Iрына ЕКАДУМАВА,
магiстрант факультэта палiталогii Маскоўскай вышэйшай школы сацыяльных i эканамiчных навук
ПА ЯКIХ ПРЫКМЕТАХ ВЫЯЎЛЯЦЬ ГРАМАДЗЯНСКУЮ СУПОЛЬНАСЦЬ?
Пасля рэферэндуму 1996 года большасць беларускiх партый была выцiснута за межы палiтычнай гульнi. Не прызнаючы правамоцнасцi прынцыпаў дзяржаўнага ўладкавання на падставе Канстытуцыi 1996 года, прадэмакратычныя сiлы пераарыентавалiся ў сваёй дзейнасцi з парламенцкай працы i адкрытых узаемадзеянняў з органамi дзяржаўнай улады непасрэдна на працу з грамадскасцю: развiццё структур трэцяга сектара, палiтычную адукацыю насельнiцтва ды арганiзацыю грамадска-палiтычных мерапрыемстваў. Сёння стымуляванне палiтычнага ўдзельнiцтва грамадзян стала такiм ўнёскам у пабудову грамадзянскай супольнасцi, якi штурхае iх атаясамлiваць сябе з ёю самою. Можа, гэта i зручна - вызначаць грамадзянскую супольнасць як сферу дзейнасцi па рэшткавым прынцыпе: "калi не палiтыка, то...", але наколькi справядлiва казаць аб ёй ды яе носьбiтах у адсутнасцi паўнавартай палiтычнай прасторы?
Калi прызнаць, што арганiзатары скаардынаванага супрацiву лукашэнкаўскаму рэжыму выступаюць прадстаўнiкамi грамадзянскай супольнасцi, то якiм чынам прынцыпы ўладкавання такой грамадзянскай супольнасцi спалучаюцца, напрыклад, з канцэнтрацыяй сiмвалiчнага капiталу i мабiлiзацыйных рэсурсаў, да якой яны iмкнуцца? Цi можа грамадзянская супольнасць цi асобныя яе элементы функцыянаваць ва ўмовах карупцыi ўладных структур ды прававога нiгiлiзму пераважаючай часткi насельнiцтва? Цi можна атаясамлiваць грамадзянскую супольнасць з грамадскiмi рухамi i, наогул, якую такую альтэрнатыву дзяржаве можа прадстаўляць грамадства, каб пры гэтым мiрна з ёй суiснаваць? Такiя пытаннi паўстаюць пры назiраннi дзейнасцi каляпалiтычных сiлаў па стварэнню структур грамадзянскай супольнасцi ў Беларусi i за адсутнасцю вынiкаў гэтай працы на дзяржаўна-палiтычным узроўнi застаюцца без адказу.
У розных грамадствах складаюцца даволi розныя мадэлi дэмакратыi цi iншых спосабаў улагоджвання палiтычна правасуб'ектнай большасцi. Адпаведна, калi з'яўляецца грамадзянская супольнасць, яна паўстае як сацыяльнае асяроддзе некаторага палiтычнага ладу. Канкрэтныя яе ўзоры могуць быць настолькi непадобныя адзiн да аднаго, што для кожнага з iх справядлiва знаходзiць асобныя вызначэннi i ствараць асобныя тэорыi, ў адпаведнасцi з абставiнамi фармавання, спецыфiкай арганiзацыi ды функцыямi, якiя яны выконваюць у дачыненнi да адпаведных сацыяльных сiстэм. Пошукi гэтыя прадстаўляюцца тым больш дарэчнымi для палiтолагаў, чым далей крытычна пераасэнсоўваецца тлумачальная каштоўнасць "вялiкiх тэорый", марксiзм гэта цi структурны функцыяналiзм. Паказальна, што нават у дачыненнi да заходнiх дэмакратый тамтэйшыя даследчыкi размяжоўваюць развiццё грамадзянскай супольнасцi як сацыяльную з'яву i дактрыну грамадзянскай супольнасцi як кiрунак практычнай палiтыкi. У Беларусi ж грамадзянская супольнасць як сацыяльная з'ява апынулася не рэчаiснасцю, а хутчэй праектам. Што да тэорыi, то ў лепшым выпадку яна грунтуецца на спадчыне шатландскiх класiкаў Новага часу цi пераасэнсаваннi досведу краiн Усходняй Еўропы канца 80-х гадоў.
З КЛАСiЧНЫХ ТЭОРЫЙ
Паняцце грамадзянскай супольнасцi мае багатую традыцыю даследванняў у англа-амерыканскай i кантынентальна-еўрапейскай палiтычнай думцы, а таксама бясспрэчны эквiвалент у сацыяльна-палiтычнай практыцы краiн Захаду. Грамадзянская супольнасць прадстаўляецца жыхарам постсацыялiстычных краiн не менш прывабным дасягненнем цывiлiзацыi, чым паспяховае эканамiчнае развiццё цi ўстойлiвая палiтычная дэмакратыя. Уздымаемая тэорыямi грамадзянскай супольнасцi праблема сацыяльнай далучанасцi звязана з пошукамi аптымальнага для чалавечай прыроды сацыяльнага ўладкавання. Тэорыi грамадзянскай супольнасцi закранаюць фундаментальныя пытаннi чалавечага быцця. Па словах А. Селiгмана, праблема грамадзянскай супольнасцi разгортваецца вакол пытання аб магчымасцях супольнасцi сацыяльных агентаў, мысленых у тэрмiнах аўтаномных iндывiдаў [гл. 22, p. 202].
