Iван САВЕРЧАНКА,
доктар фiлалагiчных навук
КЛЮЧАВЫЯ КАТЭГОРЫI СУЧАСНАЙ ТЭОРЫI ЎЛАДЫ I ДЗЯРЖАЎНАСЦI Ў АСПЕКЦЕ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ ТРАДЫЦЫЙ
Да ліку асноватворных, стрыжнявых паняццяў сучаснай тэорыі ўлады і дзяржаўнасці належаць пяць катэгорый: "дэмакратыя", "права", "свабода", "падзел улады", "функцыі дзяржавы".
1. ДЭМАКРАТЫЯ
Як паказвае аналіз беларускай палітычнай гісторыі, наш народ спрадвеку вызнаваў і практыкаваў дэмакратыю. Паводле звычаёвага права, нашы продкі выбіралі ўладу і ўладароў усёй супольнасцю, а найбольш адказныя пастановы прымалі старэйшыны – аўтарытэтныя асобы. Пачынаючы з XV ст. гэтую функцыю пачаў выконваць Сойм, паслы на які выбіраліся ад зямель і паветаў [1]. У XVI ст. дэмакратычная працэдура выбару найвышэйшай улады была замацавана прававымі актамі – Статутам 1529 г. – нашай першай Канстытуцыяй [2]. Гэтая канцэпцыя сутнасці ўлады ўвесь час удасканальвалася. На працягу ХVI – ХХ стст. ва ўсёй Еўропе сфармавалася якасна ўдасканаленая тэорыя ўлады, у аснову якой пакладзена акурат ідэя дэмакратыі. Вызначальная рыса гэтай тэорыі палягае ў базавым прынцыпе – улада належыць народу. Народ ёсць вышэйшы носьбіт улады ў краіне. Ягоная воля, выказаная ў форме свабоднага волевыяўлення, – найвышэйшы закон. Такое разуменне сутнасці ўлады мае шэраг перавагаў перад "тэакратычнай" традыцыяй, бо вылучае на першае месца асобу, дае кожнаму чалавеку права быць творцам свайго лёсу, разнявольвае яго духоўныя магчымасці і патэнцыял, раскрывае талент і прыродныя здольнасці. Якраз ад практычнага ўвасаблення ідэі дэмакратызму ўлады шмат у чым залежыць поспех краіны, народа, дабрабыт канкрэтнага грамадзяніна. Да таго ж, традыцыям беларусаў найбольш адпавядае тэорыя ўлады, паводле якой менавіта народ, грамадзяне краіны, на аснове дэмакратычнага прынцыпу большасці фармуюць, выбіраюць ўладу.
Неабходна ўсведамляць наступную, вельмі важную, акалічнасць: на працягу стагоддзяў і тысячагоддзяў шмат людзей лічылі зусім наадварот. Так, у многіх краінах свету, у тым ліку і Міжземнаморскай цывілізацыі, пануючай была дактрына "ўлады ад Бога", або інакш – тэакратычная тэорыя. Яе сутнасць у тым, што законнай лічылася ўлада, "абраная" Богам. Па сутнасці, гэта была апалогія той ўлады, якая панавала адвеку. Найбольш яркім яе практычным ўвасабленнем з’яўляліся спадчынныя манархіі. Рэшткі гэтай тэорыі і практыкі захаваліся да нашага часу ў выглядзе сучасных "дэкаратыўных" манархій Англіі, Гішпаніі ды інш. Варта ўлічваць, што й сёння мільёны людзей на зямлі, асабліва ў краінах Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, па-ранейшаму лічаць, што "кожная ўлада ад Бога", што валадары прызначаныя Госпадам. Гэтую састарэлую, рэліктавую дактрыну вызнае і Руская Праваслаўная Царква, абвяшчаючы яе вуснамі іерархаў і вернікаў. Шмат людзей у нашай краіне, пераважна малаадукаваных, таксама, на жаль, ўспрымаюць яе як аксіёму. Менавіта тут карані, галоўныя тэарэтычныя перадумовы сучасных дыктатарскіх рэжымаў, дзейнасці тыранаў і дыктатараў, якія ставяць сябе над усімі людзьмі, лічаць сябе "жыхарамі неба".
Асноўныя механізмы ажыццяўлення дэмакратыі, выбараў у органы ўлады нашай краіны рэгламентуюцца міжнародным правам і ўнутраным заканадаўствам. Да ліку ключавых міжнародна-прававых актаў належыць артыкул 21 "Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека", якая зацверджана 10 снежня 1948 г.: "Кожны чалавек мае права прымаць удзел у кіраванні сваёй краінай непасрэдна або праз пасрэдніцтва свабодна выбраных прадстаўнікоў. Воля народа павінна быць асновай улады Урада. Уся гэтая воля знаходзіць выяўленне ў перыядычных і несфальсіфікаваных выбарах, якія павінны праводзіцца пры ўсеагульным і роўным выбарчым праве, шляхам таемнага галасавання або праз іншыя раўназначныя формы, што забяспечваюць свабоду галасавання". "Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце ад 27 ліпеня 1990 г.", якая з’яўляецца Канстытуцыйным законам Рэспублікі Беларусь, утрымлівае спасылку на "Усеагульную дэкларацыю правоў чалавека". Другі асноватворны міжнародны дакумент – артыкул 25 "Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах" (прыняты ў 1966 г. і ўступіў у сілу з 1976 г., Беларусь ратыфікавала ў 1973 г.).
