БЕЛАРУСКI ГIСТАРЫЧНЫ АГЛЯД


Том 5 Сшытак 1 (8) Чэрвень 1998

СД у Баранавiчах (1941-1943) у кантэксце лакальнага акупацыйнага рэжыму

Гартмут Рус

Для даследавання ўладарання нямецкага акупацыйнага рэжыму ў Савецкiм Саюзе пад час II сусветнай вайны судовыя акты пасляваенных працэсаў над нацыстамi застаюцца той крынiцай матэрыялаў, якая да сённяшняга часу амаль не выкарыcтоўвалася. З прычыны часта сенсацыйнага характару комплексу злачынства i яго прычынаў (а менавiта iх высвятленне было задачай тых працэсаў), iншыя дэталi агульнага кантэксту нямецкага акупацыйнага рэжыму, якiя пры гэтым высвятляюцца, большай часткай застаюцца па-за ўвагай або разглядаюцца як неiстотныя. Але няма, бадай, нiводнай iншай групы крынiц, якая б давала такое мноства фактаў i iнфармацыi ў дачыненні да лакальных штодзённых праяў акупацыйнага рэжыму. Пра тое, якая частка палiтычных намераў, iдэaлагiчных установак, загадаў, дырэктываў i ўказаў нацыянал-сацыялiсцкага кiраўнiцтва даходзiла да нiжняга ўзроўню акупацыйнай сiстэмы i як гэта там потым ажыццяўлялася, ёсць змястоўныя звесткi ва ўспамiнах былых удзельнiкаў акупацыi i ацалелых ахвяраў, сведкаў — у кожным выпадку з тагачаснага пункту гледжання i ў адпаведнасцi з ўласнай пазiцыяй. Вядома, трэба ўлiчваць, што мясцовая перспектыва была абмежаванай, што ўспамiны былых удзельнiкаў i пацярпелых з цягам часу часткова сцерлiся, што факты ў iнтэрпрэтацыi абвiнавачаных не абавязкова адпавядалi патрабаванням пошуку гiстарычнай iсцiны, а ў першую чаргу вызначалiся iмкненнем адмовiць уласную вiну i адказнасць. І ахвяры, y якix, як правiла, не было магчымасцi ўбачыць унутранную структуру акупацыйнага рэжыму, таксама мелi, адпаведна, аднабаковае ўяўленне. Усё гэта патрабуе асцярожнага i крытычнага абыходжання з гэтым матэрыялам 1, аднак без яго — у прыватнасцi таму, што захавалася мала тагачасных дакументаў лакальнага зместу — было б немагчыма напiсаць гэты артыкул пра апорны пункт СД* у беларускiм горадзе Баранавiчы.

Увосень 1941 г., калi пасля ўтварэння генеральнага камiсарыяту Беларутэнiя (1.9.1941) вялiкiя часткi Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкi перайшлi ў распараджэнне айнзацгрупы А, Вольдэмар Амелунг, прыбалтыйскi немец, якому на той час было няпоўных 27 гадоў, прыняў пасаду начальнiка СД у Баранавiчах, на якой i заставаўся, з адным кароткiм перапынкам 2, да восенi 1943 г. Тым самым — спачатку ў межах паўнамоцтваў айнзацгрупы А — адбылася рэарганiзацыя мабiльнай аператыўнай групы ў стацыянарны штаб СД, таму што ўжо ў вераснi 1941 г. д-р Вальтэр Штальэкер называў сябе не проста «начальнiк аператыўнай групы», а «камандуючы Палiцыяй бяспекi i СД Остлянда», рэзiдэнцыя яго знаходзiлася ў Рызе3. У Баранавiчах была фiлiя менскага каманднага пункта палiцыi бяспекi i СД, поўная назва якой гучала так: «Kамандзiр палiцыi бяспекi i СД Беларутэнii — Баранавiцкая фiлiя». Падпарадкоўвалася яна непасрэдна камандзiру палiцыi бяспекi ў Менску, якi ў сваю чаргу атрымлiваў загады непасрэдна ад шэфа Галоўнага Імперскага ведамства бяспекi (RSHA) у Берлiне i быў падначалены Камандуючаму палiцыi бяспекi i СД у Рызе толькi ў сэнсе штатнага раскладу. Гэтую пасаду займаў у беларускай сталiцы з лютага 1942 да чэрвеня 1943 г. обэрштурмбанфюрэр д-р Эдуард Штраўх, «менскi рэзнiк», юрыст, былы старшы ўрадавы саветнiк, алкаголiк, якi ў лiку iншых быў адказны за знiшчэнне дзесяткаў тысяч беларускiх i нямецкiх яўрэяў4. Паўнамоцтвы Баранавiцкай фiлiі каманднага пункта Палiцыi бяспекi i СД Беларутэнii распаўсюджвалiся ў перыяд з 1941 да 1943 г. часткова на ўсю Баранавiцкую акругу, якая складалася з Баранавiцкага, Слонiмскага, Наваградскага, Лiдскага i Ганцавiцкага раёнаў. З восенi 1942 г. да Баранавiцкай фiлiі належала Слонiмскае аддзяленне, якое за 1943 г. было павышана ў рангу — пераўтворана ў самастойную фiлiю Палiцыi бяспекi i СД, аднак у сэнсе ведамаснага нагляду яна па-ранейшаму знаходзiлася ў падпарадкаваннi Галоўнай фiлiі ў Баранавiчах 5. Да стварэння (летам 1943 г.) фiлiі ў Лiдзе праца Баранавiцкай фiлiі ў дачыненнi да палiтыкi бяспекi распаўсюджвалася таксама на Лiду i Наваградак. Да жнiўня 1942 i з восенi 1943 г. баранавiцкаму начальнiку СД падпарадкоўваў ся i Ганцавiцкi раён6.

Баранавiцкая фiлiя, як i Галоўнае iмперскае ведамства, падзялялася на аддзелы (кадраў, эканомiкi, СД, гестапа, крымiнальнай палiцыi). Такая структура была ўведзена, як паведамiў адзiн з былых супрацоўнікаў фiлiі, толькi з вясны 1943 г., таму што раней яе кiраўнiк сам «клапацiўся пра ўсе справы — i па лiнii крымiнальнай палiцыi, i па лiнii гестапа, i па лiнii службы СС»7.

Аднапавярховы будынак СД па вулiцы Нарутовiча быў абгароджаны калючым дротам. Дрот быў завешаны саламянымi матамi, каб нiхто не мог зазірнуць у двор8. Тут у СД была ўласная сталоўка; у тым самым будынку супрацоўнiкi аддзела i беларускiя калабаранты i жылi. Можна меркаваць, што па меры росту фiлiі тут станавiлася цесна, таму пачалi ставiць новы службовы будынак9 . Зусiм побач з Баранавiцкай фiлiяй СД знаxодзiлiся будынкi ахоўнай палiцыi, жандармерыi i мясцовага шэфа СС i палiцыi. Апошнi з свайго акна мог аглядаць унутраны двор за будынкам СД. Пры гэтым можна было бачыць, што ў сутарэннях гэтага будынка часам знаходзiлася па 20—30 зняволеных, часткова — яўрэi, як жанчыны, так i мужчыны10 .

У гэтай сувязi неабходна адзначыць, што нават яшчэ тады, калi пераважная большасць яўрэйскага насельнiцтва Баранавiчаў i навакольных населеных пунктаў была знiшчана, СД мела ў сваiм распараджэннi яўрэяў-супрацоўнікаў; утрымлiвалiся яны ў цаглянай пабудове наўскос ад службовага будынка СД. Днём яны працавалi ў бараку, што знаходзіўся непадалёк; там былi абсталяваныя шавецкая, кравецкая, сталярная, пальчатачная, гадзiннiкавая i iншыя майстэрнi 11. Позняй восенню 1943 г. каля сарака майстроў здолелi ўцячы12.

Акрамя таго, у адным з будынкаў, што належалi СД, было памяшканне, якое называлi унiвермагам. Там захоўвалiся галоўным чынам пажыткi яўрэяў з Чэхіі, што былi расстраля ныя — агульным лiкам тысяча чалавек — 31 лiпеня ў ляску з назвай Гай. Са згоды кiраўнiка фiлiі рэчы з гэтага склада маглi выдавацца супрацоўнiкам 13.