Тэорыя грамадзянскай супольнасцi паўстала як адзiн з накiрункаў развiцця iдэi размежавання памiж грамадствам i дзяржавай. Класiчная тэорыя грамадзянскай супольнасцi з'явiлася ў канцы XVIII - пачатку XIX ст. i выкарыстоўвалася ў тагачаснай палiтычнай думцы дзеля вывучэння новага сацыяльна-палiтычнага ладу, якi прыйшоў на змену абсалютнай манархii. Полiсуб'ектнасць грамадства, знiкненне ў iм адзiнай крынiцы ўлады пачалi абгрунтоўваць новым прынцыпам, якi адпавядаў секулярызаванай свядомасцi, прынцыпам справядлiвасцi, паводле якога ў аснове "правiльнага" сацыяльнага парадку ляжыць не сiла, звычай цi божае наканаванне, а чалавечы розум. Не выпадкова грамадства (як сацыяльная сiстэма ў межах нацыi-дзяржавы) разглядалася мыслiцелямi Новага часу па аналогii з прадпрыемствам, усе чальцы якога спрадвечна маюць роўныя правы на ўдзел у кiраваннi.
У Заходняй Еўропе аформiлiся тры асноўныя традыцыi разумення грамадзянскай супольнасцi:
1. Еўрапейска-мiжземнаморская традыцыя склалася ў iтальянскiх гарадах-рэспублiках эпохi Адраджэння. Буйнейшым яе прадстаўнiком стаў Н. Макiавелi, якi абгрунтоўваў такiя вартасцi, як мiр i бяспека грамадзян, недатыкальнасць прыватнай уласнасцi i свабода перакананняў i выказванняў.
2. Кантынентальна-еўрапейская традыцыя сфармiравалася ў нямецкiм культурным рэгiёне пад уплывам практыкi дзейнасцi гiльдый i гарадскога кiравання.
3. У англа-амерыканскай лiберальнай традыцыi былi распрацаваны наступныя тэарэтычныя праблемы: суадносiны свабоды i адказнасцi на падставе натуральнага права (Дж. Лок), механiзмы самарэгуляцыi грамадзянскай супольнасцi (А. Смiт), канцэпцыя мiнiмальнай ролi дзяржавы (Т. Пэйн) [гл. 5, с. 26].
Станаўленне грамадзянскай супольнасцi адзначылася з'яўленнем грамадзян, маючых юрыдычна замацаваныя правы i абавязкi, а таксама свабодных асацыяцый людзей, ствараемых дзеля абароны iх праў i iнтарэсаў. iдэя аўтаномii сацыяльнай сферы, яе нятоеснасцi з дзяржаўна-палiтычнай сферай была найбольш сiстэматычна прадстаўлена ў творчасцi такiх мыслiцеляў, як Т. Гобс, Дж. Лок, А. Фергюсан. iдэя натуральнага супрацьстаяння дзяржавы i грамадства была паказана ў работах Т. Пэйна, Т. Ходжскiнса ды iнш. Лiберальная iдэя самарэгуляцыi грамадства, якое кантралюе дзяржаву, развiвалася таксама ў творчасцi А. дэ Таквiля, Дж. С. Мiля, Дж. Д'юi.
Нягледзячы на тое, што паняцце грамадзянскай супольнасцi, з прычыны яго распаўсюджанасцi, апынулася даволi размытым, два падыходы, прапанаваныя Дж. Локам i А. дэ Таквiлем, захавалiся да сённяшнiх дзён:
1. Дж. Лок разглядаў грамадзянскую супольнасць як якасны стан соцыума. Грамадзянская супольнасць у яго трактоўцы атаясамлiвалась з цывiлiзаваным у новаеўрапейскiм сэнсе слова грамадствам, уладкаванне якога грунтавалася на такiх прынцыпах, як жыццё, свабода, уласнасць.
2. У А. дэ Таквiля грамадзянская супольнасць - гэта асобная сфера соцыума, якая ўключае ў сябе вобласць прыватных i эканамiчных iнтарэсаў iндывiдаў, дзе адбываецца непадкантрольная дзяржаве грамадская самаарганiзацыя. Грамадзянская супольнасць iснуе аўтаномна не толькi ад дзяржавы, але i ад палiтычнага грамадства i нават ад тых грамадскiх аб'яднанняў, якiя "пракладаюць шлях палiтычным аб'яднанням" [11, с. 287].
Гэтыя два падыходы вызначаюць грамадзянскую супольнасць па розных прынцыпах: Дж. Лок прыбягае да паняцця грамадзянскай супольнасцi дзеля характарыстыкi якаснага стану сацыяльнай сiстэмы, а ў А. дэ Таквiля яно азначае сегмент гэтай сiстэмы. Абапiраючыся на адзiную з'яву, дадзеныя падыходы дапаўняюць адзiн аднаго. Супастаўленне грамадзянскай супольнасцi ў локаўскiм (шырокiм) i таквiлеўскiм (вузкiм) сэнсе слова дапамагае лепей уразумець яе сутнасць. Найбольш тыповай праблемай у гэтым сэнсе было i застаецца прымяненне катэгорыi грамадзянскай супольнасцi да ўсiх не абмежаваных законам форм спантанай цi неарганiзаванай палiтычнай актыўнасцi грамадзян, напрыклад, да масавых акцый, дзейнасцi груп iнтарэсаў i палiтычных рухаў.
