БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 4 Сшыткi 1-2 (6-7) Снежань 1997

Вяртанне наратыву: развагi пра новую старую гiсторыю*

Лорэнс Стоўн

I

Гiсторыкi заўсёды апавядалi гiсторыi. Ад Фукiдзiда з Тацытам да Гiбона з Маколеем iхная найвялiкшая амбiцыя заў-жды палягала ў тым, каб выкласцi свой аповед жывою, элегант-наю прозаю. Гiсторыя лiчылася галiною рыторыкi. Аднак у апошнiя пяцьдзесят гадоў дзеячы т. зв. "новае гiсторыi" перыяду пасля II сусветнай вайны1, якiя ўважалi сябе за авангард свае прафесii, зняславiлi гэтую апавядальнiцкую функцыю. У Францыi апавядальнiцтва адрынулi як l'histoire йvйnementielle ("гiсторыю падзеяў"). Цяпер, аднак, я заўважаю прыкметы падводнае плынi, якая зноў зацягвае шмат каго з вядомых "новых гiсторыкаў" у тую цi iншую форму наратыву.

Перш чым разбiрацца ў прыкметах такое змены i разважаць пра магчымыя яе прычыны, варта праяснiць некаторыя паняццi. Па-першае - што мы будзем называць "наратывам" (narrative)2 . Наратыў азначае арганiзацыю матэрыялу ў храналагiчнай паслядоўнасцi i канцэнтрацыю зместу вакол аднаго звязнага сюжэту, хоць бы i з пабочнымi лiнiямi. Два асноўныя адрозненнi структурнае гiсторыi ад наратыўнае наступныя: яна будуецца апiсальна, а не аналiтычна, а цэнтр яе цiкавасцi ляжыць у чалавеку, а не ў абставiнах. Таму яна мае справу не столькi з калектыўным i статыстычным, колькi з асабiстым i канкрэтным. Наратыў - адзiн з спосабаў гiстарычнага пiсьма, але ён уплывае на змест i метад гiсторыi i ў сваю чаргу знаходзiцца пад iхным уплывам.

Я маю тут на ўвазе не такi наратыў, якi ўжывае звычайны хранiкёр-антыкварый або аналiст. Гэты выклад зыходзiць з пэўнага "ўнутранага прынцыпу" (pregnant principle), мае сваю тэму i аргументацыю. Для Фукiдзiда тэмаю былi Пэлапанэскiя войны i iхнае катастрафiчнае ўздзеянне на грэцкае грамадства i палiтыку; у Гiбона - тое самае, што стаiць у назове ягонае працы; для Маколея - узнiкненне ў напружаннi рэвалюцыйнае палiтыкi лiберальнага дзяржаўнага ладу, пры якiм насельнiцтва бярэ чынны ўдзел у дзяржаўным жыццi (liberal participatory constitution). Бiёграф апавядае гiсторыю жыцця пэўнага чалавека ад нараджэння i да смерцi. Нiхто з гiсторыкаў, якiя згодна з маiм вызначэннем належаць да наратыўнае плынi, не можа цалкам пазбегнуць аналiзу, але аналiз нiколi не бывае тым каркасам, вакол якога будуецца iхная праца. I, нарэшце, iм надта рупiць рытарычны аспект выкладу. З поспехам цi не, але яны iмкнуцца да стылiстычнае зграбнасцi, дасцiпнасцi i афарыстычнасцi. Iм мала абы-як паскiдаць словы на старонку i пакiнуць iх там, як тыя каровячыя праснакi на полi, - маўляў, раз гiсторыя ёсць навука, дык яна выдатна можа абысцiся i без дапамогi з боку мастацтва.

Не трэба лiчыць, што вызначаныя тут тэндэнцыi стасуюцца да пераважнае бальшынi гiсторыкаў. Я хачу толькi звярнуць увагу на значны зрух у змесце, метадзе i стылi працы, якi адбыўся сярод надта вузкае, але i надта ўплывовае праслойкi прафесiйных гiсторыкаў. Гiсторыя заўсёды жыла на шмат дамоў, i так мусiць быць надалей, калi мы хочам, каб у будучынi яна таксама квiтнела. Трыумф кожнага жанру i ўсялякае школы на справе заўжды вядзе да вузкага сектанцтва, нарцысiзму i самахвальства, да падазронасцi або тыранii ў дачыненнi да iншадумцаў i да iншых прыкрых i самагубных праяваў. Такiя выпадкi знаёмыя нам усiм. У некаторых краiнах i навуковых установах "новыя гiсторыкi" ў апошнiя 30 г. гэтак перарабiлi ўсё на свой капыл, што там склалася нездаровая сiтуацыя; але не здаравей будзе i тады, калi недзе гэтаксама запануе новая тэндэнцыя (пры ўмове, што гэта сапраўды тэндэнцыя).

Важна таксама зазначыць раз назаўжды, што гэты нарыс мае на мэце акрэсленне заўважаных аўтарам зменаў, якiя адбылiся ў гiстарычным стылi, а не ацэнку таго, якi спосаб пiсаць гiсторыю лепшы, а якi горшы. У кожным гiстарыяграфiчным доследзе цяжка пазбегнуць ацэначных меркаванняў, але гэты нарыс не мае на мэце ўзняць нейкi сцяг або распачаць нейкую рэвалюцыю. Аўтар не будзе нiкога змушаць выкiнуць свой калькулятар i ўзяцца распавядаць сюжэтныя гiсторыi.

II

Перш чым пачаць разгляд апошнiх тэндэнцыяў, трэба азiрнуцца назад, каб патлумачыць: чаму каля 50 г. таму шмат хто з гiсторыкаў адмовiўся ад 2000-гадовае традыцыi, згодна з якою наратыў прызнаваўся за iдэальны спосаб пiсаць гiсторыю. Перадусiм, насуперак палкiм запэўненням у адваротным, у гiстарычных колах пашырылася не пазбаўленая слушнасцi думка, што адказы на пытаннi "Што?" i "Як?" у храналагiчным стылi, нават аб'яднаныя логiкай пэўнае стрыжнёвае аргументацыi, на справе не надта дапамагаюць адказаць на пытанне "Чаму?". Апроч таго, тагачасныя гiсторыкi знаходзiлiся пад магутным уздзеяннем як марксiсцкае iдэалогii, так i метадалогii грамадскiх навук. Таму яны цiкавiлiся грамадствамi, а не асобамi, i былi перакананыя, што можна распрацаваць нейкую "навуковую гiсторыю", якая з цягам часу сфармулюе абагульненыя законы гiстарычных зменаў.

Тут мы мусiм яшчэ раз прыпынiцца, каб вызначыць, што маецца на ўвазе пад "навуковай гiсторыяй". Упершыню паняцце "навуковае гiсторыi" сфармуляваў у XIX ст. Ранкэ. У ягонай аснове ляжала вывучэнне матэрыялаў з новых крынiц. Лiчылася, што пiльная тэкстуальная крытыка нераскрытых дагэтуль дакументаў, пахаваных па дзяржаўных архiвах, раз назаўжды ўсталюе факты палiтычнае гiсторыi. У апошнiя 30 г. у гiстарычнай навуцы пашырылiся тры вельмi адрозныя плынi навуковай гiсторыi, якiя грунтавалiся не на новых матэрыялах, а на новых мадэлях цi метадах: марксiсцкая эканамiчная мадэль, французская экалагiчна-дэмаграфiчная мадэль i амерыканская "клiаметрычная" метадалогiя. Згодна са старою марксiсцкаю мадэллю, гiсторыя рухаецца ў дыялектычным працэсе ад тэзiсу да антытэзiсу, цераз барацьбу класаў, якiя ўтвараюцца праз змены ў кантролi над сродкамi вытворчасцi. У 1930-я г. гэтая канцэпцыя спарадзiла надта спрошчаны эканамiчна-сацыяльны дэтэрмiнiзм, якi закрануў багата тагачасных маладых навукоўцаў. Менавiта паняцце навуковае гiсторыi марксiсты моцна баранiлi аж да канца 1950-х г.; пра гэта сведчыць той факт, што часопiс Past and Present аж да 1959 г. не мог змянiць свой падзагаловак з "Часопiсу навуковай гiсторыi" на "Часопiс гiстарычных доследаў". Варта зазначыць, што цяперашняе пакаленне "нэа-марксiстаў", здаецца, адмовiлася ад бальшынi падставовых дагматаў традыцыйнага марксiзму 1930-х. Цяпер яны гэтаксама, як i iхныя калегi - не-марксiсты, цiкавяцца дзяржавай, палiтыкай, рэлiгiяй i iдэалогiяй, i, здаецца, перасталi прэтэндаваць на iмкненне да "навуковае гiсторыi".

У iншым сэнсе выразам "навуковая гiсторыя" карыстаецца з 1945 г. французская гiстарычная школа "Аналаў", галоў-ным прадстаўнiком якое, хоць i даволi скрайным, можа лiчыцца прафесар Э. Ле Руа Лядуры. Згодна з гэтаю школай, ключавая зменная ў гiсторыi - зрухi ў экалагiчнай раўнавазе памiж запасамi харчавання i колькасцю насельнiцтва; гэтая раўнавага мусiць вызначацца шляхам квантытатыўнага вывучэння прадукцыйнасцi сельскае гаспадаркi, дэмаграфiчных зменаў i цэнаў на ежу на працягу даўжэйшага часу. Такую разнавiднасць "навуковае гiсторыi" спарадзiла камбiнацыя квантыфiкацыйнае метадалогii з даўнымi французскiмi зацiкаўленнямi гiстарычнай геаграфiяй i гiстарычнай дэмаграфiяй. Ле Руа Лядуры наўпрост казаў, што "гiсторыя, якая не паддаецца квантыфiкацыi, не можа прэтэндаваць на навуковасць"3 .