У Баранавiцкай фiлiі СД служыла адначасова ў сярэднiм 20—30 чалавек14 . У гэты лiк уваходзiла беларуская ахоўная каманда, складам роўная роце15, а таксама праз увесь час пэўная колькасць латышскiх i лiтоўскiх добраахвотнiкаў — перакладчыкi, кіроўцы i ахоўнiкi. Латышы i лiтоўцы часам выступалi як адзiнае падраздзяленне, а беларусы выкарыстоўвалiся па ўсёй тэрыторыi — у тым лiку i ў якасцi шпегаў i даносчыкаў 16. Нямецкiя служачыя фiлiі належалi галоўным чынам да крымiнальнай палiцыi i гестапа, у большасцi сваёй гэта былi найвышэйшыя чыны СС17. Беларуская ахоўная каманда размяшчалася па-за комплексам Баранавiцкага СД. Такiя каманды пераводзiлiся сюды з Менска i часта мянялiся18 . Нямецкiх камандаў СС цi палiцыi ў распараджэннi Баранавiцкай фiлiі СД не было.

У фiлiі СД у 1943 г. было дзве легкавыя аўтамашыны, адной з якiх заўсёды карыстаўся кiраўнiк, i адна грузавая 19.

Задачы «Камандзiра палiцыi бяспекi i СД» былi разнастайнымi. Гэта быў палiтычны нагляд за рэгiёнам, расследван не актаў сабатажу i тэрору, шпiянаж i контрразведка, выкрыццё варожых агентаў i руху супрацiўлення, забеспячэнне бяспекi наогул, пераслед пэўных правапарушэнняў — як з боку тых, хто належаў да акупацыйных структур, так i з боку мясцовага насельнiцтва — i найперш «прапрацоўка i вырашэнне яўрэйскай праблемы» 20. Без згоды Баранавiцкага СД у горадзе з яўрэямi нiчога не магло здарыцца. Усiмi гета i яўрэямi, што знаходзiлiся там, распараджалася толькi СД.

Прафесiйныя перадумовы для дзейнасцi ў ролі кiраўнiка фiлiі СД, якiя меў Амелунг, тэхнiк тэкстыльнай прамысловасцi, заслугоўвалi з пункту гледжання традыцыйных узораў кар'еры бадай што невысокай адзнакi21. І ўсё ж непрацяглы час яго знаходжання ў СС (з лютага 1940) i СД (з 1 чэрвеня 1940 г.) прайшоў не без вартых увагi акцэнтаў, якiя, вiдавочна, здалiся яго начальству дастатковай падставай для таго, каб лiчыць яго прыдатнай кандыдатурай на пасаду кiраўнiка СД Баранавiцкай акругi — мiж iншым, безумоўна нiзкую для рангу унтэрштурм фюрэра СС. Амелунг, якi быў у свой час актывiстам балтыйска-нямецкага нацыянал-сацыялiсцкага руху ў Латвii i ў гэтай якасцi прымаў вызначальны ўдзел у тэхнiчна-арга нiзацыйным ажыццяўленнi загаданага Гiтлерам перасялення прыбалтыйскiх немцаў22, свой толькi што набыты статус у СС рэалiзаваў спачатку ў рамках «Цэнтра этнiчных немцаў — iнстанцыi па справах перасяленцаў» у Познанi23, потым быў прызначаны выконваючым абавязкi кіраўніка прадзiльнi ў Равiчы24, на пачатку вайны трапiў на тэрыторыю Савецкага Саюза ў складзе аператыўнай групы А ў тыле групы армiй «Поўнач» у зоне баявых дзеянняў «Барбароса» i 1 лiпеня 1941 г. з армiяй дайшоў да Рыгi. Разам з паплечнiкамi па аператыўнай групе А ў снежнi 1941 г. быў узнагароджаны «Вайсковым крыжам за заслугi другой ступенi з мячамi»; гэтую ўзнагароду прысвойвала Вярхоўнае камандаванне Групы армiй «Поўнач» 25. У адрозненне ад некаторых найвышэйшых чыноў СД, Амелунг прайшоў спецыяльную вайсковую падрыхтоўку ў латвiйскай армii, адкуль пасля году службы быў звольнены ў 1934 г. у рангу капрала. Ён гаварыў па-латышску, а таксама — што ў нямецкiм акупацыйным апараце i для мясцовага насельнiцтва было, вiдавочна, паказчыкам квалiфiкацыi i прэстыжу — свабодна валодаў рускай мовай26. Прадстаўнiкi акупацыйных уладаў праўдападобна атэставалi яго як чалавека з асабiстай мужнасцю i адвагай27 , сведчылi пра яго неразважлiвасць, жорсткасць, вытрымку, г. зн. такiя якасцi, якiя ў СС асаблiва ўхвалялiся, i да якiх у яго далучалiся — у гэтым адваротны бок медаля, таксама добра засведчаны — бескампрамiсныя нацысцкiя перакананнi 28, яскрава выражаны антысемiтызм 29 i фанатычны антыкамунiзм. Такую iдэйна-палiтычную сутнасць начальнiка Баранавiцкага СД, магчыма, нельга цалкам зразумець, не ведаючы пра расiйскую i прыбалтыйскую часткi ягонай бiяграфii — прыналежнасць да арганiзаванага асяродка балтыйска-нямецкай моладзi30, пра тое, што яго бацька, уладальнiк маёнтка, быў забiты ў бязладдзi расiйскай рэвалюцыi 1917 г., пра страту часткi сацыяльнага прэстыжу ў вынiку уцёкаў з Расii ў Рыгу. У кожным разе, у яго бiяграфii быў вялiкi патэнцыял iндывiдуальнай iдэнтыфiкацыi з мэтамi i метадамi аператыўных груп i СС, таму можна меркаваць, што праўду гаварыў ужо пасля вайны яго школьны таварыш, тагачасны кiраўнiк «Кампанii па сельскагаспадарчым асваенні Остлянда» у Баранавiчах Эрых фон дэр Бругген, якi адзначаў: «На маю думку, ён [Амелунг] быў упэўнены, што на той пасадзе, якую займаў (мелася на ўвазе пасада начальнiка СД у Баранавiчах — аўт.), яму i належыць знаходзiцца» 31.

Хоць да пасляваенных выказванняў былых служачых акупацыйных уладаў, якiя падрабязна апавядалi пра дамiнуючую ролю Баранавiцкай фiлiі СД, трэба ставiцца асцярожна, таму што яны па зразумелых прычынах iмкнулiся як мага больш затушаваць уласную вiну32, нават для бесстарон няга назiральнiка напрошваецца аб'ектыўная ацэнка надзвычайнай уладарнасцi СД ва ўсёй ерархii акупацыйных структураў у гэбiтскамiсарыяце Баранавiчы. Колiшнi начальнiк акруговай жандармерыi Макс Айбнэр, у распараджэннi якога знаходзiлася каля 500 беларускiх добраахвотных памочнiкаў, размеркаваных па асобных мясцовых участках жандармерыi, паведамiў, што яны былі пад моцным уплывам начальнiка СД: калi Айбнэр, сустракаючы каго-небудзь на дарозе, пытаўся, чаму той пакiнуў месца службы, то звычайна чуў у адказ: «Павiнен з'явiцца да шэфа ў Баранавiчы», прычым меўся на ўвазе начальнiк СД, у якога «паўсюль сядзелi свае шпiёны»33. Большасць супрацоўнiкаў iншых акупацыйных органаў у Баранавiчах сцвярджалi, што фiлiі СД нiхто нiчога не мог загадваць 34. Яна знаходзiлася выключна ў падпарадкаваннi камандзiра палiцыi бяспекi i СД у Менску35. Камiсар акругi як найвышэйшы адмiнiстрацыйны чыноўнiк пацвердзiў, што ён не меў паўнамоцтва аддаваць загады СД36. Праўда, паколькi СД, асаблiва пры правядзеннi буйных «акцый», мусіла выкарыстоўваць тыя сiлы, якiя падпарадкоўвалiся камiсару акругi, трэба было клапацiцца пра такiя ўзаемаадносiны, якiя б дазвалялi дзейнiчаць у згодзе. У прыватнасцi, расказваюць, што калi планавалася чарговая акцыя, то яна, як правiла, абмяркоўвалася сумесна начальнiкам СД, начальнiкам жандармерыi i камiсарам акругi ў рэзiдэнцыi апошняга; часам, напэўна, той i прызначаў акцыi37, што, аднак, нi ў якiм разе не азначала, што ён меў паўнамоцтвы аддаваць загады начальнiку СД. Наадварот, менавiта начальнiк СД меў права патрабаваць, каб вышэйшы чынам i непадпарадкаваны яму па службе начальнiк жандармерыi даваў яму палiцэйскiх «для правядзення яўрэйскiх акцый», i той, як потым сам сцвярджаў, не мог супрацiўляцца гэтаму нахабнаму патрабаванню 38. І ахоўная палiцыя39, зона дзеянняў якой абмяжоўвалася тэрыторыяй горада Баранавiчы — у яе задачы ўваходзiла, у прыватнасцi, i ахова гета — павiнна была пры пэўных абставiнах падпарадкоўвацца загадам начальнiка СД, якi звычaйна абгрунтоўваў iх загадам Вышэйшага шэфа СС i палiцыi (HSSPF) Остлянда 40.

