Содержание номера


Адкрытае грамадства

Iнфамацыйна-аналiтычны бюлетэнь

1999, N1(6)
Пётр ЯНЭЦКI
бiскуп

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА Ў ГРАМАДСКIМ ВУЧЭННI КАТАЛIЦКАЙ ЦАРКВЫ

1. Сустрэча двух юбiлеяў - гiстарычны аспект правоў чалавека ў сацыяльным вучэннi каталiцкай царквы

У 1998 годзе адзначаецца пяцiдзесяцiгоддзе Усеагульнай Дэкларацыi правоў чалавека, прынятай 10 снежня 1948 года. Таксама ў гэтым годзе, на некалькi месяцаў раней, 11 красавiка, споўнiлася 35 год грамадскай энцыклiкi "Pacem in terris", якую часта называюць каталiцкай вялiкай картай альбо каталiцкай дэкларацыяй правоў чалавека. Сустракаюцца два юбiлеi, а ў iх два дакументы - свецкi i царкоўны. У гэтых дакументах адбываецца зблiжэнне двух традыцый у правах чалавека: значна даўжэйшай хрысцiянскай традыцыi з карацейшай свецкай традыцыяй правоў чалавека, асаблiва той, якой далi пачатак Эпоха Асветы i Французская рэвалюцыя. Сустрэча двух юбiлеяў нясе з сабою ўсё багацце гiстарычных суадносiн гэтых традыцый. Iх можна абагульнiць з дапамогай трыяды: поўная адмова i дыстанцыраванне (да Леона XIII), зблiжэнне (да Пiя XII), пазiтыўнае развiццё хрысцiянскага разумення правоў чалавека (ад Яна XXIII).

У энцыклiцы "Pacem in terris" Ян XXIII называе Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека "актам найвышэйшага значэння, выкананым Аб'яднанымi Нацыямi", прызнае гiстарычны працэс, якi прывёў да сфармулявання ў гэтай дэкларацыi тэмы годнасцi, вольнасцi i роўнасцi чалавечай асобы. Папа ў якасцi найвышэйшага настаўнiка каталiцкай царквы заняў выразную пазiцыю па праблемах правоў чалавека. Ён вярнуў прыроджаную i незваротную падтрымку вольнасцi, якую хрысцiянства, пачынаючы з першых стагоддзяў, прыносiла чалавеку праз абарону рэлiгiйнай свабоды. У ёй, як у зародку, прысутнiчаў здабытак кожнай вольнасцi думкi, слова, аб'яднанняў. Ён шчыра падтрымлiваў далучэнне каталiцкай царквы да ўсялякага абвяшчэння правоў, якое абапiраецца на праўду аб чалавеку, якi з'яўляецца асобай, суб'ектам правоў i абавязкаў. Адначасова Папа сцвярджаў, што эфектыўнае напаўненне такога прызнання правоў залежыць ад гiстарычнай сталасцi мiжнароднага супольнiцтва, якое мае эфектыўную ўладу, здольную ўплываць на ўчынкi як груп, так i асобных людзей.

Грамадская хрысцiянская думка, у аднолькавай ступенi айчынная i сярэднявечная, ужываючы элементы грэчаскай i рымскай фiласофскай рэфлексii i ўдасканальваючы грамадскае разуменне чалавека i яго асобы, пабудавала салiдны iнтэлектуальны гмах, фундаментам якога заўсёды застаецца прызнанне асабiстага характару чалавека з яго правамi. Як функцыю такiм чынам зразуметага чалавека трэба тлумачыць адзiнства грамадскага i палiтычнага жыцця. Гэтая разумовая плынь дасягнула сваiх вяршынь у лiстах святога Аўгусцiна i святога Фамы Аквiнскага.

Эпоха Адраджэння прынесла мноства прававых, палiтычных i сацыяльных праблем, звязаных, напрыклад, з адкрыццём Амерыкi i з'яўленнем сучаснай дзяржавы, якiя мабiлiзавалi хрысцiянскiх мыслiцеляў да выпрацоўкi, асаблiва ў XVI стагоддзi, больш сучаснай дактрыны на тэму чалавечай асобы i яе асноўных правоў. У той перыяд каталiцкая царква натхняла на абарону правоў чалавека. Дастаткова ўспомнiць буллу Папы Яўгена IV "Dudum nostras" ад 1453 года, скiраваную супраць дрэннага абыходжання з неграмi на Канарскiх астравах, цi буллу "Veritas ipsa" Паўла III ад 1537 года, прысвечаную абароне годнасцi iндзейцаў. Трэба таксама ўспомнiць актыўны ўдзел такiх каталiцкiх мыслiцеляў, як Барталамэ дэ Лас Касас, Францiшак дэ Вiторыя альбо Францiшак Суарэс, i ўсю iспанскую прававую школу таго перыяду. Пералiчаныя прадстаўнiкi каталiцкай думкi яшчэ не выпрацавалi сапраўднага каталогу правоў чалавека, але ў сваiх працах яны развiлi сэнс амаль усiх асноўных правоў, якiя сустракаюцца ў сучасных дэкларацыях: ад права на жыццё, фiзiчную iнтэгральнасць да права на шлюб i сям'ю. Ад права на сацыяльную i палiтычную вольнасць, якое ўтрымлiвае ў сабе ўмовы службы вольнага грамадзянiна публiчнай уладзе, да права на роўнасць i прававыя гарантыi. Ад права на ўласнасць да права на свабоду аб'яднання. Ад права на эмiграцыю да права сялiцца ў любой частцы зямнога шара.

