БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 5 Сшытак 1 (8) Чэрвень 1998

Полацк i нямецкая калонiя на Дзвiне (паводле хронiкi Генрыха)

Генадзь Сагановiч

У нашай гiстарычнай лiтаратуры немец паўставаў звычайна ў іпастасі захопнiка, «крыжака», жаўнера-наймiта etc., толькі не суседа. А ў ХIII ст. аўтар Вялiкапольскай хронiкi занатаваў, што тэўтоны i славяне добра жывуць супольна, i што няма iншых народаў у свеце такiх блiзкiх i прыязных, як яны. Зыходзячы з вядомага імператыву, што кожнаму гісторыку не застаецца нічога іншага, як шукаць праўду па-новаму, я і вынес у тытул даследавання полацка-нямецкія дачыненні з канца ХII ст. да 1229 г.

Як вядома, па гісторыі пачаткаў суседства Русі/Беларусі з немцамі ў Інфлянтах галоўнай і практычна адзінай сур'ёзнай крыніцай з'яўляецца хроніка нямецкага пробашча з Папендорфу Генрыха, пісаная ў 1225-27 г.1 Дакладная храналогія, дэтальнасць апісання і адносная аб'ектыўнасць выгадна адрозніваюць яе ад усходнеславянскіх летапісаў, якія, да ўсяго, проста не адлюстравалі гісторыю Падзвіння разгляданага перыяду. Наратыўнай асновай дадзенага даследавання стала пакуль адзінае навуковае выданне рускамоўнага перакладу хронікі, выкананае С.Аннінскім 2. Што праўда, у згаданым перакладзе палачане паўсюль называюцца «русскими», а ў лацінамоўным тэксце хронікі фігуруюць Rutheni, Ruthenorum, Ruthenica3. Пераклад быў бы больш дакладны, каб і ў рускамоўнай версіі захавалася заходняя, лацінізаваная форма гэтага ўсходнеславянскага наймення. Так, як гэта зрабіла В.Матузава ў сучасным выданні хронікі Пятра з Дусбурга, захаваўшы тэрмін «рутэны» 4.

Да прыходу немцаў залежнасць ліваў і, магчыма, некаторых балцкіх плямёнаў ніжняга Падзвіння ад Полацка мела ўжо сваю традыцыю. Пра тое, што яны давалі даніну Русі, паведамляецца як у нямецкіх, так і ў усходнеславянскіх крыніцах 5. Пры гэтым чудзь і леты з вобласці Таловы падпарадкоўваліся Ноўгараду і Пскову, а леты-латгалы Прыдзвінскія і ўсе лівы — Полацку. Толькі эсты заставаліся вольныя. Калі першыя (чудзь і Талоўскія леты), плоцячы даніну, кіраваліся сваімі старэйшынамі, дык залежнасць ліваў ад Полацка была большай. Полацкае княства ўвасабляла тут трывалы і, як падкрэсліў С.Аннінскі, адзіны ў Інфлянтах да з'яўлення немцаў цэнтр дзяржаўнай улады наогул6. Калі вызначаць канкрэтней, то ўсталяванне трывалай залежнасці ліваў ад Полацка і рэгулярнага збору даніны спецыялісты адносяць да першага перыяду княжання Усяслава, г.зн. да 1044-1064 г.7 Да пазнейшага датавання яе пачаткаў гісторыкі схіляюцца зрэдку і, як правіла, не прыводзяць аргументаў 8. З летапісаў ведаем, што полацкія князі перыядычна выкарыстоўвалі ліваў у сваіх ваенных паходах — у 1158, 1162, 1180 г. і інш.9 Для абароны залежных плямёнаў і збору даніны былі заснаваны цэнтры васальных княстваў, фарпосты полацкай улады на Дзвіне — замкі Герцыке (Gercike) і Кукенойс (Kukenois, Kukenoys, у полацкіх граматах — Куконос, летапісы ж яго не ведаюць). Герцыке мясцілася на правым беразе Дзвіны, ніжэй парогаў, за 170 км ад Рыгі, побач з сучасным населеным пунктам Ерсіка. Храніст упершыню згадвае яго пад 1203 г., паведамляючы пра антынямецкую акцыю Полацка10 . Самыя раннія ўмацаванні гэтай цвердзі датуюцца Х ст.11, аднак не вызначана, кім яны былі ўзведзеныя. Археалагічныя матэрыялы тут і славянскага, і балта-фінскага паходжання. Пра дамінацыю першых сведчыць наяўнасць, прынамсі на пачатку ХIII ст., некалькіх цэркваў, пра якія паведаміў Генрых. Як даводзяць этымолагі, лацінская форма Gercike мае славянскі корань «Ярск», што мусіць азначаць літаральна «горад, размешчаны на яры»12.

Кукенойс, упершыню згаданы ў хроніцы пад 1205 г., знаходзіўся на правым беразе Дзвіны, у месцы ўпадзення ў яе ракі Персе (раней называлася Кокна, — адсюль і назва гарадка), на адлегласці 338 км ад Полацка і 134 км ад сучаснага Даўгаўпілса. Раскопкі 1960-х засведчылі, што ў ХI — пачатку ХIII ст. насельніцтва гэтага гарадка ліўскай зямлі было этнічна змяшаным 13.

Князем Герцыке на Альбертавыя часы быў Усевалад (у хроніцы Генрыха — Wiscewaldus), усходнеславянскім летапісам зусім невядомы. У Кукенойсе ж княжыў Вячка (Vetseka), генеалогія якога таксама не вызначана. Летапісы згадваюць Вячку толькі адзіны раз, паведамляючы пра ягоную смерць14. Варта заўважыць, што адносна паходжання гэтых васальных Полацку князёў у еўрапейскай гістарыяграфіі даўно няма згоды. Сярод прадстаўнікоў расійскай, а потым і савецкай навукі доўга трымалася гіпотэза С.М.Салаўёва, які са спасылкай на В.Тацішчава (сюжэт пра Святохну) лічыў Усевалада і Вячку сынамі Барыса Давыдавіча полацкага 15. Да Рурыкавічаў адносілі Усевалада і польскія ды нямецкія гісторыкі. Прыкладам, Міхаіл Таўбэ ідэнтыфікаваў яго са смаленскім князем Усеваладам Мсціславічам, і ад Вячкі як нашчадка полацкай дынастыі выводзіў род Тызенгаўзаў 16. Адзін з найбольшых сучасных аўтарытэтаў полацкай гісторыі Леанід Аляксееў лічыць Вячку сынам полацкага князя Уладзіміра 17, а Вячаслаў Насевіч дапускае, што ён паходзіў ад Барыса Друцкага 18. Вось жа ў латышскай гістарыяграфіі з 1930-х г., а фактычна з публікацый лінгвіста А.Швабэ, герцыцкага князя Усевалада сталі падаваць прадстаўніком латгальскага этнасу. Гэта сцвярджалася і ў гады савецкай улады, калі гісторыкі пісалі, што Усевалад — «главарь местного происхождения» 19. Апошнім часам да падобнага пункту гледжання схіляюцца і некаторыя нямецкія вучоныя20 , аднак чыста лінгвістычныя аргументы не надаюць гэтай версіі дастатковай доказнасці.

У кожным разе, на канец ХII ст. улада полацкага князя над плямёнамі ліваў была бясспрэчнай не толькі de facto, але і юрыдычна, так што з ёю лічыліся і немцы.

Першым нямецкім місіянерам, што ступіў на ліўскі бераг, быў галштынец Майнард (Meinhard von Segeberg). Ён прыплыў з Готланда і высадзіўся ў вусці Дзвіны на пачатку 1180-х г. Менавіта Майнард разам з нямецкімі купцамі заснаваў на зямлі Падзвінскіх ліваў першы ў гэтым рэгіёне касцёл. Але спачатку, як паведамляецца ў хроніцы, папярэджаны купцамі, што нельга займацца хрышчэннем ліваў без ведама іх валадара, Майнард звярнуўся па дазвол да полацкага князя Уладзіміра 21. Гэтае паведамленне найстарэйшай інфлянцкай хронікі пацвярджаецца і булай папы Клеменса III22. Улічваць правы полацкага князя на Ніжняе Падзвінне, каб не разгневаць яго, Майнарда маглі папрасіць і нямецкія купцы, зацікаўленыя ў развіцці эканамічных сувязяў з Полацкам.