Такая агульная паслужлiвасць астатнiх акупацыйных органаў у адносiнах да СД тлумачыцца, вiдавочна, у першую чаргу трыма наступнымi прычынамi. Фiлiя СД ужо чыста вонкава, тым, што не дапускала староннiх вачэй, стварыла сабе аўру таямнiчасцi i недаступнасцi. Кантакты служачых СД з супрацоўнiкамi iншых акупацыйных структураў былi абмежаваныя да мiнiмуму41 . А добраахвотнікам-беларусам з СД усе неслужбовыя кантакты з iншымi палiцыянтамi горада былi забароненыя наогул. Усё гэта, бясспрэчна, падкрэслiвае асаблiвае становiшча фiлiі СД. Не было памылковым меркаванне, што загады з Берлiна паступалi ў Баранавiцкую фiлiю СД праз Менск па даволi простым шляху, што спрыяла росту яго прэстыжу ў мясцовай ерархii. І, нарэшце, было вядома, што да задач фiлiі СД належаў i палiтычны кантроль за ўласным акупацыйным апаратам. Былы служачы адмiнiстрацыi гэбiтскамiсарыяту адзначаў, што «i нямецкiя органы … баялiся СД»42. Калi ж улiчыць яшчэ фанабэрыстасць i жорсткасць начальнiка Баранавiцкай фiлiі СД, якiя адзначалiся ў шматлiкiх сведчаннях 43, то стане зразумела, чаму не толькi мясцовае насельнiцтва, асаблiва яўрэi, але i «ўсе iншыя баялiся» СД44.

Асаблiвыя ўладныя паўнамоцтвы фiлiя СД мела ў дачыненннi да баранавiцкага гета i канцлагера у Калдычэве.

Гета было створана ў снежнi 1941 г. Размяшчалася яно ў цэнтры горада, а ўваход туды знаходзiўся на адлегласцi ўсяго толькi 150 м ад будынка гебiтскамiсарыята. Гета было абгароджана калючым дротам вышынёю 2,5 м45. У гета месцiлася некалькi тысяч чалавек — па першым часе толькi жыхары Баранавiчаў, а потым i яўрэі з блiжэйшых раёнаў. Было страшэнна цесна, узнiкалi эпiдэмii, працэнт смяротнасцi дасягаў вялiзных лiчбаў46. Напачатку гета знаходзiлася пад кiраўнiцтвам гебiтскамiсарыят у, а праз некалькi месяцаў перайшло пад адказнасць фiлiі СД. З гэтага часу заяўкi юдэнрата на харчаванне накiроўвалiся ў гебiтскамiсарыят ужо не непасрэдна, а праз СД. Прызначэнне вязняў гета на працу ажыццяўляла бiржа працы гебiтскамiсарыята пад кантролем СД47. У самiм гета iснавала яўрэйская «служба парадку», звонку яно ахоўвалаcя ротай ахоўнай палiцыi з мясцовых добраахвотнiкаў, апранутых у чорную унiформу48 . Толькi iх камендант, некалькi адказных асобаў i СД мелi права свабоднага ўваходу ў гета. Выйсцi адтуль не мог без дазволу СД нiхто. Да выключнай кампетэнцыi фiлiі СД належала выяўленне яўрэяў i накiраванне iх у гета. За межамi гета яўрэi маглi знаходзiцца толькi пад аховай i з спецыяльнымi пасведчаннямi СД. Ёсць таксама пераканаль ныя сведчаннi, што з яўрэяў спаганялася кантрыбуцыя ў выглядзе каштоўных рэчаў49.

Агульнавядома, што 3 i 4 сакавiка 1942 г., на яўрэйскае свята Пурым, гета стала месцам масавага знiшчэння людзей, у якiм пад арганiзацыйным кiраўнiцтвам Службы бяспекi ў той цi iншай форме ўдзельнiчала большасць невайсковых акупацыйных структураў горада (жандармерыя, ахоўная палiцыя, гебiтскамiсарыят, арганiзацыя Тодт)50. У вынiку акцыi загiнула ад 2000 да 3400 чалавек51 . Ямы для iх пахавання былi выкапаныя савецкiмi ваеннапалоннымi па-за гарадской мяжой, на месцы колiшняга склада боезапасаў. Ваеннапалонныя пасля гэтага таксама былi расстраляныя 52. Лiквiдацыi гета 12—19 снежня 1942 г. папярэднiчала яшчэ адна буйная акцыя знiшчэння, якая адбывалася з 22 верасня да 2 кастрычнiка 1942 г. (у днi свята прымiрэння Йом-Кiпур); яе ахвярамi сталi некалькi тысяч чалавек53 . На канец 1942 г. Баранавiчы сталi горадам, «ачышчаным ад яўрэяў», — іх засталася толькі невялiчкая колькасць: тыя, што працавалi ў майстэрнях СД, належалi да арганiзацыi «Тодт» цi знаходзiлiся ў канцлагеры Калдычэва.

Былы маёнтак Калдычэва 54 — прыкладна 15 км па Гарадзішчанскай шашы на поўнач ад Баранавiчаў — у 1942 г. быў ператвораны па iнiцыятыве Баранавiцкага СД у турму i працоўны лагер. Яго вязнi, большай часткай удзельнiкi польскага супрацiўлення, партызаны i тыя, хто падазраваўся ў сувязях з партызанамi, а таксама невялiкая колькасць майстроў-яўрэ яў, месцiлiся ў спецыяльна пабудаванай турме, у будынках сельскагаспадарчага прызначэння i ў бараках. На працягу ўсяго часу ў лагеры знаходзiлася па некалькi тысяч зняволеных, якія працавалi на торфараспрацоўках. Меліся тут i майстэрнi, да маёнтка была далучана цагельня, у якой выраблялася цэгла. Лагер быў агароджаны некалькiмi радамi калючага дроту, ахова забяспечвалася пражэктарамi i спецыяльна надрэсiраванымi сабакамi, вакол лагера стаялі доты. У Калдычэва траплялi вельмi многiя, часам цэлымi сем'ямi, па даносу — як западозраныя ў сувязях з партызанамi 55. Ахоўная каманда сiлай ў адну роту56 складалася з беларускiх i некалькiх польскiх добраахвотнiкаў, якiя накiроўвалiся i на «акцыi» за межамi лагера. Шматлiкiя паказаннi сведкаў, як можна меркаваць, пацвярджаюць, што Калдычэўскi лагер падпарадкоўваўся Баранавiцкай фiлiі СД57, аднак у адмiнiстрацыйным сэнсе быў падначалены непасрэдна камандзiру палiцыi бяспекi ў Менску58. Фельдкамендант Баранавiчаў, якi ведаў пра жорсткiя парадкi ў Калдычэўскiм лагеры, нiбыта прымаў захады для таго, каб лагер быў лiквiдаваны, аднак не здолеў дамагчыся гэтага ў найвышэйшага шэфа СС i палiцыi фон Готберга 59.

Пасля вызвалення Баранавiцкая гарадская камiсія выявiла ў наваколлi лагера шмат агульных магiлаў60. Катаваннi, садысцкiя здзекi, што ўчынялi ахоўнiкi, былi ў Калдычэве звычайнай справай61 . Былыя супрацоўнiкi фiлiі СД пацвердзiлi, што выкрытых партызанаў цi асобаў, западозраных у сувязях з партызанамi, — у тым выпадку, калi яны не падвяргалiся неадкладна «асаблiваму абыходжанню», г. зн., калi ix не расстрэльвалi цi, што таксама здаралася, не вешалi публiчна62 , — адразу накiроўвалi ў Калдычэўскi лагер63. Часам баранавiцкае СД мела ў сваiм распараджэннi адзiн або некалькi «газвагенаў»-душагубак, якiя прыходзiлi з Менска64; паводле сведчання аднаго з вязняў Калдычэўскага лагера, яны выкарыстоўвалiся i там: аднойчы такiм чынам было знiшчана 40 палякаў-iнтэлiгентаў з Стoўбцaў65 . Калдычэўскi лагер меў чорную славу ў цэлай акрузе66. Надзвычай рэпрэсiўны рэжым лагера быў для насельнiцтва пастаяннай правакацыяй, што спрыяла ўзмацненню супрацiўлення i ўздыму партызанскага руху ў гэтай мясцовасцi. Калдычэва заставалася вiдавочным увасабленнем жорсткага акупацыйнага рэжыму, якi ад самага пачатку даваў усе падставы для сумнення ў плённасцi спробаў мiрнага супрацоўнiцтва з падпарадкаваным наcельнiцтвам 67.