У рамках таквiлеўскага падыходу магчымы розныя погляды на кола адносiн, якiя ўключаюцца ў сферу аўтаномii грамадзянскай супольнасцi. Атаясамлiванне грамадзянскай супольнасцi з усёй сукупнасцю непалiтычных грамадскiх адносiн азначае ўключэнне ў грамадзянскую супольнасць сфер дамiнавання эканамiчных структур, патрыархальнай сям'i ды iншых адносiн, якiя выключаюць вартасны стрыжань тэорыi грамадзянскай супольнасцi - iндывiдуальную свабоду. Мiж тым iндывiдуальная свабода, акрамя аксiялагiчнай вартасцi, мае структураўтвараючае значэнне: яна забяспечвае здатнасць непалiтычнай сферы грамадскiх адносiн да самаарганiзацыi. "Самаарганiзацыя ёсць уласцiвасць складаных сiстэм i ў поўнай меры на сацыяльным узроўнi яна атрымлiвае сваё развiццё як функцыя грамадзянскай супольнасцi" [8, c. 32].
Спецыфiчную ролю свабоды ў грамадзянскай супольнасцi адзначае Э. Арата, якi дае вызначэнне грамадзянскай супольнасцi ў вузкiм сэнсе слова. Э. Арата аддзяляе яе ад палiтычнай супольнасцi (ў тым лiку i ад дзяржавы), ад эканамiчнай супольнасцi, ад сферы прыватных адносiн, а таксама ад грамадскiх рухаў i асацыяцый [гл. 1, с. 50] i тым самым надае гэтаму паняццю найбольшую вызначанасць. Такiм чынам, грамадзянская супольнасць у вузкiм сэнсе слова - гэта адасобленая сфера грамадскiх адносiн, структураўтвараючае значэнне ў якой належыць апасродкаванай iнстытутамi камунiкацыi i каардынацыi дзеянняў свабодных iндывiдаў i груп [гл. 1].
АДРАДЖЭННЕ iДЭi ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦi Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ ХХ СТАГОДДЗЯ
Хаця сёння грамадзянская супольнасць стала адным з найбольш распаўсюджаных сродкаў азначэння сацыяльнага парадака ў дэмакратычным грамадстве, большую частку ХХ ст. яе праблемы не абмяркоўвалiся. Пры сусветных тэндэнцыях да канцэнтрацыi капiтала i роста ролi дзяржавы яны выцiскалiся на перыферыю праблемнага поля сацыяльных навук. Занядбанню iдэi грамадзянскай супольнасцi спрыяў i сам стан палiтычнай навукi: на пачатак ХХ ст. пад грамадзянскай супольнасцю пачало разумецца ўвогуле буржуазнае грамадства.
Да самай сярэдзiны ХХ ст. палiтычная навука займалася пошукамi "добрага жыцця": меркаваннi аб належным i наяўным у ёй змешвалiся, а дакладныя метады даследвання, у тым лiку прыёмы спраўджвання атрыманых дадзеных, не былi распаўсюджаны. У 50-60-я гады пачаўся бiхевiяралiсцкi перыяд, калi ўвага даследчыкаў пераключылася на наяўную рэчаiснасць: у першую чаргу, на функцыянаванне палiтычных iнстытутаў i назiраемыя паводзiны людзей. Часткова гэтаму павароту паспрыялi лiберальна-кансерватыўныя палiтычныя рухi, а часткова - павышэнне статуса самой палiтычнай тэорыi, якая ў той перыяд самастойна вызначала кiрункi яе практычнага прымянення i далейшага развiцця.