Крыніцы не інфармуюць пра нямецкую дэлегацыю і працэдуру перамоваў. Ясна, што ў Полацк ездзіў не сам біскуп Майнард. Найверагодней туды паслалі цыстэрцыянскага манаха Тэадорыха з групай нямецкіх купцоў23. Ініцыятыва прынесла незвычайны плён: полацкі князь Уладзімір не толькі дазволіў немцам распачаць хрышчэнне ліваў, але і пераслаў біскупу дарункі24 , так што лацінская місія ў залежных ад Полацка ліўскіх землях пачалася ў поўным паразуменні з іх уладаром. Выглядае, што полацкім князем ці нават палачанамі кіравала зацікаўленасць у найлепшым развіцці адносін з маладой нямецкай калоніяй.

Майнарду ўдалося ахрысціць частку ліваў і ў 1184 г. узвесці касцёл у Юкскюль (Ьkskьl), у вусці Дзвіны, пасля чаго ў 1186 г. ён быў высвечаны на юкскюльскага біскупа25 . Аднак у 1196 г. першы інфлянцкі біскуп памёр у беднасці і нястачы. Ягонае месца заняў вестфальскі цыстэрцыянец Бертольд 26. Каб абараніць маладую хрысціянскую супольнасць ад ліваў, ён упершыню паклікаў у Інфлянты саксонскіх рыцараў і дамогся таго, што рымскі папа і імператар Святой Рымскай імперыі прыраўнялі інфлянцкія паходы да паходаў у Палестыну. У 1198 г. супраць фінскіх плямёнаў быў арганізаваны першы «крыжовы паход» рыцараў, аднак у бітве з лівамі загінуў і сам біскуп.

Па смерці Бертольда ў 1198 г. узначальваць місію ў Прыбалтыцы быў прызначаны брэменскі канонік Альберт фон Буксгёўдэн (Albert von Buxhцvden), якога ў нямецкай літаратуры называюць «апошнім вялікім біскупам-місіянерам Нямеччыны» 27. Сапраўды, з яго дзейнасцю звязаны найбольшыя поспехі ў нямецкай каланізацыі Інфлянтаў. Біскуп Альберт адразу ўзяўся вербаваць пілігрымаў і дамогся папскай апекі над іх маёмасцю: пілігрымства ў Інфлянты прыраўноўвалася да паходу на Святую Зямлю28. Новы біскуп прыплыў да ліваў у 1200 г. на чале флатыліі з 23 караблёў. Праз год у самым вусці Дзвіны ён заснаваў Рыгу і пачаў актыўна вербаваць пілігрымаў з Нямеччыны. Яны заставаліся ў Інфлянтах на адно лета, пасля чаго вярталіся, таму сталай ваеннай сілы ўсё роўна не хапала. Хроніка паведамляе, што ў 1202 г. дзеля абароны касцёла ад паганцаў тут быў утвораны манаска-рыцарскі ордэн — Fratres Militiae Christi, г.зн. Ордэн братоў Хрыстовых, больш вядомы пазней як Ордэн братоў па мячы (Schwertbrьderorden). Яго статут быў запазычаны ў храмоўнікаў, а знакам сталі чырвоныя крыж і меч (адсюль і назва) на белым плашчы. Сама арганізацыя Ордэна прыпісваецца цыстэрцыянцу Тэадорыху, бо біскуп у той год знаходзіўся ў мітраполіі. Можна пагадзіцца са здагадкай Г.Гільдэбранда, што ў 1202 г. нарадзіла ся хутчэй за ўсё толькі ідэя Ордэна, а не сама яго арганізацыя, бо ні ў хроніцы, ні ў папскіх дакументах яшчэ некалькі гадоў ён не фігураваў 29. Так, магістр Ордэна ўпершыню згадваецца ў Генрыха толькі ў 1208 г., а рымскі папа Інакенці III зацвердзіў новаствораны Ордэн булай толькі 20 кастрычніка 1210 г.

Спачатку ў склад братоў Хрыстовых тут уваходзілі галоўным чынам вестфальцы, але потым стала прыязджаць рыцарства і з цэнтральных земляў Нямеччыны. Колькасць пілігрымаў, якія знаходзіліся тут адначасова, тады наўрад ці перасягала 180, а ўсе ваенныя сілы немцаў у Інфлянтах складалі 1200-1800 чалавек. Што да мясцовага насельніцтва, то, згодна з падлікамі Фрыдрыха Бенінговэна, літоўскія плямёны на пачатак ХIII ст. маглі налічваць прыкладна 170 000, эсты — 150 000, леты — 40 000, куры — 32 000, земгалы — 25 000, лівы — 20 000, і селы — яшчэ меней30. Разам яны былі б у стане выставіць каля 23 000 войска. Складана гаварыць нешта пэўнае пра мабілізацыйныя магчымасці тагачаснага Полацка, аднак нават без яго колькасная дыспрапорцыя ашаламляльная. Тым не менш Ордэн зрабіўся сур'ёзнай ваеннай сілай у Прыбалтыцы. Выглядае, што гэта сталася дзякуючы адной асобе — біскупу Альберту, які выяўляў незвычайную актыўнасць у мабілізацыі сілаў і сродкаў на справу місіі ды за часы свайго біскупства адзінаццаць разоў адпраўляўся вербаваць рыцараў у Нямеччыне (караблі з пілігрымамі прыплавалі да Рыгі ў 1203, 1205, 1207, 1209, 1210-1212, 1214, 1216, 1217, 1219 і 1221 г.).

Нічога не ведаючы пра ўзаемадачыненні палачан з немцамі ў часы біскупства Бертольда і адразу пасля з'яўлення Альберта, мусім канстатаваць, што да іх першай гістарычна вядомай сутычкі, патрактаванай у нас нядаўна як «пачатак іх адкрытай вайны»31, дайшло ў 1203 г. Храніст паведамляе, што, з'явіўшыся ў нізоўях Дзвіны зусім нечакана, Уладзімір Полацкі ўзяў у аблогу замак Юкскюль, але пасля таго, як лівы заплацілі яму грошы, зняў яе. Спроба захапіць суседні замак Гольм (Holme, пазнейшы Кірхгольм, цяпер Саласпілс) скончылася яшчэ больш няўдала, бо рыцары адбіліся арбалетамі і са стратамі адагналі полацкае войска32. Быццам дапамагаючы палачанам, Усевалад з Герцыке прыйшоў пад Рыгу з літоўцамі, але іх дзеянні абмежаваліся захопам жывёлы і некалькіх палонных. Гэта ўсё, што знаходзім пра паход у Генрыха. (У гэтай сувязі цяжка акцэптаваць версію знанага гісторыка Ул. Вілінбахава, паводле якой «Вячка і Усевалад ажыццявілі ваенныя крокі супраць Рыгі, імкнучыся падпарадкаваць яе сабе палітычна» 33). Аб прычынах жа акцыі ў хроніцы ні слова.

Што ж магло падштурхнуць Уладзіміра Полацкага да наступальных дзеянняў? У каментарах да выдання помніка С.Аннінскі прыняў версію С.Салаўёва, які лічыў, што полацкі князь ішоў сілай браць належную яму даніну з немцаў (маўляў, полацкія князі «прывыклі хадзіць вайною на чудзь і браць з яе даніну сілай, калі тая не хацела плаціць яе дабраахвотна. Дакладна гэтак хацелі яны цяпер дзейнічаць супраць немцаў»34 , і ў падтрымку яе зацытаваў хроніку Арнольда Любецкага: «Кароль Рутэніі з Полацка меў звычай час ад часу збіраць даніну з гэтых ліваў, але біскуп адмаўляў яму. Таму ён часта рабіў жорсткія напады на тую зямлю і згаданы горад [Рыгу]»35. Праўда, цытаваны фрагмент Славянскай хронікі датуецца 1209 г.36 Такім чынам, Салаўёў меў на ўвазе даніну з немцаў (на што не дае аніякіх падстаў хроніка Генрыха), а любецкі храніст — з ліваў. Паводле Л.Аляксеева, паход ладзіўся проста «па даніну»37 , а паводле М.Ермаловіча, полацкі князь рушыў на Альберта таму, што той забараніў лівам плаціць яму падаткі38 .

