Содержание номера


Адкрытае грамадства

Iнфамацыйна-аналiтычны бюлетэнь

2002, N1(12)
Валерый АРЦIШЭЎСКI,
намеснiк старшынi БСДГ

IДЭАЛАГIЧНЫЯ ПРАБЛЕМЫ БЕЛАРУСКАЙ ДЭМАКРАТЫI

Дэмакратыя (улада народа) – форма палітычна-дзяржаўнага ўладкавання, якая лічыць народ крыніцай улады, на прынцыпах роўнасці і свабоды.

Чалавецтва настойліва шукала механізм, які б дазволіў рэалізаваць на практыцы дзяржаўнае ўладкаванне на дэмакратычнай аснове, і знайшло-такі механізм у выглядзе палітычных партый.

Палітычная партыя – гэта група аднадумцаў, аб’яднаная арганізацыйна і атрымаўшая дазвол урада займацца спецыфічным відам дзейнасці: прапаноўваць сябе грамадству ў якасці яго слугі, гэта значыць быць кіраўніком грамадства, дзяржавы. Партыі распрацоўваюць канцэпцыі, тэорыі, ідэалогіі, на іх аснове праграмы, якія, па іх разуменню, прывядуць народ да дабрабыту і росквіту. Народ, на аснове прапаноў, выбірае сабе заканадаўчую ўладу, а ў іншых краінах – і вышэйшую пасаду выканаўчай улады, Прэзідэнта, з прадстаўнікоў адной альбо некалькіх партый. Калі партыі, якія знаходзяцца ва ўладзе, не спраўляюцца са сваімі абавязкамі, народ прызывае сабе на службу другія партыі. Гэта стымул для партый весці барацьбу за давер народа.

Галоўнымі праблемамі беларускай дэмакратыі з’яўляюцца ідэалагічныя, як унутраныя, так і тыя, якія тычацца крызісу дэмакратыі ў цэлым. Дзеянні чалавека без ідэі, без ідэалогіі – разбуральныя, але яны не менш разбуральныя, калі чалавек узброены памылковай ідэалогіяй.

Ідэалогія – гэта сукупнасць ідэй, уяўленняў аб адносінах чалавека да чалавека, аб акружаючым асяроддзі, аб адносінах чалавека да прыроды, аб развіцці чалавечай цывілізацыі, аб месцы чалавека ў сусвеце. Вось чаму кожная партыя хоча мець абгрунтаваную ідэалогію, якая б паказвала перспектывы развіцця грамадства, была б зразумелай шырокай грамадскасці, у якую б паверыў народ. Партыя без выразнай ідэалогіі не можа разлічваць на поспех прыхода да ўлады. Чым больш звужаецца паняцце ідэалогіі, тым больш губляецца яго змест. Зразумела, што ідэалогіі не валяюцца пад нагамі, для іх распрацоўкі патрэбны веды развіцця чалавечай цывілізацыі і вялікі інтэлект. Ідэалагічныя праблемы заўсёды тычацца як усяго грамадства, так і асобнага чалавека. У першую чаргу ідэалагічныя праблемы адчувае на сабе пралетарыят разумовай і фізічнай працы, але рэагуе на іх у апошнюю чаргу, бо ён рэагуе часцей за ўсё пасля змянення свайго матэрыяльнага становішча.