Дэмакратычныя працэдуры рэгламентуюцца ўнутраным заканадаўствам: двума раздзеламі Канстытуцыі – "Выбарчая сістэма" і "Рэферэндум" – і спецыяльным зводам законаў, які рэгулюе правядзенне выбараў – Выбарчы кодэкс (прыняты ў 2000 годзе).
Галоўным інстытутам, які ажыццяўляе правядзенне выбараў і рэферэндумаў, з’яўляецца Цэнтральная камісія, дзейнасць якой рэгламентуецца законам "Аб Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэспубліканскіх рэферэндумаў" (ад 30 красавіка 1998 г.).
Аптымальны для Беларусі шлях фармавання прадстаўнічай ўлады – мажарытарна-прапарцыйны прынцып, рэалізацыя якога дазволіць развіць і збалансаваць палітычныя сілы ў краіне, стала ажыццяўляць эфектыўны кантроль над выканаўчымі структурамі. Актыўны ўдзел палітычных партый – дзейсны механізм адбора найлепшых праграм і лідэраў, іх адказнасці перад супольнасцямі.
Такім чынам, сучасным цывілізацыйным стандартам і беларускім нацыянальным традыцыям найбольш адпавядае тэорыя, паводле якой дзяржава ва ўсёй сукупнасці яе структур як галоўны інстытут улады ствараецца грамадзянамі дзеля агульнай карысці, вырашэння задач усёй супольнасці, забеспячэння базавых правоў і свабодаў людзей. Істотным і прынцыпова важным у такім падыходзе з’яўляецца тое, што дзяржава ствараецца акурат грамадзянамі, найвышэйшую ўладу фармуе супольнасць людзей.
2. ПРАВА
Прынцыповае значэнне мае разуменне ўлады перадусім як улады Права – панавання ў грамадстве і краіне пісаных законаў. Гэтакі падыход адпавядае шматвяковай традыцыі беларускага народа, бо пачынаючы з XII ст. нашы продкі пачалі рэгуляваць і рэгламентаваць рознароўневыя дачыненні (міжнародныя, маёмасныя і інш.) менавіта пісанымі законамі – дагаворамі, прывілеямі, пастановамі. У XVI ст. гэтая практыка была замацаваная адпаведнымі артыкуламі Статутаў 1529, 1566 і 1588 гг. і з таго часу існавала на працягу стагоддзяў як непарушнае правіла. Вялiкi гуманiст Ф.Скаpына адным з першых у сваiх "Пpадмовах", "Пасляслоўях" i "Сказаннях" настойлiва пpаводзiў думку пpа pэгуляванне законамi ўсiх сфеpаў гpамадскага жыцця. Асаблiвая pоля, паводле яго слушнага меpкавання, належала дзяpжаўнаму, pыцаpскаму, купецкаму, сямейнаму i кpымiнальнаму пpаву. "Паспалiтыя законы" павiнны pэгламентаваць дзейнасць асобных людзей i станаў, гаpантаваць iхныя свабоды i стpымлiваць лiхiх людзей стpахам пакаpання ад благiх учынкаў: "И вчинены суть пpава или закон для людеи злых, абы боячися казни, усмиpили смелость свою, и моци не имели иным ушкодити; и абы добpыи межи злыми в покои жити могли" [3]. Кожны закон, на думку асветнiка, павiнны адпавядаць тpадыцыям наpода, быць спpавядлiвым, гpунтоўным, даступным, накipаваным на агульную каpысць: "Абы были пpава их, или закон, – почтивыи, спpаведливыи, можныи, потpебныи, пожиточныи подле пpиpожения, подлуг обычаев земли, часу и месту пpигожии, явныи, не имея в собе закpытости, не к пожитку единого человека, но к посполитому добpому написаныи" [4]. Славуты дзяржаўны дзеяч Л.Сапега ў вядомай "Пpадмове" да тpэцяга Статута, разважаючы пра сутнасць права, яго прызначэнне, даказваў пільную патрэбу законаў для грамадства, іх незаменную ролю ў жыцці кожнай асобы: "Пpава з’яўляецца сапpаўдным pазважаннем i мудpым зpокам чалавечага pозуму. Iм Пан Бог пажадаў адаpыць чалавечую натуpу дзеля таго, каб людзi маглi ўнiкнуць лiхасцi i тpымацца пpыстойнага жыцця" [5].