Выплата грошай ліўскім Юкскюлем як падстава зняцця аблогі сведчыць, што сапраўды многае магло вызначаць імкненне спагнаць даніну (хоць гэта мог быць і выкуп), але ці замяшаны тут біскуп? Вось жа нямецкі гісторык Фрыдрых Койслер даўно аргументавана аспрэчыў падобны падыход39 . Сапраўды, няма ніякіх непасрэдных падстаў увязваць у справу біскупа, а калі разважаць лагічна, то канфлікт наўрад ці мог быць справакаваны Альбертам, бо той — паслядоўнік умеранай палітыкі, які ад пачатку імкнуўся захоўваць мір з даўнім валадаром Падзвіння. Дзякуючы паразуменню князя Ўладзіміра з Майнардам, місія каталіцкага касцёлу ў Ніжнім Падзвінні развівалася на цалкам прававой аснове, прычым даволі паспяхова, і не ў інтарэсах біскупа было падрываць яе, канфліктую чы з Полацкам. Становішча нямецкай калоніі заставалася яшчэ заслабое, каб у атачэнні паганскіх плямёнаў рызыкаваць яе легітымнасцю. Па думцы згаданага Ф.Койслера, прыгнечаныя падвойным цяжарам лівы маглі і самі паспрабаваць вызваліцца ад аднаго з іх40, а ўхіліцца ад полацкай даніны было прасцей, чым пазбавіцца нямецкай прысутнасці. Калі ўсё ж уявіць, што іх адмову санкцыяваў Альберт, то чаму паход Уладзіміра на біскупа такі непадрыхтаваны, без падтрымкі полацкіх даннікаў, фактычна — поўная імправізацыя? Не выключана, што гэта была рэакцыя на пачатак канцэнтрацыі ў вусці Дзвіны ваеннай сілы — братоў-рыцараў.

Таямнічым падаецца ўдзел у паходзе герцыцкага князя Усевалада, які прыйшоў з літоўцамі, што ўсё часцей набягалі як на нямецкія, так і на Полацкія ўладанні ў Падзвінні. Пароднены праз шлюб з іх кунігасам Даўгерутэ (Daugeruthe), ён відавочна прадстаўляў і літоўскія інтарэсы.

Лагічным наступствам першага нападу князя Уладзіміра магло стаць узрастанне антаганізму і намаганні Альберта замацаваць пазіцыі, узвесці новыя цвердзі. Аднак было б няўвагай да Генрыха сцвярджаць, што ў бліжэйшыя пасля першай сутычкі гады адносіны паміж Полацкам і Рыгай вызначаліся ўзаемнай непрымірымасцю і агрэсіўнасцю 41. Храніст не прамінуў бы напісаць пра гэта, каб толькі меў падставы. Між тым, ён паведамляе адно пра наезды літоўцаў, адбіваць якіх у 1205 г. пілігрымам дапамагалі і земгалы. Што да стасункаў з Полаччынай, дык даведваемся толькі, што ў тым жа 1205 г. кукенойскі князь Вячка сам прыплыў па Дзвіне да біскупа Альберта і заключыў з ім «трывалы мір, які, праўда, трымаўся нядоўга» 42. Ініцыятыве Вячкі папярэднічала пасяленне недалёка ад ягоных уладанняў свежага кантынгенту пілігрымаў, на падставе чаго часам гаворыцца, што рыцары ціснулі на князя43. Магчыма, аднак, не выключана і тое, што, жадаючы міра, Вячка дзейнічаў па ўласнай волі. Альберту ж пагадненне з Вячкам давала большыя магчымасці пазбягаць нежаданых непаразуменняў з полацкім князем. У кожным разе, задалёка пайшоў латышскі гісторык Альфрэд Білманіс, які адназначна сцвердзіў, быццам Ордэн у 1205 г. пачаў кантраляваць Кукенойс, адрэзаўшы гэтым залежных ліваў Ніжняй Дзвіны ад Полацка, што і выклікала канфлікт князя Уладзіміра з біскупам 44. Бо нават аддаўшы пазней палову ўладанняў Ордэну, Вячка заставаўся гаспадаром ва ўласнай частцы княства.

Тым часам узрастаўшая агрэсіўнасць літоўцаў і, нягледзячы на поспехі місіі, ненадзейнасць неафітаў штурхала рыжскага біскупа да збліжэння з хрысціянскім Полацкам. Каб паправіць адносіны з ім, займець тое ж сяброўства з валадаром Дзвіны, якім калісь цешыўся Майнард, біскуп Альберт на пачатку 1206 г. паслаў да князя Уладзіміра свайго абата Тэадорыха з каштоўным дарункам, аднак той быў пераняты і абрабаваны літоўцамі 45. Магчыма, да гэтай справы прычыніўся іх прыяцель Усевалад з Герцыке. Дасягнуўшы Полацка, Тэадорых заспеў там таемна прысланых ліўскімі старэйшынамі пасланцоў, якія скардзіліся на біскупа, на «нясцерпны цяжар веры», і прасілі «полацкага караля» прагнаць тэўтонаў з іхнай зямлі. Вялікі князь ужо мерыўся вясною, па вялікай вадзе рушыць з войскам на Рыгу, але біскупавы паслы заявілі, што «прыйшлі дзеля міра і сяброўства» 46. Пра планы Уладзіміра абат даведаўся ад падкупленага князевага дарадніка і перадаў вестку ў Рыгу, каб біскуп падрыхтаваўся да абароны, што і сарвала антынямецкую акцыю. Тады, піша Генрых, вялікі князь пайшоў на хітрасць. Разам з абатам Тэадорыхам ён выправіў да біскупа полацкае пасольства, якое мусіла выслухаць абодва бакі рыжска-ліўскага канфлікту і справядліва развязаць яго. Выступаючы ў ролі найвышэйшага суддзі, Уладзімір Полацкі спрабаваў сцвердзіць сябе зверхнікам і ліваў, і немцаў. Наколькі для першых гэта было звычайным, настолькі для другіх непрымальным.

Полацкія паслы спыніліся на нейтральнай тэрыторыі — у Кукенойсе, адкуль праз дыякана Стэфана запрашалі Альберта на перамовы на рацэ Возе, і адначасова, як цвердзіць Генрых, заклікалі ліваў і латгалаў прыйсці туды са зброяй47. Лівы сабраліся, а латгалы не. Біскуп Альберт не выехаў з Рыгі: гэта сталася б прэцэдэнтам, пацвердзіла б вышэйшасць Уладзіміра. Ды, пэўна, і жыццём не хацеў рызыкаваць. Так і гэты план полацкага князя сарваўся. У ваенным выступленні ліваў у траўні — чэрвені 1206 г., калі тыя марна спрабавалі авалодаць Гольмам і пацярпелі паразу, палачане не бралі ніякага ўдзелу і на некалькі месяцаў зніклі са старонак хронікі.

Паход Уладзіміра Полацкага на Рыгу пачаўся восенню ці нават зімою 1206 г. Генрых адзначае, што да гэтага ўладара рутэнаў зноў падштурхоўвалі лівы, якія «прасілі прыйсці на дапамогу супраць тэўтонаў» 48. Магчыма, полацкі князь і сам чакаў зручнага моманту: ён рушыў тады, калі біскуп у чарговы раз адплыў вербаваць рыцараў, пакінуўшы ў Рызе зусім нязначную колькасць братоў. Вялікае полацкае войска спусцілася па Дзвіне і на шляху да Рыгі разам з мясцовымі лівамі спачатку аблажыла Гольм, у якім засела 20 рыцараў. Частка ліваў адсюль уцякла ў лясы, а частка — да немцаў у замак. Дапамагалі полацкаму войску толькі лівы з Тарэйды. Але адзінаццацідзённая аблога нічога не дала. Пераважыла нямецкая зброя, якой яшчэ не валодалі палачане. Найболей шкодзілі ім балісты. Палачане спрабавалі падпаліць умацаванні Гольма, паводле тэўтонскага ўзору збудавалі камнекідальную машыну, аднак яшчэ не авалодалі новай тэхнікай. І калі ліўскія выведнікі данеслі, што на палях і дарогах вакол пастаўлены шыпы, а тарэйдскія лівы паведамілі, быццам у моры відаць караблі пілігрымаў, устрывожаны полацкі князь зняў аблогу ды паплыў з войскам дамоў49. Ці быў сэнс рызыкаваць, марна страчваючы людзей пад мурамі Гольма? Гэтак скончылася і другая, фактычна апошняя акцыя Полацкага княства супраць інфлянцкіх тэўтонаў.