Больш грунтоўны зварот даследнiцкага iнтарэсу да iдэi грамадзянскай супольнасцi адбыўся напрыканцы 60-х гадоў. Асэнсаванне досведу таталiтарызма як спецыфiчнага досведу ХХ стагоддзя пачалося яшчэ ў перыяд сусветных войн, а здагадкi аб небяспецы паглынання сацыяльнай сферы палiтыкай цi эканомiкай выказвалiся ўжо не першае стагоддзе. Але галоўным чыннiкам спрыяльнай для даследванняў грамадзянскай супольнасцi змены прыярытэтаў у палiтычнай навуцы канца 60-х - пачатка 70-х гадоў стала актыўнасць нетрадыцыйных сацыяльных рухаў, якiя ахапiлi самыя, здавалася б, дабрабытныя заходнiя краiны. Калi навукоўцы прызналi, што iм не ўдалося прадказаць гэтыя падзеi, дамiнуючая на той час сiстэмная тэорыя Т. Парсанса пачала губляць сваю папулярнасць. Апынулася, што тлумачэннi вартасных рэгулятараў чалавечых паводзiн з пункту гледжання логiкi функцыянавання палiтычнай сiстэмы выводзяць праблемы вытокаў сацыяльнага парадку за межы кола аб'ектаў навуковых даследванняў. Акрамя таго, сама дэмакратыя пачала разглядацца не як стабiльны стан грамадства, а як стан яго эвалюцыi, стан фармiравання новых iнстытутаў, працэдур i практык [гл. 9, с. 12]. Прызнанне "дыверсiфiкацыi дэмаса" [9, с. 14] дапоўнiла тэорыю дэмакратыi iдэямi плюралiзма. Сёння рознагалоссi, супярэчнасцi i канфлiкты ўжо не прызнаюцца анамалiяй, а поўная згода ў палiтыцы не лiчыцца насамрэч дасяжнай. Групы iнтарэсаў, якiя ўзнiкаюць на глебе эканамiчных, сацыяльных, прафесiйных, этнiчных, ўзроставых ды iншых адрозненняў, разглядаюцца не як перашкода, а як неад'емная рыса сучаснай дэмакратыi. Адрозненнi, якiя вызначаюць iнтарэсы гэтых груп, паступова выходзяць з лiку грамадскiх з'яў, падлеглых прамому рэгуляванню дзяржавы, у сферу аўтаномii грамадзянскай супольнасцi. Рост увагi сацыяльных навук да маючых палiтычныя наступствы iндывiдуальных i групавых адрозненняў ды iдэнтычнасцяў таксама спрыяе сённяшняй папулярнасцi тэорый грамадзянскай супольнасцi.
Галоўны iмпульс увазе даследчыкаў да праблем грамадзянскай супольнасцi быў нададзены дэмакратызацыяй апошняй чвэрцi ХХ стагоддзя. У краiнах трэцяй хвалi дэмакратызацыi [гл. 19; 9, с. 7-8] iдэя грамадзянскай супольнасцi выкарыстоўвалася напачатку пераважна ў палiтыцы, дзе абгрунтоўвала неабходнасць знаходжання сацыяльнага ўладкавання, альтэрнатыўнага практыцы дыктатарскiх рэжымаў. Яна кансалiдавала рухi супрацiву i прапаноўвала сацыяльны парадак "на глебе iдэi самаарганiзацыi грамадства, аднаўлення грамадскiх сувязяў па-за рамкамi аўтарытарнай дзяржавы, а таксама апеляцыi да незалежнай публiчнай сферы, абмiнаючы ўсякую афiцыйную, кантралюемую дзяржавай цi партыяй камунiкацыю" [1, с. 49].
Адраджэнне канцэпцыi грамадзянскай супольнасцi здзяйснялася у работах Л. Калакоўскага, З. Млынаржа, А. Мiхнiка, Ю. Хабермаса, Н. Бобiо, Ж. Э. Кардоза, Г. О'Донэла ды iнш. Усходнееўрапейскiя тэарэтычныя распрацоўкi гэтай iдэi пачыналiся з барацьбы ў iдэалагiчнай сферы, дзе абгрунтоўвалася неабходнасць стварэння "паралельнай" посттаталiтарнай сiстэме супольнасцi. Паралельная супольнасць мела ўтварыцца як вынiк "экзiстэнцыяльнай рэвалюцыi" - маральнага ператварэння грамадства, змены яго стаўлення да "чалавечага парадку", якi супрацьпастаўляўся парадку палiтычнаму. Да канца 80-х гэтая iдэя не фармулявалася ў тэрмiнах грамадзянскай супольнасцi. Распрацоўваючы iдэю "антыпалiтычнай палiтыкi", В. Гавэл i А. Мiхнiк выступалi хутчэй як дысiдэнты з праграмай вызвалення ад хлуснi, што навязвалася чалавеку посттаталiтарнай сiстэмай пры дапамозе iдэалогii. Толькi са з'яўленнем масавага руху "Салiдарнасць" нон-канфармiзм "антыпалiтыкi" змянiўся новым канфармiзмам, аб'ектам якога апынулась не дзяржава, а антаганiстычнае ёй грамадства [гл. 12]. Гэтую альтэрнатыву постаўтарытарнай палiтычнай сiстэме сталi называць грамадзянскай супольнасцю толькi ў 80-я гады.
Наколькi справядлiва лiчыць, што "Салiдарнасць" увасабляла ў сабе грамадзянскую супольнасць? Дж. Коэн i Э. Арата называюць пазiцыю, якая атаясамлiвае грамадзянскую супольнасць з грамадскiмi рухамi ды арганiзацыямi, радыкальна-дэмакратычнай. Самi ж яны з такой пазiцыяй не пагаджаюцца i лiчаць, што рухi ў дэмакратыях дапаўняюць, але не замяняюць спаборнiцкую партыйную сiстэму [см. 14, p. 19]. Э. Гелнэр разглядае грамадзянскую супольнасць у яе сучасным выглядзе як прадукт падзялення працы i адноснага абасаблення ўлады ад уласнасцi [гл. 4]. Пры такiм разуменнi грамадзянскай супольнасцi пытанне аб тым, цi ёсць яна ва Ўсходняй Еўропе, застаецца адкрытым. Тым не менш, самое сучаснае паняцце грамадзянскай супольнасцi як сферы соцыума можа дапамагчы ў ацэнцы тэндэнцый трансфармацыi сацыяльнай сферы ў кiрунку дэмакратызацыi.