"Дыктатура закона" – найбольш жорсткая, але найбольш справядлівая праява ўлады. Яна мінімізуе суб’ектыўны чыннік, дазваляе пазбегнуць выпадковасцяў, дае найлепшую магчымасць захоўваць раўнавагу ў грамадстве. Яна надзейны бар’ер, абарона ад "дыктатуры асобаў", тыраніі, для якіх характэрна несправядлівасць і якія вядуць, што засведчыла гісторыя, да заняпаду грамадства.
Перспектыўная тэндэнцыя ўдасканалення прававога поля ў наш час палягае ў сферы надзялення правам заканадаўчай ініцыятывы як мага больш шырокага кола суб’ектаў – перадусім, партыяў і грамадскіх аб’яднанняў.
3. СВАБОДА
Найвышэйшая каштоўнасць грамадства – Свабода. Яна – базавы прынцып жыцця кожнага грамадзяніна, краіны і дзяржавы. Улада і дзяржава ствараюцца менавіта на грунце свабоднага волевыяўлення грамадзянаў краіны. Усведамленне свабоды як найгалоўнейшай супольнай каштоўнасці адбылося ўжо ў XVI ст. Наш філосаф таго часу А.Валян пісаў: "З усiх pэчаў людскiх – найпякнейшая ёсць вольнасць. Hяволя ж – гоpшая нават за смеpць" [6]. Сучасная тэорыя вылучае 35 групаў правоў і свабодаў грамадзянаў.
4. ПАДЗЕЛ УЛАДЫ
Імкнучыся дасягнуць найлепшых вынікаў, грамадства мусіць ставіць пытанне аб найбольш эфектыўным дзяржаўным упарадкаванні. Праблема дзяржаўнага ўпарадкавання ўключае наступныя галоўныя складовыя: "структура і формы найвышэйшай і мясцовай улады", "шляхі фармавання органаў улады", "асноўныя функцыі дзяржавы і прыярытэтныя задачы дзяржаўных інстытутаў".
Прынцыпова важным з’яўляецца структурны падзел улады на тры яе галіны ці разнавіднасці – прадстаўнічую, або заканадаўчую, выканаўчую і судовую, якія супрацоўнічаюць, але маюць юрыдычны статус незалежных. Такі падзел – вынік тысячагадовай эвалюцыі грамадства, рэзультат шматвяковага чалавечага досведу. Наш народ пачаў рэалізоўваць гэтую ідэю з дагістарычных часоў. Падзел улады менавіта на тры ўзаемадапаўняльныя галіны ёсць аптымальная форма, якая дазваляе ў наш час дасягаць найлепшых вынікаў – асобе, грамадству, краіне. Падзел улады – гэта яшчэ й найлепшы шлях, каб унікаць магчымых злоўжыванняў з боку ўрадоўцаў і чыноўніцтва, змякчаць непазбежныя супярэчнасці і канфлікты паміж урадоўцамі і грамадзянамі, наладжваць партнёрства дзеля агульнай карысці. Менавіта таму прынцып падзелу ўлады на прадстаўнічую, выканаўчую, судовую, якія стрымліваюць і ўраўнаважваюць адна адну, як найвялікшае дасягненне цывілізацыйнага развіцця мусіць напоўніцу рэалізоўвацца ў нашай краіне.
Канкрэтныя формы функцыянавання кожнай з трох галінаў улады, іх тыпы ў залежнасці ад спецыфічных функцый таксама маюць надзвычай істотнае значэнне.
Па-першае, усе тры галіны ўлады, каб забяспечваць максімальна поўна запатрабаванні ўсіх грамадзян краіны, мусяць мець шматроўневую будову – вышэйшую, рэгіянальную і мясцовую.
Заканадаўчая ўлада. Калі ў Беларусі пачнуцца спробы "рэфармавання" прэзідэнцкага рэжыму, то перад удзельнікамі працэса непазбежна паўстане комплекс праблемаў, якія палягаюць, прынамсі, у пяці сферах.
Першая сфера – удасканаленне выбарчага заканадаўства: Найбольш важкае значэнне тут маюць некалькі кампанентаў: а) ўвядзенне прапарцыйна-мажарытарнага прынцыпу выбару дэпутатаў; б) фармаванне выбарчых камісій, у тым ліку і ЦВК, з удзелам апазіцыі; в) свабодны доступ прадстаўнікоў апазіцыі да дзяржаўных СМІ; г) стварэнне ўмоваў для бесперашкодных сустрэчаў кандыдатаў у дэпутаты з выбаршчыкамі; д) спыненне пераследаў за палітычную дзейнасць.