Паколькi на пасляваенных працэсах у цэнтры ўвагi знаходзiлiся злачынствы супраць яўрэйскага насельнiцтва, то пра так званае «вынiшчэнне банд», якое, на аднадушную думку былых супрацоўнiкаў фiлiі СД у Баранавiчах, належала побач з «яўрэйскiм» пытаннем да iх галоўных задач, з судовых матэрыялаў можна даведацца адносна мала. У вынiку палiтыкi эксплуатацыi i знiшчэння, якая выходзiла далёка за межы ўсяго, што можна вытрымаць, з сярэдзiны 1942 г. першапачатко вая пазiцыя суiснавання ў адносiнах беларускага насельнiцтва да акупантаў пачала ператварацца ў пазiцыю актыўнага супрацiўлення, якая ўсё больш узмацнялася 68. Увесну 1943 г. у партызанскiх атрадах Баранавiцкай вобласцi налiчвалася больш за 5000 узброеных людзей69. Па ўсёй яе тэрыторыi СД даводзiлася мець справу з рознымi партызанскiмi групоўкамi, некаторыя з якiх знаходзiлiся ў варожых узаемаадносiнах памiж сабой (камунiстычныя, нацыяналiстычныя беларускiя, польскiя, лiтоўскiя i яўрэйскiя); напачатку барацьба вялася, вiдавочна, з усiмi без разбору. Паўсюдна былi створаны невялiкія апорныя пункты беларускай палiцыi, якiя ўвесь час паведамлялi ў Баранавiцкае СД пра з'яўленне цi перамяшчэнне партызанаў; СД аналiзавала iнфармацыю i перадавала яе ў аддзел ахоўнай дывiзii i акруговым камендантам палiцыi i жандармерыi 70. Вакол Баранавiчаў асаблiва моцным з'яўляўся напачатку польскi нацыянальны рух супрацiўлення, мэтай якога было вяртанне страчаных у 1939 г. заходнебеларускiх тэрыторый. Супраць гэтага руху, паводле сведчання Альфрэда Мeцнэра, якi пасля вайны быў пакараны смерцю ў Польшчы, вялася самая жорсткая барацьба 71. Сiтуацыя перамянiлася ў 1943 г., калi напярэдаднi Калядаў СД заключыла дамову з групоўкай польскiх партызанаў, якая налiчвала каля 250 чалавек: на падставе гэтай дамовы немцы забяспечвалi польскiх партызанаў зброяй, амунiцыяй i медыкаментамi. У адказ палякi абавязвалiся прапускаць без перашкод нямецкiя эшалоны i не дапускаць прысутнасцi камунicтычных партызанаў на тэрыторыi памiж Лiдай i Баранавiчамi 72.

Яўрэйскiя партызанскiя атрады — калi яны не далучалiся да iншых аб'яднанняў — асаблiва энергiчна змагалiся супраць камандаў СД i СС, на якiх ляжала галоўная вiна за знiшчэнне яўрэяў. Так, 9 чэрвеня 1942 г. група парызанаў-яўрэяў напала на атрад Баранавiцкага СД пад камандаваннем Грунцфельдэ ра, калi той на дзвюх легкавых i дзвюх грузавых аўтамашынах накiроўваўся ў вёску Налiбокi для знiшчэння яўрэяў. Атрад, якi складаўся прыкладна з 35 чалавек, «ужо праз кароткi час расстраляў усе свае патроны i быў амаль поўнасцю знiшчаны (ацалела толькi 3 чалавекi)» 73.

У 1942 i 1943 г. Баранавiцкая фiлiя СД удзельнiчала прынамсi ў чатырох буйных акцыях супраць патрызанаў («Балотная лiхаманка», верасень 1942; «Гамбург», снежань 1942; «Альтона», снежань 1942; «Герман», лiпень 1943)74. «Данясеннi з акупаваных усходнiх тэрыторый» не давалi падставаў сумнявацца, што пад прыкрыццём «вынiшчэння бандаў» праводзiлася сiстэматычнае знiшчэнне яўрэяў i цывiльнага насельнiцтва. Так, у некаторых з данясенняў пра «поспехi» ў акцыi «Балотная лiхаманка» адзначаецца: «Ачыстка тэрыторыi на поўдзень ад лiнii Слонiм — Баранавiчы працягваецца. 12 верасня 1942 СД расстраляла 350 яўрэяў; спалены 5 хутароў — апорныя пункты партызанаў.» 18 верасня паведамляецца: «Сiламi СД спалена вёска Выганiшча … у пакаранне за подлы напад на атрад Лiбрама». У цэлым пад час аперацыi «Балотная лiхаманка» было «спалена i знiшчана 49 бандыцкiх складаў, бункераў i апорных пунктаў, а таксама шэраг вёсак у балотнай мясцовасцi, якiя давалi бандытам прытулак» 75. Гэтая i iншыя акцыi былi ўнёскам акупацыйнай улады ў «Могiлкi вёсак» у Хатынi, якiя з'яўляюцца такiм яскравым напамiнкам для нашчадкаў пра тое гора, што прынесла беларускаму народу нямецкая акупацыя.

Ганебную ролю адыграла СД ў дэпартацыi савецкiх грамадзян на прымусовую працу ў Нямеччыну. У красавiку 1942 г. у Баранавiчах былi арганiзаваныя два зборныя пункты для прымусовай дэпартацыi, якiя праiснавалi да 1944 г.; адтуль штомесячна вывозiлася 300—400 чалавек, большай часткай працаздольныя маладыя людзi. Праводзiлiся сапраўдныя аблавы на моладзь, асаблiва па начах i ў базарныя днi, пад час якiх акупанты паводзiлi сябе як гандляры рабамi76. Многiя, баючыся дэпартацыi, уцякалi ў лес. Адзiн нямецкi вiдавочца паведамляе пра так званую партызанскую аперацыю, што праводзiлася ў жнiўнi 1943 г. на захад ад Менска; у сапраўднасцi гэта была буйнамаштабная акцыя «па захопу остарбайтэраў». «Гэта было сапраўднае паляванне на людзей»77 . Паводле няпоўных дадзеных, на прымусовыя работы ў Нямеччыну з Баранавiчаў было вывезена 7593 чалавекi, а з усёй Баранавiцкай вобласцi больш за 33 00078.

Масавыя расстрэлы яўрэяў у Баранавiчах i навакольных населеных пунктах летам 1942 г. сталі часткай другой хвалi знiшчэння яўрэяў у генеральным камiсарыяце Беларутэнiя, якая была лаканiчна абвешчана ў бюлетэнi «Ereignismeldung UdSSR» ад 14 студзеня 1942 г.79, а потым канкрэтна cпланавана на нарадзе кiраўнiкоў аддзелаў у Менску 29 студзеня, на якой прысутнiчаў Кубэ80. Вiзiт Гейдрыха ў Менск у канцы красавiка 1942 г.81, напэўна, надаў ёй дадатковы стымул i яшчэ больш радыкальны характар. Кубэ ў сваiм ганебна вядомым лicце да Лозэ ад 31 лiпеня 1942 г. падводзiць рахунак: «За апошнiя дзесяць тыдняў мы лiквiдавалi ў Беларутэнii каля 55 000 яўрэяў», называючы пры гэтым шэраг населеных пунктаў (Лiда, Слонiм, Наваградак, Слуцк)82, дзе пад кiраўнiцтвам або пры вызначальным удзеле Баранавiцкага СД праводзiлiся масавыя расстрэлы. Згаданы вышэй Мецнэр у вераснi 1947 г. зрабiў у Аўгсбургскай турме заяву для пратакола, раўназначную заяве пад прысягай, пра тое, што «зондэркаманда Амелунга», да якой ён быў прымацаваны i ў якую ўваходзілі «70 немцаў i 130 латышоў», «у лiпенi цi жнiўнi 1942 г.» у Жыровiчах пад Слонiмам на працягу 3-4 гадзiн расстраляла ад 1200 да 1400 яўрэяў83. Гэтай падзеi папярэднiчала буйная акцыя ў самiм Слонiме, якая, паводле Мецнэра, забрала жыццi каля 4000 яўрэяў; яна таксама праводзiлася згаданым знiшчальным атрадам з «латышскiх добраахвотнiкаў i СД»84. Па сутнасцi, у гебiтскамiсарыяце Баранавiчы не было нiводнага населенага пункта, дзе ў перыяд з 1941 да 1943 г. яўрэйскае насельнiцтва не спасцiгла бяда ў выглядзе акцый знiшчэння, што праводзiлiся пры вызначальным удзеле СД85. Гэтыя зверствы i злачынствы, якiмi суправаджалася так званае вынiшчэнне «банд», накiраваныя супраць нi ў чым не вiнаватага цывiльнага насельнiцтва, засталiся ў памяцi беларускага народа, безумоўна, як самае трывалае ўражанне ад нямецкага акупацыйнага рэжыму.