ЭЎРЫСТЫЧНАЯ КАШТОЎНАСЦЬ ПАНЯЦЦЯ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦi
Разгляданне грамадзянскай супольнасцi ў вузкiм сэнсе слова як аўтаномнай сферы сацыяльных адносiн устараняе таўталогiю ў самой гэтай катэгорыi ("civil society") i накiроўвае даследнiцкую ўвагу на функцыi i структуры больш-менш вызначаных яго сегментаў. Грамадзянскую супольнасць як сферу сацыяльных адносiн зручней суадносiць з дзяржавай, палiтыкай, рынкам, грамадскiмi рухамi ды iншымi сацыяльнымi феноменамi, якiя магчыма ад яе адасобiць. Разуменне грамадзянскай супольнасцi ў вузкiм сэнсе слова адкрывае дадатковыя перспектывы ў аналiзе сацыяльных трансфармацый.
Сённяшняя iдэя грамадзянскай супольнасцi падае надзеi на пераканаўчыя i выразныя тлумачэннi сацыяльнай дынамiкi без прэтэнзiй на адназначнае тлумачэнне дыхатамii iндывiдуальнага i сацыяльнага. На думку А. Селiгмана, тэорыя грамадзянскай супольнасцi з'яўляецца тэорыяй сярэдняга ўзроўню, якая закранае пытаннi iнстытуцыяналiзацыi i пры гэтым фармулюецца на мове самiх актораў. Яна прапануе iдэi, якiя, з аднаго боку, дапускаюць эмпiрычную мабiлiзацыю нарматыўных канцэпцый i адначасова абыходзяцца без залiшка ўтопiй (якi, бясспрэчна, спарадзiла б непрыкладная нарматыўная тэорыя), а з iншага боку, пазбягаюць некрытычнага стаўлення да эмпiрычна фiксуемай палiтычнай рэчаiснасцi (якое з'явiлiся б вынiкам поўнага iгнаравання нарматыўных прадпiсанняў) [гл. 22, p. 53]. Дыскурс грамадзянскай супольнасцi дазваляе апiсаць новыя некласiчныя формы калектыўных дзеянняў. Ён дазваляе прасачыць сэнсы, якiя ўлiчваюць акторы ў сваiх стратэгiях, а таксама шырокае кола кантэкстаў сацыяльных ўзаемадзеянняў з улiкам сучасных камунiкацыйных, iнстытуцыянальных ды iншых структур i адносiн. На фоне новых сфер прымянення паняцця грамадзянскай супольнасцi нечакана складаным апынулася пытанне аб пераемнасцi яе тэорыi. Справа ў тым, што ў сённяшняй палiтычнай навуцы грунтоўна перагледжаны некаторыя базавыя дапушчэннi, на якiя абапiралiся класiкi тэорыi грамадзянскай супольнасцi. Так, напрыклад, сцвярджэннi аб добрай прыродзе чалавека альбо вывядзенне маральна-этычных рэгулятараў чалавечых паводзiн з iх аб'ектыўных iнтарэсаў, характэрныя для работ шатландскiх мыслiцеляў XVIII ст., сёння не выглядаюць пераканаўчымi. Сацыяльныя i псiхалагiчныя ўмовы сiнтэза публiчнага i прыватнага, iндывiдуальнага i сацыяльнага iнтарэса цi iдэала ў ХХ стагоддзi зусiм iншыя, чым у XVIII стагоддзi. Таму наўрад цi вяртанне да класiчных тэорый задаволiць сучасныя даследнiцкiя запыты па праблемах сацыяльных вытокаў палiтыкi. А. Селiгман у гэтай сувязi выказваў сумненне ў тым, што класiчныя тэорыi грамадзянскай супольнасцi ўвогуле дарэчныя дзеля аналiзу праблем сучасных грамадстваў [гл. 22, р. 205].
У адпаведнасцi з мэтамi прымянення iдэi грамадзянскай супольнасцi А. Селiгман выдзяляе тры ўзаемапранiкаючыя, але ў той жа час асобныя накiрунка ў яе трактоўцы:
1) палiтычны, у якiм грамадзянская супольнасць - гэта лозунг разнастайных рухаў i партый, а таксама асобных мыслiцеляў, якiя пры яго дапамозе крытыкуюць пэўнага кшталту дзяржаўную палiтыку;
2) квазiнавуковы, якi выкарыстоўваецца навукоўцамi-гуманiтарыямi як канцэпцыя дзеля апiсання (а магчыма i тлумачэння) пэўнай сацыяльнай аргнiзацыi i знаходжання сувязi памiж мiкра- i макраўзроўнем у сацыяльным аналiзе (у найбольш папулярным увасабленнi гэтая iдэя выкарыстоўваецца дзеля апiсання пэўных форм сацыяльнай арганiзацыi, звязаных з iдэямi дэмакратыi i грамадзянства);
3) этычны iдэал, якi прысутнiчае ў першых двух, - гэта фiласофска-нарматыўная канцэпцыя, бачанне сацыяльнага парадку не толькi нарматыўнае, але i прэскрыптыўнае, якое дае прадстаўленне аб добрым жыццi [гл. 22, р. 201].