Самы адукаваны і самы з'яднаны сацыяльны слой беларускага грамадства – пануючае чынавенства. З моманту абвяшчэння незалежнасці Беларусі яно хутка стварае са свайго асяроддзя вялікую колькасць партый, каб з іх дапамогай захаваць сваё пануючае становішча. Але адначасова расце колькасць партый, якія маюць намер пакончыць з панаваннем чынавенства. Чынавенства адчувае, што яно можа страціць уладу і кантроль над народам. Тады яно радыкальным спосабам мяняе сітуацыю на сваю карысць. У Канстытуцыю ўводзіцца пасада Прэзідэнта, якую з лёгкасцю легітымна атрымоўвае новы лідар чынавенства. Ён хутка стварае новы тып партыі ўлады: прэзідэнцкая вертыкаль, выканаўчая ўлада, судовая ўлада ўсімі дзяржаўнымі сродкамі ствараюць гэтую партыю. Яна не мае афіцыйных дакументаў сяброўства ў партыі, але яна мае жалезную дысцыпліну, кожны яе сябра займае пэўнае месца ў абойме і безагаворачна выконвае загад зверху. Пры нязгодзе чалавек проста выкідваецца з гэтай абоймы. А гэта для чыноўніка самае страшнае. Цяпер уладзе не патрэбны іншыя партыі, іх лідары, патрэбна толькі іх бачнасць для сусветнай супольнасці і ашуканства народа. Таму арганізуецца дзяржаўны пераварот і змяняецца Канстытуцыя, па якой партыі практычна пазбаўлены сваіх прамых функцый, яны практычна адразаюцца ад фінансавых сродкаў, СМІ, яны нават не могуць вылучыць кандыдата ў Прэзідэнты. Любая партыя можа быць забаронена ў любы момант па прыказу зверху. А калі партыі адхілены ад сваіх асноўных функцый, то сацыяльна неадукаваны народ застаецца бездапаможным перад чынавенскай машынай улады.

Сваю сілу партыя ўлады прадэманстравала і на мінулых прэзідэнцкіх выбарах. З 22-х прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду 20 былі чыноўнікамі высокага рангу. Амаль што ўсе яны мелі для барацьбы неабходныя фінансы. Гэта была дэманстрацыя сілы і ўпэўненасці з боку чынавенства, таго, што яно ў стане захаваць сваё панаванне. Заадно чынавенства выразна паказала свайму лідэру, што ён вельмі проста можа быць заменены на другога, калі не апраўдае іх надзей. Ніякіх праблем з заменай няма. У чынавенства ў руках і абсалютная ўлада і сродкі, але яно не можа мець асноўнага – ідэалогіі, якая павядзе народ па шляху прагрэса і росквіту краіны. Такая ідэалогія будзе заўсёды супярэчыць жаданню панаваць. І ў чынавенства, як і раней, застаецца ў арсенале мана, крывадушша і злачынствы супраць свайго народа. Вось чаму такое зразумелае паняцце, як дэмакратыя (улада народа), чынавенства вымушана на поўным сур’ёзе трактаваць у СМІ як "демократия – ??? ??????? ??????". Народ добрасумленна павінен выконваць закон, які чыноўнік стварыў на патрэбу свайму клану. Ад улады ён адхілен. Вынікам гэтага будзе далейшае падзенне жыццёвага ўзроўню народа, сацыяльны выбух, і чынавенства ўжо не схаваецца за камуністычную партыю. Гэта сацыяльны, духоўны, матэрыяльны тупік, і ён няўмольна прыбліжаецца.