Другая сфера – рэальны аб'ём паўнамоцтваў Парламента. Прыярытэтны накірунак – ператварэнне трыбуны Парламента ў сапраўдны форум для распрацоўкі і абмеркавання стратэгіі развіцця краіны, усіх ключавых складовых унутранай і вонкавай палітыкі дзяржавы. Надзвычайную важнасць мае пашырэнне функцый кантролю Парламента за дзяржаўнымі інстытутамі і наогул усёй выканаўчай уладай. Істотнае значэнне набывае пытанне ўплыву Парламента на выканаўчую ўладу. У першую чаргу лагічна паўстане пытанне аб праве Парламента, з выразна акрэсленымі механізмамі, заслухоўваць даклады і справаздачы прадстаўнікоў выканаўчай улады, найперш прэзідэнта і міністраў, аб іх праграмах, дзеяннях, праводзімай палітыцы. Наступны элемент – рэальная магчымасць ствараць спецкамісіі і праводзіць расследванне дзейнасці прэзідэнта ды іншых найвышэйшых службовых асобаў. Найважнейшая задача – дамагчыся таго, каб за Парламентам было замацавана права прызначаць старшыню Нацыянальнага Банка. Кантрольныя функцыі Парламента істотна пашырыліся б пры пераходзе да яго права прызначэння старшыні Дзяржаўнага кантролю і Генеральнага пракурора. Прынцыпова важна, каб прызначэнне прэзідэнтам прэм'ер-міністра і Кабінета Міністраў адбывалася выключна пасля ўзгаднення з вышэйшым заканадаўчым органам. У выніку былі б у найбольшай ступені дасягнутыя неабходныя для грамадства стабільнасць і выверанасць унутранай і вонкавай палітыкі дзяржавы.
Трэцяя сфера – комплекс пытанняў, звязаных з фармаваннем эфектыўнай структуры Парламента. Як паказвае сусветная парламенцкая практыка, вышэйшы заканадаўчы орган паводле будовы можа быць аднапалатным ці двухпалатным. Калі ў краіне прымаецца і рэалізуецца ідэя двухпалатнага парламента, то яна абавязкова прадугледжвае, што ўсе члены Верхняй палаты (Сената, Савета Рэспублікі) прайшлі працэдуру выбараў на рэгіянальным узроўні – выбраныя на пасады кіраўнікоў рэгіёнаў. Гэта дае ім права ўваходзіць у склад Верхняй палаты паводле пасады, на якую яны абраныя народам у часе выбараў мясцовай выканаўчай улады. Такім чынам, забяспечваецца непасрэднае ўзаемадзеянне заканадаўчай і выканаўчай уладаў. Пры гэтым застаецца непарушным прынцып раздзялення ўладаў, бо ў заканадаўчым органе няма палітыкаў, прызначаных вышэйшай службовай асобай краіны, кіраўніком выканаўчай улады.
Чацвертая сфера – магчымасць пераходу да публічнай заканадаўчай дыскусіі: тэле- і радыётрансляцыі парламенцкіх пасяджэнняў, што дае магчымасць для выяўлення палітычнага таленту кожнага з парламентарыяў і мае выключнае агульнаграмадскае значэнне. Заканадаўчая дыскусія дазваляе: а) пашырыць інфармацыйную аснову прыняцця рашэнняў, што надзвычай істотна пры фармуляванні канцэпцый і праграмаў; б) істотна стымулюе пазітыўныя дзеянні выканаўчай улады, як у аператыўным, так і канцэптуальна-стратэгічным аспектах; в) стрымлівае выканаўчую ўладу – прэзідэнта, міністраў, суддзяў – ад магчымых злоўжыванняў, адхіленняў ад заканадаўства, перавышэння службовых паўнамоцтваў ды інш.
Пятая сфера - ўзаемадзеянне галiнаў улады. Тут, дарэчы, ўжо ёсць нацыянальны досвед. Дзейнасць Вярхоўнага Савета 12 i часткова 13 склiкання паказала, што Урад, паралiзаваны непрафесiйным Парламентам, не можа эфектыўна выконваць ускладзеныя на яго грамадствам функцыi. Таксама перыяд "прэзiдэнцкага праўлення", асаблiва пасля восеньскага "выбуху" 1996 г., яскрава засведчыў, што выканаўчая ўлада, пазбаўленая парламенцкага, кантролю непазбежна ўсталёўвае ў краiне дыктатуру i пачынае тэрарызаваць грамадства. Арганiзацыйнай формай узаемадзеяння выканаўчай i заканадаўчай галiнаў улады, напэўна, магла б стаць на пераходны перыяд праца створаных "двухбаковых камiсiй", дзейнасць якiх рэгламентавалася б спецыяльным палажэннем цi законам.
Дзейнасць Парламента рэгламентуецца раздзелам Канстытуцыi "Парламент", адмысловым законам.
Судовая ўлада. Ключавы і найбольш важны момант – стварэнне інстытута незалежных судоў, выбарнасць суддзяў усіх узроўняў незалежна ад спецыялізацыі. Прыярытэтная задача – дасягненне рэальнай незалежнасці Канстытуцыйнага суда, наяўнасць механізмаў, якія б дазвалялі яму выконваць асноўную функцыю – кантраляваць заканадаўчы працэс, уплываючы на прыняцце законаў і нарматыўных актаў у частцы іх адпаведнасці Канстытуцыі. Дзейнасць судовай улады і судова-прававой сістэмы рэгламентуецца раздзелам Канстытуцыі "Суд", спецыяльным кодэксам, законамі і палажэннямі.