Трэцяе значэнне тэрмiну "навуковая гiсторыя" характэрнае перадусiм для Амерыкi. Тамтэйшыя "клiаметрысты" на ўвесь голас цвердзяць, што толькi iхная адмысловая квантытатыўная метадалогiя мае права звацца навуковаю4. Згодна з iмi, уся супольнасць гiсторыкаў падзяляецца на дзве часткi. Ёсць "традыцыяналiсты", у лiк якiх уваходзяць як старамодныя гiсторыкi-наратывiсты, што займаюцца найбольш дзяржаўнай палiтыкай i гiсторыяй дзяржаўнага ладу, так i "новыя" гiсторыкi школаў "Аналаў" i Past and Present, што спецыялiзуюцца на эканамiчнай, дэмаграфiчнай i сацыяльнай гiсторыi - нягледзячы на тое, што апошнiя таксама карыстаюцца квантыфiкацыяй, i што абедзве групы, асаблiва ў Францыi, ужо некалькi дзесяцiгоддзяў зацята варагуюць мiжсобку. Зусiм асобна ад iх стаяць навуковыя гiсторыкi - клiаметрысты, якiх яднае метадалогiя, а не той цi iншы прадмет доследу або разуменне прыроды гiстарычных зменаў. Яны будуюць парадыгматычныя (часам супярэчныя фактам) мадэлi светаў, якiя нiколi не iснавалi ў рэальным жыццi, i правяраюць валiднасць сваiх мадэляў з дапамогай найскладанейшых матэматычных i алгебраiчных формулаў, апрацоўваючы паводле iх электронным чынам велiзарныя масы звестак. Iхная спецыяльнасць - эканамiчная гiсторыя, i ў Злучаных Штатах яны фактычна запанавалi ў гэтай галiне; апроч таго, яны ажыццяўлялi маштабныя наезды ў гiсторыю дэмакратычнае палiтыкi апошняга часу, стасуючы свае метады да выбарчых паводзiнаў - як выбаршчыкаў, так i выбiраных. Гэтыя праекты, грандыёзныя, як будоўля пiрамiдаў, канечне, патрабуюць калектыўнае працы: пад аўтакратычным наглядам кiраўнiка групы цэлыя брыгады руплiвых асiстэнтаў збiраюць зыходныя звесткi, кадуюць iх, праграмуюць i прапускаюць праз кампутар. Вынiкi гэтае працы не паддаюцца праверцы нiводным з традыцыйных метадаў, бо ўсе зыходныя звесткi не паведамляюцца ў заўвагах, а застаюцца пахаваныя ў кампутарных стужках, якiмi валодаюць толькi самi даследчыкi. Але ў кожным разе яны часта перадаюцца настолькi цёмнай матэматычнай формай, што застаюцца незразумелымi для бальшынi прафесiйных гiсторыкаў. Адзiнае суцяшэнне для збянтэжаных прафанаў у тым, што самi сябры гэтага святарскага ордэну заўзята i публiчна адмаўляюць адзiн адному ў слушнасцi iх вынаходстваў.

Тры гэтыя тыпы "навуковае гiсторыi" да некаторае ступенi перакрываюцца, аднак, прынамсi ў вачох сваiх прыхiльнiкаў, кожны з iх мае досыць адметных рысаў, каб апраўдаць iснаванне гэтае траiстае тыпалогii.

Iншыя "навуковыя" тлумачэннi гiстарычных зменаў, здабываючы на нейкi час прыхiльнасць навукоўцаў, неўзабаве выходзiлi з моды. Французскi структуралiзм даў блiскучыя ўзоры тэарэтычнага мыслення, але нiводнае значнае гiстарычнае працы - калi не лiчыць творы Мiшэля Фуко працамi больш па гiсторыi, а не па фiласофii маралi з гiстарычнымi прыкладамi. Парсанiянскi функцыяналiзм, якому папярэднiчала "Навуковая тэорыя культуры" Малiноўскага, праiснаваў даволi доўга, нягледзячы на тое, што яму не ўдалося вытлумачыць нi зменаў, якiя адбываюцца з цягам часу, нi таго вiдавочнага факту, што матэрыяльныя i бiялагiчныя патрэбы грамадства, з аднога боку, i ягоныя iнстытуты i каштоўнасцi, з другога, заўсёды адпавядалi адно адному далёка не дасканала, а часта нават вельмi слаба. Як структуралiзм, так i функцыяналiзм прапаноў-валi каштоўныя канцэпцыi, але нiводзiн з iх блiзка не падыйшоў да таго, каб даць гiсторыкам усеабдымнае навуковае тлумачэнне гiстарычных зменаў.

Усе гэтыя тры асноўныя групы навуковых гiсторыкаў, росквiт якiх прыпаў на перыяд адпаведна з 1930-х да 1950-х, з 1950-х да сярэдзiны 1970-х i на 1960-я ды пачатак 1970-х, былi цалкам перакананыя ў вырашальнасцi асноўных праблемаў гiстарычнага тлумачэння i ў тым, што з цягам часу яны патрапяць iх вырашыць. Яны спадзявалiся, што некалi, напэўна, удасца знайсцi адназначныя рашэннi такiх цяжкiх праблемаў, як прычыны "вялiкiх рэвалюцыяў", пераходу ад феадалiзму да капiталiзму, ад традыцыйных грамадстваў да сучасных. Гэты палкi аптымiзм, так вiдавочны памiж 1930-мi i 1960-мi г. у першых дзвюх групах "навуковых гiсторыкаў", падтрымлiваўся i верай у тое, што матэрыяльныя ўмовы, такiя, як змены ў суадносiнах колькасцi насельнiцтва i запасаў харчавання, у сродках вытворчасцi i класавай барацьбе, ёсць вядучыя сiлы гiсторыi. Шмат для каго, хоць i не для ўсiх, iнтэлектуальныя, культурныя, рэлiгiйныя, псiхалагiчныя, юрыдычныя, а нават палiтычныя падзеi былi не больш чым эпiфеноменамi. Паколькi змест новага жанру гiстарычнага доследу дыктаваўся ў значнай меры эканамiчным i/цi дэмаграфiчным дэтэрмiнiзмам, то для арганiзацыi i падачы звестак аналiтычны спосаб выкладу быў зручнейшы за наратыўны, а самi звесткi мусiлi, пакуль магчыма, насiць колькасны характар.

Французскiя гiсторыкi, якiя сталi ў 1950-х i 1960-х г. на чале гэтага смелага пачыну, распрацавалi стандартную ерархiчную класiфiкацыю: на першым месцы, i ў пералiку i паводле значнасцi, выступалi факты эканомiкi i дэмаграфii, далей сацыяльная структура, i нарэшце - iнтэлектуальныя, рэлiгiйныя, культурныя i палiтычныя падзеi. Тры гэтыя ярусы разглядалiся як нешта накшталт паверхаў у доме: кожны з iх абапiраўся на нiжэйшы, але верхнiя зусiм або амаль не мелi нiякага зваротнага ўплыву на нiжнiя. У руках некаторых гiсторыкаў новая метадалогiя i новыя пытаннi прыносiлi плён амаль што сенсацыйны. Першыя кнiгi Фэрнана Брадэля, П'ера Губэра i Эмануэля Ле Руа Лядуры вартыя стаць нароўнi з найвялiкшымi гiстарычнымi працамi ўсiх вякоў i народаў5. Ужо толькi яны адны цалкам апраўдваюць прыняццё цэлым пакаленнем аналiтычнага i структурнага падыходу.

У вынiку, аднак, узнялася магутная хваля гiстарычнага рэвiзiянiзму. Паколькi рэальную значнасць меў толькi першы з трох ярусаў, а галоўным прадметам доследу была не культура элiты, а матэрыяльнае становiшча масаў, то зрабiлася магчымым казаць пра гiсторыю кантынентальнай Еўропы ад XIV да XVIII ст. як пра "нерухомую гiсторыю" (l'histoire immobile). Прафесар Ле Руа Лядуры даводзiў, што за гэтыя пяць стагоддзяў не змянiлася нiчога - абсалютна нiчога! - паколькi грамадства ўпарта заставалася ў вязнiцы сваёй традыцыйнай i нязменнай "экадэмаграфii" (йco-dйmographie)6 . Для гэтае новае мадэлi гiсторыi такiя рухi, як Рэнесанс, Рэфармацыя, Асветнiцтва i ўзнiкненне сучаснае дзяржавы папросту не iснавалi. Яна цалкам iгнаравала грандыёзныя трансфармацыi культуры, мастацтва, архiтэктуры, лiтаратуры, рэлiгii, адукацыi, навукi, права, дзяржаўнага ладу, дзяржаўнага будаўнiцтва, бюракратыi, вайсковае арганiзацыi, фiскальных захадаў i г.д., якiя адбывалiся ў гэтыя пяць стагоддзяў у вышэйшых эшалонах грамадства. Такая дзiўная слепата вынiкала з цвёрдага пераканання, што ўсе гэтыя сферы належаць да трэцяга ярусу, да чыста павярхоўнае надбудовы. Калi некаторыя навукоў-цы гэтае школы пачалi апошнiм часам стасаваць свае выпрабаваныя статыстычныя метады да такiх праблемаў, як пiсьменнасць, змесцiва бiблiятэк i ўздым i заняпад хрысцiянскае пабожнасцi, гэтую сваю дзейнасць яны назвалi стасаваннем квантыфiкацыйных метадаў да le troisiиme niveau.

III

Першая прычына цяперашняга адраджэння наратыву - распаўсюджанае расчараванне ў дэтэрмiнiсцкай эканамiчнай мадэлi гiстарычнага тлумачэння i ў той трохяруснай ерархiчнай структуры, якую яна стварыла. Раскол памiж сацыяльнай i iнтэлектуальнай гiсторыяй прынёс надта прыкры плён. Абе-дзве яны апынулiся ў iзаляцыi адна ад адной, засяродзiлiся самi на сабе i надта звузiлi свой абсяг. У Амерыцы iнтэлектуальнай гiсторыi, якая некалi была флагманам гiстарычнае навукi, прыйшлося так нялёгка, што на нейкi час яна нават страцiла веру ў сябе7; сацыяльная гiсторыя тым часам расквiтнела як нiколi раней, але як толькi вера ў чыста эканамiчныя i сацыяльныя тлумачэннi пачала слабець, то выявiлася, што гонар гэтае галiны гiстарычнае навукi за свае iзаляваныя дасягненнi быў толькi прадвеснiкам заняпаду жыццёвых сiлаў. Факты гiсторыi (the historical record) прымусiлi сёння шмат каго з нас прызнаць, што памiж такiмi рэчамi, як лiк насельнiцтва, клiмат, забяспечанасць ежай, каштоўнымi металамi, цэны i г. д., з аднаго боку, i каштоўнасцямi, iдэямi i звычаямi, з другога, iснуюць надзвычай складаныя двухбаковыя cувязi. Разам з сацыяльнымi - статуснымi або класавымi - стасункамi яны ўтвараюць адзiную семантычную структуру (web of meaning).