У наступным 1207 г. Вячка сам прыехаў у Рыгу і папрасіў у Альберта дапамогі супраць літоўцаў, за што перадаў біскупу палову свайго княства50 . Што за гэтым паведамленнем Генрыха? Для С.Салаўёва гэта сведчанне раз'яднанасці полацкіх князёў як іх слабасці 51. Л.Аляксееў дапускае, што прычына ў «нейкіх пагрозах немцаў»52 . І ў апошнім айчынным даследаванні гэтага пытання ўсё зноў зводзіцца да «націску з боку Ордэна»53 . Падобна, тут не бярэцца пад увагу, што Вячка выступае з ініцыятывай антылітоўскага саюзу. Думка Салаўёва слушная настолькі, наколькі Полацк не абараняў Кукенойсу ад літоўцаў (Герцыцкае ж княства не з'яўлялася аб'ектам іх нападаў, паколькі Усевалад быў «сваім»). Невядома, чаму Вячка застаўся без полацкай пратэкцыі. Сцвярджэнне пра адначасовы ціск літоўцаў і на сам Полацк54 — не больш чым здагадка. Пэўна толькі тое, што літоўская пагроза стала вельмі сур'ёзнай для Вячкі, які мусіў шукаць рэальнай ваеннай дапамогі, інакш ягоная плата за гэты мір не была б такой высокай — палова ўладанняў! З іншага боку, зазіраючы наперад, дзіўным выглядае, што ўжо ў канцы таго ж года — на Раство55 — ён фактычна сам адмовіўся ад саюзу з немцамі, бо прапусціў літоўцаў ва ўладанні біскупа.

На падтрымку новага саюзніка — кукенойскага князя — рыжане прыслалі групу братоў-рыцараў і дружыну самога біскупа, а таксама муляраў для ўмацавання замка, але гэта адбылося пазней. Магчыма, Вячка адразу дамаўляўся прыняць нямецкі кантынгент толькі ў выпадку канкрэтнай пагрозы літоўскага нападу. З'яўленню немцаў у Кукенойсе папярэдні чаў прыватны канфлікт Вячкі з рыцарам Данілам з памежнага Левэнардэна, людзі якога перавязалі ўначы ўсіх Вячкавых і самога князя. Біскуп памірыў іх і тады, згадаўшы ўмову, прыслаў Вячку сваю залогу — 20 рыцараў, муляраў, зброю. Цяпер ужо Вячкава дружына выбрала момант і расправілася з немцамі. Амаль усе рыцары былі пабітыя, а захопленыя трафеі і тэўтонскія коні адпраўлены полацкаму князю56. Вячка заклікаў Уладзіміра ісці на Рыгу, бо па ягоных разліках біскуп з пілігрымамі мусіў даўно пакінуць горад. Аднак сустрэчныя вятры затрымалі Альберта, і той вярнуўся. Калі Вячка даведаўся, што біскуп сабраў у Рызе вялікія сілы, то спаліў замак Кукенойс і сышоў «на Русь», найверагодней у Полацк (хоць Л.Аляксееў і лічыць, што Полацк ужо не мог прыняць яго57).

Чаму ж так і не вырушыў у паход князь Уладзімір? Нават не паспрабаваў абараніць свой фарпост на Ніжняй Дзвіне? А Генрых пра такое не змаўчаў бы.

У 1208 г. рыжане занялі Вячкаў горад і расправіліся з саюзнікамі мяцежнага князя — латгаламі, селамі і рутэнамі 58. Праўда, хоць у Кукенойсе «здраднікі», паводле хронікі, былі вынішчаныя, рутэны сустракаліся тут і пазней. Адбудаваны горад стаў нямецкім (і зусім не абавязкова «апорай крыжацкай агрэсіі супраць Полацка» 59), аднак юрыдычна пытанне аб Вячкавай палове Кукенойскіх уладанняў канчаткова вырашылася толькі ў 1225 г., калі яго дачка Сафія выйшла за рыцара Дзітрыха фон Кокенгузэна 60. Пра далейшы лёс самога Вячкі крыніцы маўчаць. Ведаем толькі, што ў 1224 г. ён загінуў пры абароне Юр'ева ад немцаў.

Пасля Кукенойса дайшла чарга да Герцыке. Генрых падкрэслена называў герцыцкага князя «ворагам хрысціянскага роду, а найбольш лацінянаў» 61. Застаючыся зяцем аднаго з літоўскіх правадыроў, ён дапамагаў ім праводзіць рабаўнічыя паходы не толькі на Інфлянты, але і на Русь. А магчыма і сапраўды існавала, ці яшчэ толькі ініцыявалася Рыгай нейкая дамова, якой Усевалад не прыняў62. Увосень вялікія сілы тэўтонаў на чале з біскупам Альбертам падплылі з Кукенойсу да Герцыке і раптоўна напалі на горад. Храніст падкрэсліў, што рыцары прадэманстравалі «павагу да хрысціянаў», жанчын і дзяцей пашкадавалі. Узяўшы вялікі палон (у тым ліку княжну) і дабро, рыжане спалілі горад. Князь Усевалад, які ўратаваўся ўцёкамі, мусіў прыняць прапанову біскупа аб замірэнні і прыйшоў у Рыгу прасіць даравання. Калі ён сапраўды хацеў міру і вызвалення нявольнікаў, то проста не меў іншага выйсця. Паводле хронікі, Усевалад назваў Альберта «бацькам», а рыцараў — «братамі ў Хрысце». Біскуп патрабаваў ад яго, каб выракся саюзу з паганымі, не падрываў лацінскага касцёлу і не пустошыў з літоўцамі землі сваіх суродзічаў-рутэнаў. Усевалад прыняў умовы біскупа, паабяцаўшы паведамляць пра ўсе злыя задумы літоўцаў і рутэнаў, прысягнуў і перадаў касцёлу сваё княства, пасля чаго зноў атрымаў яго з рук біскупа63 .

Так напрыканцы 1209 — у пачатку 1210 г. герцыцкі князь не проста стаў васалам Альберта, але і перадаў рыжскаму біскупу спадчынныя землі, вернутыя яму ўжо ў выглядзе лена. Усё фіксавалася асобным актам, пры сведках — прысутных у Рызе немцах, рутэнах, лівах, і дзеялася гэта — nota bene — без узгаднення з Полацкам. Усевалад, васал полацкага князя, цяпер адцураўся ад Уладзіміра і асаблівай прысягай пацвердзіў абавязкі перад Альбертам, які, відаць, сапраўды навучаны прыкладам Вячкі64 (застаўшыся незалежным у сваёй палове Кукенойскага княства, той адно паўгады трымаўся антылітоўскага саюзу з немцамі, а потым абярнуўся іх ворагам), дамагаўся цяпер трывалай залежнасці новага саюзніка.

Становішча нямецкай калоніі ў нізоўях Дзвіны было ўсё яшчэ няпэўнае. Пад 1210 г. храніст піша пра ўзрастанне небяспекі для Інфлянтаў. Лацінская царква, «апынуўшыся сярод мноства паганскіх плямёнаў, у суседстве рутэнаў, цярпела нямала бедаў, бо ўсе яны мелі адно імкненне — знішчыць яе. Таму рыжане вырашылі накіраваць паслоў да полацкага караля, паспрабаваць, ці не ўдалося б заключыць з ім якога мірнага пагаднення» 65. Сапраўды, у той год літоўцы напалі на Кукенойс, куры аблажылі Рыгу, лівы сабралі войска ў Тарэйдзе. Каго ж меў на ўвазе Генрых, называючы сярод ворагаў і «рутэнаў»? Многія гісторыкі лічылі, што ён гаварыў пра палачанаў. Так меркавалі, напрыклад, Э.Бонэль66 , а пазней і А.Білманіс 67. Але пра канфлікты Полацка з Рыгай у той год не знаходзім ніякіх згадак. Гаварылася хутчэй пра Ноўгарад і Пскоў. Апошнія акурат тады ажыццявілі паход на эстонскую Унгаўнію, якую неўзабаве заняў рыцар Бертольд з Вендэна, з-за чаго і дайшло да варажнечы. Таму Рыга сама ініцыявала пасольства ў Полацк — каб падпісаць мір з палачанамі і засяродзіць сілы на барацьбе з паганцамі 68.