Прэзідэнт. Прэзідэнцкая рэспубліка – палітычная рэальнасць сучаснай еўрапейскай дэмакратыі. Выбар на карысць прэзідэнцкай мадэлі – лагічны вынік сацыяльных і палітычных эвалюцый грамадстваў паўночнаатлантычнай і міжземнаморскай цывілізацый. Іх сілавыя полі працінаюць Беларусь і ў значнай ступені вызначаюць палітычныя тэндэнцыі ў нашай краіне.
Сутнасць сучасных тэндэнцый у сферы ўлады выяўляецца ў тым, што мінае эпоха, калі найвышэйшая выканаўчая сістэма фармавалася выключна, ў чыстым выглядзе, з той або іншай алігархіі – гаспадарча-упраўленчай, прамысловай, аграрнай, фінансавай, спецслужбаў ды інш. Бо яны, як правіла, прапаноўвалі фрагментарную палітыку, аднабаковае развіццё, давалі імпульсы толькі пэўным тэндэнцыям, зусім не кіруючыся прынцыпам універсалізму. Улада служыла не ўсяму грамадству, а пэўным яе групам. Адбываўся катастрафічны разрыў паміж тымі, каму ўлада належала тэарэтычна, хто фармаваў яе праз выбары, і тымі, чые інтарэсы яна абараняла рэальна. Улада як бы выстройвала нябачную іерархію пытанняў паводле крытэрыяў іх важнасці. У выніку грамадзяне супольнасці не адчувалі роднасці з уладай, яна станавілася варожай, чужой. Пры такім становішчы ўзнікае вастрэйшая супярэчнасць паміж эгаістычна-кланавымі інтарэсамі і агульнымі зацікаўленнямі супольнасцяў. Як непазбежныя ў такой сітуацыі з’яўляліся меркаванні, асабліва пашыраныя на побытавым узроўні, кшталту: "Нідзе ў свеце грамадзяне не задаволеныя ўладамі"; "палітыка – брудная справа", "усё адно падмануць", "коней на пераправе не мяняюць" і т.п. Насамрэч, улада, яе прадстаўнікі і носьбіты гэтакім найпрасцейшым і вельмі танным прыёмам апраўдваюць свае недахопы, недасканалае функцыянаванне, непрафесіяналізм, эгаізм і г.д.
Ці існуюць механізмы стрымлівання гэтай натуральнай супярэчнасці, пераводу яе з антаганістычнай разбуральнай стадыі ў фазу канструктыўна-стваральную, ператварэння ў крыніцу пазітыўнай энергіі?
На рубяжы ХХ – ХХІ стст., як сведчыць досвед, найбольш эфектыўная тая ўлада, якая сфармаваная ў большасці з інтэлектуалаў-менеджараў, часова нанятых упраўленцаў, якія дасканала валодаюць комплексам тэхналогій – інфармацыйных, камунікацыйных, адукацыйных ды інш. Неабцяжараныя "ўласнай гаспадаркай" у выглядзе банкаў, прамысловых карпарацый, гандлёвых фірмаў ды інш. яны найбольш эфектыўна могуць канцэнтраваць інтэлектуальную энергію на рэгуляванні і каардынаванні сістэм унутры краіны і па-за межамі.
Праз гэта ўдаецца пераадолець згубную для ўсіх краін вайну эліт (фінансавай, прамысловай, аграрнай і г.д.), трыумфальныя "перамогі" якіх заўсёды прыводзілі і прыводзяць да аднабаковасці, а часам і выродлівасці. У выпадку дасягнення балансу эліт, ці хаця б падтрымання іх раўнавагі, натуральна ўзнікне яшчэ адна наймацнейшая крыніца імклівага развіцця краіны. Антаганістычная супярэчнасць, такім парадкам, ператворыцца ў фактар пазітыўнай агрэсіі.
У структурна-функцыянальным плане непазбежна з’яўляюцца групы прафесіяналаў, аб’яднаных у партыі, для якіх палітычная ўлада ёсць "справа" (concern). У такім разе ўлада перастае быць прадметам занятку аматараў, выпадковых асобаў, якія не ўмеюць ці не могуць напоўніцу займацца ёю, што, як вядома, заўсёды з’яўляецца фактарам стрымлівання, тормазам, а то й рэгрэсу. Гаспадарнікі ж, у шырокім сэнсе, якія сёння вымушаныя браць пад увагу палітычную сферу, змогуць канцэнтравацца на ўласнай справе, удасканальваць яе, рабіць найбольш эфектыўнай, на партнёрскіх умовах выкарыстоўваючы прафесійны менеджмент ўлады. Прынцып партнёрства, такім парадкам, ператвараецца ў стваральны эканамічны фактар.