Адхіленне ўсіх без выключэння партый ад іх прамых функцый павінна было прывесці і прывяло да іх кансалідацыі незалежна ад іх ідэалагічнай накірованасці, незалежна ад першапачатковых памкненняў іх лідараў. Ю.Хадыка слушна заўважае, што вельмі істотным было пытанне пра ідэалагічны фундамент гэтага адзінства, і ім стала вернасць Канстытуцыі 1994 года. Гэта было лагічным, бо Канстытуцыя-94 гарантавала нармальнае функцыянаванне партый з самымі рознымі ідэалогіямі. А партыі дэкляравалі практычна ўсе больш-менш значныя ідэалагічныя дактрыны Захада: сацыял-дэмакратызм, дэмакратызм, лібералізм, кансерватызм, камунізм, хрысціянства, а таксама самыя розныя іх спалучэнні. Усё залежала ад інтэлекта, дасведчанасці помыслаў іх лідараў. Узнікае пытанне: “Як далёка можа ісці кансалідацыя палітычных сіл з такім наборам ідэалогій?” Гэта акрэслівае ўнутраныя ідэалагічныя праблемы дэмакратыі Беларусі. Большасць народу не разумее ідэалагічных дактрын партый, яны для народа з’яўляюцца чужымі і варожымі. Ён не разумее: партыі аб’яўляюць сябе дэмакратычнымі і не могуць аб’яднацца ў адну сілу, зразумелую народу. Акрамя таго, ўсё больш выразна праяўляецца глабальны крызіс дэмакратыі ў цэлым. З.Пазняк справядліва канстатаваў, што маральны крызіс дэмакратыі ў сусвеце праяўляецца цераз прыніжэнне годнасці чалавека, разбурэнне сям'і, раз'яднанне людзей; што існуе сусветная праблема і пагроза знішчэння духоўных традыцый нацыянальнай гісторыі, а Захад трымаецца за свабоду слова і робіць выгляд, што праблемы няма (гл.: Народная воля, 14 чэрвеня 2001 года). Канфлікт у Косаве – наглядны, пастаянна дзеючы індыкатар глабальнага крызісу дэмакратыі. Уся заходняя дэмакратыя з усёй яе эканамічнай магутнасцю, уключаючы ЗША, не можа і не вырашыць праблему на аснове сваёй ідэалогіі, сэнс якой канцэнтравана выказваецца словамі: правы чалавека, яго свабода – самая вялікая каштоўнасць цывілізацыі. У поўны рост паўстала праблема дэбюракратызацыі ва ўсіх дэмакратычна развітых краінах.

Праведзены аналіз паказвае, што становішча палітычных партый Беларусі ўсіх ідэалагічных арыентацый самае, бадай, цяжкае ў сусвеце. Яно характэрызуецца наступнай сітуацыяй:

Што павінны рабіць палітычныя партыі (тут сканцэнтравана найбольш свядомая і актыўная частка грамадства Беларусі) у гэтых рэальных умовах?

Партыі, у першую чаргу, павінны перагледзець свае ідэалагічныя канцэпцыі, дактрыны з улікам як унутраных, так і сусветных праблем дэмакратыі. Ідэалагічныя канцэпцыі, дактрыны павінны не толькі ўлічваць гістарычны вопыт развіцця чалавечай цывілізацыі і сучасныя тэндэнцыі, яны павінны абапірацца на моцны тэарэтычны фундамент дасягненняў сучаснай навукі ў пазнанні законаў прыроды. Толькі навукова абгрунтаваная ідэалогія, якая паказвае шляхі пераадолення сусветнага крызісу дэмакратыі, можа павярнуць здаровыя дэмакратычныя сілы сусветнай супольнасці тварам да Беларусі, да яе ўнутраных праблем. Выкарыстанне ідэалагічных распрацовак беларускіх партый у інтарэсах дэмакратыі ў цэлым – гэта прамы шлях да хуткай дэмакратызацыі Беларусі. Трэба браць на сябе інтэлектуальную ініцыятыву, тэарэтычныя распрацоўкі па праблемах дэмакратыі і папулярызаваць іх як унутры краіны, так і за мяжой усімі даступнымі сродкамі. Толькі гэта дасць плён. Не трэба жыць па прынцыпу бедных родзічаў. Сёння ўсе жыццяздольныя ідэалагічныя канцэпцыі абавязкова будуць грунтавацца на фундаментальным прынцыпу самаарганізацыі матэрыі, а менавіта на яго асабістых выпадках: законе энергетычнай неэфектыўнасці вялікіх дзяржаў (дзяржава звыш 500 тыс. кв.км. энергетычна неэфектыўная), тэарэме Фішара (чым вышэй генетычная разнастайнасць віда, тым большыя патэнцыяльныя магчымасці яго развіцця), тэорыі сацыяльнай гармоніі.

Разгледзім дзеянні беларускіх палітычных партый з пазіцыі фундаментальнага прынцыпу самаарганізацыі матэрыі.

Кансалідацыя партый на аснове Канстытуцыі-94 – гэта інстынктыўны рух у рэчышчы закона энергетычнай неэфектыўнасці вялікіх дзяржаў. Нікчэмнае аб’яднанне Беларусі і Расіі толькі павялічвае разбуральныя сілы цывілізацыі.