На заканчэнне можна канстатаваць, што лакальная перспектыва, бясспрэчна, здольная часткова дапоўнiць, пашырыць, паглыбiць цi нават скарэктаваць агульныя веды пра нямецкую акупацыйную палiтыку ў Савецкiм Саюзе86. Пры гэтым у канкрэтным выпадку выкрышталiзоўваюцца некаторыя нечаканыя вынiкi. Да iх належыць i наступны: вермахт у агульным кантэксце акупацыйнага рэжыму ў Баранавiчах сваёй прысутнасцi амаль не выяўляў. Уражанне, што ў праявах акупацыi дамiнуючая роля цалкам належала палiцэйскаму апарату i цывiльнай адмiнiстрацыi, абумоўлена, магчыма, матэрыялам тых спецыфiчных крынiц, якiя пераважна выкарыстоўвалiся ў гэтай працы. Аднак жа, калi б яно было не так, то гэта павiнна было б у большай ступенi адлюстравацца i ў паказаннях сведкаў з лiку былых супрацоўнiкаў акупацыйных органаў палiцыi i цывiльнай адмiнiстрацыi. Не ортскамендант, у якога не было цывiльных уладных паўнамоцтваў, а начальнiкi цывiльнай адмiнiстрацыi i СД былi ў Баранавiчах вырашальнымi фiгурамi, што трывала засталося ў памяцi не толькi прадстаўнiкоў нямецкiх акупацыйных органаў, але i мясцовага насельнiцтва 87.

Звяртае на сябе ўвагу яшчэ адна адметнасць: на дзiва абмежаваная колькасць нямецкага акупацыйнага персаналу ў Баранавiчах — супрацоўнiкаў установаў палiцыi i СД; у iх распараджэннi знаходзiлiся шмат большыя ў колькасных адносiнах сiлы мясцовых — беларускiх (або лiтоўскiх i латышскiх) — добраахвотнiкаў, якiя часта мянялiся, а пры неабходнасцi прыцягвалiся i дадатковыя сiлы з iншых месцаў. У iх абавязкi уваходзiла найперш ахова гета (у Баранавiчах) i лагера (у Калдычэве), iм даводзiлася таксама выконваць большую частку «бруднай» работы пры масавых расстрэлах яўрэяў. На гэтай, для большасцi насельнiцтва няшчаснай, сувязi памiж нацыянальнымi i антысемiцкiмі мясцовымi палiцэйскiмi сiламi i нямецкiм кiраўнiцтвам, якое ажыццяўляла сваю дзейнасць у подлым нацысцкiм духу, i грунтаваўся ў iстотнай ступенi рэжым тэрору ў Баранавiчах i iх наваколлi.

Найбольш паслядоўна i радыкальна нацыянал-сацыя лiсцкая праграма прыгнечання, эксплуатацыi i знiшчэння ажыццяўлялася Службай бяспекi, якая належала да «сiлавой элiты» (М. Вiльдт) СС. Усе злачынныя акупацыйныя мерапрыемствы ў Баранавiчах (згон яўрэйскага насельнiцтва ў гета i яго знiшчэнне, вынiшчэнне партызанаў, прымусовая дэпартацыя ў Нямеччыну) праводзiлiся па iнiцыятыве цi пад вызначальным кiраўнiцтвам СД. Ягоны начальнiк увасабляў у сваёй асобе новы тып шэфа СД, якому пратэжавала Галоўнае Імперскае ведамства бяспекi: гэта былi яшчэ вельмi маладыя — у дачыненні да ўскладзенай на iх адказнасцi i дадзенай iм улады, вельмi разумныя людзi, якiя ўжо з юнацкiх гадоў прыходзiлi ў палiтыку, галоўным чынам з ваяўнiча-пра вай пазiцыяй, ворагi бальшавiзму, антысемiты; свае расiсцкiя перакананнi, спалучаныя з пагардай да ўсiх грамадзянскiх каштоўнасцяў гуманiзму, яны рэалiзавалi на тэрыторыях усходняга фронту з неверагоднай знiшчальнай энергiяй. Пры гэтым асобныя носьбiты паўнамоцтваў мелi на месцах даволі вялiкую прастору дзеянняў, i далёка не ўсё, што рабiлася ў Баранавiчах i ваколiцы па iнiцыятыве СД, адбывалася згодна з загадам найвышэйшай iнстанцыi88 . Дзяржаўнае санкцыянаванне «iдэалагiчнага забойства» з боку высокаактыўных групаў i асобных iндывiдаў на прасторы, якая ў значнай ступенi залежала ад законаў жорсткага насiлля ды знаходзілася далёка ад найвышэйшых і кантралюючых iнстанцый, было адным з вызначальных элементаў нямецкага панавання на Ўсходзе.

Аднак у гэтай сувязi неабходна рашуча запярэчыць супраць абагульненай ацэнкi «заўзятых гiтлераўскiх выканаўцаў», дадзенай Данiэлем Гольдхагенам 89. Такая ацэнка грунтуецца на павярхоўным заключэннi i абсалютным адмаўленнi зместу тых шматлiкiх людвiгсбургскiх актаў, якiя сведчаць, што i ў баранавiцкiх акупацыйных органах i нават у СД былi таксама i «незаўзятыя выканаўцы», у якiх тое, што адбывалася, i ўласнае дачыненне да гэтага выклiкала ўнутраную агiду і ўсведамлялася як вiна, аднак па многiх прычынах яны не знаходзiлi ў сабе сiл выключыцца з таго механiзму сiстэмы знiшчэння, у якi трапiлi90. Тыя, хто бачыць у гэтым проста запозненую спробу апраўдацца, не хочуць заўважаць, што памiж учынкам па перакананні i адкрытай адмовай ад удзелу, выказанай у абставiнах вайны i насiлля, цi, iншымi словамi, памiж загадам i паслухмянасцю, былi магчымыя i верагодныя шматлiкiя iншыя лiнii паводзiн.

Тое, што гэта нiякiм чынам не паўплывала на сумныя вынікі нямецкай акупацыi ў Баранавiчах, становіць іншую праблему.

* Нямецкае SD — Sicherheitsdienst, «служба бяспекі».

 