Шмат хто з гiсторыкаў цяпер лiчыць, што культура групы i нават воля асобы патэнцыйна становяць не менш, калi не больш, важныя прычыннiкi зменаў, чым безасабовыя сiлы матэрыяльнае вытворчасцi i дэмаграфiчнага росту. Няма нiякiх тэарэтычных прычын, чаму першыя заўсёды павiнны дыктавацца апошнiмi, а не наадварот; i сапраўды, факты падаюць багата прыкладаў адваротнае залежнасцi8. Так, кантрацэпцыя - прадукт яўна не толькi эканамiчных абставiнаў цi тэхнiчнае вынаходлiвасцi, але не ў меншай меры i стану свядомасцi. Доказ слушнасцi такога меркавання можна ўбачыць у шырокiм распаўсюджаннi гэтае практыкi па ўсёй Францыi задоўга да эпохi iндустрыялiзацыi, амаль за стагоддзе да таго, як гэты звычай пашырыўся ў iншых заходнiх краiнах, i пры адсутнасцi моцнага папуляцыйнага цiску (хiба што на дробных фермах). Гэтаксама мы цяпер ведаем, што нуклеарная сям'я ўзнiкла раней за iндустрыяльнае грамадства, а паняццi прыватнасцi, кахання i iндывiдуалiзму ўзнiклi падобным жа чынам напрыканцы XVII i на пачатку XVIII ст. у Англii ў найтрадыцыйнейшых сектарах традыцыйнага грамадства i не былi вынiкам пазнейшых эканамiчных i сацыяльных працэсаў мадэрнiзацыi грамадства. Пурытанская этыка нарадзiлася з рэлiгiйнага руху, якi паўстаў у англасаксонскiх супольнасцях Англii i Новай Англii за стагоддзi да таго, як паўстала патрэба ў руцiнных мадэлях працы i была збудавана першая фабрыка. Тым часам памiж пiсьменнасцю i урбанiзацыяй, з аднаго боку, i iндустрыялiзацыяй, з другога, iснуе (прынамсi што да Францыi XIX ст.) i адваротная карэляцыя. Узровень пiсьменнасцi аказваецца кепскiм iндыкатарам "сучаснага" ладу думак (attitudes) або "сучасных" прафесiяў9. Вось жа, повязi памiж культурай i грамадствам сапраўды надта складаныя, i яны, як выглядае, вар'ююцца ад часу да часу i ад месца да месца.

Цяжка ўстрымацца ад падазрэння, што сваю ролю тут адыграла i аслабленне iдэалагiчнай заангажаванасцi заходнiх iнтэлектуалаў. Калi зiрнуць на тры самыя палкiя гiстарычныя дыскусii 1950-х i 1960-х г. - пра тое, на ўздыме цi ў заняпадзе знаходзiлася шляхта ў Англii XVII ст., рос цi падаў на раннiх этапах iндустрыялiзацыi рэальны прыбытак рабочага класу, а таксама аб прычынах, прыродзе i наступствах амерыканскага рабства, - дык пабачым, што ўсе гэтыя спрэчкi ў сваёй аснове распальвалiся бягучымi iдэалагiчнымi клопатамi. На той час здавалася страшэнна важна ведаць, цi мае слушнасць марксiсцкая iнтэрпрэтацыя гiсторыi, i таму гэтыя пытаннi набылi актуальнасць i выклiкалi вялiкае ўзрушэнне. Iнтэлектуальны заняпад марксiзму i прыняццё на Захадзе мяшанае эканомiкi прыглушылi iдэалагiчную кантраверсiю; адначасна з гэтым гiстарычны дослед страцiў iмпэт да вялiкiх пытанняў "Чаму?". Праўдападобна, памiж дзвюма гэтымi тэндэнцыямi iснуе некаторая залежнасць.

Эканамiчны i дэмаграфiчны дэтэрмiнiзм падрываўся не толькi прыняццём iдэяў, культуры i нават iндывiдуальнае волi за незалежныя зменныя. Яго падрывала i адраджэнне пры-знання таго факту, што структура грамадства, размеркаванне багацця, аграрная сiстэма i нават культура элiты вельмi часта дыктавалiся палiтычнай i вайсковай уладай з дапамогай грубае сiлы. Класiчныя прыклады - нарманская заваёва Англii ў 1066 г. i, магчыма, тыя розныя шляхi, якiя абралi сабе ў XVI-XVII ст. Усходняя Еўропа, Паўночна-Усходняя Еўропа i Англiя10. "Новых гiсторыкаў" 1950-х i 1960-х г., несумненна, будуць жорстка крытыкаваць за тое, што яны, апантаныя сацыяльнымi, эканамiчнымi i дэмаграфiчнымi сiламi гiсторыi, не аддалi належнае ўвагi палiтычнай арганiзацыi, працэсу прыняцця рашэнняў i выпадковасцям бiтваў i аблогаў, разбурэнняў i заваёваў. Праз флуктуацыi палiтычнае ўлады i перамены ваеннае фартуны паўставалi i гiнулi цывiлiзацыi. Надта дзiўна, што тыя, хто ўважаў сябе за авангард гiстарычнае навукi, так доўга не звярталiся да гэтых рэчаў. На практыцы бальшыня гiсторыкаў надалей працягвала займацца палiтычнай гiсторыяй, што, праўда, ужо не лiчылася верхам наватарства. Запозненае прызнанне важнасцi ўлады, асабiстых палiтычных рашэнняў асобнага чалавека i шанцаў у бiтве прымусiла некаторых гiсторыкаў, хочучы-няхочучы, вярнуцца да апавядальнага стылю выкладу. Кажучы словамi Макiявэлi, нi з virtu, нi з fortuna нельга даць сабе рады iнакш, як толькi праз наратыў цi нават анекдот, бо першае з двух гэтых паняццяў - iндывiдуальны атрыбут, а другое - шчаслiвы цi няшчасны выпадак.

Трэцi сур'ёзны ўдар па структурнай i аналiтычнай гiсторыi быў нанесены тым фактам, што ў выкарыстаннi свайго найбольш характэрнага метаду - а менавiта квантыфiкацыi - яе заслугi аказалiся дагэтуль досыць спрэчнымi. Квантыфiкацыя, бясспрэчна, метад цалкам даспелы, i ў шмат якiх галiнах гiстарычнага доследу без яе не абысцiся - асаблiва ў дэмаграфiчнай гiсторыi, гiсторыi сацыяльнай структуры i сацыяльнай мабiльнасцi, эканамiчнай гiсторыi i гiсторыi мадэляў галасавання i выбарчых паводзiнаў у дэмакратычных палiтычных сiстэмах. Выкарыстанне квантыфiкацыi значна павысiла агульную якасць гiстарычнага дыскурсу, патрабуючы дакладных лiчбаў, а не агульных словаў, як дагэтуль. Гiсторык больш не можа абысцiся словамi, якiя лагiчна прадугледжваюць колькаснае параўнанне, накшталт "больш", "менш", "рост", "спад" i падобнымi, не падаючы статыстычнага абгрунтавання сваiх цверджанняў. Квантыфiкацыя, апрача таго, здыскрэдытавала звычай будаваць аргументацыю выключна на паасобных пры-кладах. Цяперашнiм часам крытыкi патрабуюць статыстычных доказаў тыповасцi пададзеных прыкладаў, каб быць пэўнымi, што гэта не проста выключэннi з агульнага правiла. Такiя працэдуры, бясспрэчна, павысiлi лагiчную сiлу i пераканаўчасць гiстарычнае аргументацыi. Цяпер усе згодныя, што гiсторык мусiць вылiчваць заўжды, калi гэта магчыма i плённа, i калi захаваныя крынiцы гэта дазваляюць.

Аднак памiж працаю клiаметрыстаў i рамеснiцкай квантыфiкацыяй асобнага даследчыка, якi складае простыя таблiцы i падлiчвае працэнтныя суадносiны на кiшэнным калькулятары, iснуе вялiзная рознiца. Спецыяльнасць клiаметрыстаў - збор каласальных масаў дадзеных вялiзнымi калектывамi асiстэнтаў, апрацоўка iх на кампутарах i стасаванне да вынiкаў надта складаных матэматычных працэдураў. Але кожная стадыя гэтага працэсу родзiць сумненнi. Шмат для каго застаецца пытаннем, цi дастаткова надзейныя гiстарычныя звесткi для такiх працэдураў; цi можна верыць, што ўся вялiзная каманда асiстэнтаў будзе аднастайна кадаваць усе дакументы, часта вельмi розныя i нават двухсэнсоўныя; цi не губляецца пры кадаваннi мноства вырашальных падрабязнасцяў; цi магчыма ўвогуле быць упэўненым у беспамылковасцi кадавання i праграмнага забеспячэння; i цi не аказваецца складанасць матэматычных i алгебраiчных формулаў урэшце самагубнаю, бо перад iмi большасць гiсторыкаў становiцца ў тупiк. Нарэшце, шмат каго бянтэжыць, што праверыць канчатковыя вынiкi фактычна немагчыма, бо пры гэтым давялося б зыходзiць не з апублiкаваных заўвагаў, а з кампутарных стужак, якiя застаюцца прыватнай уласнасцю i ў сваю чаргу грунтуюцца на гэтаксама прыватных кодавых аркушах, звесткi ў якiх здабытыя з сырога матэрыялу.

Пытаннi гэтыя рэальныя, i самi сабою яны не здымуцца. Усiм нам знаёмыя доктарскiя дысертацыi, артыкулы i мана-графii, у якiх з дапамогай як найбольш вышуканае тэхнiкi або даказваецца вiдавочнае, або робiцца спроба давесцi непраўдападобнае, прычым ужытыя для гэтага формулы i мова робяць немагчымым для звычайнага гiсторыка спраўдзiць выкарыстаную аўтарам метадалогiю. У вынiку такая праца часам спалучае ў сабе заганы як нечытэльнасцi, так i трывiяльнасцi. Кожны з нас ведае пра доктарскiя дысертацыi, якiя чэзнуць недакончанымi, бо даследчык не ў стане апанаваць розумам таўшчэзныя тамы кампутарных раздруковак або страцiў столькi сiлаў, рыхтуючы дадзеныя для машыны, што вычарпаў i час, i цярпенне, i грошы. Ясна адно: дзе калi магчыма, падаваць прыклады ручным спосабам - лепш, хутчэй i не менш надзейна, чым прапускаць праз машыну цэлы сусвет. Усiм нам вядомыя праекты, у якiх лагiчная памылка ў аргументацыi або няўменне скарыстаць звычайны здаровы сэнс сказiлi цi паставiлi пад сумнеў шмат якiя з высноваў. Ведаем мы i пра iншыя праекты, у якiх на стадыi кадавання не ўдалося занатаваць нейкi адзiн кавалак iнфармацыi, а ў вынiку страцiлiся важныя высновы. Чуваць i пра iншыя праекты, дзе самi крынiцы iнфармацыi настолькi ненадзейныя, што высновам, якiя грунтуюцца на колькасных манiпуляцыях з iмi, нiяк нельга даць добрае веры. Класiчны прыклад - парафiяльныя рэгiстры. На працу з iмi цяпер у шмат якiх краiнах трацяцца велiзарныя намаганнi, але плёну ад iх варта чакаць толькi ў асобных i нешматлiкiх выпадках.