Аднак, трэба сумленна прызнаць, што не ва ўсе гiстарычныя эпохi каталiцкая царква з дастатковай прамалiнейнасцю i энергiяй баранiлаi i iнiцыявала правы чалавечай асобы. Калi мы прасочым гiсторыю каталiцкай царквы i яе адносiны да свецкага грамадства на працягу апошнiх двух стагоддзяў, то заўважым мноства супярэчнасцяў, незразумення i нават варожасцi з боку каталiцкай царквы да сучаснай iдэi правоў чалавека, вылучаных iдэалогiяй лiбералiзму i сэкулярызацыi. Калi ў XVII i XVIII стагоддзях былi абвешчаны чалавечыя правы i свабоды, сфармуляваныя ў Дэкларацыi правоў чалавека i грамадзянiна ад 1789 года, то, пачынаючы з 1793 года, каталiцкая царква не падтрымлiвала гэтыя правы. Зусiм наадварот, каталiцкi касцёл пракляў гэтыя правы. Прычын было мноства: пратэстанцкае асяроддзе, у якiм яны ўзнiкалi, фiласофiя гэтых правоў - канкрэтна дэiзм Лока, натуральнае права, якое iснавала толькi ў рацыяналiстычным i атэiстычным значэннi, рэвалюцыйны радыкалiзм. Значныя змены, выклiканыя новымi iдэямi вольнасцi, развiццё правоў чалавека i грамадзянiна, пацверджаныя Асветай i Французскай рэвалюцыяй, сэкулярызацыя грамадства ў адказ на клерыкалiзм, неабходнасць супрацьстаўлення абыякавасцi, натуралiзму, а перад усiм - усеагульнай i антыклерыкальнай свецкасцi, лiберальнай у сваiх канцэпцыях i агрэсiўнай у адносiнах да каталiцкай царквы i любой формы рэлiгiйнасцi, змусiлi папаў выбраць пазiцыю асцярожнасцi, негатыўнасцi, варожасцi i нават праклён сучасных правоў чалавека. Папа Пiй VI у булле ад 10 сакавiка 1790 года пракляў артыкулы 10 i 11 Дэкларацыi, а 29 сакавiка 1790 года гаварыў на кансiсторыi аб гэтых правах як аб "правах жахлiвых". Пазiцыя адмовы каталiцкай царквы ад сучасных свабод захоўвалася амаль на працягу ўсяго ХiХ стагоддзя. Гiсторыкi разважаюць, чаму так адбылося. Кароткую аргументацыю я ўжо прывёў вышэй. Мы не маем шмат часу займацца гэтай праблемай. Дастаткова сказаць, што ў гэтыя часы каталiцкая царква не здолела заўважыць пад тоўшчай памылак праўду цi нават хрысцiянскую сутнасць, якая ажывiла рух да вольнасцяў. Канфрантацыя памiж тагачаснай каталiцкай царквой i тагачасным новым светам была настолькi вялiкай, што рабiла немагчымым адпаведнае распазнаванне, вядомае цяпер - пасля II Ватыканскага Сабору - як discernimento.

Мы назiраем пацяпленне ў адносiнах каталiцкай царквы да сучасных правоў чалавека пад час пантыфiкату Лявона XIII. Разам з энцыклiкай "Libertas" пачынаецца далiкатны працэс распазнавання - discernimento, ачышчэння i засваення хрысцiянскiх iдэй, заключаных у асноўных спадзяваннях сучасных свецкiх дэмакратый. Энцыклiка "Rerum nоvarum" паказвае правы чалавека ў грамадскiм i эканамiчным аспектах i злучае iх з абавязкам публiчных улад баранiць справядлiвасць у сектары працы. Усе наступныя вялiкiя грамадскiя энцыклiкi i важныя прамовы папаў маюць элемент абароны i развiцця правоў чалавечай асобы. Прызнанне правоў чалавека ў сацыяльным вучэннi каталiцкай царквы дасягае сваёй вяршынi ў энцыклiцы "Centesimus annus" Яна Паўла II. Папа сцвярджае, што пасля падзення камунiстычнага таталiтарызму, мноства iншых таталiтарных сiстэм i так званых сiстэм "нацыянальнай бяспекi" назiраецца дамiнацыя дэмакратычнага iдэалу, якi звязаны з цiкавасцю да правоў чалавека. Дэмакратыi трэба забяспечыць адпаведныя i моцныя падставы праз выразнае прызнанне гэтых правоў. Ян Павел II прыводзiць таксама пералiк найважнейшых правоў: права на жыццё, непадзельнай часткай якога з'яўляецца права на развiццё плода пад сэрцам мацi з моманту зачацця; права на жыццё ва ўнутрана цэласнай сям'i i ў маральным асяроддзi, якое спрыяе развiццю асобы; права на развiццё ўласнага iнтэлекту i вольнасцi ў пошуку; пазнаванне праўды; права на ўдзел у працы дзеля ўдасканалення багаццяў зямлi i здабывання сродкаў для ўтрымання сябе i сваiх блiзкiх; права на свабоднае стварэнне сям'i, нараджэнне i выхаванне дзяцей, дзякуючы адказнай рэалiзацыi ўласнага полу. Крынiцай i сiнтэзам гэтых правоў з'яўляецца рэлiгiйная свабода, калi разумець яе як права на жыццё ў праўдзе сваёй веры i згодна з трансцэдэнтнай годнасцю ўласнай асобы.