Спачатку быў выпраўлены Рудольф фон Эрых на чале групы, якая, аднак, да Полацка не дайшла. Ейны шлях пралягаў праз Вендэн, але калі пасольства апынулася там, то замак аблажыла вялікае войска эстаў, і Рудольф быў паранены ў бітве. Таму ўвосень таго ж 1210 г. да Полацка рушыла іншая група, узначаленая рыцарам Арнольдам. Яе мэта ў хроніцы ясна вызначана: «даведацца, ці не пагодзіцца ён [Уладзімір] на мір, і ці не адкрые рыжскім купцам доступ да сваіх уладанняў» 69. Полацкі ўладар добра прыняў іх і радаваўся «з нагоды міру і супакаення».

Перамовы прайшлі надзвычай эфектыўна, што звычайна бывае пры супадзенні інтарэсаў абодвух бакоў. Відаць, пасольства Арнольда прывезла з сабой гатовы праект пагаднення, які і стаў асновай дагавора аб «вечным міры». У Полацку супольна нямецкі праект быў аформлены ў пісьмовую грамату, з якой князь паслаў у Рыгу «разумнага і багатага чалавека са Смаленска» Лудольфа. Падпісаны ў Рызе трактат належала ратыфікаваць абодвум бакам70, што і было зроблена.

Той факт, што ў працэдуры падпісання дагавора ўдзельнічаў смалянін Лудольф (пэўна, нямецкі госць, які жыў у Смаленску), з'явіўся падставай нараджэння гістарыяграфічнай версіі пра ўдзел Смаленска ў «вечным міры». Сцвярджэнні аб гэтым, аднак, засталіся нічым не падмацаванымі дапушчэннямі 71.

Пагадненне 1210 г. стала першым «вечным мірам» паміж Полацкам і немцамі. Ім прадугледжвалася, што лівы па-ранейшаму будуць плаціць даніну князю Уладзіміру, або яе за іх стане сплочваць біскуп (як засведчана хронікай, ён сапраўды часам рабіў гэта), і што абодва бакі будуць разам змагацца супраць супольнага ворага — паганай Літвы. Падобна, што гэты «вечны мір» утрымліваў і першыя нормы гандлёвых узаемаадносін, хоць у савецкай гістарыяграфіі звычайна лічылася, што плаваць па Дзвіне немцам упершыню дазволіла дамова 1212 г.72 Рыжскае пасольства на чале з рыцарам Арнольдам ставіла пытанне ў Полацку акурат і пра адкрыццё шляху нямецкім купцам у Полацкія землі. Праўда, пазней Генрых, гаворачы пра заключэнне дагавора ў Рызе, згадвае ўжо толькі справу ліўскай даніны73, аднак ён апусціў і шмат іншых важных фактаў. Полацкі бок наўрад ці мог пярэчыць гэтай ініцыятыве рыжан, бо праз два гады ён сам прасіў забяспечыць свабоду гандлю. Купцы абодвух бакоў даўно хадзілі па Дзвіне, а прысутнасць палачанаў у Рызе фіксавала, напрыклад, грамата 1209 г.74. Чаму ж тады трэба было «адкрываць доступ» да полацкага рынку немцам? Відаць, гандлёвым сувязям сур'ёзна пашкодзілі канфлікты папярэдніх гадоў. У прыватнасці, князі Вячка і Усевалад, церпячы ад рыцараў, маглі пайсці на рэпрэсіўныя меры ў дачыненні да рыжcкіх купцоў75.

Такім чынам, дамова 1210 г. найверагодней уключала і першае пiсьмова зафiксаванае пагадненне пра гандаль Полацка з немцамi — «чысты шлях» купцоў па Дзвіне і раўнапраў ныя гандлёвыя інтарэсы абодвух бакоў.

Ды нават калі і не было пунктаў аб гандлі, мір 1210 г., які фіксаваў status quo, стаў поспехам і для немцаў, і для палачанаў. Першыя і другія выйгралі ад унармавання адносінаў, атрымаўшы магчымасць засяродзіць сілы супраць непрыяцеляў; біскуп гарантаваў Полацку штогадовую ліўскую даніну, што ў тых неспакойных умовах таксама было плюсам. Трэба вельмі спрашчаць сітуацыю і сам падыход, каб нават у «вечным міры» 1210 г. бачыць адно «гандлёва-эканамічную экспансію» Ордэна супраць Полацка76 .

У 1212 г. перамовы ініцыяваў ужо князь полацкі, які сам вызначаў умовы і мэту сустрэчы. Вясною ці на пачатку лета ён накіраваў Альберту запрашэнне на спатканне ў Герцыке, на геаграфічнай сярэдзіне паміж Полацкам і Рыгай. Біскуп мусіў з'явіцца, «каб даць адказ адносна ліваў, былых даннікаў караля; каб тут жа супольна дамовіцца аб бяспечным плаванні купцоў па Дзвіне і, узнавіўшы мір, тым лягчэй супрацьстаяць літоўцам» 77. (З гэтага, дарэчы, можа вынікаць, што мір 1210 г. такі прадугледжваў «чысты шлях» па Дзвіне, але яму заміналі літоўцы.) На прызначаны дзень абодва пасольствы з'явіліся з вялікай вайсковай сілай. Ці не таму, што Дзвіну з абодвух бакоў абсядалі літоўцы? А магчыма і сам тон княскага паслання біскупу стаў сігналам для таго, каб той вырашыў падрыхтавацца і рушыць у вайсковым суправаджэнні.

У адрозненне ад папярэдніх, гэтыя перамовы праходзілі нялёгка. Храніст мімаходзь адзначыў сутнасную дэталь: яны вяліся вакол таго, «што мусіла быць па справядлівасці» 78. Князь Уладзімір спрабаваў сцвердзіць сваё вяршэнства над лівамі і, «то ласкаю, то суровасцю і пагрозамі» імкнуўся пераканаць біскупа, прасіў адмовіцца ад хрышчэння ліваў — «ягоных рабоў». Альберт цвёрда адказваў, што не адступіцца ад пачатай справы, даручанай яму вярхоўным першасвятаром. А вось адносна ліўскай даніны ён не меў ніякіх пярэчанняў, «бо і сам часам плаціў за ліваў каралю гэтую даніну, тады як лівы, не жадаючы служыць двум уладарам, г.зн. рутэнам і тэўтонам, пастаянна прасілі біскупа зусім вызваліць іх ад ярма рутэнаў» 79. Тады князь полацкі перарваў перамовы і паспрабаваў застрашыць біскупа: вывеўшы з герцыцкага замка сваё войска, стаў набліжацца да немцаў, пагражаючы, што спаліць усе інфлянцкія замкі, у тым ліку Рыгу. Немцы таксама падрыхтаваліся да бітвы. Пскоўскі князь Уладзімір Міхайлавіч і пробашч рыжскага сабора Ёган выступілі ў ролі парламенцёраў. Пэўна, яны здолелі адгаварыць полацкага князя ад развязвання вайны, бо той супакоіў войска, а сам падаўся да біскупа і ўзнавіў перамовы. Прычым, цяпер яны праходзілі ў зусім прыязнай атмасферы. Уладзімір назваў біскупа «духоўным бацькам» і быў прыняты ім адпаведна. Яны дэтальна абмяркоўвалі «усё, што тычылася міру» і ўрэшце дасягнулі паразумення. Князь Уладзімір аддаваў біскупу Альберту «усе Інфлянты безданна, каб умацаваўся паміж імі вечны мір як супраць літоўцаў, так і супраць іншых паганцаў, а купцам каб быў заўсёды адкрыты вольны шлях па Дзвіне»80 .

Такім чынам, паводле ўзноўленага міру даніна з ліваў цяпер належала немцам. Уладзімір аддаваў біскупу, як ужо цытавалася, «усе Інфлянты», але гэта, відавочна, была толькі тэрыторыя яшчэ падначаленых яму на той час ліваў. Храніст сцвярджае, што Уладзімір Полацкі сам адмовіўся ад яе, «магчыма, па божаму навучанню». Увогуле, выглядае непраўдапа добным, каб ініцыятар з'езду, які напачатку пагражаў сілай, прымушаючы Альберта прыняць яго ўмовы (а прадметам спрэчкі былі перадусім лівы і іх даніна), урэшце добраахвотна пагадзіўся з адваротным вынікам сустрэчы. Калі ўсё ж было так, то супольная абарона ад ваяўнічых язычнікаў і выгады гандлю значылі для полацкага князя намнога болей, чым ліўская даніна. За даніну яму маглі абяцаць канкрэтную дапамогу супраць Літвы і земгалаў. Падобнае тлумачэнне ў свой час выказвалі такія знаўцы праблемы, як Ф.Койслер і Э.Бонэль. Супольныя выгады ад гандлю ставіў на першае месца і І.Ціхаміраў 81. Аднак перакладчык хронікі Генрыха С.Аннінскі прыняў пункт гледжання С.М.Салаўёва, які лічыў, што Полацк саступіў не па добрай волі: «Біскуп перастаў плаціць даніну полацкаму князю, і той ня меў сродкаў прымусіць яго да гэтага»82 . Замала ведаем, каб сцвярджаць тут нешта катэгарычнае. Гэта сапраўды адзін з самых загадкавых момантаў узаемаадносін князя Уладзіміра з Альбертам. Што да даніны, то гэты сюжэт сведчыць: біскуп усё ж плаціў яе за ліваў полацкаму князю, прынамсі двойчы. І яшчэ адна дэталь: Усевалад, на той час ужо васал біскупа, заставаўся прыязны і да Полацка, — пусціў жа ў замак Уладзімірава войска.