З нямецкай пераклала Галіна Скакун



1 Па сутнасцi пытання: Scheffler W. NS-Prozesse als Geschichtsquelle. Bedeutung und Grenzen ihrer Auswertbarkeit durch Historiker, In: Lerntag ьber Holocaust. Hrsg. von W. Scheffler und W. Bergmann. Berlin, 1988. S. 13—27.
2 З красавiка да 9 чэрвеня на гэтай пасадзе знаходзiўся обэрштурм фюрэр СС Грунцфельдэр, якi 9 чэрвеня быў забiты пад час нападу партызанаў. Параўн.: Цэнтральная служба ўпраўленняў органамi юстыцыi федэральных земляў, Людвiгсбург (Нiжэй: ZStL) 202 AR-Z 94/59, Bd.III, Bl. 3220.
3 Krausnick H.. Hitlers Einsatzgruppen. Die Truppen des Weltanschauungskrieges 1938 — 1942. Frankfurt/Main, 1985. S. 154.
4 На Нюрнбергскiм працэсе Штраўх быў прыгавораны да пакарання смерцю; пасля таго, як яго перадалi бельгiйскім уладам, ваенны трыбунал Бельгii таксама вынес яму смяротны прыгавор. Штраўх страцiў розум i памёр у 1955 г. Параўн.: Wilhelm H.-H., Die Einsatzgruppe A der Sicherheitspolizei und des SD 1941/42. Frankfurt/M., 1996. S. 489 ff.
5 ZStL AR-Z 94/59, Bd. IX, Bl. 2703; Bd. III, Bl. 937.
6 Тамсама. Bd. IХ, Bl. 2703.
7 Тамсама. Bl. 2748. З пэўнасцю засведчана наяўнасць следчага органа крымiнальнай палiцыi, далучанага да фiлiі СД, з беларускiмi супрацоўнiкамi, у задачы якiх уваходзiў, у прыватнасцi, пераслед крымiнальна рэлевантных правапарушэнняў з боку мясцовага насельнiцтва. Тамсама. Bl. 844; Bd. VIII, Bl. 2389.
8 Тамсама. Bl. 2939; Bd. III, Bl. 576.
9 Тамсама. Bl.760.
10 Гэтае сведчанне належыць да перыяду з канца восенi 1943 да пачатку 1944 г. Тамсама. Bd. VIII, Bl. 2938, 2939.
11 Тамсама. Bd. VII, Bl. 2151; Bd. III, Bl. 772.
12 Вязнi ўцяклi праз пракапаны iмi падземны ход. Астатнiх, прыкладна 60 яўрэяў, перавялi ў Калдычэўскi лагер (Тамсама). Па звестках, тагачасны камандуючы палiцыяй бяспекi i СД у Менску д-р Эрлiнгер быў вельмi незадаволены тым, што фiлiя СД карысталася паслугамi яўрэяў (Тамсама. Bl. 989).
13 Тамсама. Bd. II, Bl. 1137; Bd. III, Bl. 957; Bl. 773. Сведчанне, раўназначнае заяве пад прысягай: Люба Случак, 27. 6. 1948, Yad Vashem. Archives M 9/266. «Дзяржаўная Надзвычайная Камiсiя па даследаванні i выкрыцці злачынстваў нямецка-фашысцкіх акупантаў» на аснове актаў даследавання Баранавiцкай гарадской камicii адзначае 1.01.1945, што лiк забiтых чэшскiх яўрэяў складаў нiбыта 3000 — такі няправiльны прыблiзны лiк называлi сведкi. — Параўн.: Преступления немецко-фашистских оккупантов в Белоруссии, 1941 — 1944. Минск, 1965, № 127, с. 265. Тыя ж звесткi знаходзiм у Зелiка Левенбука: Baranowicz, Sefer Zikaron, Tel-Aviv 1953, а таксама у: Polska Misja Wojskowa. Badania Niemieckich Zbrodni Wojennych. Akta sprawy, p-ko Baranowicze, Gestapo. Т. 962, 258/47. Аднак дакументы «Галоўнай чыгуначнай дырэкцыi Цэнтр» у Менску, апублiкаваныя ў ходзе працэсу па справе Хойзэра ў Кобленцы (1963), сведчаць пра тое, што ў эшалоне ААу з Тэрэзiенштадта налiчвалася 1000 вязняў. Параўн.: Tsur J., Der verhдngnisvolle Weg des Transportes AAy. У: Theresienstдdter Studien und Dokumente (1995), S. 107 —120.
14 ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 3220, 783. Акрамя асноўнага персаналу, там, па ўспамiнах аднаго сведкi, былi: да 4 шафёраў, 2 перакладчыкi (студэнты) з Коўна i з Рыгi, 2 цывiльныя пiсьмовыя перакладчыкi з Беларусi, лiтоўская ахоўная каманда ў колькасцi 15 чалавек, а таксама беларуская крымiнальная палiцыя. Тамсама, BD.91.
15 Тамсама, Bl. 756.
16 Тамсама, Bd. VIII, Bl. 2940.
17 Тамсама, Bd. III, Bl. 783.
18 Тамсама, Bl. 888 — 889.
19 Тамсама, Bl. 783.
20 Тамсама, Bd. IX, Bl. 2594, 2619.
21 Крытычныя выказваннi былых супрацоўнiкаў наконт яго прафесiйнай прыдатнасцi. — Тамсама, Bd. III, Bl. 766, Bl. 91.
22 Параўн.: Hehn J. v., Die Umsiedlung der baltischen Deutschen — das letzte Kapitel baltisch-deutscher Geschichte. Marburg, 1984.
23 Гэтая пасада прадугледжвала як дарадчую, так i кантрольную функцыю з боку СС. На падставе ўказа Гiтлера ад 7 кастрычнiка 1939 г. перасяленцы павiнны былi праходзiць не толькi медыцынскую i палiтычную, але i расавую праверку. Акрамя таго, Галоўнае iмперскае ведамства бяспекi праводзiла рэквiзiцыю так званай антыдзяржаў най уласнасцi, выгнанне палякаў i так званае «адсяленне» iх у генерал-губернатарства на падставе дырэктываў Гейдрыха ад 28 лiстапада 1939 г. Параўн.: Anatomie des SS-Staates, 2. Bd., Mьnchen, 1984, s.183; Hцhne H., Der Orden unter dem Totenkopf. Die Geschichte der SS. Mьnchen 1984, S. 329.
24 Равiч — ганебна вядомая турма для польскай iнтэлiгенцыi i ўдзельнiкаў руху супрацiўлення. Параўн.: Walendowska-G. А., Exterminacja Polakуw w zakіadach karnych Rawicza i Wronek w okresie okupacji Hitlerowskiej 1939-1945. Poznaс, 1981.
25 Аператыўная група А, Вытрымкi са спiсаў на ўзнагароджанне «Вайсковым Крыжам за заслугi» ад 20.12.1941, Федэральны Архiў, галоўны справачны аддзел, Az:VI 3-Nr.40/61 (копiя).
26 ZStL AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 205. Sаd Wojewуdzki Szczecin, 77, l. 568.
27 ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. VII, Bl. 2204. Згодна з асабовай справай ён у 1943 г. атрымаў «Жалезны Крыж другой ступенi», «Сярэбраную Ўзнагароду за смеласць другой ступенi для прадстаўнiкоў усходнiх народаў» i «Штурмавы значок пехацiнца».
28 Шматлiкiя сведчаннi, напрыклад, тамсама, Bd. VIII, Bl. 2388, 2389; тамсама, Bl. 2449.
29 Супрацоўнiкi Баранавiцкай фiлiі адзначалi ў яго духоўна-iдэалагiчную схiльнасць да «рашучай варожасцi супраць яўрэяў». ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. VIII, Bl. 2389.
30 Параўн.: Aus dem Leben der deutschen Jugend Lettlands 1917 bis 1939. Hrsg. von O. Kraus. Nьrnberg 1983.
31 ZStL 202 AR-Z 94-59, Bd. VIII, Bl. 2449. У 1954 г. Амелунг загiнуў у вынiку дарожнай катастрофы.
32 Па сутнасцi пытання: Steinbach P., Zum Aussagewert der nach 1945 entstandenen Quellen zur Geschichte der nationalsozialistischen Gewaltverbrechen. In: S. Jersch-Wenzel (Hrsg.), Deutsche — Polen — Juden. Ihre Beziehungen von den Anfдngen bis ins 20. Jahrhundert. Berlin, 1987. S. 283-303.
33 ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. IX, Bl. 2619.
34 Тамсама. Bl. 2840.
35 Параўн.: Matthдus J., «Reibungslos und planmдЯig». Die zweite Welle der Judenvernichtung im Generalkommissariat WeiЯruthenien (1942 — 1944). In: Jahrbuch fьr Antisemitismusforschung Bd. 4 (1995), S. 270 (дыяграма). Загады з Менска i ў Менск iшлi па радыёсувязi i па тэлетайпе. ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 988.