У той час, калi лiберальныя i сацыялiстычныя традыцыi падкрэслiваюць важнасць грамадзянскiх, сацыяльных, палiтычных правоў, характэрны ўклад сацыяльнага вучэння каталiцкай царквы ў развiццё правоў чалавека знаходзiцца ў iнтэгральным iх злучэннi i iх вычарпальнай фармулiроўцы - пачынаючы ад самых фундаментальных правоў.

10 снежня гэтага года мы будзем святкаваць 50-годдзе Усеагульнай Дэкларацыi правоў чалавека. Усе папы, пачынаючы з Яна ХХiii, выказвалiся аб ёй пазiтыўна. "Pacem in terris" называе Дэкларацыю "актам найвышэйшага значэння, выкананым Аб'яднанымi нацыямi". Хаця Ян ХХiii не цалкам ухваляе некаторыя пункты Дэкларацыi, але сцвярджае, што дакумент стаў важным крокам на шляху арганiзацыi палiтычна-прававой мiжнароднай супольнасцi. Павел VI у штогадовых пасланнях з нагоды 20 i 25 гадавiн Дэкларацыi падкрэслiвае, што "яна складае шлях, з якога чалавецтва не можа сысцi, калi шчыра iмкнецца да мiру". Ён называе яе таксама "адной з найлепшых старонак славы Арганiзацыi Аб'яднаных Нацый i агульным скарбам усяго чалавецтва".

Ян Павел II у адной з прамоў у сядзiбе ААН сцвярджае, што Усеагульная Дэкларацыя правоў чалавека "падкасiла карэннi вайны, паколькi дух вайны з'яўляецца i паспявае там, дзе адбываецца гвалт над неад'емнымi правамi чалавека". Ён называе таксама Дэкларацыю "верставым слупом на доўгай цяжкай дарозе чалавечага роду".

З вышэй прыведзеных выказванняў вынiкае, што каталiцкi касцёл пазiтыўна ацэньвае Усеагульную Дэкларацыю правоў чалавека. Аднак мы не павiнны замоўчваць пэўныя яе недасканаласцi. Найвышэйшай з iх з'яўляецца адсутнасць фiласофскага фундамента правоў чалавека. Стваральнiкi Дэкларацыi напэўна знайшлi кансэнсус па прынцыпах дзейнасцi i правiлах паводзiн, пры тым, што тэарэтычная i фiласофская аргументацыя iх была вельмi разнароднай, а часам i супрацьлеглай. Адсюль вельмi праўдападобна, што Дэкларацыя з'яўляецца выражэннем пэўнага практычнага кампрамiсу па тэме правоў чалавека. Аднак было немагчыма знайсцi i прапанаваць iх агульную i тэарэтычную аргументацыю. Сярод 48 дзяржаў, якiя падпiсалi Дэкларацыю (нагадаем, што ўстрымалiся ад галасавання 8 дзяржаў камунiстычнага блоку), папросту не было згоды ў тэарэтычнай i фiласофскай аргументацыi правоў чалавека. Бясспрэчна, што выражаныя ў Дэкларацыi правы чалавека грунтуюцца на годнасцi чалавечай асобы, аднак у ёй не гаворыцца, кiм з'яўляецца чалавечая асоба i чаму яна валодае неад'емнай годнасцю. Не гаворыцца, чаму чалавечая асоба павiнна мець неад'емныя правы. I гэта з'яўляецца бадай найбольшай слабасцю Дэкларацыi правоў чалавека ад 1948 года.