Герцыцкае пагадненне 1212 г. стала першым афіцыйным дакументальна засведчаным прызнаннем таго факта, што над краем ліваў і латгалаў ужо пануе не Полацк, а немцы. З адмаўленнем Уладзіміра ад даніны ўсялякая іх залежнасць ад Полацка сканчалася. І полацкія князі ўжо ніколі не вярталі страчаных ліўскіх і латгальскіх абшараў. Але тады яно не ўспрымалася як параза, хутчэй наадварот. Князь Уладзімір «з купцамі (нямецкімі — Г.С.) і ўсім сваім народам ... з радасцю вярнуўся ў свой горад Полацк»83 .

Аднак ужо праз два гады рыцарамі з Кукенойса быў захоплены і разрабаваны замак Герцыке. Паводле версіі Генрыха — за тое, што Усевалад насуперак прысягі па-ранейшаму дапамагаў літоўцам і не бываў у свайго духовага айца біскупа Альберта 84. Невядома, дзе тады знаходзіўся сам Усевалад. Калі ж немцы неўзабаве паўтарылі паход і зноў здабылі цвердзь, іх разбілі пакліканыя герцыцскім князем літоўцы. З гэтага моманту Усевалад надоўга знікае са старонак хронікі. Магчыма, у 1214 г. ён сышоў у Пскоў, пра што пісаў М.Таўбэ85. Заўважым, не ў Полацк, які зноў жа не засведчыў сваю пратэкцыю над герцыцкім князем. Пэўна, за Усеваладам захоўвалася права на свае ўладанні, бо пад 1225 г. Генрых згадвае яго як «караля Герцыке», што быў на сустрэчы з папскім легатам у Рызе86. З актавых матэрыялаў вядома, што годам раней Усевалад перадаў палову Герцыцкага княства ў якасці лена рыцару Конраду фон Маендорфу, які ажаніўся з ягонай дачкой. Канчаткова ж Герцыке стала нямецкім толькі пасля Усеваладавай смерці, а ў 1230 г. ён яшчэ жыў, бо дакументы зафіксавалі ягоную перадачу часткі зямель біскупу і капітуле ў Дзвінавусці (Dьnamьnde)87.

Генрыхава паведамленне пад 1216 г. пра нечаканае абвастрэнне адносін і падрыхтоўку новай ваеннай акцыі выбіваецца з агульнага кантэксту яго далейшага апавядання. У адсутнасць Альберта, які ад'ехаў на рымскі сабор, у красавіку т.г. эсты падрыхтавалі паўстанне супраць немцаў і папрасілі князя Уладзіміра, каб ён напаў на Рыгу. Храніст піша, што Уладзімір прыняў план і паспеў сабраць «вялікае войска з рутэнаў і літоўцаў», але ў апошні момант, перад самым пачаткам паходу раптоўна памёр88. Дасюль нераскрытая таямніца ягонай смерці нараджае мноства здагадак, і адна з іх — што князь быў атручаны. Полацк жа пасля смерці Уладзіміра літаральна знік са старонак інфлянцкай хронікі.

«З таго часу мы больш нічога не чуем пра варожасць паміж Полацкам і немцамі», — пісаў калісь нямецкі гісторык 89, маючы на ўвазе яшчэ герцыцкае пагадненне. Хоць менавіта тады імператар Святой рымскай імперыі Атон IV зацвердзіў правы мечаносцаў на іх уладанні ў Прыбалтыцы, якія тыя ўжо мелі, або ў будучым маглі здабыць «на законных асновах». Значыць, верх бралі іншыя інтарэсы. З боку Нямецкага ордэна ўласна Полацкая зямля не цярпела да 1330-х г.

Неўзабаве праціўнікам хрысціянскай місіі ў Інфлянтах Генрых назваў Уладзіміра Міхайлавіча, князя пскоўскага. І ў гісторыі ўзаемаадносінаў паміж нямецкай калоніяй і Руссю настала сапраўды новая эпоха. Яе пазначыў паход вялікага ноўгарадска-пскоўскага войска (без Полацка) у падкантроль ныя Ордэну землі Эстоніі ў 1216/17 г. Амаль няспынныя ваенныя сутычкі перапыніліся толькі заняццем немцамі Юр'ева ў 1224 г., але антаганізм не быў зняты і давёў справу да хрэстаматыйных Нявы і Чудскага возера.

Полацк жа апошні раз фігуруе ў хроніцы пад 1222 г., калі пасля сціслага аповеду пра напад мангола-татараў на полаўцаў і бітву пры Калцы Генрых паведамляе, што «кароль смаленскі і кароль полацкі» з некаторымі іншымі ўладарамі Русі накіравалі ў Рыгу паслоў прасіць міру90. Год тут названы храністам недакладна, бо, як вядома, большасцю спецыялістаў у навуковай літаратуры бітва на Калцы датуецца канцом траўня 1223 г. Пасля страшэннай паразы князі Русі імкнуліся ўмацаваць свае пазіцыі, забяспечыць тыл, у тым ліку саюзніцкім дагаворам з інфлянцкімі немцамі. Узнаўленне папярэдняга дагавора магло спатрэбіцца і ў выніку гібелі тых, хто раней яго падпісваў. Пра нейкіх паслоў з Полацка і Смаленска ў Рызе храніст паведамляе і ў апісанні падзей канца 1223 г.91, але хутчэй за ўсё, як меркаваў і акадэмік Кунік, абедзьве гэтыя згадкі тычацца аднаго пасольства.

Паколькі, паводле самога Генрыха, адноўлены мір быў «ва ўсім такі самы», як ранейшы, то можна дапусціць, што ў дагавор 1223 г. увайшлі асноўныя моманты акту 1212 г., г.зн. ён прадугледжваў як ваенна-абарончы саюз, так і «адкрыты шлях» па Дзвіне для абодвух бакоў.

Перад смерцю Альберта, памёршага ў 1229 г., дайшло да заключэння першай асобнай гандлёвай дамовы Смаленска, Полацка і Віцебска з цэлым саюзам нямецкіх гарадоў. Апрача Рыгі і Готланда Нямеччыну прадстаўлялi Любек, Мюнстэр, Гронiнген, Брэмен, Дортмунд 92, што дае ўяўленне пра геаграфiю еўрапейскiх кантактаў старажытнабеларускага краю. Гэты раўнапраўны трактат, якi ў асноўных пунктах захоўваў сваю прававую моц да часоў Вiтаўта, забяспечыў абодвум бакам «чысты шлях» (свабоднае плаванне) па ўсёй Дзвiне, нават за Смаленск, i нiчым неабмежаваны гандаль. Аднак гэта ўжо іншая гісторыя, якая выходзіць за межы маёй тэмы. Тут жа хацеў бы адно звярнуць увагу на ключавую і піянерскую ролю Полацка. Бо ясна, што нямецкiя купцы выйшлi да Вiцебска, а потым i Смаленска толькi пасля ўрэгулявання адносiн з Полацкам, а канкрэтна, зыходзячы з літары дакумента, — пасля дамовы 1212 г., якая гарантавала iм права вольнага плавання па ўсёй Дзвiне. Так лiчыць i вядомы спецыялiст па ганзейскай гiсторыi Філіп Долiнгер93 .