А. Селiгман прапануе дакладна размяжоўваць паняццi грамадзянскай супольнасцi як аналiтычнага сродка даследванняў i як стратэгiчнага арыенцiра палiтыкаў. У першым выпадку грамадзянская супольнасць мае сацыялагiчную трактоўку i азначае некаторы сацыяльны парадак, найбольш дакладна выяўлены ў рабоце Р. Даля "Полiярхiя" [гл. 15]. У другiм выпадку паняцце грамадзянскай супольнасцi звязана са сферай вартасцяў, вераванняў, сiмвалiчных дзеянняў. У такой iнтэрпрэтацыi яно найлепшым чынам прадстаўлена ў здзейсненым сiстэмным падыходам сумяшчэннi вэбэрыянскага паняцця харызмы i дзюркгеймiянскiх уяўленняў аб салiдарнасцi [гл. 7, 10, 17], дзе крынiцай маральнага парадку выступае iндывiд. З А. Селiгманам згодны Э. Гелнер, якi ў рабоце "Умовы свабоды" прапануе адмовiцца ў даследваннi грамадзянскай супольнасцi ад залiшняй канцэнтрацыi ўвагi на яе маральна-этычным вымярэннi. Э. Гелнер прыдае паняццю грамадзянскай супольнасцi канкрэтна-сацыялагiчнае гучанне, вызначаючы яе як iнстытуцыйны плюралiзм у некаторым палiтыка-культурным асяроддзi [гл. 4, с. 69].
А. Селiгман адзначае, што большасць сучасных заклiкаў да перагляду вызначэння грамадзянскай супольнасцi на Захадзе звязана з распаўсюджаннем духа камунiтарызма [гл. 23]. Адроджаная i пераасэнсаваная iдэя грамадзянскай супольнасцi, на думку Дж. Коэн i Э. Арата, дазваляе знайсцi лепшую альтэрнатыву ўтылiтарнаму лiбералiзму, чым упаданне ў традыцыяналiзм. "Будучы па-за антыномiяй дзяржавы i рынка, публiчнага i прыватнага, Gesellschaft i Gemeinschaft i... рэформы i рэвалюцыi, iдэя абароны i дэмакратызацыi грамадзянскай супольнасцi - лепшы спосаб характарыстыкi сапраўды новай агульнай сюжэтнай лiнii для сучасных форм самакiравання i самаарганiзацыi" [14, р. 30].
Выкрыць механiзмы сацыяльных змен дапаможа выяўленне структур грамадзянскай супольнасцi. У гэтым сэнсе дарэчнымi выглядаюць разважаннi Ф. Шмiттэра, якi разумее пад грамадзянскай супольнасцю "сукупнасць цi сiстэму самаарганiзуючыхся медыяторных (пасрэднiцкiх) груп" з наступнымi ўласцiвасцямi:
1) дваякай аўтаномiяй: з аднаго боку, аўтаномiяй адносна дзяржавы, з iншага - адносна пазадзяржаўных адзiнак вытворчасцi i ўзнаўлення, такiх як сям'я цi бiзнэсавыя структуры;
2) калектыўнага дзеяння;
3) неўзурпацыi чужых прэрагатыў, такiх як функцыi палiтычнага кiравання цi матэрыяльнай вытворчасцi;
4) грамадзянскасцi цi згоды дзейнiчаць у межах ужо склаўшыхся "грамадскiх" цi прававых норм.
Ф. Шмiттэр не ўказвае канкрэтных структур грамадзянскай супольнасцi, бо лiчыць, што яе спецыфiка вызначаецца не вiдамi iснуючых у ёй суб'ектаў, а спецыфiкай i наступствамi iх узаемадзеянняў. У якасцi элементаў грамадзянскай супольнасцi ў такiм выпадку можна разглядаць тыя сацыяльныя структуры i ўзаемадзеяннi, унутраная логiка якiх прадугледжвае фармiраванне i ўмацаванне грамадзянскай супольнасцi. Элементы грамадзянскай супольнасцi - гэта тыя фактары сацыяльных адносiн, якiя спрыяюць самаагранiзацыi грамадства на прынцыпах эгалiтарызма, фармiраванню грамадскай самасвядомасцi i артыкуляцыi iнтарэсаў грамадства. iх iснаванне не гарантуе станаўлення грамадзянскай супольнасцi, але спрыяе яму, i гэтага дастаткова, каб пры разглядзе пераходных працэсаў прыбягаць да паняцця грамадзянскай супольнасцi.
Калi нават кансалiдаваныя дэмакратыi маюць сёння патэнцыял для далейшай дэмакратычнай трансфармацыi, а з ёй i для развiцця грамадзянскай супольнасцi [гл. 18], то пошук прыкмет грамадзянскай супольнасцi ў пераходных грамадствах выглядае дапушчальным.