На самой справе вядома, што непарушнасць правоў чалавека залежыць ад канцэпцыi чалавечай асобы. Калi яна мае вартасць абсалютную, трансцэндэнтную, тады i правы чалавека маюць вартасць абсалютную. Калi чалавечая асоба мае вартасць адносную, тады i правы чалавека адносныя. Адсюль Дэкларацыя, якая не ўтрымлiвае аргументацыi правоў чалавека, можа быць iнтэрпрэтавана на розныя спосабы, нават супрацьлеглыя, i рызыкуе стаць гiстарычна безвынiковай, зрабiцца ўсяго толькi звыклай фармальнай дэкларацыяй. Гэтыя хiбы кампенсуе каталiцкая дактрына па правах чалавека. Сацыяльнае вучэнне каталiцкай царквы ўтрымлiвае ў сабе аргументацыю гэтых правоў. Гэтай праблеме прысвечана другая частка маёй прамовы.

2. Чаму правы чалавека неад'емныя. Характарыстыка правоў чалавека ў сацыяльным вучэннi каталiцкай царквы

а. Фундамент правоў чалавека - годнасць чалавечай асобы

Правы чалавека базуюцца на годнасцi чалавечай асобы, пазнанай розумам, паглыбленай у святле Уцеляснення i Уваскрашэння Хрыста. Чалавек быў створаны Богам на Сваё падабенства. Быў збаўлены Хрыстом праз Сваё мучэнне i ўваскрашэнне. Бог заўсёды любiць чалавека. Ласка чынiць чалавека сынам Божым. Мэтай жыцця чалавека з'яўляецца Бог, у iм чалавек дасягае сваёй канчатковай дасканаласцi. Гэтыя праўды складаюць фундамент аднолькавай годнасцi ўсiх асоб. Таму ii Ватыканскi Сабор сцвердзiў, што любая дыскрымiнацыя, якая датычыць асноўных правоў асобы, цi то ў грамадскай (сацыяльнай) галiне, цi ў галiне культуры, або па полу, расе, колеры скуры, грамадскай пазiцыi, мовы альбо рэлiгii, павiнна быць пераадолена, паколькi супярэчыць Боскай задумцы.

Таму для каталiцкай царквы абарона i распаўсюджанне правоў чалавека з'яўляецца патрабаваннем яе евангельскай мiсii. Ян Павел II яскрава выразiў гэта ў сваёй першай энцыклiцы "Redemptor hominis", сцвярджаючы, што найпершай дарогай каталiцкай царквы з'яўляецца чалавек. З тэалагiчнага пункту гледжання годнасць чалавечай асобы - фундамент правоў чалавека - зыходзiць з наступных шасцi iсцiн. Па-першае, чалавек - гэта вобраз Бога. Ён удзельнiчае ў розуме, волi i ўладзе самога Бога. Чалавек мае духоўную прыроду, адкрытую да праўды, дабра i прыгажосцi. Ён адкрыты да Абсалюту. I толькi шляхам адданасцi сябе Богу можа заспакоiць сваю тугу. Па-другое, чалавек здольны пазнаць сябе самога. У сваiм сумленнi ён знаходзiць маральны закон, якi прыводзiць яго да паводзiн, згодных з законам, якi ўсталяваў сам Творца. Таму чалавек мае свабоду паводзiн, згодных з сумленнем. Па-трэцяе, усе людзi ствараюць транцэндэнтальнае, звышнатуральнае братэрства. Памiраючы на крыжы, Iсус Хрыстос даў усiм людзям магчымасць стаць новым стварэннем. Усе тыя, хто да Яго належаць, ствараюць адну Божую сям'ю, у якой, як гаворыць святы Павел, "няма ўжо нi iудзея, нi язычнiка, няма ўжо нi раба, нi чалавека вольнага, няма ўжо анi мужчыны, анi жанчыны, бо ўсе вы з'яўляецеся кiмсьцi адзiным у Iсусе Хрысце". Па-чацвёртае, чалавек атрымаў запавет любовi. Чалавек нараджаецца i чэрпае ўсю сваю годнасць з рэалiзацыi любовi да Бога. Хрыстос аб'явiў нам Бога - Любоў i навучыў нас закону любовi, з якога нараджаецца ўсеагульная салiдарнасць. Хрысцiянская любоў утрымлiвае ў сабе абсалютнае патрабаванне справядлiвасцi, а тым самым прызнае годнасцi i правы блiжняга. Па-пятае, чалавек быў звольнены Хрыстом ад грахоў, каб ён мог мець поўную свабоду. Грэх, эгаiстычная канцэнтрацыя на сабе самiм, i адвяржэнне закона любовi нараджаюць карэннi любой несправядлiвасцi i з'яўляюцца замахам на годнасць чалавечай асобы i яе падставовыя правы. Па-шостае, мэтай чалавека з'яўляецца эсхаталагiчная мэта. Царства Божае ўжо iснуе, рэалiзуецца ў гiсторыi, але сваiх поўных памераў дасягне пасля паўторнага прышэсця Хрыста. Хрысцiянскае актыўнае чаканне новага неба i новай зямлi, у якiх будзе здзейснена поўная справядлiвасць, шчасце, мiр, ажыўляе зацiкаўленасць хрысцiянiна правамi чалавека на гэтай зямлi.