Вяртаючыся да таямнічай постаці «полацкага караля» Уладзіміра, нельга не заўважыць ягонай адкрытасці лацінскаму Захаду. І ў хроніцы невыпадкова адзначаецца яго «сяброўства і прыязнае стаўленне» 94 да першага інфлянцкага біскупа. Першапачатковая прыязнасць Уладзіміра да немцаў не выклікае сумненняў. Яго інтарэсы маглі быць закрануты ўсталяван нем Ордэна, з чаго і пачаліся канфлікты, спробы Полацка захаваць свой кантроль над Ніжняй Дзвіной. Выглядае, быццам што стрымлівала яго і замінала дзеянням. Гэта ці іншыя інтарэсы князя, ці ўзрастаўшая роля Літвы. Пазней Генрых сцвярджае, што вялікі князь полацкі «заўсёды імкнуўся разбурыць інфлянцкі касцёл»95 , але, тлумачачы літаральна, гэтыя словы можна разглядаць адно як сведчанне ягонага стаўлення да місіі. Мусім улічваць спецыфіку крыніцы: хроніка — пры ўсёй стрыманасці Генрыха — ёсць апалогіяй біскупа, апяваннем ягонай справы, полацкі ж князь з'яўляецца ў ёй спарадычна і ў святле хутчэй незычлівым. Адсюль пэўная імпульсіўнасць, непаслядоўнасць яго дзеянняў. Без дадатковых крыніц тут не абыйсціся.

Несумненна вялікай асобай быў супернік полацкага князя біскуп Альберт. У ідэалагічна вытрыманых трактатах савецкага ўзору ён звычайна фігураваў як «организатор немецкого захвата Восточной Прибалтики» 96, як «идеолог крестоносного грабежа» 97, нямецкія ж каланізатары падаваліся толькі як агрэсары. На жаль, падобныя трактоўкі пераняла і беларуская гістарыяграфія (як навуковая, так і папулярная), ды не вызваляец ца ад іх і цяпер. «Палітыка Полацка была бескампраміснай у адносінах да агрэсараў...», «яго [Полацка] гераічнае супраціўленне не дапусціла ворага ў карэнныя землі палачанаў» 98, Полацк «вёў гераічную барацьбу супраць уварваўшыхся ў Прыбалтыку нямецкіх крыжаносцаў», «Грунвальд пачынаўся ... у Лівоніі, дзе беларускія дружыны ўпершыню ўступілі ў бой з крыжакамі»; «цяжкая зацяглая барацьба з крыжацкай агрэсіяй ... падтачыла сілы» Полаччыны 99, — чытаем у адпаведных раздзелах айчынных выданняў, пазнаючы фразеалогію панславізму. Між тым, Альберт не арганізаваў ніводнага (!) паходу на Полаччыну.

Еўрапейскія гісторыкі, менш заангажаваныя ў палітыку, даўно звярталі ўвагу на пераважна мірныя стасункі паміж немцамі і Полацкам у ХIII ст., тлумачачы гэта ўзаемавыгаднай зацікаўленасцю ў функцыяванні дзвінскай гандлёвай магістралі 100, адзначаючы, што сустрэча Захаду і Усходу на Дзвіне ад першых кантактаў (1180-я гады) да сярэдзіны ХIII ст. мела галоўным чынам бесканфліктны характар 101.

Сапраўды, лёгка заўважыць істотныя адрозненні ў нямецкай палітыцы Полацка з аднаго боку, і Ноўгарада ды Пскова — з другога. Калі ўзаемаадносіны першага з Рыгай і Ордэнам былі пераважна мірныя, то паўночныя цэнтры Русі з 1216/17 г. да захопу немцамі Юр'ева (1224) і ў сярэдзіне — другой палове ХIII ст. фактычна пастаянна варагавалі з імі. Цікава, што ў 1213 г. пскавічы выгналі свайго князя Уладзіміра за адно тое, што ён аддаў дачку за біскупавага брата (а шлюб дачок Вячкі і Усевалада з немцамі не выклікаў падобнай рэакцыі). Гэта адзначаў і С.Салаўёў, гаворачы пра «моцную непрыязнасць» пскавічоў да лацінян, якой характарызавалася ўся гісторыя Пскова102.

Інакш з Полацкам. Тут выразна пераважалі эканамічныя інтарэсы, так бы мовіць, здаровы глузд. Інфлянты былі не зацікаўленыя ў пашырэнні крыжовай вайны на Полаччыну, бо страчвалі б ад перакрыцця Дзвіны, палачане — таксама. Пагроза з боку хрысціянскага Полацка для Альберта ўяўлялася меншай, чым ад паганай Літвы. Кааліцыя ж Полацка з Літвой была б для яго найнебяспечнейшай. Мы тут яўна недаацэнь ваем рэлігійны фактар. Нямецкія даследчыкі пішуць нават пра імкненне Альберта дасягнуць «хрысціянскай салідарнасці абедзьвюх канфесій» 103 і падкрэсліваюць яго спробы ўсталяваць саюз з Полацкам. Ясна, што рэальнае аблічча біскупа не адпавядае стэрэатыпу падступнага заваёўніка, створанаму нашай старой гістарыяграфіяй. Як бачна з фактаў, полацкія або ноўгарадска-пскоўскія правінцыі даставаліся яму пераважна мірна: Альберт умеў эфектыўна выкарыстоўваць такі «цывільны» інструмент, як васальныя граматы, дамовы, шлюбныя саюзы.

Разумеючы, што трактаванне скупых сведчанняў хронікі часам непазбежна гіпатэтычнае, што ўсялякая рэканструкцыя мінулага ёсць у нейкай ступені канструкцыяй гісторыка, можна цалкам упэўнена канстатаваць прынамсі такі варты ўвагі факт: усталяваўшыся ў вусці кантраляванай Полацкам Дзвіны на мяжы ХII і ХIII ст., немцы ў тры першыя дзесяцігоддзі не парушалі «добрыя старыя правы» полацкіх князёў, а Полацк — адпаведна талераваў чужаземцаў.

 

Выказваю шчырую ўдзячнасць Моніцы Банькоўскай (Цюрых), без дапамогі якой многія скарыстаныя тут выданні засталіся б недаступнымі.

 



