсторыi неабходныя адзiн аднаму. Гiсторык без сваiх фактаў пазбаўлены каранёў i бясплодны; факты без свайго гiсторыка мёртвыя i бессэнсоўныя. Такiм чынам, мой першы адказ на пытанне „Што такое гiсторыя?" наступны. Гэта працяглы працэс узаемадзеяння памiж гiсторыкам i ягонымi фактамi, несканчальны дыялог сучаснага з мiнулым.

Пераклала Iрэна Ганецкая * Carr E.H. The Historian and His Facts // яго ж, What is History. London. 1990. P.7-30.
1 The Cambridge Modern History: Its Origin, Authorship and Production. 1907. P.10-12.
2 The New Cambridge Modern History. I. 1957. P.XXIV-XXV.
3 Acton, Lectures on Modern History. 1906. P.318.
4 Цытуецца ў Listener, 19 June 1952. P.992
5 M.Manilii Astronomicon: Liber Primus. 2nd еd. 1937. P. 87.
6 Parsons T. and Shils E. Towards a General Theory of Action. 2nd еd. 1954. P.167.
7 Sanger G. Seventy Years a Showman. 2nd еd.1926. P.188-9.
8 Clark K. The Making of Victorian England. 1962.
9 Bury J.B. Selected Essays. 1930. P.52.
10 Barraclough G. History in a Changing World. 1955. P.14.
11 Strachey L. Прадмова да Eminent Victorians.
12 Цытавалася ў G.P.Gooch, History and Historians in the Nineteenth Century, p. 385; пазней Эктан сказаў пра Дзёлiнгера, што "яму было дадзена стварыць сваю фiласофiю гiсторыi на найвялiкшай iндукцыi, калi-небудзь даступнай чалавеку" (History of Freedom and Other Essays. 1907. P.435).
13 Cambridge Modern History. I. 1902. P.4.
14 Stresemann G. Diaries, Letters and Papers. I. 1935 - заўвага рэдактара.
16 Rowse A.L. The End of an Epoch. 1947. P.181-3.
17 Кантэкст гэтага знакамiтага афарызму наступны: „Практычныя патрабаваннi, якiя стаяць за кожным гiстарычным меркаваннем, надаюць усёй гiсторыi характар "сучаснай гiсторыi", таму што, якiмi б аддаленымi ў часе не здавалiся выкладзеныя такiм чынам падзеi, у сапраўднасцi гiсторыя мае дачыненне да сучасных патрэбаў i сучасных сiтуацый, у якiх тыя падзеi i пульсуюць" (Croce B. History as the Story of Liberty (анг. перакл). 1941. P.19.
18 Atlantic Monthly, October 1910. P.528.
19 Oakeshott M. Experience and Its Modes. 1933. P.99.
20 Trevelyan G.M. An Autobiography. 1949. P.11.
21 Burckhardt J. Judgements on History and Historians. 1959. P.179.
22 Уступ да: Burckhardt J. Judgements on History and Historians. P.17.
23 Параўнай погляд Нiцшэ на гiсторыю: "Мiнулым часам належыць старэчы занятак азiрацца i падводзiць рахункi, шукаць заспакаення ва ўспамiнах з мiнулага, у гiстарычнай культуры" (Thoughts Out of Season (анг. перакл.). 1909. II. P.65-6.
24 Collingwood R. The Idea of History. 1946. P.XII.
25 Froude A. Short Studies on Great Subjects. I.1894. P.21
. 26 Beyond Good and Evil. Ch.I.


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by