Нягледзячы на неаспрэчныя дасягненнi квантыфiкацыйнага метаду, нельга адмаўляць, што ён не апраўдаў вялiкiх спа-дзяванняў, якiя ўскладалiся былi на яго дваццаць гадоў таму назад. Бальшыня вялiкiх праблемаў гiсторыi застаецца сёння гэтаксама неразвязанаю, як i раней, калi не яшчэ больш заблытанаю. Як i раней, у пытаннi аб прычынах ангельскае, француз-скае або амерыканскае рэвалюцыяў яшчэ надта далёка да згоды, нягледзячы на вялiзныя намаганнi, прыкладзеныя, каб высветлiць iх сацыяльныя i эканамiчныя перадумовы. За тры дзесяткi гадоў iнтэнсiўных даследаванняў з эканамiчнае гiсторыi непаразуменняў не паменела, а паболела. Мы не ведаем, чаму памiж 1640 i 1740 г. рост насельнiцтва на большай частцы Еўропы спынiўся; не ведаем, чаму пасля 1740 г. ён аднавiўся зноў; не ведаем нават, што сталася прычынаю гэтага аднаўлення: цi рост ураджайнасцi, цi знiжэнне смяротнасцi. Квантыфiкацыйныя метады могуць даць нам у гiстарычнай дэмаграфii багата адказаў на пытаннi "Што?", але пакуль адносна мала - на пытаннi "Як?". Асноўныя пытаннi, звязаныя з амерыканскiм рабствам, застаюцца, як i дагэтуль, без адказу, нягледзячы на самыя складаныя i маштабныя ў гiсторыi навукi квантыфiкацыйныя доследы. Публiкацыя iхных вынiкаў не столькi развязала бальшыню праблемаў, колькi ўзняла тэмпэратуру палемiкi11. Яны прыцягнулi ўвагу да такiх iстотных пытанняў, як дыета, гiгiена, здароўе i структура сям'i амерыканскiх неграў у рабстве, але адначасна i адцягнулi ўвагу ад не менш, калi не больш, важных псiхалагiчных уплываў рабства на рабаўладальнiкаў i рабоў - i толькi з тае прычыны, што такiя рэчы немагчыма вымерыць кампутарам. Працы з гiсторыi гарадоў перапоўненыя разна-стайнаю статыстыкай, але тэндэнцыi мабiльнасцi дагэтуль застаюцца нявысветленымi. Нiхто сёння не можа быць цалкам упэўнены, цi было ў XVII i XVIII ст. ангельскае грамадства больш адкрытым i мабiльным за французскае, цi менш, i нават - што перажывала перад Грамадзянскаю вайною ангельская шляхта, уздым цi заняпад. У гэтых пытаннях мы не пайшлi далей за Джэймза Гарынгтана з XVII або дэ Таквiля з XIX ст.

Найбольш расчараванняў дагэтуль прыносiлi якраз тыя праекты, якiя мелi найшчадрэйшае фiнансаванне, пад якiя найамбiтней збiралiся вялiзныя масы звестак з дапамогай цэлых армiяў даследчыкаў (праца якiх аплочвалася), якiя апрацоўвалiся самым навуковым чынам паводле апошняга слова кампутарнае тэхналогii i мелi найскладанейшае матэматычнае афармленне. Сёння, калi мiнулi два дзесяцiгоддзi i выдаткавалiся мiльёны даляраў, фунтаў i франкаў, вiдаць, што гэтыя вялiзныя выдаткi часу, сiлаў i грошай прынеслi даволi сцiплы плён. У кабiнетах навукоўцаў пыляцца велiзарныя стосы зеленаватых раздруковак, шматлiкiя пухлыя i страшэнна нудныя тамы поўняцца лiчбавымi таблiцамi, цяжказразумелымi алгебраiчнымi раўнаннямi i працэнтавымi суадносiнамi, падлiчанымi з дакладнасцю да другога знаку пасля коскi. Апроч таго, дасягнута багата новых важных вынiкаў, а некалькi кнiг папоўнiлi сабою адносна нешматлiкi корпус гiстарычных працаў, якiя з цягам часу не трацяць свае каштоўнасцi. Але ўскладненне метадалогii прывяло ў цэлым да завышанай ацэнкi надзейнасцi зыходных звестак, тым часам як карыснасць атрыманых вынiкаў, здаецца, апынулася цi не ў адваротным стасунку да матэматычнае складанасцi метадалогii доследу i грандыёзнасцi размаху пры зборы зыходных звестак.

Як бы нi падлiчваць тут кошты i здабыткi, але дагэтуль шырокамаштабная кампутарызацыя гiсторыi надта рэдка апраўд-вала выдаткi часу i грошай, i гiсторыкi мусiлi шукаць iншыя спосабы даследавання мiнуўшчыны, якiя пралiлi б на яе больш святла з меншай фатыгаю. У 1968 г. Ле Руа Лядуры напрарочыў, што ў 1980-х г. "гiсторык будзе або праграмiстам, або нiкiм"12. Прароцтва гэтае не споўнiлася, i найперш не стаў яго спаўняць сам прарок.

Вось жа гiсторыкi мусяць вярнуцца да прынцыпу iндэтэрмiнiзму - прызнаць, што ў гiсторыi так багата пераменных, што абагульненнi магчымыя максiмум сярэдняга маштабу, як казаў быў шмат гадоў таму Робэрт Мэртан. Макраэканамiчная мадэль - паветраны замак, а "навуковая гiсторыя" - проста мiф. Тлумачэннi, якiя выводзяць усё з адзiнае прычыны, проста не працуюць. Здаецца, тлумачэнне з дапамогай мадэляў са зваротнаю сувяззю, збудаваных вакол Вэбэравых "абiральных схiльнасцяў" (elective affinities), паслужыла б лепшым iнструментам, каб хоць часткова адкрыць няўлоўную праўду аб прычынах гiстарычных падзеяў, асаблiва калi адмовiцца ад усялякiх прэтэнзiяў на навуковасць (у якiм заўгодна сэнсе) нашае метадалогii.

Расчараваўшыся як у монакаўзальным дэтэрмiнiзме эканомiкi i дэмаграфii, так i ў квантыфiкацыйнай метадалогii, гiсторыкi пачалi задаваць зусiм новыя пытаннi, якiх дагэтуль збольшага не заўважалi, засяродзiўшыся на адмысловай метадалогii - структурнай, калектыўнай i статыстычнай. Усё большы лiк "новых гiсторыкаў" спрабуе цяпер зразумець, што адбывалася ў мiнулым у галовах людзей i як iм тады жылося, - а гэтыя пытаннi непазбежна прымушаюць вярнуцца да выкарыстання наратыву.

Значная падгрупа вялiкае французскае школы гiсторыкаў на чале з Люсьенам Фэўрам заўсёды лiчыла iнтэлектуальныя, псiхалагiчныя i культурныя трансфармацыi незалежнымi пераменнымi падставовай важнасцi. Доўгi час яны заставалiся ў меншынi, пакуль паўз iхную цiхую затоку кацiлася хваля навуковае гiсторыi, эканамiчнай i сацыяльнай паводле зместу, структурнай паводле арганiзацыi i квантытатыўнай паводле метаду. Ажно цяпер тэмы, якiмi цiкавiлiся яны, раптоў-на ўвайшлi ў моду. Праўда, крыху змянiўся характар задаваных пытанняў: цяпер яны часта бяруцца з антрапалогii. Антрапалогiя заўжды заставалася адною з самых агiстарычных дысцыплiнаў, прынамсi на практыцы, калi не ў тэорыi, бо яе не цiкавiлi змены, што адбываюцца з цягам часу. Тым не менш яна прадэманстравала, як з дапамогай пражэктарнага метаду (the searchlight method) можна блiскуча раскрыць сутнасць цэлае сацыяльнае сiстэмы i сiстэмы каштоўнасцяў, дэталёва аднатаваўшы адну асобную падзею, пры ўмове пiльнага ўлiку ўсяго яе кантэксту i пiльнага аналiзу яе культурнага сэнсу. Архетыповая мадэль такога "разгорнутага апiсання" ('thick description') - класiчнае паведамленне Клiфарда Джырца (Geertz) пра бойкi пеўняў на выспе Балi13. Мы, гiсторыкi, на жаль, не можам апынуцца на месцы падзеi з нататнiкам, магнiтафонам, фота- i кiнакамерамi, але дзе-нiдзе знаходзiм цэлыя натоўпы сведкаў, ад якiх можна даведацца, як iм жылося.

Адна з найвыдатнейшых зменаў, якiя адбылiся за апошнi час са зместам гiсторыi, - раптоўны ўздым цiкавасцi да пачуццяў, эмоцыяў, мадэляў паводзiнаў, каштоўнасцяў i псiхiчных станаў (states of mind). У гэтым дачыненнi ўплыў такiх антраполагаў, як Эванс-Прычард, Клiфард Джырц, Мэры Дуглас i Вiктар Турнэр, сапраўды стаўся вялiзарным. I таму першая прычына адраджэння наратыву некаторымi з "новых гiсторыкаў" была тая, што месца сацыялогii цi эканомiкi як найбольш уплывовай з грамадскiх навук заняла антрапалогiя. Хоць псiхагiсторыя дагэтуль застаецца ў значнай меры тэрыторыяй бедства - пустыняй, усеянай рэшткамi выштукаваных экiпажаў, якiя паразвальвалiся, ледзьве паспеўшы ад'ехаць ад зыходнага пункту, - але свой уплыў на гэтае пакаленне зрабiла i псiхалогiя, так што ягоныя прадстаўнiкi звяртаюць цяпер сваю ўвагу на сэксуальную пажаду, сямейныя стасункi i эмацыйныя сувязi, паколькi тыя ўздзейнiчаюць на чалавека, i на iдэi, погляды i звычаi, паколькi тыя ўздзейнiчаюць на групу. Магчыма, гэтая змена ў пытаннях звязаная яшчэ i з тагачаснай (1970-х г.) грамадскаю сiтуацыяй. Гэта было дзесяцiгоддзе, калi над грамадскiмi пытаннямi ўзялi верх больш персаналiзаваныя iдэi i зацiкаўленнi, бо пашырылася расчараванне ў перспектывах змены становiшча шляхам палiтычнае дзейнасцi. Таму праўдападобна, што раптоўны ўздым цiкавасцi да гэтых пытанняў у мiнулым звязаны з сучаснаю заклапочанасцю аналагiчнымi рэчамi.