Сацыял-дэмакратычныя партыі, партыі на базе БНФ цвёрда стаяць на пазіцыі неабходнасці адраджэння карэннай нацыі. Да гэтай пазіцыі эвалюцыяніруе АГП, хаця і з вялікімі цяжкасцямі, як заўважае сп. М.Пліско ў адным з артыкулаў. Гэта знаходзіцца ў поўнай гармоніі з тэарэмай Фішара. Для чалавечай цывілізацыі самая маленькая нацыя з’яўляецца вялізарным багаццем, і яе штучная альбо натуральная асіміляцыя – злачынства супраць усяго чалавецтва.

Партыі вымушаны будуць прыйсці да высновы, якая зроблена ў тэорыі сацыяльнай гармоніі, што патэнцыяльныя магчымасці развіцця краіны прама прапарцыянальны колькасці нацыянальна свядомых людзей і адваротна прапарцыянальны колькасці несвядомых. Калі гэты паказчык меншы за адзінку – ідзе дэградацыя грамадства і краіны. Найлепшы паказчык для развіцця краіны складае 4-5. Па нацыянальнаму складу Беларусь – ідэальная краіна. Беларусы састаўляюць 81,6% (паказчык 5), астатнія нацыі, колькасцю каля 130, састаўляюць 19%. Гэта патрабаванне прынцыпа сінэргетыкі для падтрымкі адаптацыйных здольнасцяў карэннай нацыі.

На аснове фундаментальнага прынцыпу самаарганізацыі матэрыі з улікам экалагічнага, духоўнага, дэмаграфічнага і энергетычнага імператываў (гранічнае становішча біясферы, пасля якога ідзе неўзнаўляльнае разбурэнне асяроддзя пражывання чалавека) была сфармулявана ідэалогія сацыяльнай гармоніі, якую я прапанаваў прыняць у якасці афіцыйнай ідэалогіі БСДГ. Асноўныя палажэнні ідэалогіі маюць глыбокае тэарэтычнае абгрунтаванне і простую, зразумелую для чалавека форму:

1. Сям’я – базавае звяно нацыі, носьбіт і галоўны захавальнік, стваральнік і спажывец нацыянальных багаццяў, узнаўляльнік генафонду нацыі;

2. Нацыя – базавая ячэйка тэхналагічнай цывілізацыі, яе падмурак, разбурэнне якога вядзе да дэградацыі і разбурэння цывілізацыі;

3. Гарманічнае развіццё нацыі магчыма толькі пад кіраўніцтвам сацыяльнай групы ўласнікаў (але не чыноўнікаў) ва ўмовах жорсткіх антыманапольных законаў;

4. Раўнапраўны саюз свабодных нацый (ні ў якім разе не дзяржава народаў) на выснове тэхналагічнай інтэграцыі (не асіміляцыі, не экспансіі) – аснова стратэгіі новага ўзроўня развіцця цывілізацыі, дасягнення гармоніі і ўстойлівага развіцця цывілізацыі.

Рэалізацыя прынцыпаў гэтай ідэалогіі дасць для БСДГ наступнае:

1. Партыя адразу становіцца ідэалагічным, тэарэтычным лідэрам працэса кансалідацыі, аб’яднання партый дэмакратычнай арыентацыі;

2. Партыя стварае ідэалагічныя ўмовы для папаўнення сваіх шэрагаў моладдзю;

3. Ідэалогія партыі становіцца зразумелай шырокаму колу насельніцтва;

4. Партыя дэманструе свой тэарэтычна-інтэлектуальны патэнцыял;

5. Узнікае шырокая прастора для актывізацыі дзейнасці партыі (канферэнцыі, семінары як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні, дыскусіі, зацікаўленнасць СМІ). Узнікае сітуацыя, калі партыя прапагандуе сваю ідэалогію, а апошняя прапагандуе партыю.

Калі ісці па гэтаму шляху, то ідэалагічны крызіс беларускай дэмакратыі можа быць пераадолены.


Содержание номера