Акрэслены падыход становіцца характэрнай рысай, унутранай уласцівасцю, дамінуючым у нашым постіндустрыяльным грамадстве. Тэхналагічная рэвалюцыя ў мікрапрацэсарах спрычынілася да таго, што ўлада аб’ектыўна пераходзіць да інфаструктур, якія валодаюць сучаснымі методыкамі і магчымасцямі атрымання гіпераб’ёмнай інфармацыі, яе эфектыўнага выкарыстання і спажывання, што пацвярджаюць найноўшыя даследванні (Дж.Бэрн, Дж.Гэлбрэйт, О.Тофлер).
На гэтым шляху адбываецца істотны, таксама пазітыўны зрух уяўлененняў пра ўладу. Яна ўсё больш успрымаецца не як сума здабытых, "заваяваных" правоў і прывілеяў, а найперш як сума шматлікіх абавязкаў, каласальнай асабістай адказнасці, няспыннай напружанай працы, накіраванай на вырашэнне надзённых, актуальных задачаў, развязанне праблемаў і пытанняў, жыццёва важных для канкрэтнага чалавека, грамадскіх станаў, прафесійных кангламератаў, усёй краіны.
Паліталагічная тэорыя і практыка ведае дзве базавыя, класічныя мадэлі вылучэння палітычных лідараў, прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка дзяржавы. Першая – вылучэнне незалежнага кандыдата і другая – вылучэнне партыйнага кандыдата, як правіла, лідара партыі.
Для кожнага з варыянтаў ствараюцца роўныя стартавыя магчымасці і ўмовы – абавязковая пісьмовая падтрымка пэўнай колькасці выбаршчыкаў (у Беларусі не менш як 100 тысяч подпісаў). Такім чынам забяспечваецца канкурэнцыя, што заканадаўча замацавана ў канстытуцыях і выбарчым заканадаўстве.
Якая мадэль у практычным плане найбольш адпавядае палітычным патрэбам дэмакратычных сілаў Беларусі сёння?
У сучасных умовах мадэль незалежнага кандыдата мае найбольш хібаў і слабых месцаў. Па-першае, меркаванне, нібыта незалежны кандыдат a priori, паводле сваёй непартыйнасці, выступае як абаронца інтарэсаў усяго народа, не мае аніякага падмурку. Якраз наадварот, такі кандыдат свабодны ад усялякіх абавязкаў перад супольнасцямі, сацыяльнымі групамі, кангламератамі. Ён не мае ідэалагічных, сацыяльных, дактрынальных абавязкаў, што для грамадства надзвычай небяспечна, бо адсутнічае кампанент прадказальнасці, рацыянальна зразумелай перспектывы. Пры такім варыянце ва ўмовах сучаснай Беларусі расейскія менеджары атрымаюць неабмежаваныя магчымасці ўплыву на палітычны выбар народа. Менавіта перад імі, а не перад беларускай грамадзянскай супольнасцю "незалежны" кандыдат возьме нерынкавыя абавязкі, якія вымушаны будзе напоўніцу выконваць, што мы акурат і маем у выпадку з А.Лукашэнкам. У такім варыянце наогул знікае патрэба ў інстытутах грамадзянскай супольнасці і іх важнейшай складовай – палітычных партыях.
Найбольш прадуктыўнай на сучасным гістарычным этапе ўяўляецца другая мадэль – вылучэнне кандыдата ад палітычнай дэмакратычнай партыі. Па-першае, беларуская грамадзянская супольнасць у такім разе здабывае найважнейшы стратэгічны плацдарм: пераадольвае архаічныя праявы ў палітыцы, а палітычная культура грамадства выходзіць на якасна новы, адпаведны сучасным патрабаванням узровень. Па-другое, актывізуецца і замацоўваецца фактар надзейнасці: лідар ад дэмакратычнай партыі найбольш палітычна прадказальны, бо ўжо выявіў сябе ў калектыўным дзеянні, засведчыў свае лідарскія здольнасці і патэнцыйныя магчымасці выконваць даручэнні супольнасцяў. Па-трэцяе, важкі аргумент на карысць прапануемай мадэлі палягае ў тым, што грамадства, электаральныя колы атрымаюць рэальную магчымасць рабіць выбар паміж сапраўднымі палітычнымі лідарамі. Пры гэтым фінансы, піяраўскія тэхналогіі не будуць дамінаваць над сутнаснай складовай выбараў – канкурэнцыяй грамадскіх аўтарытэтаў. Нарэшце, на карысць мадэлі з партыйнай дамінантай сведчыць шматгадовая практыка сучасных развітых дэмакратый. Такім чынам, можна сфармуляваць істотную зыходную пазіцыю – прэтэндэнтам на пасаду кіраўніка дзяржавы на сучасным этапе палітычнай эвалюцыі беларускага грамадства хутчэй за ўсё мусіць быць наўпроставы, праўна замацаваны палітычны лідар, магчыма, старшыня ці кіраўнік арганізацыі.