36 «…сапраўдным уладаром акругi былo … СД, я нiякiм чынам не мог умешвацца ў ягоныя справы». (Сведчанне акруговага камiсара Вернэра). Пра імкненне СС распаўсюдзіць сваю ўладу на іншыя акупацыйныя органы ўлады на занятых усходніх землях гл.: Majer D., Fьhrerunmittelbase Sondergewalten in der besetzen Ostgebieten. Entstehung und Wirksamkeit, in: Verwaltung contra Menschenfьhrung im Stadt Hitlers. Studien zum Politisch-administrativen system. Hrgs. D.Rebentisch und K.Teppe. Gцttingen, 1986, s.374-395.
37 ZStL 202 AR-Z 94/59, Bl. 109. 26 жніўня 1942 г. начальнік жандармерыі Баранавіцкай акругі пісаў шэфу жандармерыі Вайсрутэніі: «Ад гэбітскамісара (выдз. аўтара — Г.Р.) Баранавічаў маю загад ..., вызваліць ад яўрэяў вобласць, асабліва сельскую мясцовасць ». Гл.: Абласны архіў у Берасці, 995-1-7, №237.
38 Тамсама. Bd. IX, Bl. 2628, Bl. 2949. Пра не зусiм добрыя ўзаемаадносiны памiж шэфам жандармерыi i начальнiкам СД — тамсама. Bd. IX, Bl. 2843, i ZStL AR-Z 16/67, Bd. IV, Bl. 686 ff.
39 У Баранавiчах ахоўная палiцыя налiчвала ў сваiх шэрагах напачатку 12—15 нямецкiх палiцыянтаў, а лiк беларускiх памагатых паступoва дасягнуў 180. Тамсама. 94/59, Bl. 205 (Сведчанне капiтана Мiшлевiча). Яны падпарадкоўваліся камандзіру паліцыі парадку ў Менску. Згодна з выказваннем іх баранавіцкага начальніка, поўнае права выдаваць распараджэнні належала гэбітскамісару. Інш. гл.: Тамсама, Bd.IX, Bl. 259.
40 Гл. заўвагу 39, Bl. 206.
41 Тамсама. Bd. VIII, Bl. 2918.
42 Тамсама. Bd. IX, Bl. 2595; Bd. VIII, Bl. 2918.
43 Гэтая i падобныя характарыстыкi: тамсама. Bd. IX, Bl. 2528, 2618, 2620, 2751; Bd. X, Bl. 3051, 3052; Bd. VII, Bl. 1847; Bd. VIII, Bl. 2388.
44 Тамсама. Bd. IX, Bl. 2840.
45 Згодна з асобнымі сведчаннямі прадстаўнiкоў акупацыйнага рэжыму, агароджа была зроблена толькi напачатку лета 1942 г. Тамсама. Bl. 2879.
46 Параўн.: Gіуwna Komisja Badania Zbrodni Hitlerowskich w Polsce. Sаd Wojewуdzki Szczecin, 71, l. 234 (сведчанне Серафiны Юткевiч).
47 ZStL AR-Z 94/59, Bl. 2920 ff. Працоўныя даведкi людзi называлi «даведкамi на жыццё». Тамсама, Bl. 1374 (Сведчанне Вернэра).
48 Тамсама, Bl. 2950; Bd. IX, Bd. 2877.
49 Тамсама, Bl. 2921; Gіуwna Komisja (гл. Заўвагу 46), VI Rps 604/47, l. 31 (Sаd Grodzki, сведчанне Г. Мукасей).
50 ZStL 319 AR-Z 74/70, Bl. 33; тамсама, 202 AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 593.
51 Тамсама; Преступления немецко-фашистских оккупантов, с. 264. Тут указваецца 3400 ахвяр (гл. таксама сведчанне Юткевiч — заўв. 46). Больш дакладны ў гэтым выпадку бюлетэнь «Ereignismeldung UdSSR» № 178 за 9. 3. 1942 (NO-3241) паведамляе пра 2007 расстраляных яўрэяў.
52 Параўн.: Polska Misja Wojskowa Badania Niemieckich Zbrodni Wojennych. Akta sprawy, p-ko Baranowicze, Gestapo, t. 962, 258/47 (Сведчанне Янкелевiч).
53 Па падлiках Баранавiцкай камiсii ў вераснi — кастрычнiку загiнула 5000 чалавек, а пры лiквiдацыi гета — 7000. Параўн.: Преступления немецко-фашистских оккупантов, с. 264 i наступн. Паводле паказанняў яўрэйскага сведкi Мукасея перад польскiм судом (1962 г.) у вераснi — кастрычнiку было знiшчана 6000 — 6500 яўрэяў, а ў снежнi — 5000. Параўн.: ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. VIII, Bl. 2249. Адносна «буйнамаш табнай акцыi» ў вераснi — кастрычнiку называюцца розныя лiчбы забiтых яўрэяў — ад 3000 да 6000; разыходжаннi ёсць i ў вызначэннi лiку забiтых пры лiквiдацыi гета. Тамсама. Bd. IX, Bl. 3303/3304.
54 Гэта быў маёнтак былога дэпутата польскага Сейму Шалевiча, параўн.: Сефер Цыкарон, цыт. тв., с. 614. (Цяпер вёска Калдычэва ў Мядзеневіцкім сельсавеце Баранавіцкага раёна. — Рэд.)
55 ZStL AR-Z 94/59, Bd. II, Bl. 3165; тамсама. Bd. IX, Bl. 2707; параўн.: таксама Stragowicz, Obozy Baranowicze-Koldyczewo, Prot. № 533. Нямецка-фашысцкi генацыд на Беларусi (1941—1944). Мiнск, 1955. С. 296—297.
56 Звесткi не супадаюць: называюцца лiчбы ад 70 да 80, 120 («конная палiцыя») i 200 чалавек.
57 ZStL AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 807; тамсама Bd. IX, Bl. 2867; тамсама. 16/67, Bd. II, Bl. 366. Iншыя звесткi: тамсама, 94/59, Bd. III, Bl. 783 (непасрэднае падпарадкаванне камандзiру палiцыi бяспекi ў Мiнску). Для служачых СД Калдычэўскi лагер быў своеасаблiвым месцам аднаўлення сiл. Туды, менавiта ў галоўны будынак маёнтка, начальнiк СД запрашаў гасцей i служачых аддзялення — часам, у нядзелю, «на фiлiжанку кавы», часам на так званыя таварыскiя вечары, «на смажанае кураня»; адсюль ён выязджаў на паляванне цi на конныя прагулянкi. (Тамсама. Bd. VII, Bl. 1045; тамсама. Bd. II, Bl. 3165).
58 Тамсама Bd. III, Bl. 988. Пэўныя адмiнiстрацыйныя паўнамоцтвы ў лагеры мела да 1943 г., як здаецца, i «Таварыства па сельскагаспа дарчым асваенні Усходу». Тамсама. Bd. VIII, Bl. 2449. У беларускiм выданнi «Памяць» адзначаецца, што лагер, якi ўтрымлiваўся беларускай палiцыяй (толькi камендантам быў немец Ёрн), з'яўляўся адначасова i цэнтрам падрыхтоўкi беларускiх гестапаўцаў. Параўн.: Сефер Цыкарон, цыт. тв., с. 614.
59 ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. VIII, Bl. 293 ff.
60 Параўн.: Преступления немецко-фашистских оккупантов, с. 267 — 269.
61 Тамсама. С. 263. P. Kohl, «Ich wundere mich, daЯ ich noch lebe». Sowjetische Augenzeugen berichten. Gьtersloh, 1990. S. 46 — 48. Пацвярджэнне з боку злачынцаў: ZStL 202 AR-Z 94/59, Bl. 3071.
62 Тамсама, Bl. 205 R (Сведчанне Мiшлевiча). Адзiн сведка сцвярджаў, што памятае, як «у 1942 цi 43 г.» чатыры партызаны «былi павешаны СД на лiхтарных слупах на адным з ажыўленых гарадскiх скрыжаванняў», тамсама, Bl. 635, а яшчэ адзiн расказваў пра тое, як у канцы 1942 г. на рыначнай плошчы былi публiчна павешаны пяць партызан. (Тамсама. Bd. IX, Bl. 2594).
63 Тамсама. Bd. III, Bl. 770.
64 Параўн.: Tsur, Der verhдngnisvolle Weg des Transportes AAy, S. 115 ff. (тры душагyбкi пры знiшчэннi чэшскiх яўрэяў). Пра тое, што гэтыя аўтамашыны выкарыстоўвалiся пры лiквiдацыi гета ў снежнi 1942 г., ёсць сведчаннi i з боку злачынцаў (ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. VI, Bl. 1789), i з боку ахвяр (Cефер Цыкарон, цыт. тв., с. 505). А таксама: ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. II, Bl. 326; тамсама, Bd. VII, Bl.1852.
65 Тамсама, 16/67, Bd. II, Bl. 365 (J. Kranz); з адрозненнямi ў дэталях: той самы сведка — тамсама, Bl. 325.
66 Адна з былых вязняў успамiнала пра зняволеных з Ломжы, Баранавiчаў, Наваградка, Молчадзi, Стоўбцаў, Гарадзiшча. — Тамсама 94/95, Bd. VIII, Bl. 2238.
67 Адносна спробаў Кубэ i Готберга наладзiць з 1943 г. абмежаванае палiтычнае супрацоўнiцтва з мясцовымi нацыяналiстычнымi сiламi параўн.: Vakar N., Belorussia. The Making of a Nation. Cambridge (Mass.) 1956; Wilenchik W., Die Partisanenbewegung in WeiЯruЯland 1941 — 1944. // Forschungen zur osteuropдischen Geschichte Bd. 34 (1984), S. 129 — 297; Loftus J., The Belarus Secret. New York, 1985; Туронак Ю., Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мiнск, 1993; Wilhelm H.-H., Die Rolle der Kollaboration fьr die deutsche Besatzungspolitik in Litauen und «WeiЯruthenien» — Konzepte, Praxis, Wirkungen und Forschungsdesiderata. // Okkupation und Kollaboration (1938 — 1945). Beitrдge zur Konzepten und Praxis. Berlin, 1994, S. 191 — 216; Литвин А., Коллаборационизм в Беларуси в годы Великой Отечествен ной войны. Минск, 1998.