Новае зацiкаўленне ментальнымi структурамi стымуляваў крах традыцыйнае iнтэлектуальнае гiсторыi, трактаванай як прасочванне гiсторыi iдэяў на працягу стагоддзяў (зазвычай спыняючыся на Арыстоцелi або Платоне). "Вялiкiя кнiгi" вывучалiся ў гiстарычным вакууме, прычым даследчыкi амаль цi зусiм не спрабавалi ставiць нi самiх аўтараў, нi iхнае слоўнiцтва ў рэальны гiстарычны кантэкст. Сёння гiсторыя палiтычнае думкi на Захадзе перапiсваецца нанова (галоўным чынам такiмi даследчыкамi, як прафесары Дж.Г.Э.Поўкак, Квэнтын Скiнэр i Бэрнард Бэйлiн). Яны з вялiкiмi намаганнямi рэканструююць дакладны кантэкст i значэнне слоў i iдэяў у мiнулым i паказваюць, як з цягам часу тыя змянялi, бы хамелеоны, сваю форму i афарбоўку, прыстасоўваючыся да новых абставiнаў i новых патрэбаў.

Адначасна з гэтым традыцыйная гiсторыя iдэяў скiравала свае намаганнi на вывучэнне зменаў у сродках камунiкацыi i iхнай аўдыторыi. Паўстала новая, квiтучая дысцыплiна - гiсторыя друку, кнiгi i пiсьменства i iхнага ўплыву на распаўсюдж-ванне iдэяў i трансфармацыю каштоўнасцяў.

Яшчэ адна прычына вяртання шмат каго з "новых гiсторыкаў" да наратыву палягае, вiдаць, на жаданнi зноўку зрабiць свае знаходкi даступнымi не толькi для вузкiх спецыялiстаў, але i для шырокае адукаванае публiкi - для тых, хто прагне ўведаць, што новага адкрыта з дапамогаю гэтых наватарскiх пытанняў, метадаў i звестак, але не можа адолець нястраўныя статыстычныя таблiцы, сухую аналiтычную аргументацыю i нашпiгаваную навуковым жаргонам прозу. Спецыялiсты ў структурнай, аналiтычнай, квантытатыўнай гiсторыi што далей то болей мусiлi размаўляць толькi мiж сабою - i болей нi з кiм. Iхныя знахады публiкавалiся ў прафесiйных часопiсах або ў манаграфiях, якiя мелi настолькi высокую цану i настолькi малыя наклады (менш за 1000 паасобнiкаў), што на практыцы амаль увесь наклад такога выдання разыходзiўся па бiблiятэках. Аднак поспех такiх папулярных гiстарычных часопiсаў, як History Today i L'Histoire, сведчыць пра iснаванне ў iх вялiкай i цiкаўнай аўдыторыi, i новыя гiсторыкi iмкнуцца сёння звяртацца да гэтае аўдыторыi, а не пакiдаць яе жывiцца папулярнымi бiяграфiямi i падручнiкамi. Новыя гiсторыкi задаюцца перадусiм тымi пытаннямi, якiя хвалююць сёння кожнага з нас. Гэта прырода ўлады (power), валадарства (authority) i харызматычнага лiдарства; адносiны палiтычных iнстытутаў да сацыяльных мадэляў i сiстэмаў каштоўнасцяў, якiя ляжаць у iх аснове; погляды на маладосць, старасць, хваробу i смерць; сэкс, шлюб i канкубiнат (няшлюбнае сужыццё); народзiны, контрацэпцыя i аборты; праца, вольны час i спажыванне (conspicuous consumption); суадносiны рэлiгii, навукi i магii як мадэляў тлумачэння рэальнасцi; сiла i накiрунак пачуццяў кахання, страху, пажады i нянавiсцi; уплыў пiсьменнасцi i адукацыi на жыццё i светапогляд людзей; адносная важнасць розных сацыяльных згрупаванняў, такiх, як сям'я, род, абшчына, нацыя, клан i раса; моц i значэнне рытуалу, сiмвалу i звычаю як спосабаў мацавання супольнасцi; маральныя i фiласофскiя падыходы да злачынства i пакарання; мадэлi шанавання i выбухi эгалiтарызму; структурныя канфлiкты памiж статус-групамi або класамi; сродкi, магчымасцi i абмежаннi сацыяльнае мабiльнасцi; прырода i сэнс народнага пратэсту i хiлiястычных спадзяванняў; зрух экалагiчнае раўнавагi памiж чалавекам i прыродаю; прычыны i наступствы хваробаў. Усё гэта надзвычай пякучыя пытаннi. Яны датычаць масаў, а не элiты, i маюць большае дачыненне да нашага ўласнага жыцця, чымся справы памерлых каралёў, прэзiдэнтаў i генералаў.

IV

У вынiку ўсiх гэтых збежных плыняў шмат хто з вядомых прадстаўнiкоў "новае гiсторыi" вяртаецца цяпер да пагарджанага раней наратыўнага стылю. I ўсё ж гiсторыкi - i нават iхныя выдаўцы - чуюцца пры гэтым, здаецца, крыху няўпэўнена. У 1979 г. Publishers' Weekly - выдавецкi тыднёвiк - хвалiў новую кнiгу (гiсторыю суду над Луi XVI) наступным цiкавым чынам: "Выбраны Джорданам наратыўны, а не навуковы падыход (курсiў мой) ... становiць узор яснасцi i сiнтэзу"14. Крытыку кнiга вiдавочна падабаецца, аднак, на ягоную думку, наратыў паводле азначэння не можа быць навуковым. Калi выдатны прадстаўнiк школы "новае гiсторыi" пiша наратыў, ягоныя сябры нiбы апраўдваюцца за яго: "Вядома, ён зрабiў гэта толькi дзеля грошай". Але нягледзячы на гэткiя сарамяжлiвыя апраўданнi, новыя тэндэнцыi ў гiстарыяграфii - i ў змесце, i ў метадзе, i ў стылi доследу - вiдавочныя, куды нi зiрнi.

Наватарскую кнiгу Норбэрта Элiаса пра норавы The Civilising Process сорак гадоў нiхто не чытаў, ажно раптам з'явiлiся яе ангельскi i французскi пераклады15. Др. Зэльдзiн напiсаў для серыi стандартных падручнiкаў блiскучую двухтамовую гiсторыю сучаснае Францыi, якая iгнаруе цi не ўсе чыста аспекты традыцыйнае гiсторыi i засяроджваецца амаль выключна на эмоцыях i псiхiчных станах16. Прафесар Фiлiп Арыес вывучаў рэакцыi, якiя на працягу велiзарнага часавага перыяду выклiкала ўсеагульная траўма - смерць17. Гiсторыя чараўнiцтва раптоўна пачала расцi ва ўсiх краiнах, як на драж-джах. Тое самае адбылося i з гiсторыяй сям'i, у тым лiку з гiсторыяй дзяцiнства, юнацтва, старасцi, жанчын i сэксуальнасцi (прычым апошнiя дзве тэмы рызыкуюць рухнуць пад напорам навуковых сiлаў, скiраваных на iх распрацоўку). Выдатны прыклад траекторыi тэндэнцыяў гiстарычнага даследавання на працягу апошнiх дванаццаццi гадоў становяць навуковыя зацiкаўленнi прафесара Жана Дэлюмо. Пачаўшы ў 1962 г. з кнiгi пра эканамiчны прадукт (квасцы), ён у 1969 г. апублiкаваў даследаванне пра грамадства (Рым), у 1971 - пра рэлiгiю (каталiцтва), у 1976 - пра калектыўныя паводзiны (Les Pays de Cocagne), i нарэшце, у 1979 г., - пра эмоцыi (страх)18.

У французскай мове iснуе назва для гэтае новае тэматыкi - mentalitй, але, на жаль, гэтае слова не вызначана як мае быць, i яго цяжка перакласцi на ангельскую мову. I ўсё ж, як бы там нi было, апавядальнiцтва, - дэталёвы выклад усiх акалiчнасцяў аднае цi некалькiх падзеяў ('happenings') на падставе сведчанняў вiдавочцаў i ўдзельнiкаў, - бясспрэчна дае магчымасць прасачыць некаторыя з вонкавых праяваў mentalitй мiнулага. Вядома, калi антрапалагiчная iнтэрпрэтацыя культуры, на якой грунтуецца такая праца, прэтэндуе на сiстэматычнасць i навуковасць, то аналiз мусiць заставацца яе iстотным складнiкам. Але гэта не можа засланiць ролю вывучэння mentalitй ў адраджэннi неаналiтычных спосабаў пiсаць гiсторыю, сярод якiх знаходзiцца i апавядальнiцтва.

Вядома, наратыў - толькi адзiн з спосабаў пiсаць гiсторыю mentalitй, якiя сталiся магчымымi дзякуючы расчараванню ў структурным аналiзе. Возьмем, напрыклад, такую блiскучую рэканструкцыю знiклага настрою свядомасцi (mind set), як узнаўленне свету позняе антычнасцi, зробленае Пiтэрам Браўнам19. Звычайныя ясныя аналiтычныя катэгорыi - насельнiцтва, эканомiка, сацыяльная структура, палiтычная сiстэма, культура i г.д. - тут iгнаруюцца. Замест гэтага Браўн малюе партрэт веку ў манеры мастака-постiмпрэсiянiста, кiдаючы тут i там грубыя плямы колеру, якiя, калi стаць на добрай адлегласцi, твораць ашаламляльнае па рэальнасцi вiдовiшча, але як прыгле-дзiшся блiжэй - распадаюцца на бессэнсоўныя плямы. Свядомая цьмянасць, жывапiсны падыход, цеснае зблiжэнне гiсторыi, лiтаратуры, рэлiгii i мастацтва, цiкавасць да таго, што адбываецца ў галовах людзей - усё гэта характэрныя рысы аднаго з новых поглядаў на гiсторыю. Гэткi спосаб пiсаць гiсторыю ўжо не наратыўны, а хутчэй "пуантылiсцкi". Але i яго таксама стымулявала новая цiкавасць да mentalitй, i ён таксама стаўся магчымым дзякуючы заняпаду аналiтычнага i структурнага падыходу, якi непадзельна панаваў апошнiя трыццаць гадоў.