Выканаўчая ўлада. Колькасныя параметры выканаўчай улады (цэнтральнай і мясцовай) – урада, мясцовых органаў самакіравання, дзяржаўных інстытутаў, размеркаванне функцый між імі, іх аб’ём і карэляцыі вызначаюцца канкрэтна-гістарычнай сітуацыяй, дыктуюцца жыццёвымі рэаліямі, палітычнымі, эканамічнымі ды сацыяльнымі абставінамі. Пры гэтым мадэлі і схемы, распрацаваныя і прымяняемыя ў іншых краінах, выступаюць як пэўны арыенцір, узор для параўнання і аналізу. Не мае істотнага значэння колькасць структур і колькасць чыноўнікаў. Праблема палягае ў функцыянальнай згарманізаванасці, адпаведнасці структур, прафесіяналізме спецыялістаў, збалансаванасці сістэмаў. Важнейшы зыходны і самы істотны момант – эфектыўнасць усіх элементаў кіравання, што ўключае – аператыўнасць, мабільнасць, якасць, прафесіяналізм, найменшыя выдаткі пры развязанні канкрэтных задач і дасягненне выразна акрэсленых мэтаў.
Дзейнасць цэнтральных выканаўчых органаў – Прэзідэнта і Урада, а таксама мясцовых выканаўчых органаў рэгламентуецца раздзеламі Канстытуцыі "Прэзідэнт", "Урад", "Мясцовае кіраванне і самакіраванне". Прыняты і дзейнічаюць спецыяльныя законы, якія вызначаюць структуру, функцыі і абавязкі выканаўчых органаў, а таксама Палажэнні аб галіновых міністэрствах, камітэтах, канцэрнах.
Адмысловае месца ў сістэме ўлады належыць органам Юстыцыі, Пракуратуры, Дзяржкантролю. Органы Юстыцыі забяспечваюць выверанасць і згарманізаванасць заканадаўчых актаў. Пракуратура ажыццяўляе нагляд за дакладным выкананнем законаў дзяржаўнымі і недзяржаўнымі органамі, усімі ўстановамі і арганізацыямі, службовымі асобамі. Яе дзейнасць рэгламентуецца раздзелам Канстытуцыі "Пракуратура" і законам аб Пракуратуры. Дзяржаўны кантроль ажыццяўляе нагляд за фінансавымі, гаспадарчымі, падаткавымі дачыненнямі ў краіне на ўсіх узроўнях. Дзейнасць Дзяржкантроля рэгламентуецца раздзелам Канстытуцыі "Камітэт дзяржаўнага кантроля" і палажэннем аб Камітэце дзяржкантроля.
Інтэграваныя задачы і функцыі ўлады. У адпаведнасці з сучаснай фундаментальнай прававой дактрынай да ліку базавых, галоўных задачаў улады належаць: забеспячэнне 35 асноўных групаў канстытуцыйных (палітычных і грамадзянскіх) правоў і свабодаў грамадзянаў краіны, сярод якіх – права на жыццё і на яго годны ўзровень, свабода сумлення, поглядаў і перакананняў, развіццё здольнасцяў і талентаў кожнай асобы ды інш. Улічваючы спецыфіку сучаснага этапа гістарычнага развіцця Беларусі, апраўдана асобна фармуляваць яшчэ пяць найгалоўнейшых прыярытэтаў улады:
1. Фізічнае аздараўленне нацыі. Мінімізаванне ўздзеяння Чарнобыльскай катастрофы. Стварэнне прыймальнага экалагічнага асяроддзя.
2. Устойлівае эканамічнае развіццё. Дабрабыт. Занятасць. Стабільнасць у краіне.
3. Паўнавартаснае, усебаковае духоўна-культурнае развіццё беларускай нацыі і нацыянальных меншасцяў Рэспублікі Беларусь.
4. Нацыянальная бяспека. Бяспека асобы, грамадства, краіны, дзяржавы. Абарона унітарнага прынцыпу пабудовы краіны і тэрытарыяльнай цэласнасці. Барацьба са злачыннасцю. Бар’еры на шляху спецслужбаў іншых краін.
5. Эфектыўнае міжнароднае супрацоўніцтва з краінамі і народамі свету на карысць мірных узаемадачыненняў, духоўнага і матэрыяльнага ўзаемаўзбагачэння.