68 Wilenchik W., Die Partisanenbewegung, op. cit. S. 220 ff.
69 Параўн.: Всенародная борьба в Белоруссии против немецко-фаши стских захватчиков, т. 2, Минск 1984, с. 183.
70 ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 770.
71 „У адной з гэтых мясцовасцяў (Казлоўшчына, Дзярэчын, Быцень, Галынка) iснаваў рух супрацiўлення, якi быў выяўлены супрацоўнiкамi СД… Гэта былi 80 палякаў з Нацыянальнага Кангрэсу… Палякаў прывeзлi на месца пакарання i адразу ж расстралялi». Тамсама. Bd. II, Bl. 265. Аднак поспехi растлумачальнай работы з прычыны добрай арганiзаванасцi польскага падпольнага руху былi, паводле сведчання працаваўшага ў СД паляка-перакладчыка Юзэфа Гурневiча, даволi сцiплымi. Параўн.: Polska Misja Wojskowa Badania Zbrodni Wojennych, Bd. 567, Kps. 2377/47.
72 ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 989.
73 Рапарт урадавага дараднiка Юнгвiрта Мiнiстру ўсходнiх тэрыторый Розэнбергу ад 12. 6. 1942, цытуецца па: Wilenchik W., Die Partisanenbewegung, op. cit. S. 252. Грунцфельдэр i яго паплечнiкi былi урачыста пахаваныя ў Стоўбцах у прысутнасцi камiсара акругі. ZStL AR-Z 16/67, Bd. V, Bl. 909.
74 Параўн.: Нямецка-фашысцкi генацыд, цыт. тв., с. 361, 364, 365, 371. Параўн. таксама: BA-R 70, SU/14 (Баявы загад Штраўха ад 13.7.1943 Баранавiцкай фiлiі СД адносна акцыi «Герман»).
75 ZStL AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 521, 522 («Meldungen aus den besetzten Ostgebieten»).
76 У лютым 1943 г. у час заняткаў была ачэплена гандлёвая школа; праведзеная «селекцыя» навучэнцаў дала 150 прымусовых работнiкаў для Нямеччыны. Параўн.: Преступления немецко-фаши стских оккупантов, с. 270.
77 ZStL AR-Z 94/59, Bl. 2949.
78 Преступления немецко-фашистских оккупантов. С. 216, 270.
79 «Ereignismeldung UdSSR» № 155 («Мы iмкнемся па магчымасцi цалкам ачысцiць Остлянд ад яўрэяў.»), National Archives Washington, T 175 R 234, 2723608. Параўн. таксама: Matthдus, «Reibungslos und planmдЯig», op. cit. S. 261. Расказвалі, што Найвышэйшы шэф палiцыi i СС Остлянда Фрыдрых Йекельн напярэдаднi адной буйнамаштабнай акцыi па барацьбе з партызанамi запытаў прысутных начальнiкаў СД, колькi яўрэяў налiчваецца ў Баранавiчах. Пачуўшы ў адказ: «Каля 8000», Йекельн абвясцiў, што «6000 з iх павiнны знiкнуць». ZStL 202 AR-Z 94/59, Bl. 215.
80 Цэнтральны Архiў у Менску, 370-1-53, л. 163 — 168 (Пратакол пасяджэння).
81 Параўн.: Tsur, Der verhдngnisvolle Weg, op. cit. S. 108.
82 Лiст надрукаваны у: Kohl, «Ich wundere mich, daЯ ich noch lebe», S. 205 — 206; Lenhard H., «Lebensraum im Osten». Deutsche in BeloruЯland 1941 — 1944. Dьsseldorf 1991, S. 129 —130.
83 Поўнасцю заява Мецнэра змешчана у: ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. II, Bl. 260 ff.
84 Тамсама, Bl. 262—263. Параўн. таксама: Reitlinger G., Die Endlцsung. Hitlers Versuch der Ausrottung der Juden Europas 1939 — 1945. Berlin 1953, S. 235, тут бойня ў Слонiме датуецца — няправiльна — летам 1941 г. Tenenbaum J., Underground, the Story of a People, New York 1952 называе дакладную дату — 30. 6. 1942 (с. 366). Адносна пакуль яшчэ недастаткова высветленай ролi латышскiх аддзелаў з каманды Арайса, у знiшчэннi яўрэяў i барацьбе супраць партызанаў у Беларусi — параўн.: Ezergailis А., The Holocaust in Latvia 1941—1944, Riga, Washington, 1996. S. 188—193.
85 Акцыi ў Гарадзiшчы 20—21 верасня 1942, (ZStL 202 AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 588 — 591; тамсама, 16/67, Bd. IX, Bl. 1468); у Ляхавiчах 2 лістапада 1941; у Мiры 9 лістапада 1941, а таксама ў сакавiку i жнiўнi 1942 (тамсама, 94/59, Bd. II, Bl.333); у Нясвiжы 29 — 30 кастрычнiка 1941 i 22 лiпеня 1942 (тамсама, 16/67, Bd. IX, Bl. 1468, 1469); у Стоўбцах 22 — 23 верасня 1942 (тамсама, 94/59, Bd. II, Bl. 331, Bl. 316, 325, 330; тамсама, Bd. V, Bl. 990); у Наваградку ў снежнi 1941, у лiпенi i жнiўнi 1942, у лютым, траўнi i вераснi 1942 (тамсама. Bd. II, Bl. 334, S. 1: «Auswertung der Literatur ьber Orte des Gebietskommissariats Nowogrodek»); у Лiдзе ўвесну i летам 1942 (тамсама, Bl. 1146, паказанне Г. Вэльке; тамсама, Bd. VII, Bl. 1851; лiст Кубэ да Лозэ 31. 7. 1942); у Слонiме 14 лiстапада 1941, летам 1942 i летам 1943 (параўн.: папярэдн. заўв., а таксама ZStL 202 AR-Z 94/59, Bl. 1147; тамсама Bd. VIII, Bl. 2435); у Слуцку разам з Менскiм СД у лютым 1943 (тамсама, Bd. IX, Bl. 2750); у Дзярэчыне 24 лiпеня 1942 (тамсама, Bl. 1113); у Клецку 20 лiпеня 1942 (тамсама, Bl. 1397) i ў шматлiкiх меншых населеных пунктах (Гарадзеi, Калдычэве, Молчадзi, Новым Свержанi, Сiняўцы, Заастравеччы, Новай Мышы i iнш.; параўн.: тамсама, Bd. II, Bl. 331 ff.: «Auswertung der Literatur ьber Orte des Gebietskommisariats Baranowicze»). У згаданых акцыях у Ляхавічах (2.11.1941), Нясвіжы (30.10.1941) і Міры (9.11.1941) была задзейнічана 8-я рота з 727 пяхотнага палка, 6-я рота дзейнiчала ў Слоніме (14.11.1941), а 7-я — у Наваградку (8.12.1941).
86 Да гэтага часу найзначнейшае значэнне мае: Dallin А., Deutsche Herrschaft in RuЯland 1941 — 1945. Eine Studie ьber Besatzungspolitik. Dьsseldorf 1958 (2. Aufl. 1981). Значэнне лакальнай перспектывы i штодзённай гiсторыi падкрэслiваецца у: Б. К'яры, Гiсторыя як паслядоўнасць катастроф. Беларускi рэгiён як акупаванае грамадства 1939 — 1944. // Беларускi Гiстарычны Агляд, 1996, т. 3, с. 199 — 212; Ён жа, Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in WeiЯrulЯand 1942-44. Dьsseldorf, 1998.
87 Параўн.: ZStL 202 AR-Z 94/59, Bl. 111; тамсама. Bl. 614; тамсама. Bl. 605; тамсама. 94/59, Bd. VI, Bl. 1739; тамсама. Bd. IX, Bl. 2618).
88 Параўн.: Polska Misja Wojskowa Badania Zbrodni Wojennych, t. 567, Rps. 2377/47 (Сведчанне Гурневiча ва Ўроцлаве, 1947 год).
89 Гл.: D. J. Goldhagen, Hitlers willige Vollstrecker. Ganz gewцhnliche Deutsche und der Holocaust. Berlin 1996.
90 Было нямала заяваў супрацоўнiкаў Баранавiцкай фiлiі СД на звальненне, аднак яны ў большасцi выпадкаў не задавальнялiся. Гл., напр., ZStL AR-Z 94/59, Bd. III, Bl. 773; тамсама, Bd. VIII, Bl. 2430; тамсама, Bd. X, Bl. 3052. Расказвалi, што адзiн супрацоўнiк СД сказаў аднойчы, што ён больш не будзе «ўдзельнiчаць у гэтым паляваннi на партызанаў i яўрэяў». Здраднiк данёс пра гэтую заяву, супрацоўнiка арыштавалi i пад аховай адвезлi ў Менск. Тамсама. Bl. 3072.


Змест нумара | Беларускi Гiстарычны Агляд

Partners:
Face.by Social Network
Face.by