Хрысцiянства падкрэслiвае найвышэйшую годнасць чалавека сярод усiх створаных iстот, паколькi ён адлюстроўвае ў сабе Боскi вобраз. Менавiта таму чалавек нiколi не можа быць выкарыстаны ў якасцi сродка дзеля дасягнення мэты. Ён не рэч сярод рэчаў. Ён асоба, а значыць - суб'ект. Нiякая тэхнiчная цi палiтычная патрэба не можа ператварыць чалавека ў рэч, у прадмет.

б. Правы чалавека з'яўляюцца натуральнымi правамi, якiя адкрываюцца i выкарыстоўваюцца ў гiстарычнай дынамiцы

Нельга не ўпамянуць пра натуральнае права, калi ёсць жаданне падвесцi ўласцiвую базу пад правы чалавека. Аднак трэба разабрацца, што такое натуральнае права, бо напэўна гэта тэма супярэчлiвая, як нiякая iншая. Перш за ўсё трэба сцвердзiць: чалавек мае сваю прыроду, сваю сутнасць, з чаго вынiкае, што чалавек з'яўляецца чалавекам, а не кiмсьцi iншым. З факта iснавання чалавека вынiкае, што ён павiнны жыць у пэўных рамках, калi хоча захаваць тоеснасць з самiм сабой, гэта значыць поўнасцю сябе рэалiзаваць.

Гэта i ёсць натуральныя правы: закон непiсаны, альбо, калi камусьцi больш падабаецца, запiсаны ў самiм чалавеку, i ён паказвае чалавеку яго абавязкi i яго правы, калi чалавек хоча застацца чалавекам. Можна сказаць, што з факту iснавання чалавека паходзiць факт неабходнасцi iм быць. Паколькi я з'яўляюся чалавекам, таму я павiнны паводзiць сябе так, а не iнакш. Выраз "павiнны" ўказвае на маральную павiннасць, паколькi маральнае права з'яўляецца нарматыўным. Недастаткова сцвярджэнне факту, як чалавек сябе паводзiць. Недастаткова апiсаць паводзiны чалавека. Маральнае права прадпiсвае, як чалавек павiнен сябе паводзiць, каб быць сапраўды чалавекам. У сацыяльным вучэннi каталiцкай царквы правы чалавека разумеюцца як правы натуральныя, гэта значыць як правы, якiя належаць чалавеку ў адносiнах да яго чалавечай натуры, яго асабовай iснасцi. Паколькi чалавек з'яўляецца чалавекам, таму валодае чалавечымi правамi. Немагчыма быць чалавекам, не маючы гэтых правоў.

Нярэдка папракаюць, што натуральныя правы статычныя, не суадносяцца з гiсторыяй, з рознымi сiтуацыямi, у якiх чалавек жыве, не звязаны з рознымi культурнымi эпохамi. Затое чалавек, падкрэслiваюць, з'яўляецца iстотай гiстарычнай у большай ступенi, чым "натуральнай", i таму нормы, якiя ўсталяваны раз i назаўсёды, нормы абсалютныя, з'яўляюцца немыслiмымi, бо супярэчылi б самой чалавечай годнасцi. Адказваючы на гэты папрок, трэба сцвердзiць, што натуральнае права не з'яўляецца сiстэмай аксiом. Каб так было, чалавецтва адразу, з самога пачатку, ведала б увесь спiс правоў чалавека. Праблемай было б толькi iх практычнае прымяненне. Таксама пэўна, што правы чалавека захоўваюць сувязь з гiсторыяй i культурай. На самой справе, натуральнае права пазнаецца ўнутры гiсторыi, унутры нашых культурных умоўнасцяў. Звычайна, выконваецца гэта з вялiкай цяжкасцю. Патрэбны быў доўгi час, каб заўважыць, што мужчына i жанчына маюць роўную годнасць, i спатрэбiцца яшчэ больш часу, каб канкрэтызаваць гэты прынцып. Права на працу i вучобу, права на рэлiгiйную свабоду i пошук iсцiны былi выдзелены i ўдакладнены ў гiстарычным развiццi. Гэта не азначае, што яны з'яўляюцца правамi рэлятыўнымi, абсалютнымi. Гэта азначае толькi, што мы iх пазнаем i прымяняем у нашай гiстарычнай сiтуацыi. Гэта вельмi важнае сцвярджэнне, якое прымае да ўвагi ў аднолькавай ступенi як абсалютны, безадносны, так i гiстарычны характар натуральнага права i правоў чалавека. Натуральнае права з'яўляецца абсалютным. Наш спосаб яго пазнавання i прымянення - гiстарычны. Евангелле садзейнiчала разуменню натуральнага права, ачысцiла маральнае сумленне чалавецтва, лепш паказала чалавека чалавеку, дапамагло ўбачыць годнасць асобы. Тое ж самае адбывалася на працягу гiсторыi. Таксама трэба высветлiць адносiны натуральнага права да культуры. Праўда, што чалавек - таксама культура, але гэта не азначае, што натуральнае права з'яўляецца рэлятыўным у адносiнах да культуры, бо чалавек - гэта не толькi культура. Натура чалавека перакрочвае ўсе культуры, якiя нiбы з'яўляюцца дарогамi, што вядуць да той самай чалавечай натуры. Чалавечая натура з'яўляецца мерай культуры, а не наадварот!