ЭЛЕМЕНТЫ ГРАМАДЗЯНСКАЙ СУПОЛЬНАСЦi ВА ЎМОВАХ ДЭМАКРАТЫЧНАГА ПЕРАХОДА
Перспектывы фармiравання грамадзянскай супольнасцi там, дзе пачаўся дэмакратычны пераход, але дэмакратычная кансалiдацыя не адбылася, важныя хаця б таму, што скiраваныя на выяўленне сродкаў дасягнення сацыяльнага i матэрыяльнага дабрабыту ў незаходнiх грамадствах без ахвяравання iх нацыянальнымi цi рэгiянальнымi iдэнтычнасцямi. Калi заходнiя дэмакратыi ў свой час паўсталi з недэмакратыi, а грамадзянская супольнасць - з неграмадзянскай, то чаму аналагiчныя пераўтварэннi не могуць адбыцца ў iншых палiтыка-культурных умовах? Хаця сённяшнiя пераходныя грамадствы маюць меней часу на дэмакратызацыю, чым Злучаныя Штаты i краiны Заходняй Еўропы, наўрад цi дэмакратызацыя, таксама як эканамiчная мадэрнiзацыя, можа iсцi выключна "зверху" - ад пераўтварэння iнстытуцыянальнай структуры грамадства да пераўтварэння iнтарэсаў груп i iндывiдаў. Самаарганiзацыя грамадства адбываецца ў першую чаргу па-за палiтычнымi структурамi, таму i грамадзянская супольнасць як наступства дэмакратызацыi змяшчае ў сабе прыкметы пэўнай палiтычнай культуры, якiя вызначаюць ролю ўлады i палiтычных iнстытутаў на шляху да дэмакратыi. iдэя самабытных шляхоў да дэмакратыi ў незаходнiх грамадствах сама па сабе не арыгiнальная. Д. Растоў, якi вывучаў узнiкненне дэмакратыi ў краiнах Захаду i краiнах дэмакратычнага пераходу, настойваў на тым, што ў кожным выпадку як дэмакратыi, так i спосабы iх пабудовы нiколi не паўтараюцца. Тым не менш, у сцэнарыях сучасных дэмакратычных пераўтварэнняў ёсць агульныя рысы. У прымяненнi да пераходных грамадстваў Д. Растоў прапанаваў вызначаць дзве фазы - дэмакратычны пераход (разбурэнне аўтарытарызма) i дэмакратычную кансалiдацыю (станаўленне стабiльнай дэмакратыi) [гл. 21].
У аналiзе працэсаў дэмакратызацыi ў краiнах Цэнтральнай i Усходняй Еўропы i былога СССР аформiлiсь дзве супрацьлеглыя пазiцыi: тэорыя "спадчыны мiнулага" i тэорыя "iмператываў лiбералiзацыi". Першая пазiцыя прадугледжвае тлумачэнне пераходных працэсаў як заканамернага развiцця папярэднiх былых аўтарытарных палiтычных сiстэм, а другая базуецца на дапушчэннi аб унiверсальнасцi правiлаў лiберальнай дэмакратыi i яе дасяжнасцi пры выкананнi пэўных умоў [гл. 6, с. 39-40]. Сцэнарый дэмакратычнага пераходу ў Беларусi, здавалася б, павiнны пацвердзiць тэорыю "спадчыны мiнулага". Але трэба зазначыць, што спадзяваннi на лiбералiзацыю рэжыма як на гiстарычную заканамернасць грунтуюцца на той жа недаацэнцы палiтычнымi сiламi значэння ўласнай волi, што i iдэя "спадчыны мiнулага". Спадзяванне палiтычных гульцаў на "аб'ектыўную заканамернасць" дэмакратызацыi постсавецкага грамадства абярнулася для найбольш аптымiстычных з iх нечаканымi наступствамi. Назiраючы змену элiт у суседнiх краiнах, беларуская дэмакратычная апазiцыя пачатку 90-х гадоў не чакала, што партнаменклатура здолее захаваць iнiцыятыву дэмакратычных пераўтварэнняў у сваiх руках. Сёння беларускi вопыт дае падставу меркаваць, што адставанне дэмакратызацыi ў грамадстве ад аналагiчных працэсаў у суседнiх краiнах спрыяе таму, каб палiтычныя гульцы дзейнiчалi на падставе "iмператыва лiбералiзацыi". Занядбанне такiх ўласцiвасцяў постаўтарытарнага грамадства, як адсутнасць у насельнiцтва досведу палiтычнага ўдзельнiцтва, недастатковае ўсведамленне iм уласных iнтарэсаў i негатоўнасць успрымаць дзяржаўныя iнстытуты i палiтычную дзейнасць у якасцi сферы пераўтварэння ўласных iнтарэсаў i патрэб у рашэннi, падмацаваныя паўнамоцтвамi службовых асоб, вядзе да палiтычнай паразы.
Такiм чынам, дыхатамiя "спадчына мiнулага - iмператыў лiбералiзацыi", як i любая апеляцыя да "аб'ектыўных" сацыяльных заканамернасцяў, не дапамагае, а перашкаджае праясненню тэндэнцый ўскладняючыхся i супярэчлiвых дэмакратычных пераўтварэнняў. Больш дарэчным дзеля гэтай мэты выступае аналiз суадносiн структурных змен у грамадстве са стратэгiямi яго важнейшых суб'ектаў, у ролi якiх выступаюць, у першую чаргу, палiтычныя лiдэры i арганiзацыi.