Адбылося нават адраджэнне расповеду пра адну асобную падзею. Прафесар Жорж Дубi адважыўся на тое, пра што яшчэ колькi гадоў таму нельга было i падумаць: ён прысвяцiў цэлую кнiгу разбору аднае-адзiнае бiтвы (Бувiнскае) i раскрыў праз яе асноўныя характарыстыкi французскага феадальнага грамадства пачатку XIII ст.20. Карла Гiнзбург даў падрабязны разгляд касмалогii нязнанага, пакорлiвага млынара з паўночнай iталii пачатку XVI ст., iмкнучыся такiм чынам прадэманстраваць узрушэннi, якiя на народным узроўнi выклiкала пранiкненне рэфармацыйных iдэяў у нiжэйшыя слаi грамадства21. Прафесар Эмануэль Ле Руа Лядуры стварыў унiкальны i незабыўны абраз жыцця i смерцi, працы i сэксу, рэлiгii i звычаяў у пiрэнэйскай вёсцы пачатку XIV ст. Ягоная кнiга Montaillou значная ў двух дачыненнях: па-першае, яна сталася ў Францыi адным з найвялiкшых гiстарычных бэстсэлераў XX ст., а па-другое, аўтар у ёй не выкладае нейкi просты сюжэт - сюжэту там увогуле няма - а бязмэтна блукае па свядомасцi тагачасных людзей. Нездарма такое блуканне становiць адно з адрозненняў сучаснага раману ад колiшняга. Пазней Ле Руа Лядуры распавёў яшчэ гiсторыю асобнага крывавага эпiзоду, якi адбыўся ў маленькiм паўднёвафранцузскiм мястэчку ў 1580 г., раскрыўшы праз яе лiнii ўзаемнае нянавiсцi, што рвалi на шматкi сацыяльную тканiну мястэчка22. Прафесар Карла М. Чыполлё, дагэтуль адзiн з самых зацятых эканамiчных i дэмаграфiчных структуралiстаў, апублiкаваў кагадзе кнiгу, дзе ў сувязi з жахлiвым крызiсам пандэмii iдзецца не столькi пра статыстыку захворванняў i смяротнасцi, колькi пра ўзнаўленне i рэканструкцыю асабовых рэакцыяў на яго. Так з-пад ягонага пяра ўпершыню выйшаў аповед23. Прафесар Эрык Гобс-баўм, апiсваючы брыдкае, грубае i нядоўгае жыццё паўстанцаў i бандытаў з цэлага свету, вызначае ў гэтай працы прыроду i задачы сваiх "прымiтыўных паўстанцаў" i "сацыяльных бандытаў"24. Мiстэр Эдуард Томпсан распавёў гiсторыю змагання памiж браканьерамi i ўладамi ў Вiндзорскiм лесе ў Англii на пачатку XVIII ст., каб падмацаваць сваю тэзу, паводле якое ў Англii ў той час адбывалася сутыкненне плябеяў з патрыцыямi25. Апошняя кнiга прафесара Робэрта Дарнтана апавядае, як ажыццяўлялася публiкацыя вялiкае французскае Энцыклапедыi, кiдае багата новага святла на працэс распаўсю-джвання асветнiцкае думкi ў XVIII ст. i праблемы насычэння нацыянальнага i мiжнароднага рынку iдэяў26. Прафесар Наталi Дэвiс распавяла пра чатыры charivaris - рытуальныя працэдуры публiчнага ганьбавання - якiя адбылiся ў Лiёне i Жэневе ў XVII ст., iлюструючы гэтым намаганнi супольнасцi ўсталяваць грамадскiя стандарты годнасцi i ўласнасцi27.

Новая цiкавасць да mentalitй сама па сабе стымулявала вяртанне да старых спосабаў гiсторыяпiсання. Разгляд канфлiкту памiж магiяй i рэлiгiяй, прапанаваны Кiт Томас, будуецца вакол пэўнага "ўнутранага прынцыпу", на якi аўтарка нанiзвае процьму сюжэтаў i прыкладаў28. Паводле калi не дасягненняў, то прынамсi задумы i метаду яе вельмi нагадвае i мая нядаўняя кнiжка пра змены ў эмацыйным жыццi ангельскае сям'i29.

Усе названыя дагэтуль гiсторыкi - даспелыя навукоўцы, даўно звязаныя з "новаю гiсторыяй". Задаючыся новымi пытаннямi, выпрабоўваючы новыя метады i шукаючы новых крынiцаў, яны цяпер вяртаюцца да сюжэтнага апавядальнiцтва. Аднак памiж iхнымi аповедамi i прозаю традыцыйных гiсторыкаў-наратывiстаў iснуе пяць адрозненняў. Па-першае, усе яны амаль без вынятку займаюцца жыццём, пачуццямi i паводзiнамi людзей бедных i невядомых, а не вялiкiх i моцных. Па-другое, для iхнае метадалогii аналiз застаецца не менш iстотным за апiсанне падзеяў, так што iхныя кнiгi пераскокваюць з аднаго стылю на другi, часам даволi няўклюдна. Па-трэцяе, яны ўводзяць ва ўжытак новыя крынiцы, часта - пратаколы крымiнальных судоў, што дзейнiчалi паводле працэдураў рымскага права, бо там змяшчаюцца поўныя тэксты паказанняў сведкаў на допытах i следствах. (iншы модны спосаб ужытку крымiнальных пратаколаў - картаграфаванне росту i знiжэння колькасцi розных тыпаў адхiленняў - я лiчу справаю цi не цалкам марнаю, бо ўлiчваюцца пры гэтым не зробленыя злачынствы, а арыштаваныя i пакараныя злачынцы, а гэта ж зусiм iншая рэч. Няма падставаў меркаваць, што суадносiны памiж iмi з цягам часу застаюцца нязменнымi.) Па-чацвертае, часта яны апавядаюць свае гiсторыi зусiм не так, як Гамер, Дыкенс цi Бальзак. Пад уплывам сучаснага раману i фрэйдысцкiх iдэяў яны не столькi стараюцца трымацца простых фактаў, колькi ўважлiва даследуюць падсвядомасць, а пад уплывам антрапалогii - спрабуюць выкарыстоўваць паводзiны дзеля адкрыцця сiмвалiчных сэнсаў. I, па-пятае, яны распавядаюць пра пэўнага чалавека, судовы працэс або драматычны эпiзод не дзеля iх як такiх, а дзеля таго, каб пралiць святло на ўнутраныя мэханiзмы колiшняе культуры i грамадства.

V

Калi я маю рацыю, то пераход "новых гiсторыкаў" да наратыву адзначае сабою канец пэўнай эпохi: канец пошукаў звязнага навуковага тлумачэння зменаў, якiя адбывалiся ў мiнулым. Мадэлi гiстарычнага дэтэрмiнiзму, грунтаваныя на эканомiцы, дэмаграфii або сацыялогii, абрынулiся перад аблiччам фактаў, але больш нiякая развiтая дэтэрмiнiсцкая мадэль, грунтаваная на нейкай iншай сацыяльнай навуцы - палiтыцы, псiхалогii цi антрапалогii - не прыйшла iм на змену . Структуралiзм i функцыяналiзм паказалi сябе не нашмат лепшымi. Квантытатыўная метадалогiя аказалася досыць слабым iнструментам, здатным развязаць толькi абмежаваны шэраг праблемаў. Мусячы выбiраць памiж апрыёрнымi статыстычнымi мадэлямi людскiх паводзiн i канцэпцыямi, грунтаванымi на назiраннi, досведзе, меркаваннi (judgеment) i iнтуiцыi, некаторыя з "новых гiсторыкаў" схiльныя цяпер вярнуцца да гэтага апошняга спосабу iнтэрпрэтавання мiнуўшчыны.

Хоць адраджэнне "новымi гiсторыкамi" наратыўнага стылю - праява самага апошняга часу, iхны даробак - усяго толькi тонкi струменьчык у параўнаннi з няспыннай шырокай плынню не менш выдатных апiсальных палiтычных аповедаў, што выходзяць з-пад пяра больш традыцыйных гiсторыкаў. Нядаў-нi прыклад - кнiга СIмона Шамы пра палiтыку Галандыi ў XVIII ст.30, якую навуковы свет сустрэў бурнай авацыяй. Да працаў падобнага кшталту новыя сацыяльныя гiсторыкi дзесяцiгоддзямi ставiлiся абыякава цi з ледзь прыхаванай пагардай. Такi падыход быў не надта апраўданы, але ў апошнiя гады ён падштурхнуў сяго-таго з традыцыйных гiсторыкаў прыстасаваць свой апiсальны стыль да пастаноўкi новых пытанняў. Некаторыя з iх цiкавяцца ўжо не толькi пытаннямi ўлады i адпаведна асобамi каралёў i прэм'ер-мiнiстраў, войнамi i дыпламатыяй, але, як i "новыя гiсторыкi", аддаюць увагу прыватнаму жыццю зусiм нязнаных людзей. Чым выклiкана гэтая тэндэнцыя (калi гэта сапраўды тэндэнцыя), не зусiм ясна, але, як здаецца, яе натхняе жаданне распавесцi цiкавую гiсторыю, у якой бы раскрывалiся адметныя рысы асабовасцi i ўнутраны сэнс (inwardness) рэчаў iншага часу i iншае культуры. Некаторыя традыцыйныя гiсторыкi ўжо пэўны час гэтым займаюцца. У 1958 г. прафесар Дж.Р.Эльтан апублiкаваў кнiгу, скла-дзеную з гiсторыяў бунтаў i гвалту (mayhem) у Англii XVI ст., узятых з пратаколаў Зорнае Палаты31. У 1946 г. прафесар Х'ю Трэвар-Роў-пэр зрабiў блiскучую рэканструкцыю апошнiх дзён Гiтлера32. А зусiм нядаўна ён жа даследаваў незвычайную кар'еру адносна малавядомага ангельскага збiральнiка рукапiсаў, аматара старасвеччыны i патаемнага парнографа, якi жыў у Кiтаi на пачатку нашага стагоддзя. Пiшучы гэтую розрыўку, аўтар, вiдаць, меў на мэце чыстую асалоду ад апавядання самога па сабе, iмкнучыся прасачыць i зафiксаваць адмысловую гiстарычную цiкавостку. Амаль тую ж самую тэхнiку за шмат гадоў перад тым выкарыстаў Э.Дж.Э.Сайманз у сваёй класiчнай працы Quest for Corvo33, а матывацыя вельмi нагадвае тую, што натхнiла была Рычарда Коба апiсваць з самымi брыдкiмi падрабязнасцямi ўбогае жыццё i смерць злачынцаў, прастытутак i iншых сацыяльных няўдачнiкаў з дна рэвалюцыйнае Францыi34.