в. Характэрныя прыкметы правоў чалавека

Незалежнасць, непадпарадкаванасць. Правы чалавека не знаходзяцца нi ў чыiм распараджэннi, нiводнага чалавека, нiводнага супольнiцтва, не залежаць нi ад каго. Яны з'яўляюцца спадчынай чалавецтва i належаць чалавечай асобе як такой. Нiхто не можа iх устанаўлiваць, нават сувярэнныя дэмакратычныя супольнасцi. Нiхто не можа iх змяняць. Яны iснавалi спрадвеку, як спрадвеку iснаваў чалавек, i толькi патрабуюць, каб iх паважалi.

Абсалютнасць, безадноснасць. Правы чалавека не залежаць нi ад каго. Не залежаць ад гiстарычных эпох i культур. Як ужо гаварылася, правы чалавека пазнаюцца ў гiсторыi i культуры, але iснуюць "ад веку", належаць чалавечай асобе. Можна сказаць, што яны такiя ж старыя, як i сам чалавек. У пэўны перыяд былi адкрыты, скадыфiкаваны. Аднак iх вартасць не залежыць ад таго, хто iх адкрыў i скадыфiкаваў. Яны не могуць змяняцца, паколькi чалавечая асоба не змяняецца ў тым, што для яе iстотна. Iх можна згубiць з поля бачання. Яны могуць быць дрэнна зразумелыя i яшчэ горш рэалiзаваныя, але заўсёды застаюцца самiмi сабой!

Непадзельнасць. Iснуе шмат правоў чалавека, але нiводнае з iх не супрацьпастаўляецца iншаму, яны ўзаемадапаўняюцца. Яны - як злучаныя сасуды. Iх многа, але можна сказаць, што ёсць толькi адно права на iснаванне i на жыццё ў якасцi чалавечай асобы. Таму правы чалавека павiнны выконвацца ўсе разам. Хто выконвае адно права, а не дбае пра iншыя, не пабудуе трывалую грамадска-палiтычную сiстэму. З iншага боку: калi аўтарытарная сiстэма робiць саступкi для аднаго права, такiм чынам дае пачатак ланцуговай рэакцыi. Адно права змушае паважаць iншыя правы.

Усеагульнасць. Правы чалавека датычаць асобы як такой. Дастаткова быць чалавекам, каб мець гэтыя правы. Яны ўнiверсальныя, датычаць усiх людзей. Яны не прывязаны да грамадскiх правоў, не залежаць ад культуры цi прыналежнасцi да нейкай расы. Не залежаць ад жыццёвай сiтуацыi, як жыццё ў матчыным улоннi, цi iснаванне ў якасцi старога, дзiцяцi, кабеты, мужчыны. Перакрочваюць гранiцы геаграфiчнай шыраты i даўгаты.

Узаемнасць. Правы чалавека захоўваюць моцную сувязь з абавязкамi. Кожнаму праву адпавядае абавязак - аднолькава ў гэтай самой асобе, як i ў супольнiцтве. Калi я маю права на ахову здароў'я, то супольнiцтва мае абавязак дбаць пра гэтую апеку, а я ў сваю чаргу маю абавязак плацiць падатак. Калi я маю права на базавую адукацыю, то супольнiцтва мае абавязак арганiзаваць адукацыю, а я ў сваю чаргу маю абавязак сумленна вучыцца, каб не змарнаваць сродкi, вызначаныя супольнасцю на маю адукацыю.

Звышнатуральны фундамент. Безадноснасць i ўсеагульнасць правоў чалавека ўспрымаецца таксама людзьмi няверуючымi, якiя атоесамлiваюць яе з годнасцю чалавечай асобы. Паўстае пытанне: якiм чынам настолькi абмежаваная, нестабiльная рэальнасць, якой з'яўляецца чалавек, можа быць падставай чагосьцi абсалютнага, чым з'яўляюцца правы чалавека? Таму сацыяльнае вучэнне каталiцкага касцёла гаворыць, што чыста чалавечы фундамент правоў чалавека не з'яўляецца поўнасцю задавальняючым, пераканаўчым. Правы чалавека з погляду на iх безадноснасць патрабуюць адпаведнага, таксама абсалютнага фундамента. Iм з'яўляецца Бог, з якога бярэ пачатак "трансцэндэнтальная годнасць чалавечай асобы".

г. Абшары правоў чалавека

Правы чалавека немагчыма абмежаваць закасцянелым спiсам, але можна ачарцiць пэўныя абшары, якiя iмi занятыя, каб усвядомiць сабе iх складанасць i ўсеаб'емнасць.

Абшар права на жыццё - уключае ў сябе права на iснаванне з моманту зачацця аж да натуральнай смерцi, права на фiзiчную iнтэгральнасць, i як яе вынiк - асуджэнне катавання i забойства.