1 Henricus de Letis. Chronicon Livonicum vetus // Scriptores Rerum Livonicarum (далей — SRL). Bd.I. Riga-Leipzig, 1853; іншыя выданні на лаціне ці з паралельным перакладам — Heinrich von Lettland. Livlдndische Chronik. Neu ьbersetzt von Albert Bauer. Darmstadt, 1959; Indrika Hronika. Riga, 1993 і інш.
2 Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. Введение, перевод и комментарии С.А.Аннинского. Москва-Ленинград, 1938. XV, 56, 351 (Далей — Генрих).
3 Гл.: SRL.Bd.I. 1848; Scriptores Rerum Germanicarum (далей SRG). Hannoverae, 1874.
4 Петр из Дусбурга. Хроника земли Прусской. Издание подготовила В.И.Матузова. Москва, 1997. С.155 і інш.
5 «Selven, Liven, Leten lant waren in der Ruzen hant» — Livlдndische Reimchronik. Hrsg. von Leo Meyer. Padeborn, 1876, 645-646; Slavenchronik Arnolds von Lьbeck // MGH. T.XXI, 212; ПВЛ.Ч.1. С.13; ПСРЛ. Т.2. С.8, і інш.
6 Генрих. С.249.
7 Назарова Е. Из истории взаимоотношений ливов с Русью (Х-ХІІІ вв.) // Древнейшие государства на территории СССР. Материалы и исследования, 1985. Москва, 1986. С.181. У гістарыяграфіі на гэты конт выказвалася многа меркаванняў, і самае радыкальнае — што лівы былі падуладныя ўжо Рагвалоду (Гл.: Bonnel Е. Russisch-Livlдndische Chronografie, S.2, Comm.19) — уяўляецца фантастычным.
8 У сінтэзе латышскага гісторыка Альфрэда Білманіса з'яўленне палачан у ліўскай зямлі і ўсталяванне пратэкцыі полацкага князя над лівамі фактычна адначасовае прыходу біскупа Майнарда. Гл.: Bilmanis A. A history of Latvia. Princeton, 1951. P.56.
9 ПСРЛ.Т.2.Москва, 1962. Стлб.620; Новгородская Первая летопись. Москва, 1950. С.44.
10 Генрих. С.73.
11 Алексеев Л. Полоцкая земля (Очерки истории Северной Белоруссии) в ІХ-ХІІІ вв. Москва, 1966. С.170.
12 Клейнберг И. О топониме Gercike в источниках ХІІІ в. // Вспомагательные исторические дисциплины, IV. Ленинград, 1972. С.127.
13 Штыхов. Города Полоцкой земли. Минск, 1978. С.61.
14 ПСРЛ. Т.ІІІ.С.39.
15 Cоловьев С.М. История России с древнейших времен. Т. 2 / Сочинения. В 18 кн. Кн.1. Москва, 1988. С.712, спас.435.
16 Taube M. Russische und Litauische Fьrsten an der Dьna zur Zeit der Deutschen Eroberung Livlands (XII. und XIII. Jh.) // Jahrbьcher fьr Kultur und Geschichteb der Slaven. N.F. Bd.IX. Hf.3/4 (1935). S.429.
17 Алексеев Л. Op.cit. С.170.
18 Насевіч В. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў XII-XVIII ст. Мінск, 1993. С.6, Табл.1.
19 Калнынь В. Общественно-политический строй и право феодальной Латвии в ХІ-ХVІ в. Рига, 1962. С.10; Калнынь В. Древнерусская государственность и право на территории Латвии в ХІ-ХІІІ вв. // Ученые записки Латвийского государственного университета им. П.Стучки. Т.64. Рига, 1964.С.123.
20 Напр.: Laur W. Ьberlegungen zur Herkunft des Wissewalde (Vsevolod) von Gerzike (Jersika) // ZfO. Bd.35 (1986). Hf.4. S.515.
21 Генрих. С.59.
22 Hellmann M. Bischof Meinhard und die Eigenart der kirchlichen Organization in den baltischen Lдndern // Gli inizi del Cristianesimo in Livonia-Letonia / Atti del colloquio internazionale di storia ecclesiastica in occasione dell'VIII centenario della chiesa in Livonia (1186-1986). Vaticano, 1989. S.20.
23 Hellmann M. Op. cit. S.21.
24 Генрих. С.59.
25 Hubatsch W. Die deutsche Siedlung in Livland im Mittelalter // Studium zum Deutschtum im Osten. Bd.8 (1971). S.111.
26 Генрих. С.63.
27 Wojtecki D. Mьnster und Riga. Aus der Frьhzeit westfдlisch-livlдndischer Verbindungen // Цstliches Europa Spiegel der Geschichte. Festschrift fьr Manfred Hellmann zum 65. Geburtstag. Wiesbaden, 1977. S.153
28 Генрих. С.66.
29 Hildebrand H. Chronik Heinrichs von Lettland. Berlin, 1865. S.59.
30 Benninghoven F. Der Orden der Schwertbrьder. Fratres Milicie Christi de Livonia. Kцln/Graz, 1965. S.65.
31 Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мінск, 1990. С.269.
32 Генрих. С.73.
33 Wilinbachow W. Ruњ a niemiecki podbуj Inflant // ZH. T.36 (1971). Z.4. S.14.
34 Соловьев С. Op. cit. С.612.
35 Аннинский С. Примечания / Генрих Латвийский. Хроника Ливонии. С.257.
36 MGH, XXI.S.212.
37 Алексеев Л. Op. cit. С.283.
38 Ермаловіч М. Op. cit. С.268.
39 Кейсслер Ф. Окончание первоначального русского владычества в Прибалтийском крае. С-Петербург, 1900. С.10-11.
40 Keussler F. Das livische und lettische Dьnagebiet und die Fьrsten von Polock, Gercike und Kokenhusen am Ausgang des XII. und zu Beginn des XIII. Jh.s // MLG. Bd.15 (1892). S.13.
41 Ермаловіч М. Op. cit. С.269-288.
42 Генрих. С.81.
43 Benninghoven F. Op. cit. S.71.
44 Bilmanis A. A history of Latvia. Princeton, 1951. 60.
45 Генрих. С.82.
46 Тамсама. С.83.
47 Тамсама. С.84.
48 Тамсама. С.90.
49 Тамсама. С.91.
50 Тамсама. С.96.
51 Соловьев С. Op. cit. С.614.
52 Алексеев Л. Op. cit. С.284.
53 Ермаловіч М. Op. cit. С.275.
54 Benninghoven F. Op. cit. S.90.
55 Bonnel Е. Russisch-Livlдndische Chronographie von der Mitte des IX. Jh. bis zum J. 1410. St.Petersburg, 1862. S.22.
56 Генрих. С.103.
57 Алексеев Л. Op. cit. С.285.
58 Генрих. С.104
59 Ермаловіч М. Op. cit. С.278.
60 Taube M. Op. cit. S. 425. На с. 441 М.Таўбэ дапускае, што і дачка Усевалада выйшла замуж за немца.
61 Генрих.С.113-114.
62 Keussler F. Das livische und lettische Dьnagebiet und die Fьrsten von Polock, Gercike und Kokenhusen am Ausgang des XII. und zu Beginn des XIII. Jh.s // MLG. Bd.15 (1892). S.27.
63 Генрих. С.114-115.
64 Keussler F. Op. cit. S.34.
65 Генрих. С.121.
66 Bonnel E. Op. cit. S.25.
67 Латышскі гісторык цвердзіў, што «у 1210 г. куры заключылі саюз з земгаламі і Полацкам супраць Ордэна», аднак, калі куры прыйшлі да Рыгі, ніводзін з альянтаў не з'явіўся. Гл.: Bilmanis A. Op. cit. 61.
68 Генрих. С.121, 124.
69 Тамсама. С.124.
70 Rennkamp W. Studien zum deutsch-russischen Handels bis zum Ende des XIII. Jhs.: Nowgorod und Dьnagebiet. Bochum, 1977. S. 195.
71 Усачев Н. Об участии Смоленска в «вечном мире» 1210 г. // Учен. записки Смоленского пединститута. Вып.5 (1957). С. 202, 207, 214.
72 Муравская Е. Торговля Риги с Полоцком, Витебском и Смоленском в ХІІІ-ХIV вв. / Автореф. дисс. канд. ист. наук. Рига, 1962. С.12 ff.
73 Генрих. С.124.
74 Liv-, Est- und Curlдndische Urkundenbuch nebst Regesten. Bd. 1. Nr.15.
75 Keussler F. Op. cit. S.38.
76 Ермаловіч М. Op. cit. С.281.
77 Генрих. С.140.
78 Тамсама. С.140.
79 Тамсама. С.141.
80 Тамсама. С.141.
81 Тихомиров И. Торговые и мирные сношения русских княжеств с Ливонией в ХІІІ в. // ЖМНП. Ч.185, май 1876. С.164.
82 Соловьев С. Op. cit. С.618.
83 Генрих С.141.
84 Тамсама. С.152.
85 Taube M. Op. cit. S.442.
86 Генрих. С.234.
87 Liv-, Est- und Curlдndische Urkundenbuch nebst Regesten Bd.VI. Reg.117a.
88 Генрих. С.167.
89 Schlцzer K. Livland und die Anfдnge deutschen Lebens im baltischen Norden. Berlin, 1850. S.84
90 Генрих. С.210.
91 Тамсама. С.222.
92 Смоленские грамоты ХІІІ-ХIV вв. Подгот. Т.А.Сумникова и В.В.Лопатин. Под ред. Р.И.Аванесова. Москва, 1963. С.20-52.
93 Dollinger P. Die Hanse. Stuttgart, 1998. S.48.
94 Генрих. С.82.
95 Тамсама. С.167.
96 Стародубец П. Купечество Северной Германии и немецкая агрессия в Восточной Прибалтике в ХІІІ в. // Ученые записки Тульского гос. пединститута. Вып.1 (1948). С. 96.
97 Усачев Н. Op. cit. С.216.
98 Ермаловіч M. Op. cit. С.287.
99 Гл. адпаведна: Полоцк. Исторический очерк. Минск, 1987. С.15; Чаропка В. Імя ў летапісе. Мінск, 1994, с.84; Нарысы гісторыі Беларусі. У 2-х частках. Ч.1. Мінск, 1994. С.114. Прыклады можна доўжыць.
100 Christiansen E. The Northen Crusades. London. 1997, 136.
101 Hellmann M. Begegnung zwischen Ost und West auf baltischem Boden im XIII. Jh. // FOG. Bd.25 (1978). S.128.
102 Соловьев С. Op. cit. С.617.
103 Gnegel-Waitschies G. Bischof Albert von Riga. Ein Bremer Domherr als Kirchenfьrst im Osten (1199-1229). Hamburg, 1958. S.165.


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by