Праблема знаходжання прыкмет грамадзянскай супольнасцi ў пераходным грамадстве, тым больш, у соцыуме, якi знаходзiцца ў стане прыпыненага дэмакратычнага пераходу, можа здацца некарэктнай i нагадваць пошукi чорнай кошкi ў чорным пакоi. Пошукi грамадзянскай супольнасцi ў Беларусi азначаюць аналiз не столькi наяўнага, колькi верагоднага стану грамадства. Тым не менш, паколькi ўяўныя сiтуацыi маюць рэальныя наступствы, то сiмвалiчныя дзеяннi граюць далёка не апошнюю ролю ў станаўленнi грамадзянскай супольнасцi. Сам факт распаўсюджання рыторыкi грамадзянскай супольнасцi, апеляцыя палiтыкаў у сваiх дзеяннях да дэмакратычных норм ды iншыя сiмвалiчныя дзеяннi прадастаўляюць дастаткова падставаў дзеля пошука элементаў грамадзянскай супольнасцi ў беларускiм грамадстве. Менавiта праз прызму паняцця грамадзянскай супольнасцi можна прасачыць змены ў канкрэтных практычных формах узаемадзеянняў улады i грамадства. Усведамленне таго, што беларускае грамадства не дасягнула стану, блiзкага да заходнiх дэмакратый, зусiм не замiнае шукаць у iм элементы грамадзянскай супольнасцi ў выглядзе апасродкаваных iнстытутамi камунiкацыi i каардынацыi дзеянняў свабодных iндывiдаў i груп.
СПiС ВЫКАРЫСТАНАЙ ЛiТАРАТУРЫ
1. Арато А. Концепция гражданского общества: восхождение, упадок и воссоздание - и направления дальнейших исследований. // Политические исследования, 1995, №3, с.48-57
2. Восточная Европа на новом пути. Хроника событий, документы, комментарии. Отв. ред. Л.Н. Шаншиева. М.: РАН. Институт научной информации по общественным наукам, 1994, 237 с.
3. Гавел В. Власть безвластных. Отрывки из книги. // Даугава, 1990, №7, с.105-111
4. Геллнер Э. Условия свободы: гражданское общество и его исторические соперники. М.: Ad Margiem, 1995, 222 c.
5. Голенкова З.Т. Гражданское общество в России. // Социологические исследования, 1997, №3, с.25-36
6. Дробижева В.М., Аклаев А.Р., Коротеева В.В., Солдатова Г.У. Демократизация и образы национализма в Российской Федерации 90-х годов. М.: Мысль, 1996, 383 с.
7. Дюркгейм Э. О разделении общественного труда. Метод социологии. Издание подготовил А.Б.Гофман. М.: Наука, 1991
8. Колбановский В.В. Основные функции гражданского общества. // Проблемы формирования гражданского общества. М.: Институт социологии РАН, 1993, 159 с., с. 4-44
9. Мельвиль А.Ю. Демократические транзиты (теоретико-методологические и прикладные аспекты). М.: Московский общественный научный фонд, Издательский центр научных и учебных программ, 1999, 108 с.
10. Самардак Н. Проблемы соотношения общественного и индивидуального сознания в социологии познания Э. Дюркгейма. Львов, 1980, 41 с.
11. Токвиль А. Демократия в Америке. М.: Прогресс-Литера, 1994, 559 с.
12. Шацкий Е. Протолиберализм: автономия личности и гражданское общество. // Политические исследования, 1997, №5, с. 68-87; №6, с.15-33
13. Шмиттер Ф. Размышления о гражданском обществе и консолидации демократии. // Политические исследования, 1996, №5, с.16-27
14. Cohen J.L., Arato A. Civil society and political theory. Cambridge: The MIT Press, 1994, 771 p.
15. Dahl R. Polyarchy: Participation and opposition. London: Yale University Press, 1971, 257 p.
16. Democratization. Ed.by Potter D. ed al. Cambridge: Polity press; Milton Keynes: Open univ., 1997, 550 p.
17. Durkheim E. Moralizing Economic Life and emancipation the Individual. Arblaster A., Lukes S. The good society: a book of readings. L.: Methuen, 1971, 436 p., р.253-258
18. Held D. Models of democracy. Cambridge: Polity Press, 1987, 321 p.
19. Huntington S. The third wave: democratization in the late twentieth century. Norman: University of Oklahoma Press, 1991, 366 p.
20. Pluralism. // Bogdanor V. Blackwell encyclopaedia of political science. Cambridge.: Blackwell Publishers, 1991, 667 p.
21. Rustow D. Transitions to Democracy. // Comparative Politics. 1970, vol. 2, pp.337-363
22. Seligman A. The idea of civil society. Princeton: Princeton University Press, 1992, 241 p.
23. Пачатак фiласофii камунiтарызма быў пакладзены кнiгай М. Сандэла "Лiбералiзм i межы справядлiвасцi" (1982), дзе такiя палiтычныя вартасцi, як справядлiвасць, права i свабода, разглядалiся ў спецыфiчным культурным кантэксце. Адмаўляючысь ад характэрнага для класiчнага лiбералiзма абстрактнага, атамiстычнага разумення сацыяльнага "я", М. Сандэл выводзiў сацыяльнае "я" з грамадскiх сувязяў i абавязацельстваў i паказваў недастатковасць фармальнага вымярэння сацыяльных адносiн без улiку сувязяў i адносiн памiж людзьмi.