Абшар фундаментальных свабод уключае ў сябе права на свабоду думкi, сумлення, рэлiгii, выказванне поглядаў i пошукаў iсцiны.

Абшар права на бяспеку ўключае ў сябе права мець нацыянальнасць, права быць юрыдычнай асобай, на роўнасць перад законам, павагi да асобы, на добрае iмя, на сацыяльнае забеспячэнне, на бяспеку ў выпадку хваробы, удаўства, беспрацоў'я, старасцi, права на спецыяльную абарону сям'i i дзяцей.

Абшар эканамiчных i працоўных правоў уключае ў сябе права на працу, уласнасць, эканамiчную iнiцыятыву, на адпаведныя ўмовы працы, на справядлiвую аплату, на роўнасць адносiн да сябе, на адпачынак у вольны час.

Абшар грамадскiх правоў уключае ў сябе права на аб'яднанне, права на аб'ектыўную iнфармацыю, на свабоду перамяшчэнняў i на эмiграцыю, права на прытулак для бежанцаў, права на стварэнне сям'i або выбару шляху да святарства цi манастырскага жыцця, права на вучобу, права доступу да грамадскiх пасад i ўдзелу ў кiраваннi грамадскiмi справамi сваёй краiны, права на ўдзел у культурным жыццi.

Абшар сямейных правоў уключае ў сябе права на заключэнне шлюбу i стварэнне сям'i, на гарманiчнае сумеснае жыццё, на сумесны сямейны бюджэт, на сацыяльную палiтыку падтрымкi сям'i, права малалетнiх на цэласную сям'ю, на маральна здаровае асяроддзе, права жанчын на ўмовы працы, якiя ўлiчваюць яе статус жонкi i маткi.

д. Правы народаў i нацыянальнасцяў

Правы сям'i, якiя толькi што былi прыведзены ў скарачэннi, гавораць нам, што апрача правоў iндывiдуальных iснуюць правы калектыўныя, супольныя, якiмi карыстаюцца людзi, аб'яднаныя ў рознага роду згуртаваннi.

Правы меньшасцяў адносяцца да гэтай катэгорыi правоў. Нацыянальныя меньшасьцi маюць права на iснаванне, на грамадскую годнасць, на арганiзацыю i на развiццё, на справядлiвы падзел багаццяў зямлi i вынiкаў развiцця цывiлiзацыi. Яны маюць таксама права на развiццё сваёй мовы, культуры, звычаяў.

Правы нацыянальнасцяў. Папа Ян Павел II падчас выступлення ў ААН у 1995 годзе звярнуў увагу, што iснуе дэкларацыя правоў чалавека, але яшчэ няма дэкларацыi правоў нацыянальнасцяў. У цяперашнюю эпоху глабалiзацыi, унiверсалiзацыi, мабiльнасьцi не губляе сэнса прыналежнасьць мясцовая, этнiчная, культурная, на якую мы спасылаемся, ужываючы слова "нацыянальнасць". Кожная нацыя мае права на iснаванне, хаця гэта не азначае аўтаматычнага права на канстытуiраванне ў форме дзяржавы. Права на iснаванне прадугледжвае права на мову, культуру, на фармiраванне жыцця, згодна са сваiмi традыцыямi, як у роўнай ступенi права на пабудову свайго будучага.

Права на развiццё. Сацыяльная навука каталiцкай царквы будуе гэта права на адзiнстве паходжання, а таксама на супольнасцi мэты чалавечай сям'i, а таксама на прынцыпе ўсеагульнага прызначэння зямных багаццяў. У "Pаcem in terris" Ян ХХiii пiша, што кожная палiтычная супольнасць мае права на iснаванне, на ўласнае развiццё, на адпаведныя сродкi, што служаць гэтаму развiццю, на тое, каб быць першай адказнай за ажыццяўленне свайго развiцця.

Права на мiр. Iснуе вельмi цесная сувязь памiж павагай да правоў чалавека i мiрам. Мiр зводзiцца да шанавання неад'емных правоў чалавека i правоў народаў. Сацыяльнае вучэнне каталiцкай царквы, асаблiва Ян Павел II, бесперапынна гавораць аб праве на мiр, узгадваючы аб правах як асобных людзей, так i мiжнародных арганiзацый: ад барацьбы з гонкай узбраенняў да патрабавання стварэння мiжнароднай улады i неабходнасцi стварэння новага мiжнароднага парадку.