Творы новае брытанскае школы маладых антыкварыяў-эмпiрыкаў кардынальна адрознiваюцца ад тых, пра якiя iшлося вышэй, i сваiм зместам, i метадамi, i задачамi. Iхныя дэталёвыя палiтычныя аповеды зыходзяць з iмплiцытнае тэзы, што ў гiсторыi няма нiякага глыбокага прыхаванага сэнсу, адно выпадковая прыхамаць фартуны i асабовасцi. На чале з прафесарам Конрадам Расэлам i Джонам Кэн'енам i пад уплывам прафесара Джэфры Эльтана яны цяпер спрабуюць пазбавiць якога-колечы iдэалагiчнага цi iдэалiстычнага сэнсу абедзве ангельскiя рэвалюцыi XVII ст.35. Няма сумневу, што неўзабаве яны цi iм падобныя звернуць сваю ўвагу яшчэ некуды. Хоць яны нi разу не фармулявалi сваю мэту адкрыта, тым не менш iхны падыход ёсць чысцюткiм нэа-нам'ерызмам, i гэта акурат тады, калi ўласна нам'ерызм, як спосаб разгляду ангельскае палiтыкi XVIII ст., канае. Магчыма, iхнае стаўленне да палiтычнае гiсторыi карэнiцца ў падсвядомым пачуццi расчаравання, звязаным з тым, што сучасная парламенцкая сiстэма выглядае няздатнаю даць рады няўхiльнаму заняпаду эканомiкi i ўлады Брытанii. Але як бы там нi было, гэтыя гiсторыкi - надзвычай абазнаныя i дасведчаныя хранiкёры дробных падзеяў, l'histoire йvйnementielle, i, т. ч., яны становяць адну з шматлiкiх плыняў, якiмi жывiцца адраджэнне наратыву.

Фундаментальная прычына пераходу "новых гiсторыкаў" ад аналiтычнага стылю да дэскрыптыўнага палягае ў карэннай змене погляду на тое, што ёсць цэнтральным прадметам гiсторыi. А гэта ў сваю чаргу залежыць ад папярэднiх фiласофскiх дапушчэнняў пра ролю свабоднае волi чалавека ва ўзаемадзеяннi з сiламi прыроды. Два процiлеглыя полюсы думкi найяскравей выяўляюцца ў пададзеных нiжэй цытатах - адной з аднаго боку, i дзвюх з другога. Так, у 1973 г. Эмануэль Ле Руа Лядуры назваў адзiн з раздзелаў у зборнiку сваiх артыкулаў "Гiсторыя без людзей". З iншага боку, за паўстагоддзя да гэтага Люсьен Фэўр абвясцiў адваротнае: "Ma proie, c'est l'homme" ("На што я палюю - гэта чалавек"), а за чвэртку стагоддзя Х'ю Трэвар-Роўпэр у сваёй iнаўгурацыйнай лекцыi заклiкаў гiсторыкаў да "вывучэння не абставiнаў, а чалавека ў гэтых абставiнах"36. Сёння iдэал гiсторыi, абвешчаны Люсьенам Фэўрам, шмат у якiх колах увайшоў у моду, а з выдавецтваў на-далей лiюцца ракою аналiтычныя i структурныя даследаваннi безасабовых сiлаў. Таму сённяшнiя гiсторыкi падзялiлiся на чатыры групы: гiсторыкi старой наратыўнай школы, перадусiм спецыялiсты з палiтычнае гiсторыi i бiёграфы; клiаметрысты, якiя застаюцца надалей статыстычнымi наркаманамi; сацыяльныя гiсторыкi, якiя працягваюць займацца аналiзам безасабовых структураў; i гiсторыкi mentalitй, якiя цяпер прасочваюць з дапамогай наратыву iдэалы, каштоўнасцi, настроi свядомасцi i мадэлi асабiстых iнтымных паводзiнаў - i чым iнтымнейшых, тым лепш.

Аднак пераход апошняе з гэтых чатырох групаў да падрабязнага апiсальнага наратыву цi да iндывiдуальнае бiяграфii не пазбаўлены сваiх праблемаў. Цяжкасць тут даўняя: аргументацыя з дапамогай выбраных прыкладаў застаецца непераканаўчаю з фiласофскага пункту гледжання, бо гэта ўсё ж iнструмент рыторыкi, якi не можа служыць навуковым доказам. Пра асноўную гiстарыяграфiчную пастку, у якую мы тут трапляем, нядаўна добра сказаў Карла Гiнзбург:37

"Квантытатыўны i анты-антрапацэнтрычны падыход, прыняты навукамi аб прыродзе ад Галiлея да нашых дзён, паставiў гуманiтарныя навукi перад прыкраю дылемай: яны мусяць прыняць або слабыя навуковыя стандарты, каб атрымаць значны плён, або моцныя навуковыя стандарты - i атрымаць вынiкi, пазбаўленыя вялiкае значнасцi".

Расчараванне ў другiм падыходзе прымушае вярнуцца да першага. У вынiку сёння адбываецца ператварэнне метаду выбраных прыкладаў - не часта, праўда, унiкальных i дэталiзаваных - у модны спосаб пiсання гiсторыi. У пэўным сэнсе гэта толькi лагiчнае наступства велiзарнага поспеху доследаў з лакальнае гiсторыi, прадметам якiх служыць не ўсё грамадства ў цэлым, а толькi нейкi адзiн з ягоных сегментаў - правiнцыя, места цi нават вёска. Татальная гiсторыя здаецца магчымаю толькi тады, калi ўзяць нейкi мiкракосм, i вынiкi такога доследу часта даюць для асвятлення i тлумачэння мiнуўшчыны больш, чым усе ранейшыя цi сучасныя працы, грунтаваныя на архiвах цэнтральнага ўраду. Праўда, новая плынь выступае i як антытэза даследаванню лакальнае гiсторыi, бо адмаўляе як немагчымую татальную гiсторыю грамадства, нават найменшага, i бярэцца за гiсторыю асобнай яго ячэйкi.

Другая праблема, якая паўстае пры iлюстраваннi mentalitй падрабязнымi прыкладамi, - як адрознiць нармальнае ад эксцэнтрычнага. Паколькi цяпер нас цiкавiць перадусiм чалавек, то падрабязны аповед пра асобны выпадак цi канкрэтную асобу можа стаць не толькi цiкавай, але i карыснай чытанкай. Але дзеля гэтага трэба, каб выбраныя намi эпiзоды тычылiся не проста нейкага ашаламляльнага, але, па сутнасцi, нехарактэрнага (irrelevant) драматычнага выпадку, мяцяжу або гвалту, цi то жыцця нейкага эксцэнтрычнага злодзея, нягоднiка або мiстыка. Крытэрыем адбору павiнна быць тое, цi могуць яны пралiць святло на пэўныя аспекты мiнулае культуры. Гэта азначае, што яны мусяць быць тыповымi; аднак шырокае выкарыстанне судовых пратаколаў робiць праблему тыповасцi надта складанай. Людзi, прыцягнутыя да суду, атыповыя цi не паводле самога азначэння; аднак гэта не канечне павiнна тычыцца таго свету, якi так яскрава раскрываецца ў паказаннях сведкаў. Вось жа, бяспека палягае ў тым, каб вывучаць дакументы не столькi дзеля пошуку звестак пра эксцэнтрычныя паводзiны абвiнавачанага, колькi дзеля таго святла, якое дакументы пралiваюць на жыццё i погляды датычных да справы асобаў.

Трэцяя праблема - гэта праблема iнтэрпрэтацыi, i яна яшчэ цяжэй паддаецца вырашэнню. Апавядальнiцтва, мабыць, не горш за любы iншы спосаб можа дапамагчы нам залезцi ў голаў да чалавека з мiнуўшчыны i стварыць ягоны iнтымны вобраз - пры ўмове, што гiсторык усведамляе звязаную з гэтым рызыку. Цяжкасць у тым, што апавядальнiку, як толькi ён туды дападзе, спатрэбiцца ўсё майстэрства, досвед i веды, здабытыя ў практыцы аналiтычнае гiсторыi грамадства, эканомiкi i культуры, каб даць праўдападобнае тлумачэнне некаторых надта дзiўных рэчаў, на якiя ён можа натрапiць. Магчыма, яму спатрэбiцца i крыху аматарскае псiхалогii, але паспяхова апераваць з аматарскаю псiхалогiяй надта складана, а сёй-той стаў бы нават даводзiць, што гэта ўвогуле немагчыма.

Яшчэ адна вiдавочная небяспека палягае ў тым, што адраджэнне наратыву можа прывесцi да вяртання чыстага антыкварыянiзму, да апавядання дзеля апавядання. I яшчэ адна - у тым, каб, засяроджваючыся на сенсацыйным, не выпусцiць з поля зроку нуду i аднастайнасць жыцця пераважнае большасцi людзей. I Трэвар-Роўпэр, i Рычард Коб чытаюцца з захапленнем, але па абодвух гэтых пунктах яны адкрытыя для крытыкi. Шмат хто з прыхiльнiкаў новага стылю, у тым лiку Коб, Гобсбаўм, Томпсан, Ле Руа Лядуры i Трэвар-Роўпэр (дый я сам), вiдавочна захапляюцца аповедамi пра гвалт i сэкс, якiя звяртаюцца да вуайерыстычных iнстынктаў у кожным з нас. З iншага боку, можна даводзiць, што сэкс i гвалт - iнтэгральныя складнiкi ўсяго досведу чалавецтва, i таму вывучаць iхны ўплыў на людзей у мiнулым гэтаксама слушна i апраўдана, як чакаць такога матэрыялу ад сучасных раманаў, кiно i тэлебачання.