Дзяржава, цэнтральныя, рэгіянальныя і мясцовыя органы ўлады (выканаўчай і прадстаўнічай), накіроўваючы сваю дзейнасць на ўдасканаленне ўсіх сфераў сацыяльна-вытворчага і культурнага жыцця, на сучасным этапе развіцця краіны і грамадства мусяць выконваць наступныя аператыўныя функцыі:
Выключна важнае значэнне мае ўсведамленне ўсімі носьбітамі ўлады базавых каштоўнасцяў. Да ключавых крытэрыяў цывілізацыйнасці, найважнейшых элементаў жыцця грамадства на сучасным гістарычным этапе, паводле нашага ўяўлення, належаць 12 прынцыпаў:
- ствараць агульныя заканадаўчыя і прававыя перадумовы для ўсяго комплекса пераўтварэнняў, правілы паводзінаў для ўсіх удзельнікаў рынка;
- валодаць і кіраваць галоўнымі элементамі эканоміка-гаспадарчай інфраструктуры, праводзіць паступовае лібералізаванне, гарантаваць свабоду прадпрымальніцтва;
- распрацоўваць і ажыццяўляць ключавыя праграмы, што забяспечваюць развіццё базавых галінаў прамысловасці, усяго гаспадарчага комплексу краіны;
- эфектыўна размяркоўваць і пераразмяркоўваць ВНП праз дзяржбюджэт, актыўна выкарыстоўваць макраэканамічныя інструменты рэгулявання – падаткі, акцызы, тарыфы, пошліны, антыманапольны кантроль над цэнамі;
- кіраваць сацыяльнымі працэсамі (рост і дыферэнцыяцыя даходаў, сацыяльныя трансферты, развіццё нематэрыяльных формаў багацця – навукі, адукацыі, культуры, аховы здароўя).
Акрэсленыя мэты і прынцыпы дасягаюцца праз збалансаваную, эфектыўную ўнутраную і вонкавую палітыку – дакладна вывераную стратэгію, абгрунтаваную інстытуцыянальную і структурна-функцыянальную архітэктуру дзяржавы, глыбокую прававую адрэгуляванасць усіх сфераў і дачыненняў, забяспечанасць высокапрафесійнымі кадрамі.
- салідарнасць ў сацыяльна-грамадскіх дачыненнях, змякчэнне супярэчнасцяў паміж багатымі і беднымі;
- партнёрства прафесійных кангламератаў;
- узаемапавага паміж рознымі канфесіямі і вернікамі;
- згода, паразуменне і ўзаемакарыснае супрацоўніцтва паміж нацыямі і народамі;
- дыялог і здаровая канкурэнцыя партый і грамадска-палітычных рухаў;
- рацыянальны, беражлівы падыход пры выкарыстанні прыродных рэсурсаў краіны;
- дамінаванне экалагічнай складовай пры тэхналагічных новаўвядзеннях і трансфармацыях;
- перавага набыццю ведаў, адукацыі і ахове здароўя пры размеркаванні нацыянальных багаццяў і дзяржаўнага бюджэта;
- прыярытэт прыватных формаў гаспадарання ва ўсіх галінах вытворчасці і паслуг як найбольш эфектыўных і стымулюючых развіццё асобы і краіны;
- улік інтарэсаў іншых краінаў і дзяржаваў у міжнародных дачыненнях;
- адданасць ідэі дэмакратыі – выбарнасці заканадаўчай, судовай і выканаўчай уладаў;
- прызнанне каштоўнасці прававога грамадства – панаванне ў краіне ўлады закона, пісанага права, якое рэгулюе і рэгламентуе дачыненні паміж дзяржавамі, народамі, суб'ектамі гаспадарання, грамадзянамі.
ЗАЎВАГІ
1. Любавский М. К. Литовско-русский сейм: Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства. М., 1901.
2. Первый литовский Статут: Тексты на старобеларусском, латинском и старопольском языках. Вильнюс. "Минтис", 1991.
3. Скарына Ф. Сказание доктора Франъциска Скорины с Полоцка въ книги втораго закону Моiсеова // Книги пятыи Моiсеовы, зовемыи от евреи Гельгадворим, по греческии Девтерономос, по латине Секунда Лекс, а по руский Вторый Закон. Зуполне выложены доктором Франъциском Скориною с Полацька. Прага, 1519, арк. 2 адв.
4. Там жа.
5. Сапега Л. Наяснейшому пану, пану Жикгимонту третему, Божъю милостью королю польскому, великому князю литовскому, рускому, прускому, жамоитскому, мазовецкому, ифлянтскому и иных. Тою ж Божъю милостью господарю и королю дедичному шведскому, готскому, вандальскому и великому княжати финляньдскому пану, а пану, пану моему милостивому. // Статут Вялiкага Княства Лiтоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мінск. БелСЭ, 1989, с.44.
6. Wolan A. O wolnosci rzeczpospolitej, albo Szlacheckiej, ksiska godna ku czytaniu przedtem od niemasego czasu od pana Andrzeja Wolana sekretarza K. J. M. pisana, a dopiero nowo z lacizskiego jzyka na polski przelozona od Stanislawa Dubingowicza (1601). // Biblioteka Polska. Serya na r. 1859, zeszyt 11, 12, 13. Krakуw, 1859. S.5.