е. Права будучага

Развiццю навукi, тэхнiкi i тэхналогii спадарожнiчае таксама кадыфiкацыя новых правоў чалавека, якiя ў пэўным сэнсе фармулююцца i ахоўваюцца, калi хтосьцi альбо штосьцi iм пагражае. Яскравым прыкладам з'яўляецца права на чыстае i здаровае прыроднае асяроддзе. Калi не было праблем з чысцiнёй прыроднага асяроддзя, аб гэтым амаль нiхто i не ўзгадваў. Калi цяпер пагроза экалагiчнай раўнавазе становiцца фактам, сумленне чалавецтва звяртае ўвагу на гэта права чалавека i адпаведны яму абавязак. У гэтым сэнсе можна гаварыць аб правах будучынi, гэта значыць, аб правах, на якiя трэба рабiць асаблiвы нацiск у самай блiжэйшай будучынi, паколькi яны знаходзяцца пад асаблiвай пагрозай з боку новых адкрыццяў у галiне навукi i тэхнiкi, а таксама новых тэндэнцый у культуры i палiтыцы. Пра якiя правы iдзе размова?

Правы будучых пакаленняў. З той пары, калi чалавек будзе здольны вычарпаць усе неаднаўляемыя запасы, неадваротна забрудзiць прыроднае асяроддзе, уплываць праз бiятэхналогiю на тоеснасць асобы, ствараць сiтуацыю дзяржаўнай эканамiчнай запазычанасцi, якая будзе перанесена на наступныя пакаленнi, маральным абавязкам з'яўляецца распаўсюджанне правоў чалавека таксама на людзей заўтрашняга дня.

Правы, што датычаць бiямедыцыны. Вельмi хуткае развiццё медыцыны i бiялогii робяць неабходным у будучым удакладненне абароны правоў чалавека ў гэтых галiнах. Маем на ўвазе права на ўласную генетычную тоеснасьць не толькi для чалавека, якi нарадзiўся, але i для таго, што яшчэ народзiцца. Ахова чалавека ад эксперыментаў, права чалавека, звязанае з эўтаназiяй i г.д.

Правы, звязаныя з iнфарматыкай. Маем на ўвазе хаця б права на прыватнасць жыцця асобы, асаблiва ў той час, калi можна будзе з дапамогай электронiкi сачыць за кожным чалавекам, атрымлiваючы любога роду звесткi аб гэтым чалавеку, яго звычках, недахопах. Той, хто ў будучынi будзе мець гэтыя звесткi, будзе валодаць безгранiчнай палiтычнай i эканамiчнай уладай. Таму неабходна праца па новым сфармуляваннi правоў чалавека, звязаных з гэтай галiной.

Правы чалавека i мiжнароднае права. Забойства, гвалт над чалавечымi правамi ўнутры асобных краiн, як, напрыклад, Боснiя, Руанда, Бурундзi, Самалi, выклiкалi ў мiжнароднай свядомасцi разуменне неабходнасцi "гуманнага ўмяшальнiцтва" з боку мiжнароднай супольнасцi з мэтай абароны асноўных чалавечых правоў, якiя парушаюцца. Гэта нясе з сабой далiкатныя праблемы, звязаныя з умяшаннем ва ўнутраныя справы асобных дзяржаў, а ў сувязi з гэтым узнiкае неабходнасць па-новаму сфармуляваць паняцце "сувярэннасць дзяржавы". Трэба таксама стварыць новыя мiжнародныя iнструменты, мiжнародныя арганiзацыi, якiя б абаранялi правы чалавека, як, напрыклад, Мiжнародны Трыбунал па злачынствах супраць чалавечнасцi.

Правы дзяцей. Дзецi вельмi часта пазбаўляюцца годнасцi чалавечай асобы. Iх гвалтуюць, да iх дрэнна ставяцца, не паважаюць iх прыватных правоў, у тым лiку ў сродках масавай iнфармацыi, усё часцей у няпоўных сем'ях iх змушаюць да працы ў малым узросце i г.д. Гэта складае вялiкi выклiк будучай цывiлiзацыi.

Сацыяльнае вучэнне каталiцкай царквы, якое спадарожнiчае чалавеку праз зменлiвыя часы, чалавека нiколi не пакiне i будзе далей стаяць на ахове яго неад'емных правоў, што маюць пачатак у самой прыродзе чалавека, якiя з'яўляюцца адлюстраваннем яго асабiстай годнасцi.

***

Дэвiзам майго выступлення я хачу зрабiць словы папы Яна ХХIII, узятыя з сацыяльнай энцыклiкi "Pacem in terris" №45: "Калi падставы мiжнародных адносiн фармулююцца як правы i абавязкi, тады людзi адкрываюць для сябе сапраўднасць духоўных вартасцяў i з кожным разам усё лепш разумеюць, што ёсць iсцiна, справядлiвасць, каханне, вольнасць, а таксама ўсведамляюць сабе, што яны з'яўляюцца членамi супольнасцi. Гэтым самым яны крочаць у бок лепшага разумення сапраўднага Бога. Яны робяць з адносiн памiж чалавекам i Богам фундамент i найвышэйшы прынцып жыцця".

Тэкст выступлення на II Мiжнароднай канферэнцыi па правах чалавека, якая адбылася ў кастрычнiку 1998 г. у Варшаве.

Пераклад з польскай мовы на беларускую Яна Жылiнскага

Друкуецца з дазволу бiскупа Петра Янэцкага


Содержание номера