Тэндэнцыя да наратыву ўздымае нявырашаныя пытаннi адносна таго, як нам вучыць у будучынi нашых студэнтаў - калi яшчэ застанецца каго вучыць. Вучыць iх старажытнаму мастацтву рыторыкi? Крытыцы тэксту? Семiётыцы? Сiмвалiчнай антрапалогii? Псiхалогii? Або тэхнiцы аналiзу сацыяльных i эканамiчных структураў, якою мы займаемся ўжо цэлае пакаленне? Таму застаецца адкрытым пытанне: дабро цi зло прынясе нашай прафесii гэтае неспадзяванае адраджэнне наратыву такiм мноствам вядучых прадстаўнiкоў "новае гiсторыi"?

У 1972 г. Ле Руа Лядуры ўпэўнена пiсаў38:

"Сучасная гiстарыяграфiя, аддаючы перавагу колькаснаму (quantifiable), статыстычнаму i структурнаму, мусiць дзеля выжывання прыгнятаць iншыя гiстарыяграфiчныя накiрункi. За апошнiя дзесяцiгоддзi яна фактычна асудзiла на смерць як наратыўную гiсторыю падзеяў, так i iндывiдуальную бiяграфiю".

Але сёння, калi пайшло ўжо трэцяе дзесяцiгоддзе, як наратыўная гiсторыя, так i iндывiдуальная бiяграфiя падаюць выразныя прыкметы свайго ўваскрошання. Нiводная з iх не засталася такою сама, як перад сваiм "сконам", але i ў першай, i ў другой лёгка пазнаць варыянт ранейшага роду. I ня-гледзячы на iхнае ўваскрошанне, спраўляць хаўтуры над смярдзючым трупам аналiтычнае, структурнае, квантытатыўнае гiсторыi яшчэ зарана; яна надалей квiтнее i нават развiваецца, з увагi на амерыканскiя доктарскiя дысертацыi39.

Ясна, што ў адным слове "наратыў", асаблiва калi за iм стаiць такая складаная гiсторыя, немагчыма раскрыць змест цэлага шэрагу зменаў, якiя адбылiся ў характары гiстарычнага дыскурсу. Iснуюць прыкметы зрухаў у цэнтральным пытаннi гiсторыi - з акалiчнасцяў, што атачаюць чалавека, да чалавека ў акалiчнасцях; у праблемах, якiя падлягаюць доследу - з эканамiчных i дэмаграфiчных да культурных i эмацыйных; у галоўных крынiцах уплыву на гiсторыю - з сацыялогii, эканомiкi i дэмаграфii да антрапалогii i псiхалогii; у самiм яе прадмеце - з групы да асобы; у мадэлi тлумачэння гiстарычных зменаў - з стратыфiкаваных i монакаўзальных да ўзаемазвязаных i мультыкаўзальных; у арганiзацыi выкладу - з аналiтычнае да дэскрыптыўнае; а ў разуменнi функцыi гiсторыка - з навуковае да лiтаратурнае. Гэтыя шматгранныя змены ў змесце, задачы, метадзе i стылi пiсання гiсторыi адбываюцца адначасова i маюць адны да адных выразныя "абiральныя схiльнасцi": усе яны шчыльна ўзаемазвязаныя памiж сабою. Дагэтуль не знойдзена адзiнага слова, якое ахапiла б iх усе, i таму стэнаграфiчным значком для ўсiх гэтых працэсаў пакуль што мусiць служыць "наратыў".

Спадзяюся, што гэты артыкул прыцягне ўвагу да адраджэння наратыву i падштурхне да далейшага асэнсавання ягонага значэння для будучынi гiсторыi i да змены адносiнаў (цяпер усё менш значных) гiсторыi з роднаснымi ёй сацыяльнымi навукамi, - улiчваючы, што гiсторыя належыць перадусiм да сацыяльных навук.

З ангельскай пераклаў Мiкола Раманоўскi

Я вельмi абавязаны маёй жонцы i маiм калегам - прафесарам Робэрту Дэрнтану, Наталi Дэйвiс, Фэлiксу Джыльбэрту, Чарльзу Джылiспi, Тэадору Рабу, Карлу Шорскэ i многiм iншым за каштоўныя заўвагi да першага варыянту гэтага нарысу. Бальшыню iхных прапановаў я прыняў, аднак адказнасць за канчатковы вынiк нясу толькi я.

* Stone, Lawrence. The revival of narrative: reflections on a new old history, - Chapter 3 from his book: The past and the present. Boston, London and Henley, 1981.P.74-96.

1 Гэтых "новых гiсторыкаў" апошняга часу не след блытаць з амерыканскiмi "новымi гiсторыкамi" ранейшага пакалення, такiмi, як Чарльз Бэрд i Джэймз Гарвэй Робiнсан.
2 Пра гiсторыю наратыву гл.: Gossman L. Augustin Thierry and Liberal Historiography // History and Theory, Beiheft 15, 1979, i White H. Metahistory: the Historical Imagination in the Nineteenth Century. Baltimore, 1973. Я ўдзячны прафэсару Р.Стэрну за тое, што ён звярнуў маю ўвагу на апошнюю з названых кнiг.
3 Le Roy Ladurie E. The territory of the Historian. New York, 1979. P. 15 i Part I, у розных месцах.
4 У сваiм неапублiкаваным дакладзе "Навуковая гiсторыя i традыцыйная гiсторыя" (1979) Р.У.Фогель падае найпераканаўчую аргументацыю, што яна павiнна лiчыцца адзiнай i адзiна праўдзiвай "навуковай" гiсторыяй. Але я застаюся пры сваёй думцы.
5 Braudel F. La Mediterranйe au Temps de Philippe II. Paris, 1949; Goubert P. Beauvais et le Beauvaisis de 1600 а 1730. Paris, 1966; Le Roy Ladurie E. Les Paysans du Languedoc. Paris, 1966.
6 Le Roy Ladurie E. "L'histoire immobile", у яго Le Territoire de l'Historien, II, 1978 (напiсана ў 1973 г.).
7 Darnton E. "Intellectual and Cultural History", History in our Time, ed. M.Kammen. Ithaca, 1980.
8 Zuckerman M. Dreams that Men dare to dream: the Role of Ideas in Western Modernizaton // Social Science History. V.2,3.1978.
9 Furet F., Ozouf J. Lire et Ecrire. Paris, 1977. Гл. таксама Lockridge K. Literacy Colonial New England. New York, 1974.
10 Я спасылаюся на дыскусiю, распачатую Р.П.Брэнэрам: Brenner R.P. Agrarian Class Structure and Economic Development in Pre-Industrial Europe // Past and Present. 70 (1976).
11 Fogel R., Engerman S. Time on the Cross. Boston, 1974; David P.A. et al., Reckoning with Slavery. New York, 1976; Gutman H. Slavery and the Numbers Game. Urbana, 1975.
12 Le Roy Ladurie E. Le Territorie de l'Historien. V.I. Paris, 1973. P.14 (пераклад мой).
13 Geertz C. Deep play: Notes on the balinese Cock-fight // яго ж The Interpretation of Cultures. New York, 1973.
14 Jordan D.P. The King's Trial: Louis XVI v. the French Revolution. Berkeley, 1979. Рэцэнзiя ў: Publisher's Weekly. 13 August, 1979.
15 Elias N. The Civilizing Process. New York, 1978.
16 Zeldin T. France 1848-1945. V.I-II. Oxford, 1973, 1979 (у французскiм перакладзе - Histoire des Passions Francaises. Paris, 1978). Гл. таксама: Mandrou R. Introduction a la France Moderne (1500-1640). Paris, 1961.
17 Aries P. L'Homme devant La Mort. Paris, 1977.
18 Delumeau J. L'alun de Rome. Paris, 1962; La Vie йconomique et sociale de Rome dans la seconde moitiй du XVI siиcle. Paris, 1969; Le Catholicisme entre Luther et Voltaire. Paris, 1971; La Mort des Pays de Cocagne: Comportments Collectifs de la Renaissance а l'Age Classique. Paris, 1976; L'Histoire de la Peur. Paris, 1979.
19 Brown P.R.L. The Making of Late Antiquity. Cambridge, Mass., 1978.
20 Duby G. Le Dimanche de Bouvines: 27 Juillet 1214. Paris, 1973.
21 Ginzburg C. The Cheese and the Worms. Baltimore, 1980.
22 Le Roy Ladurie E. Montailou, Village occitan de 1294 а 1324. Paris, 1975; Le carnaval de Romans. Paris, 1979.
23 Cipolla C.M. Faith, Reason and the Plague in Seventeenth Century Tuscany. Ithaca, 1979.
24 Hobsbawm E.J. Primitive Rebels. Manchester, 1959; Bandits, New York, 1969; Captain Swing, New York, 1969.
25 Thompson E.P. Whigs and Hunters. New York, 1975.
26 Darnton E. The Business of the Enlightenment. Cambridge, Mass., 1979.
27 Davis N.Z. Charivari, Honneur et Communautй а Lyon et а Genиve au XVIIe Siиcle // Le Charivari, ed. J.Le Goff and J.C.Schmitt (у друку).
28 Thomas K.V. Religion and the Decline of Magic, New York, 1971.
29 Stone L. Family, Sex and Marriage in England 1500-1800. New York, 1978.
30 Schama S. Patriots and Liberators: Revolution in Netherlands. New York, 1977.
31 Elton G.R. Star Chamber Stories. London, 1958.
32 Trevor-Roper H.R. The Last Days of Hitler. London, 1947.
33 Trevor-Roper H.R. The Hermit of Peking. New York, 1977; Symons A.J.A. Quest for Corvo. London, 1934.
34 Cobb R. The Police and the People. Oxford, 1970; Cobb R. Death in Paris. New York, 1978.
35 Russel C. Parliaments and English Politics 1621-29. Oxford, 1979; Kenyon J.P. Stuart England. London, 1978; гл. таксама артыкулы ў Journal of Modern History, vol. 49(4), 1977.
36 Le Roy Ladurie E. The Territory of the Historian. P.285; Trevor-Roper H.R. History, professiоnal and lay. Oxford, 1957.P. 21.
37 Ginzburg C. Roots of a Scientific Paradigm // Theory and Society. V.7 (1979). P.276.
38 Le Roy Ladurie E. The Territory of the Historian. P.111.
39 Darnton R. Intellectual and Cultural History, дадатак.


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by